Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша — вядомая ў беларускай культуры асоба. Бібліятэказнаўца, арганізатар бібліятэчнай справы, кнігазнаўца, скарыназнаўца. Ініцыятар многіх кніжніцкіх, бібліятэчных праектаў. І таму, відавочна, многія яго думкі, меркаванні і ў дачыненні да праблем айчыннага краязнаўства могуць паказацца надзвычай цікавымі. Але ж мяркуйце самі...
— Што вы асабіста ўкладваеце ў вызначэнне «краязнаўства»?
— Слова «краязнаўства» знаёмае амаль кожнаму і, на першы погляд, не патрабуе асаблівых тлумачэнняў. І ў той жа час гэтае слова і акрэсленая ім з'ява не такія простыя, як магло б падавацца на першы погляд.
Я б не хацеў уводзіць тут нейкае новае азначэнне для паняцця «краязнаўства». Справа ў тым, што ў айчыннай гуманітарыстыцы навукоўцы нярэдка імкнуцца прыдумляць усё новыя і новыя азначэнні. Праз гэта яны паказваюць свой «уклад» у навуку, навізну сваіх даследаванняў. Пры гэтым сутнасна справа мала ў чым мяняецца.
Пад краязнаўствам трэба разумець вывучэнне якога-небудзь краю, асобных мясцовасцяў, раёнаў з пункту гледжання іх прыроды, гісторыі, эканомікі, быту і г. д., якое выконваецца пераважна мясцовымі сіламі. Тут важныя некалькі аспектаў. Па-першае, краязнаўства — гэта не абавязкова навука ці галіна навуковых ведаў. Па-другое, яно мае комплексны і міждысцыплінарны характар, бо ў межах краязнаўчых даследаванняў адбываецца апісанне і вывучэнне таго ці іншага рэгіёна з розных бакоў — прыродныя рэсурсы, кліматычныя асаблівасці, гаспадарчая дзейнасць насельніцтва, эканамічны патэнцыял, гісторыя рэгіёна, традыцыі і звычаі мясцовых жыхароў, культурная спадчына і многае іншае. Па-трэцяе, тэрмін «краязнаўства» найчасцей выкарыстоўваецца для вывучэння не цэлых краін ці нават частак свету, а лакальных тэрытарыяльных адзінак — асобных населеных пунктаў, раёнаў ці мясцовасцяў, якія выдзелены найчасцей не як палітычная адзінка (краіна ці саюз краін), але і на падставе іншых крытэрыяў: прыродная адасобленасць, характарыстыкі культурнага жыцця, агульныя моўныя рысы насельніцтва і г. д. Чацвёртая асаблівасць краязнаўства — найчасцей яно з'яўляецца вынікам работы мясцовых ініцыятыўных груп ці адзінкавых даследчыкаў. У той жа час мэтанакіраванае вывучэнне таго ці іншага рэгіёна з боку знешніх прафесійных навукоўцаў (напрыклад, падчас этнаграфічных, археалагічных геалагічных і іншых экспедыцый) краязнаўствам не лічыцца. Гэта не азначае, што краязнаўства абавязкова мае аматарскі статус. Зусім не! Яно можа выконвацца прафесіяналамі і па навукова абгрунтаванай методыцы, даючы пры гэтым сур'ёзныя навуковыя, практычныя ці шырэй — значныя для грамадства вынікі. Але нярэдка краязнаўства трымаецца на ініцыятыве мясцовых жыхароў, апантаных цікавасцю да роднага краю, захопленых ідэяй праславіць дарагія іх сэрцу мясціны. І нават калі яны не маюць акадэмічнай адукацыі і прафесійнага навуковага вопыту, то гэта кампенсуецца агнём любові да радзімы, што гарыць у іх сэрцах.
— Краязнаўства, несумненна, — значная частка выхаваўчай работы ў школе, увогуле ў грамадстве. Наколькі гэта асэнсоўваецца тымі людзьмі, якія часам і па службовых абавязках павінны займацца клопатамі выхавання?
