Вы тут

Пра духоўныя арыенціры ў эфіры расказвае генеральны прадзюсар Беларускага радыё


Вера, слова Божае і адчуванне еднасці — менавіта гэта дае надзею, супакаенне ў наш няпросты час хвароб і ўзрушэнняў. Магчымасць далучыцца да агульнай малітвы для кожнага верніка вельмі важная, якія б акалічнасці не былі таму перашкодай. І ў першую нядзелю Адвэнту, калі каталікі ўсяго свету пачалі падрыхтоўку да вялікага свята Раства, у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё правялі прамую трансляцыю набажэнства аб міры, адзінстве і згодзе. Аднаўленне нядзельнай малітвы ў эфіры рэалізавалася пры садзейнічанні Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь сумесна з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй Рымска-каталіцкага касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.


— Мы пачалі рэгулярныя трансляцыі нядзельных мес напрыканцы лістапада ў першы дзень каталіцкага Адвэнту. А яшчэ сёлета ў нас была трансляцыя ў красавіку, якую мы прымяркоўвалі да Вялікадня. Праводзілася акцыя «Малітва за мір і адзінства», дзе трансліраваліся малітвы розных канфесій: каталіцкай, праваслаўнай, мусульманскай, іўдзейскай, — расказвае генеральны прадзюсар Беларускага радыё Антон Васюкевіч. — Напярэдадні посту перад Нараджэннем Хрыстовым у нас адбылася сустрэча з новым мітрапалітам каталіцкай царквы ў Беларусі Ёзафам Станеўскім. Мы дамовіліся, што вось гэтыя дні Адвэнту ў нас будуць магчымасцю для ўсіх вернікаў маліцца дыстанцыйна. Таму і зараз, і на Раство ў нас адбудуцца трансляцыі святочных набажэнстваў. Калі ў тым будзе запатрабаванасць сярод вернікаў, то чаму б не рабіць гэта і далей? Мы заўсёды адкрытыя для абмеркавання розных ідэй і супрацоўніцтва. І гэта была менавіта ініцыятыва Беларускага радыё прадэманстраваць у нашым эфіры ўсю рознабаковасць і шматканфесійнасць і тую згоду, якая ў нас існуе. Тым больш што сёлета ў Беларусі Год народнага адзінства. Такая добрая справа адлюстроўвае шмат і пачуццяў, і памкненняў, і таму ініцыятыва была ўспрынята станоўча кіраўніцтвам канфесій, яны адгукнуліся і прынялі ўдзел у агульнай малітве.

...Адзінства і мір — вялікая каштоўнасць як для асобнага чалавека, так і для ўсяго грамадства. Беларусь заўсёды была прыкладам таго, як павінны ставіцца адзін да аднаго людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Этнаканфесіянальны свет можа быць моцным і даўгавечным толькі на аснове агульных каштоўнасцяў. У нашай краіне вернікі разам стаяць на абароне Айчыны, паважаюць нацыянальныя традыцыі і дзяржаўныя сімвалы. Усё гэта надзвычай важна сёння, калі па ўсім свеце адбываецца раздзяленне і канфлікты. Людзі з трывогай выказваюцца супраць расколу нашага грамадства, асабліва калі для гэтага выкарыстоўваюцца пачуцці вернікаў. У адрас Белтэлерадыёкампаніі рэгулярна паступаюць звароты ад прадстаўнікоў розных канфесій, у якіх адзначаецца, як важна захаваць мір і згоду на беларускай зямлі. Просьбы аб гэтым гучаць і ў малітвах, аднак з-за пандэміі многія вернікі не могуць наведваць храмы. Адзінай магчымасцю далучыцца да духоўнага слова застаецца трансляцыя ў радыёэфіры богаслужэнняў, зваротаў кіраўнікоў рэлігійных канфесій, духоўна-асветніцкіх праектаў.

Напрыклад, па выхадных у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё можна пачуць перадачы «Духоўнае слова» і «Святло душы», дзе знаходзяць адлюстраванне падзеі з жыцця праваслаўнай канфесіі. На Міжнародным радыё «Беларусь» трансліруюцца ў тым ліку і каталіцкія праграмы. Не абмінаюць у эфірнай прасторы значныя падзеі і важныя святы розных канфесій. Яшчэ варта адзначыць, што ў хуткім часе на радыё «Культура» мы зможам пачуць сумесны праект з расійскім праваслаўным «Радыё «Вера». Пакуль рана казаць адназначна, у якім фармаце будзе ўсё адбывацца, але тут маюць планы на шчыльнае і плённае супрацоўніцтва. Духоўнасць актуальная ва ўсе часы.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.