Вы тут

Блізкія людзі, любімыя песні


На Літаратурным фестывалі “КрымБукФест-2021” быў прадстаўлены літаратурны праект “Пад заступніцтвам Еўфрасінні Полацкай”.


Удзельнікі літаратурнага праекта "Пад заступніцтвам Еўфрасінні Полацкай"

Фестываль, як і ў ранейшыя гады, праходзіў у Сімферопалі, сталіцы Крыма, пры падтрымцы Мінкультуры Рэспублікі Крым. У чарговы раз Крымская рэспубліканская ўніверсальная навуковая бібліятэка імя І. Я. Франка гасцінна расчыніла дзверы для таленавітых дзеячаў мастацтва й культуры Крыма ды гасцей: празаікаў, паэтаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, нават Краснаярска. У шосты ўжо раз мы з сябрамі-беларусамі паўдзельнічалі ў фестывалі: з праектам “Пад заступніцтвам Еўфрасінні Полацкай”. Дарэчы, па выніках аргкамітэт фестывалю ўзнагародзіў мяне дыпломам — за творчае плённае супрацоўніцтва і актыўны ўдзел у VII Літаратурным фестывалі “КрымБукФест-2021”.

Фестываль — гэта і ж Алея друкаваных СМІ. У адной з палатак на ёй былі прадстаўлены часопісы, выдаўцом і рэдактарам якіх з’яўляюся шмат гадоў: “Крым — Беларусь” і “Крым — Север”. І экспазіцыя часопісаў адзначана была дыпломам. Дарэчы, фестываль пачаўся 15 верасня, у Беларусі гэта Дзень бібліятэк. Для нас вызначылі залу краязнаўства, у якой загадчыца аддзела краязнаўства бібліятэкі Наталля Гарайчук (у яе абодва дзяды — беларусы) падрыхтавала выставу кніг “Духоўная спадчына Еўфрасінні Полацкай”. У зале сабраліся гераіні публікацый у газеце “Голас Радзiмы” — актывісты нашай грамадскай суполкі “Беларускі Крыма” імя Еўфрасінні Полацкай. Імпрэза праходзіла шумна, весела, з беларускімі песнямі, танцамі, нават карагодамі. У ковідную пару асабліва шануеш вось такое шчасце зносін з дарагімі людзьмі — а беларускі спецыяльна прыехалі на фэст з розных гарадоў і пасёлкаў Крыма. Дзяліліся навінамі, чыталі ў газеце “ГР” матэрыялы пра станаўленне суполкі — адзінай такой, відаць, за межамі Беларусі.

У гасцях у нас былі студэнты Таўрычаскага каледжа Крымскага федэральнага ўніверсітэта імя Вярнадскага. Многае ім было ўпершыню, з вялікай цікавасцю гарталі “Голас Радзiмы”, звяртаючы асаблівую ўвагу на вёрстку: бо вучацца маладыя людзі на аддзяленні дызайнераў. Некаторыя з іх першы раз, як аказалася, трымалі ў руках газету, надрукаваную ў Беларусі, з артыкуламі пра беларусаў Крыма.

У ліку тых, каму далі слова на творчай імпрэзе — і наша сяброўка з таварыства “Беларускі Крыма” імя Еўфрасінні Полацкай Вольга Рудэнка (мае нагрудны знак “Маці-гераіня”, выгадавала 5 дзяцей). Распавяла, як у 2015-м была ў паломніцтве па святынях Беларусі. Наведалі тады і Полацк з дачкой: у той час паслушніцай, а цяпер манашкай Людмілай. Мы згадалі пра тое, што святая Еўфрасіння — апякунка жаночага манаства, што Людміла цяпер жыве ў Свята-Траецкім жаночым манастыры, гэта ў цэнтры Сімферопаля. А ў манастыры тым захоўваюцца мошчы святога Лукі Крымскага (у свеце Валянціна Войны–Ясянецкага, у якога па бацьку былі моцныя родавыя карані з Беларусі). Вось як цесна ўсё пераплецена ў лёсах крымскіх беларусаў!

Усіх нас падзівіла 87-гадовая Алена Кірыенка, адна з заснавальніц нашай суполкі. Родам Алена Яўменаўна з вёскі Гута (Клімавіцкі раён, Магілёўшчына). Было ў яе цудоўнае сольнае выступленне: спецыяльна падрыхтавала, выканала беларускія прыпеўкі. Пра жыццёвы шлях нашай паважанай старэйшай сяброўкі мы збіраемся распавесці ў “Голасе Радзімы”.