— Магу меркаваць, што ў асноўным асэнсаванне яе значнасці прысутнічае ў большасці навучальных устаноў. Не заўсёды, але ўсё ж вельмі часта менавіта настаўнікі і выкладчыкі школ, гімназій, каледжаў, тэхнікумаў, ліцэяў і, безумоўна, вышэйшых навучальных устаноў з'яўляюцца галоўнымі ініцыятарамі краязнаўчай работы. Яны звычайна маюць асаблівую цікавасць і любоў да роднай вёскі ці горада і пры гэтым здольныя яе перадаць сваім вучням, запаліць агеньчык любові да роднай зямлі. У многіх рэгіёнах Беларусі ў навучальных установах сёння ёсць прадметы радзімазнаўства ў лакальным яго вымярэнні: маладзечназнаўства, полацказнаўства і г. д. Нярэдка праваднікамі гэтых і іншых краязнаўчых ініцыятыў выступаюць настаўнікі. Яны ахвяруюць сваім вольным часам, сіламі і нават грашыма, каб зладзіць тыя ці іншыя мерапрыемствы, выпусціць навучальны дапаможнік, стварыць турыстычны буклет, сайт, суполку ў сацыяльных сетках і г. д.
— Як бы вы ацанілі сённяшні стан беларускага краязнаўства? Гэта — пад'ём, пэўны рэнесанс альбо стагнацыя і занядбанасць?
— Мы нярэдка параўноўваем тое, што маем, з уласнымі ідэальнымі ўяўленнямі ці найлепшымі нацыянальнымі ці замежнымі практыкамі. І на фоне такога параўнання хочацца сказаць, што нам яшчэ далёка да дасканаласці... Калі глядзець на пытанне з больш высокай перспектывы, то сітуацыя выглядае не тое што нядрэннай, але і заўважныя вельмі прыемныя тэндэнцыі... Нават у мае школьныя гады — канец 1980-х — 1990-я гады — нават тады многае па інерцыі працягвала ранейшыя традыцыі. Тады мала хто ў Беларусі ведаў пра нашых выдатных землякоў — мастакоў, навукоўцаў, пісьменнікаў... Нават дзеячы, якія займелі сусветную славу, як Марк Шагал, Хаім Суцін, Іван Хруцкі, Адам Міцкевіч, Леў Сапега, Тадэвуш Касцюшка, Ігнат Дамейка і іншыя, шырокай грамадскасцю слаба асацыіраваліся з Беларуссю, з іх родным краем. Я памятаю, як мяне дзівіла, што ў ранейшых падручніках усё было пра Маскву і Ленінград, пра Волгу і Дон, пра Пушкіна і Талстога, пра Чайкоўскага і Балакірава... І на іх фоне рэдкія беларускія імёны і гарады прадстаўляліся як перыферыйныя з'явы, вартыя ўвагі толькі ў другую чаргу.
З таго часу шмат што змянілася. Але таксама гэта адбылося не адразу. Памятаю, нават калі я паступаў і вучыўся ва ўніверсітэце — у канцы 1990-х і ў пачатку 2000-х гадоў, зноў жа, я ніяк не мог зразумець, чаму ў маім родным горадзе Мінску няма (не было на той час) ні свайго гарадскога музея, ні краязнаўчых канферэнцый, прысвечаных гісторыі і культуры нашай сталіцы. Не было шмат чаго, што сёння ўспрымаецца як норма і звычайнасць...
— Што найбольш уражвае ў краязнаўчых здабытках апошняга дзесяцігоддзя?
— А вы толькі зірніце: прайшло не так шмат часу — і ўсё гэта мы ўжо маем. Я б сказаў, што сёння мы назіраем сапраўдны выбух цікавасці да роднай зямлі з боку жыхароў самых розных куточкаў Беларусі. Беларусы навучыліся паважаць сваю культуру, ведаюць уласную гісторыю. Яны пачалі ўспрымаць свой родны край не як перыферыю вялікіх імперый ці цывілізацый, а як цэнтр адліку, як крыніцу натхнення продкаў, сярод якіх было нямала слаўных землякоў.
Найбольшым здзяйсненнем для краязнаўства апошняга дзесяцігоддзя з'яўляецца адкрыццё краязнаўцамі віртуальнай прасторы і магчымасцяў сацыяльных сетак. Перад гэтым многія краязнаўцы-аматары збіралі ў хатніх умовах розныя папкі з выразкамі з газет, нататкі, успаміны, што ляжалі стосамі і часта ў такім выглядзе заставаліся ляжаць да моманту іх знішчэння нашчадкамі гэтых краязнаўцаў, якім гэтыя папкі былі ўжо без патрэбы. Камп'ютары дазволілі многім збіраць і сістэматызаваць каласальныя аб'ёмы краязнаўчых звестак, больш зручна і хутка знаходзіць патрэбную інфармацыю, апрацоўваць яе і надалей выкарыстоўваць. З'яўленне сацыяльных сетак дазволіла ствараць суполкі па інтарэсах, хутка знаходзіць землякоў, колішніх калег, суседзяў і сваякоў, нават калі яны раз'ехаліся па ўсім свеце, ствараць аматарскія і прафесійныя артыкулы пра свой родны край, дзяліцца фотаздымкамі ў неабмежаванай колькасці, імгненна перасылаць паведамленні і атрымліваць адказ, арганізоўваюць дыскусіі па розных краязнаўчых пытаннях. Гэта не толькі істотна дапоўніла інфармацыйнае поле краязнаўчых даследаванняў, прадстаўленае ў большасці артыкуламі ў газетах і асобнымі кніжнымі выданнямі, але і прывяло да пераходу краязнаўства на якасна новы ўзровень.
