Вы тут

У лабірынтах мастацтва. Сюррэалістычныя фантазіі Георгія Скрыпнічэнкі


За Георгіем Скрыпнічэнкам замацавалася слава першага беларускага сюррэаліста ў беларускім мастацтве ХХ стагоддзя. Гэта распаўсюджанае меркаванне аспрэчваюць родныя і сябры мастака, сцвярджаючы, што яго творчасць была рознабаковай: гэта і віртуозная графіка, і пейзажны жывапіс настрою, і выдатныя, яшчэ да канца не ацэненыя пейзажы Мінска. Але вядомым Скрыпнічэнка стаў дзякуючы сваім парадаксальным змрочным сюррэалістычным карцінам. Іх можна пабачыць на выстаўцы «Сюррэалістычныя фантазіі», якая нядаўна адкрылася ў Смілавічах.


Скрыпнічэнка не быў падобны да іншых ужо з дзяцінства. Ураджэнец украінскага Мікалаева, ён пераехаў у Слуцк 7-гадовым хлапчуком у 1947 годзе і, захоплены маляваннем, амаль адразу паступіў у студыю да мясцовага мастака Садзіна, вучня Уладзіміра Фаворскага. Уладзімір Садзін быў для Слуцка тым жа, што Сяргей Каткоў для Мінска — настаўнікам цэлай плеяды слуцкіх мастакоў. Там, у студыі, Георгій з галавой акунуўся ў свет мастацтва. Настолькі глыбока, што закінуў вучобу, стаў другагоднікам у 9 класе, пайшоў у вячэрнюю школу. Ужо тады не баяўся вылучацца: быў першым і адзіным у Слуцку стылягам: «дзяўчынкі аж вішчалі ад захаплення», калі ён з'яўляўся на вуліцах Слуцка.

У выхаваўчых мэтах бацька ўладкаваў яго працаваць рабочым у Салігорску, затым — на аўтабазу. У Мінскае мастацкае вучылішча паступіў з другога разу. Пашанцавала: вучыўся ў выдатных педагогаў, Малішэўскага і ў маладога Шчамялева. Выязджаў у студэнцкія гады на знакамітую Манежную «бульдозерную» выстаўку 1962 года. У Маскве купляў кнігі па мастацтве, тады ж у яго рукі трапіў і альбом Далі, які вызначыў творчы лёс. Дыпломным праектам стала мазаіка для Мінскага завода будаўнічых дэталяў. Атрымалася цікава, але не разлічыў па маладосці гадоў яе памер, і яе немагчыма было вынесці з майстэрні — прыйшлося разбіць адбойным малатком.

Яго настаўнік Леанід Шчамялёў пасля заканчэння вучылішча павёз некалькі таленавітых студэнтаў паступаць у Ленінград, у Інстытут імя Рэпіна — былую Акадэмію мастацтваў. Ніхто са студэнтаў Шчамялёва не паступіў — занадта ўсе яны былі своеасаблівыя. А ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут сам Скрыпнічэнка паступаць не захацеў. А дакладней, адчуваў, што яго не прымуць. І на такое меркаванне ў яго былі прычыны. «У 1965-м, — успамінаў ён, — амаль скончыўшы вучылішча, я выстаўляўся ў рамках Усесаюзнай маладзёжнай выстаўкі ў нашым Мастацкім музеі. Гэта быў нацюрморт з прасам і аўтапартрэт з лімонам. Пасля выстаўкі мяне за гэтыя нявінныя, як на сённяшні розум, работы назвалі «хуньвэйбінам у мастацтве» і ледзь не выгналі з вучылішча за фармалізм».

Пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча працаваў дызайнерам. Яго тры разы не прымалі ў Саюз мастакоў БССР, а калегі-мастакі ў вочы казалі: «А ты, Жора, усё сваіх крэцінчыкаў малюеш?» Для рэалістаў, якія ў тыя гады ўваходзілі ў праўленне Саюза мастакоў БССР, асоба Скрыпнічэнка была, вядома, адыёзнай і несур'ёзнай. Але сам Георгій ніколі не камплексаваў ні з-за сваей сярэдняй мастацкай адукацыі, ні з-за абранага шляху ў мастацтве. Ён здолеў захаваць уласны свет, а майстэрства напрацоўваў у майстэрні доўгімі днямі і вечарамі.

Неўзабаве пасля з'яўлення на рэспубліканскіх выстаўках серыі яго графічных аркушаў, прысвечаных Коласу і Купалу, старэйшае пакаленне прызнала ў ім майстра, здольнага не толькі маляваць «монстраў». Многія ўвогуле лічаць, што яго графіка куды больш пераканаўчая, чым жывапіс. Яго прынялі ў Саюз мастакоў у 1972 годзе ў секцыю графікі.

Скрыпнічэнка па маладосці, як успамінаюць яго сябры, быў сапраўдным прадстаўніком мінскай багемы, «шмат куралесіў» і быў вялікім франтам, любіў вытанчана апранацца, хадзіў з парасонам або кіем. «З ім немагчыма было ісці па горадзе — яго ўсе ведалі, віталі», — скардзілася і ганарылася жонка... Каб схадзіць па хлеб у краму, выбіраў гальштук-матылёк і пінжак. Тады ж завёў вусы як у Далі, хоць да гэтага, мяркуючы па фатаграфіях, меў модныя вусы ў стылі Мулявіна.

