Вы тут

Пенсію — на картку: зручна і прыбыткова. Як і дзе набыць ідэальную картку


З кожным гадам усё больш пенсіянераў карыстаюцца банкаўскімі карткамі. І размова ідзе не толькі аб навічках у гэтай катэгорыі, але і аб тых, хто на заслужаным адпачынку ўжо гадоў 10—15. Сёння, мабыць, кожны банк прапануе як мінімум адну картку для пенсіянераў. Ужо ідзе барацьба за кліентаў «залатога» ўзросту, таму кожная фінансавая ўстанова імкнецца прапанаваць як мага больш прывабных умоў для абслугоўвання пажылых людзей.


Фота: pexels.com

Чаму пераходзяць на карткі

Гадоў пяць таму не так ужо часта можна было ўбачыць чалавека ва ўзросце 70+, які разлічваўся банкаўскай карткай. У той час выбар быў не такі ўжо і вялікі. Цяпер жа пенсіянер, які не мае карткі, хутчэй рэдкасць. Гэта ў роўнай ступені адносіцца як да гарадскіх жыхароў, так і да вяскоўцаў.

Не ў апошнюю чаргу на папулярнасць банкаўскіх картак у пажылых гараджан паўплываў каранавірус. Многія з іх да позняй восені жывуць на лецішчах, мяркуючы, што ў мегаполісе больш шанцаў заразіцца і захварэць. Пры наяўнасці карткі ім не трэба ў дзень выплаты пенсіі ехаць у горад, стаяць у чарзе на пошце ці ў банку, каб атрымаць грошы.

«Мая 69-гадовая маці пагадзілася перавесці пенсію на картку, але карыстацца інтэрнэт-банкінгам катэгарычна адмаўлялася, даверыўшы мне аплачваць рахункі за камунальныя паслугі, тэлефон, лецішча, сігналізацыю. Аддаў маме стары ноўтбук і заўсёды прасіў яе падчас аплаты быць побач, каб яна бачыла рух па ліку. Паступова яна зацікавілася інтэрнэтам у цэлым, — кажа мінчанін Андрэй. — У 70 яна ўжо сама спраўлялася з плацяжамі і дапамагала суседкам, якія толькі асвойвалі камп'ютар».

У чым перавага банкаўскіх картак

Як ужо адзначалася, не трэба марнаваць час на візіт у банк ці на пошту па грошы. Навучыўшыся карыстацца інтэрнэт-банкінгам або даручыўшы гэта малодшаму пакаленню сям'і, можна развітацца з неабходнасцю наведваць гэтыя ўстановы для аплаты рахункаў. Дарэчы, на любімыя газеты і часопісы можна таксама падпісацца не выходзячы з дому.

Карткі для пенсіянераў у некаторых банках маюць такую перавагу, як налічэнне працэнтаў на астатак сродкаў на карт-рахунку. Акрамя таго, за разлік карткай вяртаецца манібэк — гэта значыць невялікая сума ад пакупкі. Многія банкі супрацоўнічаюць з крамамі, аптэкамі, медыцынскімі цэнтрамі, і за разлікі з партнёрамі кліент атрымлівае павышаны манібэк.

Часам пажылыя людзі кажуць, што ім больш звыкла, калі наяўныя ляжаць у кашальку. Але ж няма праблем зняць пенсію ці яе частку з карткі і ў гэты самы кашалёк пакласці.

Крытэрыі выбару карткі

Каб выбраць картку, трэба вызначыць для сябе найважнейшыя крытэрыі, вывучыць прапановы банкаў і скласці зводную табліцу.

Напрыклад, каб атрымаць картку «Бархат», трэба заплаціць 12 рублёў пры звароце ў банк або 7 рублёў, калі заказваць анлайн. Усе астатнія карткі для пенсіянераў выпускаюць бясплатна, але некаторыя банкі бяруць грошы за абслугоўванне. Штогод трэба плаціць 7,80 рубля за абслугоўванне карт «Найлепшыя гады», «Пенсійная Vіsa Classіc» і «Пенсійная Mastercard Standard», «Пенсійная Белкарт-Мір». Ёсць што абраць з картак з бясплатным абслугоўваннем: «Клопат», «Пенсійная картка», «Час для сябе», «Камплімент», «Баланс +», «Рух», «Пенсійная Vіsa Gold» і іншыя.

Далей разгледзім такі крытэрый, як налічэнне працэнтаў на астатак на рахунку. Максімум да 3 % гадавых прапануюць трымальнікам картак «Пенсійная Vіsa Classіc», «Рух», «Пенсійная Vіsa Gold», «Пенсійная Белкарт-Мір», «Пенсійная Mastercard Standard», «Камплімент». Да 2 % гадавых на астатак атрымаюць уладальнікі карт «Баланс +», «Найлепшыя гады», «Пенсійная картка». Усяго да 0,1 % гадавых налічваюць тым, хто абраў карткі «Клопат», «Бархат». Карта «Пенсійная» ёсць у партфелі двух банкаў, толькі адзін з іх налічвае да 3 % гадавых, іншы — да 0,1 %. А вось уладальнікаў карткі «Час для сябе» ніяк не заахвочваюць за захоўванне сродкаў на рахунку.