— Зусім нядаўна мы бачылі развіццё такога агульнадзяржаўнага праекта як Год малой радзімы... І гэта доўжылася тры гады. Якім бачыцца галоўны плён у межах гэтай праграмы?
— Клопат пра патрыятычнае выхаванне, фарміраванне любові да роднага краю, падтрымка мясцовых ініцыятыў і спрыянне захаванню сувязяў грамадзян з родным куточкам успрымаюцца як вельмі пазітыўны і неабходны кірунак дзейнасці любой цывілізаванай дзяржавы. У гэтым кантэксце ініцыятыва правядзення Года малой радзімы заслугоўвае безумоўнай падтрымкі. Важны вынік — стымуляванне сацыякультурнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў мясцовага насельніцтва, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Менавіта ў гэтым галоўны, заўважны і планаваны вынік.
Ёсць і іншы вынік — паступовы і мэтанакіраваны рост у свядомасці грамадства разумення таго, што родная зямля — ці гэта маленькая вёска, ці шматлюдны мегаполіс — з'яўляецца найбліжэйшай і найважнейшай крыніцай, якая на працягу жыцця дае чалавеку натхненне, сілу, падтрымлівае яго.
Мінулае стагоддзе кардынальна памяняла, нават паламала традыцыйны ўклад жыцця беларусаў. У гэты час у нашай краіне адбывалася імклівая ўрбанізацыя: мільёны людзей паслядоўна перасяляліся з вёсак у гарады. Уявіце сабе, яшчэ сто гадоў таму назад беларусы ў пераважнай большасці былі сялянскім этнасам, большасць людзей была занятая ў сферы сельскай гаспадаркі, нават культурнае жыццё ў асноўным развівалася ў самай цеснай сувязі з каляндарным цыклам сельскагаспадарчых работ. Вясковы ўклад жыцця быў адвечнай формай існавання, сфарміраванай усёй ранейшай шматтысячагадовай традыцыяй у рамках гісторыі беларускага этнасу. І раптам усе традыцыі пераламаліся, засталіся непатрэбнымі, выкінутымі на перыферыю гаспадарчага і культурнага жыцця. Замест хатніх гаспадарак з'явіліся калгасы і саўгасы, потым фермы, якія пры меншай колькасці работнікаў давалі большы вынік. Індустрыялізацыя, механізацыя амаль цалкам выцесніла чалавека, настойліва паказала яму, што патрэбы ў такой колькасці людзей на вёсцы больш няма. Да таго ж героямі найноўшага часу ўсё часцей пачалі станавіцца інжынеры, кіраўнікі заводаў і фабрык, героі тэлеэкранаў, чыноўнікі з вялікіх гарадоў, бізнесмены, прадстаўнікі сучасных і перспектыўных прафесій, у ліку якіх сельскія жыхары сябе бачылі ўсё больш і больш рэдка. У выніку надзеяй і мэтай для многіх вясковых дзетак было «вырвацца з вёскі ў горад», пераехаць падалей ад «адсталага» патрыярхальнага ўкладу дзядоў і бацькоў. І ў многіх атрымлівалася. Як вынік: замест сельскага народа сто гадоў назад беларусы сталі адным з найбольш гарадскіх, урбанізаваных народаў. Амаль кожны пятых жыхар краіны сёння жыве ў сталіцы... У гарадах пражывае большасць насельніцтва краіны. Самае істотнае — нават тыя, хто з вёскі не выехаў, нярэдка ўскладаюць надзею на магчымасць перабрацца ў вялікі горад — ці хоць і не ў вялікі, але ў горад. Страчаны давер да вёскі, да зямлі-карміцелькі, да роднага куточка, які яшчэ нядаўна быў здольны кожнага надзяліць жыццёвай сілаю. У выніку насельніцтва вёсак сёння, асабліва аддаленых, старэе, моладзі становіцца ўсё менш. Найперш з-за пераканання, у многім памылковага, што перспектыў вёска дае зусім няшмат.
