Вы тут

У 2014 годзе наша краіна падпісала Мінамацкую канвенцыю аб ртуці


Але пакуль не ратыфікавала яе.

Каб пачаць рэалізоўваць палажэнні гэтага міжнароднага дакумента, трэба прааналізаваць магчымасці нацыянальнага заканадаўства і правесці інвентарызацыю крыніц забруджвання ртуццю і яе злучэннямі. На гэта і накіраваны праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ратыфікацыя і пачатак рэалізацыі Мінамацкай канвенцыі аб ртуці ў Беларусі» і «Правядзенне першапачатковай ацэнкі ўмоў для рэалізацыі Мінамацкай канвенцыі ў Рэспубліцы Беларусь». Нацыянальным выканаўчым агенцтвам праектаў выступае Беларускае грамадскае аб'яднанне «Экалагічная ініцыятыва».


Як адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут, стаўшы падпісантам Мінамацкай канвенцыі аб ртуці, Беларусь яшчэ раз прадэманстравала, што яна ўдзяляе вялікую ўвагу праблеме неспрыяльнага ўплыву ртуці на здароўе чалавека і стан навакольнага асяроддзя. А рэалізацыя праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі будзе ў тым ліку садзейнічаць дасягненню мэт, устаноўленых Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года.

— Мы распачынаем практычныя дзеянні, вынікам якіх стане ацэнка бягучай сітуацыі ў Беларусі ў сферы абыходжання з ртуццю, — расказала намеснік старшыні Савета БГА «Экалагічная ініцыятыва» Вольга Волкава. — Неабходна ацаніць наступствы і перавагі ратыфікацыі канвенцыі, а таксама вызначыць прыярытэтныя кірункі дзейнасці на шляху да рэалізацыі палажэнняў Мінамацкай канвенцыі.

Па словах эксперта, у сукупнасці рэалізацыя праектаў разлічана на 2,5 года. Іх партнёрамі выступаюць міжнародныя арганізацыі UNІTAR, UNEP, «Швейцарскі Зялёны крыж», Глабальны экалагічны фонд.

У нашай краіне вырашэннем праблемы негатыўнага ўздзеяння ртуці і яе злучэнняў пакуль сістэмна не займаюцца. Таму пасля ратыфікацыі Беларуссю Мінамацкай канвенцыі пры рэалізацыі яе палажэнняў неабходна будзе выканаць шэраг мер, накіраваных на прадухіленне і зніжэнне выкідаў забруджвальных рэчываў, якія змяшчаюць ртуць, спыненне вытворчасці некаторых вырабаў (асвятляльныя прыборы, медыцынскія інструменты і інш.), укараненне тэхналогій па бяспечным абыходжанні з ртуцьзмяшчальнымі адходамі.

Адной з самых важных частак рэалізацыі праектаў стане інвентарызацыя ўсіх запасаў ртуці, крыніц яе імпарту і экспарту, вызначэнне ўсіх вытворчых працэсаў, у якіх прымяняюцца ртуць або ртутныя злучэнні, выяўленне ўчасткаў, забруджаных ртуццю, вызначэнне колькасці і крыніцы ртутных адходаў і многае іншае.

Сусветная супольнасць убачыла ўсю згубную моц ртуці і яе злучэнняў у 1956 годзе, калі больш за 1700 жыхароў Японіі пацярпелі ад уздзеяння метылату ртуці. У памяць аб ахвярах трагедыі — жыхароў рыбалавецкага пасёлка Мінамата — і быў названы міжнародны дакумент, накіраваны на ахову здароўя людзей і навакольнага асяроддзя ад антрапагенных выкідаў і вызваленняў ртуці і яе злучэнняў. Мінамацкая канвенцыя аб ртуці была падпісана ў 2013 годзе ў горадзе Кумамота. Работа ж па падрыхтоўцы канвенцыі і распрацоўцы яе палажэнняў пачалася ў 2003 годзе пры актыўным удзеле спецыялістаў з Швейцарыі і Нарвегіі. Набыла яна моц у жніўні 2017 года. У цяперашні час дакумент ратыфікавалі 84 краіны свету з 128 падпісантаў.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Перапіс... для ртуці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?