Але гэта вонкавае. Кожны дзень Георгія Скрыпнічэнкі пачынаўся ў майстэрні. Сын Сяргей лічыў, што бацька жыў сваімі работамі і практычна больш нічым.

«Калі не будзе закаханасці, навошта мне жывапіс?»

Сямейныя адносіны яго таксама мала хвалявалі, — сцвярджае сын. Аднак усе тры яго жонкі — усе, дарэчы, былі звязаны з мастацтвам — пазнавалі сябе ў яго карцінах. Ён цягнуўся да прыгажосці і існаваў у стане трывалай закаханасці....

Творчасць Скрыпнічэнкі можна падзяліць на перыяд вучнёўскі, абавязковы для ўсіх, рэалістычны, рамантычны і, нарэшце, сюррэалістычны. У 1990-я — перыяд рэвалюцыі ў беларускім мастацтве, калі ішоў пошук сучаснай стылістыкі, ён паспрабаваў злучыць усе грані сваёй творчасці ў адзінае цэлае, стварыць так званы нацыянальны варыянт рамантычнага сюррэалізму. Вельмі любіў замест класічнага палатна выкарыстоўваць ДВП або фанеру, пісаў карціны, здаецца, на ўсім, на чым можна. І вельмі не любіў іх прадаваць, бо мог вяртацца да твораў праз гады і таму часта пісаў копіі з іх перад продажам.

«Я пішу не карціны, а свае фантазіі»

Так часам казаў ён. Карціны яго адначасова простыя і складаныя. Сам аўтар ніколі не тлумачыў, не расшыфроўваў іх, аддаючы гэта права гледачу і крытыкам-мастацтвазнаўцам. Імправізаваў з палатном, ствараючы новыя фактуры, уводзячы ў іх элементы калажа, гуляючы з паверхнямі, са сваімі мроямі. У яго карцінах ёсць нейкі хваравіты нерв, які вярэдзіць душу гледача. На яго палотнах часта намаляваныя мінулае, будучыня і сучаснасць. Старадаўні партрэт можа суседнічаць з дзяўчынкай у сучасных басаножках, эпізод з мінулага стварае карціну ў карціне. Зачароўваюць загадкавыя нацюрморты з зіхоткім яйкам у цемры — першаасновай жыцця. Пры гэтым крыніцай натхнення заўсёды служаць бытавыя пазнавальныя прадметы і сучаснікі — знаёмыя, суседзі, блізкія людзі. Скрыпнічэнка стварыў свой свет з персанажамі — Адамам і Евай, закаханымі парамі, загадкавымі кінакефаламі — мужчынамі з сабачымі галовамі, падгледжанымі на абразах, таямнічымі змрочнымі краявідамі з улюбёнкай, белай коткай Маркізай, адчыненым акном, на якім адрэзаная галава (гіпсавая мадэль у плоці?) пазірае на навакольны пейзаж са здзіўленнем.

Паступова з поспехам выставак прыходзіла прызнанне. Стыль Скрыпнічэнкі быў пазнавальны з першага погляду. Карціны ўслед за калекцыянерамі прызналі і сталі купляць музеі, у Нацыянальным мастацкім яны складаюць цэлую калекцыю — 11 карцін, каля 20 графічных лістоў. Гэта толькі падштурхоўвала яго да творчасці, а ў 60 гадоў — да пустэльніцтва, эканоміі часу. Кудысьці знікла яго эпатажнасць і імкненне вылучыцца з натоўпу. Сын цяпер прасіў яго апранацца лепш, але ён цалкам сышоў у мастацтва. Пры сустрэчы з сябрамі мог устаць і сысці, калі трэба было нешта дарабіць у майстэрні. «Я павінен паспець», — пачаў гаварыць ён за тры гады да свайго сыходу. Цяпер яго спадчына, велізарная, больш за тысячу карцін, захоўваецца ў нашчадкаў і калекцыянераў. Толькі частка ўвайшла ў двухтомнік-альбом, які мастак падрыхтаваў да свайго 75-гадовага юбілею.

Апошнія некалькі гадоў аддаваў перавагу свайму дому ў Белым Беразе каля Налібоцкай пушчы, дзе пабудаваў майстэрню. Пісаў штодня ў адзіноце. «Наша шчаслівае трыа», — казаў ён жонцы. Трэцяй была кошка Маркіза — белы перс, якая намаляваная на некалькіх творах, да якой адчуваў хваравітую прыхільнасць... «Гэта падарунак лёсу. Яна змяніла ўвесь мой лад жыцця. Ні адна жанчына не можа выклікаць у мяне такога пачуцця любові, адданасці і прагі жыцця». На яе лячэнне патраціў тысячу долараў і аплакваў як блізкага чалавека...

Мастак раптоўна сышоў у 2015 годзе, поўны творчых задум. Прах яго (у духу сюррэалізму) пахаваны ў двух любімых ім месцах — у Мінску і Белым Беразе. Але душа яго засталася жыць у карцінах, якія з гадамі набываюць новыя сэнсы.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.