Цяпер вывучым такую пазіцыю, як манібэк, ён жа кэшбэк. Тут лідзіруе картка «Забота»: ад 2 % выдаткаваных грошай у аптэках і крамах вернецца на картку. За любыя пакупкі, а таксама за плацеж праз інтэрнэт вяртаецца 1 % трымальнікам карткі «Час для сябе». Па некаторых картках можна атрымаць манібэк да 12 % за пакупкі, здзейсненыя ў партнёраў банка. Гэта могуць быць розныя крамы, аптэкі і нават турыстычныя паслугі.

Перш чым выбраць картку з манібэкам, добра б прааналізаваць свае выдаткі за месяц-іншы і зразумець, што больш выгадна: атрымаць адзін раз 1 % ад сеткі аптэк або 1 % за кожную расходную аперацыю.

Так ці інакш, кожнаму з нас патрэбна хоць б невялікая сума наяўнымі. І тут узнікае важнае пытанне: умовы іх зняцця ў банкаматах. Гэтая працэдура бясплатная ў банкаматах свайго банка. Але ёсць яшчэ і банкі-партнёры. З карткі «Бархат» выгадна здымаць грошы толькі ў адным банку-партнёры. У «Клопаце» тры банкі-партнёры. Работнікі банкаў папярэджваюць: за прагляд балансу карткі банкі-партнёры спішуць некаторую суму.

А вось трымальнікі карт «Час для сябе», «Найлепшыя гады», «Баланс +», «Камплімент», «Рух» і шэрагу іншых могуць без камісіі зняць наяўныя грошы ў любых банкаматах па ўсёй краіне. Часцей за ўсё ў «чужых» банках ёсць абмежаванне па суме: недзе яно складае 100 рублёў, недзе — 1500. Па міжнародных картках можна зняць грошы і за мяжой.

СМС-інфармаванне аб залічэнні пенсіі ў многіх банках бясплатнае.

Некаторыя банкі прапануюць трымальнікам пенсійных карт афармленне дадатковай карткі для сваяка, а таксама зніжкі на страхаванне. Ёсць прапановы па афармленні бясплатнай даверанасці і завяшчальнага распараджэння па ўкладзе, калі ён у тым жа банку, дзе і пенсійная картка. Некалькі банкаў прапануюць кансьерж-сэрвіс — шмат розных паслуг: ад дапамогі ў спампоўванні аўдыякніг да запісу да доктара.

Кожная картка мае шмат асаблівасцяў, таму наш агляд — толькі інфармацыя да разважання. Каб абраць картку, трэба ўдакладніць усе нюансы ў банку.

Што трэба для афармлення

Для тых, хто ўпершыню афармляе картку, можна папярэдне пакінуць заяўку на сайце банка. У любым выпадку давядзецца наведаць фінансавую ўстанову з пашпартам і пенсійным пасведчаннем, каб аформіць дагавор. Усе клопаты па ўзаемадзеянні з органам, які выплачвае пенсію, банк бярэ на сябе. Хто выходзіць на пенсію і жадае атрымліваць яе на картку, паведамляе аб гэтым спецыялістам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, але і банк трэба будзе наведаць.

Дастаўка картак у некаторых банках арганізавана кур'ерскай службай альбо па пошце.

Для тых, хто вырашыў памяняць банк (а гэта вашае права), трэба напісаць заяву на закрыццё рахунку. Цяпер рабіць гэта дастаткова зручна, таму што можна звяртацца ў любое аддзяленне свайго банка. Затым трэба адкрыць рахунак у новым банку. Карткі вырабляюцца ў тэрмін ад 3 да 10 дзён. Ёсць і імгненны выпуск карткі, толькі тады на ёй не будзе пазначана імя. Каб паспець перайсці з аднаго банка ў іншы, неабходна пракансультавацца са спецыялістамі кантакт-цэнтра выбранай фінансавай установы. Яны падкажуць аптымальныя тэрміны афармлення пакета дакументаў.

Правілы бяспекі

Калі вы страцілі картку ці яе скралі, тэлефануйце ў банк, каб заблакіраваць яе. Рабіць гэта трэба як мага хутчэй, таму што на адносна невялікія сумы можна здзяйсняць пакупкі і без уводу пін-кода. Таму, атрымаўшы картку, запішыце тэлефон службы падтрымкі банка — ён ёсць на карце.

Картка і пін-код павінны захоўвацца далёка адно ад другога. Нельга пісаць пін-код на самой карце ці на паперцы, якая захоўваецца ў кашальку.

Здаецца, усе ведаюць аб схеме, калі аферысты тэлефануюць па вайберы, прадстаўляюцца спецыялістамі банка і кажуць, маўляў, з вашага рахунку зараз здымаюць грошы. У гэты момант варта проста спыніць размову. На жаль, пакуль не створаны такія разумныя праграмы, якія маглі б імгненна зафіксаваць, што доступ да рахунку атрымаў старонні чалавек, таму сапраўдныя супрацоўнікі банка не могуць пра гэта паведаміць. Да таго ж яны не карыстаюцца месенджарамі для зносін з кліентамі, а толькі мабільным тэлефонам.

Нельга староннім паведамляць CVV ці CVC-код са зваротнага боку карткі і код СМС для пацвярджэння плацяжу.

Нумар сваёй карткі і тэрмін яе дзеяння паведамляюць у тым выпадку, калі вам павінны перавесці грошы. Больш ніякай інфармацыі для залічэння грошай не трэба!

Для разлікаў у інтэрнэце лепш завесці асобную картку і пераводзіць на яе роўна столькі грошай, колькі трэба для бягучага плацяжу.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.