Вы тут

Небяспечныя шарыкі, або Што рабіць, калі разбіўся ртутны градуснік


У рэдакцыю патэлефанавала маладая мама з Уздзенскага раёна. Распавяла, што хацела памераць дачушцы тэмпературу. Але малеча не ўтрымала градуснік — той зваліўся на падлогу і разбіўся. «Шарыкі ртуці рассыпаліся па плітцы. Я адразу разгубілася. Патэлефанавала маме, бо памятала, што ў дзяцінстве сама не раз разбівала ртутны тэрмометр. Яна мяне супакоіла і параіла злучыць пры дапамозе вялікай іголкі дробныя шарыкі ў адзін вялікі. А потым змясціць іх у шкляны слоік і шчыльна закрыць накрыўкай. Якраз напярэдадні мы з дачкой глядзелі мультфільм пра фіксікаў, дзе хлопчык таксама разбіў градуснік. Таму я памятала, што дзіця трэба абавязкова вывесці ў іншы пакой. Дарэчы, фіксікі збіралі ртуць адмысловымі прыборамі, падобнымі да пыласоса. Хатнім жа пыласосам гэта рабіць, як я прачытала ў інтэрнэце, катэгарычна забараняецца... Падумала, што добра было б, калі б «Звязда» нагадала, што рабіць, калі разбіўся ртутны градуснік, каб пазбегнуць цяжкіх наступстваў». Гэта і іншыя пытанні «Звязда» задала дыспетчару цэнтра аператыўнага ўпраўлення Уздзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.


— Што трэба зрабіць у першую чаргу пасля таго, як разбілі ртутны градуснік?

— Выведзіце дзяцей, пажылых, дамашніх жывёл у іншы пакой і зачыніце дзверы. Ртуць лёгка прыліпае да падэшваў і шэрсці,
таму не варта рызыкаваць. Адразу ж трэба адкрыць вокны, каб у пакой паступала свежае паветра і панізілася тэмпература, каб запаволіць выпарэнне металу. Але падчас праветрывання галоўнае — не ўтварыць скразняку. Затым, надзеўшы марлевую павязку і гумовыя пальчаткі, акуратна збярыце шарыкі ртуці.

— Як правільна сабраць ртуць?

— Самыя буйныя шарыкі ртуці можна сабраць у папяровы канверт вялікай іголкай ці звычайным пэндзлікам. Больш дробныя — гумовай грушай, самыя дробныя кропелькі наклейце на лейкапластыр. Усю сабраную ртуць змясціце ў шкляны слоік з халоднай вадой і шчыльна закрыйце накрыўкай. Вада патрэбна, каб ртуць не выпарвалася.

— Што нельга рабіць ні ў якім разе?

— Калі шарыкі ртуці раскаціліся па падлозе, не спрабуйце выцерці іх анучай альбо змесці венікам. Вы толькі раздробніце ртуць на маленькія, ледзь прыкметныя кроплі і павялічыце паверхню выпарвання. Ні ў якім разе не збірайце ртуць пыласосам! Па-першае, гарачае паветра паскорыць яе выпарэнне. Па-другое, часцінкі ртуці асядуць унутры пыласоса, ён ператворыцца ў рассаднік таксічнага рэчыва. Забараняецца змываць ртуць у каналізацыю. Ні ў якім разе не выкідайце яе ў кантэйнер для смецця.

— Як пераканацца, што на падлозе не засталося дробных шарыкаў?

— Каб не прапусціць ніводнага шарыка, пасвяціце ліхтарыкам. Калі падлога роўная — плітка, ламінат, лінолеум — наўрад ці ўзнікнуць нейкія складанасці. Горш, калі падлога драўляная — з поласцямі і шчылінамі паміж дошкамі. Дробныя кропелькі металу могуць закаціцца і пад плінтус... Калі людзі вельмі перажываюць, мы выклікаем спецыялістаў. Была ў нас сітуацыя ў вёсцы Магільна некалькі гадоў таму. Людзі разбілі ртутны градуснік і вельмі хваляваліся за здароўе. У нас у Салігорску ёсць аўтамабіль хімічнай і радыяцыйнай абароны, дык вось ратавальнікі выязджалі з адмысловым прыборам, якім мераюць утрыманне ў паветры ртуці. Калі яно павышанае, спецыялісты апрацоўваюць памяшканне спецыяльным сродкам. Паслуга бясплатная. Але, як правіла, дапамога ратавальнікаў, калі разбіўся градуснік, не патрэбна. Людзі проста тэлефануюць па нумары «112» ці «101», і дыспетчар тлумачыць, як сабраць ртуць і што рабіць далей.

— Ці насамрэч разбіты ртутны градуснік можа моцна нашкодзіць здароўю чалавека?

— Ртуць — высокатаксічны яд, які адносіцца да першага класа надзвычай небяспечных рэчываў. Яе пары могуць выклікаць цяжкае атручэнне. Але тая колькасць металу, якая ўтрымліваецца ў медыцынскім тэрмометры, чалавеку наўрад ці моцна нашкодзіць. Праўда, гэта пры ўмове, што ён прыняў усе меры. Калі хуценька сабраць шарыкі ў слоік і закрыць герметычнай накрыўкай, а потым памыць падлогу мыльна-содавым растворам і праветрываць на працягу трох сутак памяшканне, то нічога страшнага не здарыцца. Галоўнае, каб ртуць не трапіла на рукі ці ў рот!

Калі ўсё ж такі будуць нейкія сімптомы атручэння: млоснасць, галаўны боль, адсутнасць апетыту, боль у жываце, металічны прысмак у роце, балюча глытаць (людзі ж розныя, і кожны арганізм рэагуе па-свойму), трэба неадкладна звяртацца ў бальніцу.

— Што рабіць са слоікам пасля таго, як у яго сабралі ртуць?

— Вынесіце на вуліцу. Яго неабходна перадаць у пункт прыёму і захоўвання ртуці і ртуцьутрымальных адходаў. Лепш папярэдне патэлефанаваць па нумары «112» ці «101», паведаміўшы свой адрас, і дзяжурны падкажа, дзе знаходзіцца найбліжэйшы да вас нарыхтоўшчык. З 1 чэрвеня мінулага года ў кожным раёне на базе РУП «ЖКГ» з'явіліся пункты прыёму ртуці і ртуцьутрымальных адходаў. Ва Уздзе, напрыклад, ён знаходзіцца на завулку Камсамольскім, 12.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.