Вы тут

Пяць незвычайных фактаў пра Сцяпана Александровіча


«Бацькі мае — беларускія татары. Можа гэта гучыць крыху дзіўна, але сапраўды так. У Капылі здаўна жыла жменька нашчадкаў мангольскіх плямён. Сядзібы іх туліліся на дзвюх вулачках — Татарскай і Замкавай, ля плыценькай Каменкі, побач з высокім замчышчам (паводле падання, усе яны некалі складалі асабістую ахову капыльскага князя). У этнаграфічным абліччы мясцовых татар захаваліся яшчэ ўсходнія рысы, сяк-так ліпелі свае звычаі і абрады, але родную мову яны ўжо даўно страцілі і гаварылі па-беларуску. Большасць сем'яў вырабляла аўчыны і скуры, некаторыя займаліся агародніцтвам ці проста земляробствам. Увогуле капыльскія татары цесна зжыліся з мясцовым насельніцтвам і ў сваім штодзённым побыце мала чым адрозніваліся ад беларусаў».


Так пісаў у сваім аўтабіяграфічным нарысе Сцяпан Александровіч, літаратуразнаўца, крытык, пісьменнік, які нарадзіўся 100 гадоў таму ў Капылі. Менавіта ён згадваецца ў паэме «Сказ пра Лысую гару» на пару з Генадзем Кісялёвым, як прыклад дасціпнага даследчыка:

«Адкрыцця аўтара не зробіць —

Хоць зад натрэ да мазалёў —

Ні крот Сцяпан Александровіч,

Ні кротус Генус Кісялёў!»

Мала хто і з беларусаў зрабіў столькі для нашай культуры і гісторыі, як беларускі татарын Сцяпан Александровіч, мала хто заслугоўвае такой павагі і ўдзячнай памяці. Давайце ж сёння ўспомнім, якія незвычайныя факты пра яго можна згадаць.

1. У юнацтве быў гарбаром

Дарэчы, мала хто ведае: сапраўднае імя Сцяпана Александровіча — Мустафа, але з дзяцінства ўсе звалі яго Сцяпанам.

Паводле ўспамінаў Александровіча, яго бацька Хусейн Самуілавіч жыў у Капылі на Татарскай вуліцы, але пасля жаніцьбы купіў сабе хату на Какорыцкай, якраз насупраць школы.

«Ён вырабляў аўчыны, і я з маленства авалодваў нялёгкім гарбарным рамяством...»

Праўда, гэта не адзіная «пабочная» прафесія, якой авалодаў будучы літаратуразнаўца.

«Чатыры гады я адгакаў на пастуховай «службе». Даводзілася несалодка: прыходзілася прапускаць урокі, адставаць жа ад хлопцаў не хацелася, у пячонку ўядалася дажджлівая восень. Але самае цяжкае было ў тым, што ў торбе часам толькі кніга і некалькі сырых бульбін...»

Так, увесь гэты час Сцяпан, як і яго сябар Іван Шамякін, які ў дзяцінстве таксама быў пастушком, апантана чытаў, а пастухова справа да таго ж — магчымасць рэфлексій на прыродзе.

2. Выпрошваў у бібліятэцы вершы расстраляных паэтаў

«З старэйшых працаўнікоў на ніве беларушчыны хачу найперш згадаць Сцяпана Хусейнавіча Александровіча, які разам з М. Ларчанкам рыхтаваў першыя пасляваенныя выданні Ядвігіна Ш., Максіма Багдановіча і іншых класікаў. Сцяпан Александровіч быў на фронце, прайшоў праз палон, аднак назаўсёды захаваў настальгію па часе «беларускага актывізму», хаця сам яго фактычна і не бачыў. Помню, расказваў мне, як маладым капыльскім хлопцам ён выпрасіў у бібліятэкара кніжкі расстраляных беларускіх пісьменнікаў, якія бібліятэкар павінен быў спаліць і, надзейна іх схаваўшы, запоем чытаў забароненую беларускую літаратуру» — згадваў вядомы літаратуразнаўца і фалькларыст Арсень Ліс.

