Вы тут

Што трэба ведаць пра дзюдо


Кожны год 28 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень дзюдо. Гэта не проста спорт, а цэлая філасофія са сваімі законамі. Філасофія дзюдо заснавана на трох прынцыпах: узаемная дапамога і разуменне для дасягнення прагрэсу; найлепшае выкарыстанне цела і духу; паддацца, каб перамагчы. Усе, хто займаюцца дзюдо развіваюцца не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Як адзначаюць самі дзюдаісты, без дысцыпліны, мэтанакіраванасці і этыкету да саперніка, нічога не атрымаецца. У дзень дзюдо раскажам некалькі цікавых фактаў пра гэтае адзінаборства. 


  • Дзюдо — адносны малады спорт, яго станаўленне прыйшлося на 1880-я гады. У той час у Японіі была папулярная практыка запазычання ў заходняй культуры, і традыцыйным баявым мастацтвам было цяжка захоўваюць сваю самабытнасць. Старыя майстры заканчвалі весці заняткі, а некаторыя паміралі ў беднасці. 
  • Стваральнік дзюдо Дзыгора Кано да 15 гадоў быў вельмі слабым хлопчыкам і пакутаваў ад нападак сваіх равеснікаў. Таму ён вырашыў заняцца адзінаборствамі. У 22 гады ён распрацаваў сістэму адзінаборстваў пад назвай «дзюдо». Ужо ў дарослым узросце ён быў строгім і адначасова добрым настаўнікам. Ён прывучаў да жорсткай дысцыпліны, але ніхто не плаціў за навучанне ў яго школе, замест грошай яму прыносілі рыс і чай. Кано сам шыў спартыўнае адзенне для трэніровак сваім вучням.
  • Тэхніка дзюдо ўзятая за аснову многіх сучасных стыляў адзінаборстваў. Самыя знакамітыя з іх айкідо, бразільскае джыу-джытсу і расійскае самба. 
  • Многія палітыкі сур’ёзна займаліся дзюдо. Калі прэзідэнтам ЗША быў Тэадор Рузвельт, у Белым Доме была спецыяльная зала, для заняткаў дзюдо. Вядомы аматар дзюдо і прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. У 2010 годзе ён атрымаў ганаровы дыплом «Доктар у галіне дзюдо» паўднёвакарэйскага ўніверсітэта Енін.

У Беларусі дзюдо пачало развівацца ў 1976 годзе, калі Федэрацыя барацьбы самба была перайменавана ў Федэрацыю барацьбы самба і дзюдо БССР. 21 снежня 1977 года было прынята рашэнне аб стварэнні самастойнай федэрацыі дзюдо — «Федэрацыя дзюдо БССР».

Першы вялікі поспех да беларускага дзюдо прыйшоў у 2000 годзе, калі Анатоль Ларукоў заваяваў бронзавы медаль Алімпійскіх гульняў у Сіднэі. А праз чатыры гады ў Афінах у гісторыі беларускага спорту з’явіўся першы алімпійскі чэмпіён па дзюдо. Ігар Макараў — і па сёння адзіны з беларускіх дзюдаістаў, хто мае алімпійскае «золата». 

У Беларусі развіваецца і жаночае дзюдо. Самая яркая яго прадстаўніца — Марына Слуцкая, двухразовая чэмпіёнка Еўропы, чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў, васьміразовая чэмпіёнка Беларусі. Яна неаднаразова казала, што дзюдо для яе — больш чым спорт. А самым галоўным урокам, атрыманым ад гэтай філасофіі, Марына падзялілася са «Звяздой»: «Самы галоўны ўрок — спачатку думаць, а потым гаварыць. Часта са мной здараліся непрыемныя сітуацыі толькі з-за таго, што я праўдалюб і хачу, каб маё меркаванне пачулі, але лічу, што лепш сказаць праўду ў вочы. Дзюдо навучыла мяне ўзаемадапамозе. Я навучылася ставіцца да людзей так, як яны да мяне. Не факт, што яны заўсёды робяць гэтак жа, але такіх людзей лепш прыбіраць са свайго жыцця». 

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.