Пераламіць такі стэрэатып даволі складана. І не толькі таму, што апошнія дзесяцігоддзі ўсяляк падтрымлівалі яго існаванне, але і таму, што дагэтуль горад фактычна застаецца прывабным і перспектыўным месцам: вышэйшыя заробкі, большы выбар кірункаў прафесійнай дзейнасці, шырэйшыя магчымасці для самарэалізацыі. Калі ж не рабіць нічога, то мы можам страціць вёску, а разам з ёй — сувязь са сваімі каранямі. Думаецца, што такія ініцыятывы, як Год малой радзімы, з'яўляюцца адным з крокаў да пераадолення гэтай праблемы.
— Краязнаўства — заўсёды постаці, арганізатары краязнаўчай работы ў рэгіёнах. Каго б вы вылучылі з сучаснікаў — знакавых персанажаў у беларускім краязнаўстве?
— Пытанне вельмі складанае, і адказаць на яго, думаецца, я не здолею. Сапраўды, краязнаўства — гэта найперш постаці. І вельмі многае залежыць ад іх актыўнасці, здольнасцяў, падтрымкі. І ўсё ж параўнаць краязнаўцаў між сабою амаль немагчыма. Паспрабую растлумачыць. Калі да цябе ніхто раней не займаўся вывучэннем роднай вёскі, то гэта работа зойме ў цябе вельмі шмат часу і дасць адносна абмежаваны вынік, але навізна, а таму і агульная значнасць гэтай работы будзе высокай. А з іншага боку, пра многія нашы буйныя гарады і асобныя рэгіёны сёння нескладана скласці вялікую і добра ілюстраваную кнігу, бо падобныя даследаванні ўжо даўно і вынікова праводзяцца. Таму — бяры, складай, апрацоўвай і атрымаеш вынік. Ды як можна параўнаць даследчыка палескай вёскі і краязнаўцу, які цікавіцца вялікім горадам? Нават даследчыкаў двух суседніх вёсак між сабою параўнаць складана. А хто лепшы краязнавец: каторы кнігі піша ці які робіць радыёперадачы? Які стварыў краязнаўчую экспазіцыю ў мясцовым музеі ці той, што масава водзіць захапляльныя экскурсіі па сваім рэгіёне? А можа настаўнік сельскай школы, які здолеў прывіць дзецям любоў да роднай вёскі і раёна, даў ім веды пра зямлю бацькоў і тым самым выхаваў сапраўдных патрыётаў? Альбо малады блогер ці стваральнік суполкі ў сеціве, якая сабрала мноства ўраджэнцаў пэўнага населенага пункта, якія масава дзеляцца ўспамінамі, фотаздымкамі, іншымі звесткамі, ствараючы такім чынам жывую і шматгранную гісторыю малой радзімы?
Краязнаўства, па сутнасці, — лакальная ініцыятыва. Далёка не ўсе нават з ліку вельмі яркіх і таленавітых краязнаўцаў вядомыя на нацыянальным узроўні. Магу прыводзіць шмат прыкладаў цудоўных аматараў і прафесіяналаў, якія многае зрабілі для вывучэння і папулярызацыі ведаў пра свой родны горад, вёску ці раён. Аднак для большасці чытачоў «Звязды» альбо «Полымя», «Маладосці», іншай асветніцкай перыёдыкі яны будуць мала вядомымі. У гэтым сэнсе публіка значна лепш ведае дзеячаў-арганізатараў, якія, так бы мовіць, працуюць «на звядзенні», а таксама медыйных асоб. Згадайма Уладзіміра Гілепа і яго паплечнікаў з Беларускага фонду культуры (на чале з Тадэвушам Стружэцкім), якія на працягу многіх ужо гадоў выдаюць «Краязнаўчую газету». Ёсць таленавітыя фатографы-краязнаўцы, якія аб'ехалі ўсю Беларусь і прымусілі усіх захапляцца багаццямі роднай зямлі. Назаву толькі пару імёнаў, разумеючы, што іх спіс можна было б доўга працягваць, — Сяргея Плыткевіча і Анатоля Клешчука. Згадаем аўтараў папулярных краязнаўчых тэлепраектаў, за якімі з задавальненнем сачылі тысячы, калі не мільёны, гледачоў. Цудоўныя краязнаўчыя тэлепраекты ствараюцца рэгіянальнымі тэлеканаламі...
— А я б назваў і пастаўскага настаўніка, пісьменніка Ігара Пракаповіча... Са Слуцка — збіральнік памяці пра Вялікую Айчынную вайну Васіль Тышкевіч... Нельга апошнія семдзесят гадоў краязнаўства Беларусі ўявіць без Адама Мальдзіса...
Гутарыў Кастусь ЛАДУЦКЬА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?