Яшчэ адна сяброўка суполкі, Галіна Баранава (Карась) жыве ў Сакскім раёне. Распавяла пра тое, што нядаўна высветлілася: яны сваячкі з Вольгай Рудэнкай (Баравік) з Сімферопальскага раёна! Жывуць абедзве ў Крыме шмат гадоў. Нарадзілася Вольга Міхайлаўна ў вёсцы Пеніца (Калінкавіцкі раён, Гомельшчына), Галіна Рыгораўна — у саміх  Калінкавічах. А звязвае іх радня, родавыя карані ў вёсцы Муціжар: была яна спалена ў гады вайны і адноўлена пасля Перамогі.

Пра адну з нашых творчых сустрэч — фестываль беларускай культуры “Пад заступніцтвам Еўфрасінні Полацкай” у храмавым комплексе ў Еўпаторыі — чыталі мы тэкст з “ГР” услых. Напісанае, надрукаванае — застаецца! Той Фестываль асабліва запомніўся. Тады настаяцель храма ў імя свяціцеля Лукі протаіерэй Уладзімір Бадах (у яго таксама ёсць беларускія родавыя карані) здзейсніў малебен прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, 5 чэрвеня, у дзень памінання святой. Успаміналі словы яго віншавання пасля набажэнства “... вельмі радасна бачыць прыхаджан у нацыянальных касцюмах. Гэта часцінка дзівоснай беларускай зямлі, якая з’яўляецца і для мяне роднаю. Таму ўдвая радасна здзяйсняць малебен прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Усім вам жадаю здароўя, малітоўнага заступніцтва, святой дапамогі ва ўсіх жыццёвых клопатах, а самае галоўнае — імкнення да выратавання вечнай душы”.

Усе мы атрымалі ад нашых беларускіх продкаў духоўную спадчыну, якая неацэнная, невымерная. Мы нясем у сабе любоў да роднай мовы, беларускіх традыцый, нашага народа, Зямлі Беларускай. І мы, беларускі ў Крыме, беражліва зберагаем і прымнажаць тыя скарбы, каб перадаць іх наступнікам. Цікавімся жыццём у Беларусі, хочам яшчэ многае спазнаць, спрабуем нечаму навучыцца: каб карыснымі быць для сваёй Айчыны. Прыйшоў на імпрэзу Ігар Класоўскі: беларус з Гомеля, даўно жыве ў Сімферопалі, сябар нашай суполкі, паэт. Ён выступіў, падарыў нам вершы пра Еўфрасінню Полацкую на беларускай мове. Свае вершы “Святло ў акне” і “Еўфрасіння Полацкая” чытала беларуска з пасёлка Лясноўка Сакскага раёна Галіна Баранава. Потым яе радкі мы яшчэ згадвалі: “А жизнь чтоб счастливее стала, нам всем Евфросинья нужна”. Выкладчыца Еўпатарыйскай мастацкай школы Алена Прынь і мастачка, рэстаўратар Тамара Пухальская з Сімферопаля распавялі пра цікавыя падрабязнасці з жыцця святой, падзяліліся думкамі пра стварэнне новых абразоў з яе выявай — над тым абедзьве працуюць. Яшчэ адна творчая асоба ў нашай суполцы — Людміла Цімашчук з Краснаперакопска (дарэчы, пра яе сёлета быў тэкст “«Крымка» помнiць пра Журыхі” — ГР, 25.03.2021). Людміла прывезла на сустрэчу свой габелен “Беларус” ды распавяла, як працавала над ім.

Алена Кірыенка

З вялікай цікавасцю ўспрынялі ўсе аповед Людміла Айзенштэйн (у дзявоцтве Шапетунко) — намесніцы кіраўніцы суполкі “Беларускі Крыма” імя Еўфрасінні Полацкай. Наша сяброўка адпачывала ў санаторыі на Бацькаўшчыне: у Іванаўскім раёне Брэстчыны. Наведала там як родную вёску Трудавая, дзе нарадзілася, так і Варацэвічы: там вучылася. Ды пра тое, пра крымскі лёс нашай сяброўкі, якая займаецца турбізнесам — раскажам іншым разам.

А якія прыгожыя беларускія песні мы спявалі! Ну як жа й не падхапіць, калі запявалі Таццяна Стасева, Марыя Кошалева, Вольга Рудэнка, Таццяна Склярэнка з ансамбля “Родныя напевы” — ёсць такі ў Сімферопальскім раёне. А словы ж любімых песень ведаюць усе!

Дзіна Шаўчэнка, кіраўніца Крымскай рэспубліканскай культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі “Беларускі Крыма” імя Еўфрасінні Полацкай

СВЕЖЫ НУМАР

Загаловак у газеце: Блізкія людзі, любімыя песні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.