Александровіч заўсёды імкнуўся парушыць маўчанне пра рэпрэсіраваных пісьменнікаў і іх лёсы, хоць пра гэта забаранялася гаварыць. Калега Александровіча Дзмітрый Бугаёў успамінае:

«Вось у кнізе «Тут зямля такая» (1974) ён падышоў да арышту Кузьмы Чорнага восенню 1938 г. Але пра той арышт і турэмнае зняволенне, якое жахлівым цяжарам абрынулася на пісьменніка, з-за цэнзурнай забароны нельга было сказаць ні ў 1964 г., калі пісаўся артыкул, ні праз дзесяцігоддзе, калі праца перадрукоўвалася ў кнізе. Даследчык мусіў у абодвух выпадках абмяжоўвацца такой фразай: «Захварэла жонка, і Кузьма Чорны позна ўвечары 13 кастрычніка 1938 года пайшоў у аптэку па лекі, а дамоў вярнуўся толькі 8 чэрвеня 1939 года». Але змірыцца з такім глуха-няўцямным дакрананнем да вялікай бяды С. Александровіч не мог. І як цэнзурныя ўмовы змяніліся, ён даў волю сваім пачуццям, растлумачыўшы, што 13 кастрычніка 1938 г. Чорны не вярнуўся з аптэкі дамоў, бо «яго арыштавалі ля пад'езда дома».

Як сцвярджаў Бугаёў, у выпадках, калі з-за ўмоў часу нельга было распавесці ўсю праўду пра кагось з пісьменнікаў, «Александровіч, здаецца, фізічна пакутаваў».

3. Яго бацька быў знаёмы з Цішкам Гартным

Капыльшчына — унікальная мясціна, адкуль родам дзясяткі слынных літаратараў. Адзін з іх — Цішка Гартны, ён жа Зміцер Жылуновіч, які яшчэ ў 1910—1911 гг. ініцыіраваў выпуск у Капылі рукапісных часопісаў. У свой час Жылуновіч у тым самым Капылі быў такім жа гарбаром, як і бацька Сцяпана Александровіча. Так што не дзіўна, што яны былі знаёмыя. Александровіч-старэйшы ведаў на памяць верш Цішкі Гартнага «Песня гарбара»:

«Цэлы дзень я за брудным сталом,

Цэлы дзень скуру цвёрдую скроб,

Стаючы укапаным калом,

Я задухай атрутнаю соп».

Калі Сцяпан Александровіч нарадзіўся, Цішка Гартны жыў у Мінску, узначальваў Дзяржвыдавецтва і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР.

«Асаблівай павагай і аўтарытэтам карыстаўся ў мястэчку Цішка Гартны. Кожны яго прыезд на радзіму быў цэлай падзеяй у жыцці Капыля. Я хлапчуком некалькі разоў бегаў на Свяржэнскую вуліцу, каб паглядзець аўтара «Сокаў цаліны». Пасля, пасучы каровы, я некалькі разоў бачыў яго ў полі: Ц. Гартны любіў блукаць па капыльскіх ваколіцах, па тых сцежках, дзе прайшло яго пастухоўскае маленства».

Яшчэ Александровіч успамінаў, як у снежні 1936 года адзначалася стагоддзе яшчэ аднаго капылянца — класіка яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорыма, і ў Капыль прыехалі Кандрат Крапіва, Ізі Харык, Майсей Кульбак, армянскі паэт Наіры Зар'ян, падчас урачыстасці Крапіва чытаў байку «Дзед і баба».

Сястра Александровіча Аніфа расказвала: «Пасля ўрокаў да нас часта заходзілі аднакласнікі і сябры Сцяпана. Збіраліся і ў святочныя дні, спявалі, танцавалі, чыталі вершы».

Сябраваў Сцяпан з аднакласнікам свайго брата Аляксеем Коршакам, які аднойчы зайшоў да іх у госці. «Сарамяжы і скупы на слова хлопец узяў тады ў нас добры дзясятак кніг, і — о, дзівак! — усё гэта былі зборнікі вершаў. Праз некалькі дзён ён зноў выбіраў кнігі, а праз які месяц-два стаў у нашым доме сваім чалавекам».

Разведчык Коршак загінуў на фронце 27 лютага 1945 г. Адзін з яго апошніх лістоў быў адрасаваны Сцяпану Александровічу: «Зараз я знаходжуся на фронце ва Усходняй Прусіі. Пішу табе ліст у бліндажы пад гром артылерыйскай кананады. <...> Прыслаў бы табе сваіх вершаў, але не маю больш паперы. Іншым разам напішу больш і прышлю вершы...»

«Тут зямля такая» — казаў Сцяпан Александровіч пра багатую на таленты Капыльшчыну.

4. Уцёк з нямецкага палону

У 1939-м будучы прафесар паступіў у БДУ. А ў 1940 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Праз год пачалася вайна...

У 1942-м, калі ішлі цяжкія баі, чырвонаармеец Сцяпан Александровіч удзельнічаў у Керчанска-Феадасійскай аперацыі. 16 мая 1942 г. каля старой крэпасці Янікале ён быў паранены, а праз тыдзень трапіў у палон і апынуўся ў лагеры ваеннапалонных у Крывым Розе.

«Увогуле жыццёвы тэмп быў незвычайны: у 18 год я быў у арміі, у 20 — на фронце, а ў 21 — у палоне».

Як піша адзін з ягоных вучняў, Язэп Янушкевіч, «мусульманская вера бацькоў уратавала яго, калі адзін з барачных фюрэраў ставіў яго да сцяны, істэрычна выдыхаючы ў твар: «Юдэ!» Жыццё яму вярнуў працытаваны па памяці ўрывак з Карану».

Разам з сябрамі-ўкраінцамі Александровіч уцёк у жніўні 1942 г. Два месяцы пакутлівых блуканняў... Ужо на роднай Беларусі, пад Слуцкам, зваліўся з ног. Злітаваўся нейкі дзядзька, падабраў хворага, прывёз у Капыль.

«...пацягнуліся пакутлівыя дні дамашняга арышту. З хаты не пускала хвароба (з лагера прынёс працэс у лёгкіх), баяўся і чужога вока. На легальнае становішча перайшоў канчаткова вясною 1943 г. З гэтага часу ў мяне ўжо наладзіліся сувязі з партызанамі, якім бацька вырабляў аўчыны і круціў сырамяць на збрую».

Калі былы вязень ачуняў, удзельнічаў у баявых аперацыях, каардынаваў дзейнасць падполля, быў сувязным 27-й брыгады імя Чапаева. У 1944 годзе сям'я не магла больш заставацца ў Капылі — немцы і паліцаі сталі нешта падазраваць. Вырашылі ісці ў партызаны.

У ліпені 1944 г. Сцяпан Александровіч — зноў у Чырвонай Арміі. Служыў у танкавым батальёне, затым у роце сувязі лыжнага батальёна, потым у горнастралковым палку ў Баку.

Пасля свае выпрабаванні ён апіша ў дакументальнай аповесці «Далёкія зарніцы».

5. Быў адметным лектарам

Мару прысвяціць жыццё літаратуры Сцяпан Хусейнавіч здзейсніў пасля вайны. У БДУ ён, па ўспамінах Дзмітрыя Бугаёва, быў адным з яркіх і адметных лектараў: «Лекцыі ён чытаў без паперак, гаварыў павольна, часам ціха, як бы напаўголаса. Праўда, раптоўна надараліся прыступы кашлю, у прафесара былі хворыя лёгкія: цяжкая спадчына ваеннага часу. Думка лектара літаратуры была дакладнай, кожнае слова выверана, быццам узважана на нейкіх унутраных шалях, ён цудоўна помніў усе лічбы і факты. Глыбока, да драбніц ведаў біяграфіі Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Купалы, Коласа, Цёткі».

На ягоным рахунку не толькі навуковыя манаграфіі і артыкулы. Бугаёў казаў пра яго мастацкія творы: «Напісана так, што ад кнігі нельга адарвацца».

Напісанае Сцяпанам Александровічам засталося... І няхай яно па-ранейшаму будзе мець свайго чытача.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Тут зямля такая...»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.