Вы тут

Экалагічна бяспечныя і эканамічна эфектыўныя. Смецце будзе пераўтварацца ў паліва, энергію і прадукцыю


Нацыянальнай стратэгіяй па абарачэнні з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА) і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР) у Беларусі плануецца ў 2025 годзе выкарыстоўваць 64 % ад усяго смецця, якое ствараецца, у 2030-м — 70 %, а ў 2035-м — уцягнуць у зварот да 90 % адходаў. Мяркуецца ўкараніць біялагічную апрацоўку адходаў — іх анаэробнае кампасціраванне — ў Гродне, Магілёве і 20 гарадах з насельніцтвам больш за 50 тысяч чалавек. У планах таксама — стварэнне 30 аб'ектаў па сарціроўцы і дадатковых вытворчасцяў па перапрацоўцы пластмас. Ужо сёлета ў Мінску павінна адкрыцца лінія па сарціроўцы змешаных адходаў і перастануць існаваць усе смеццевыя міні-палігоны.


 

Стратэгія вызначае, як мінімізацыі шкодны ўплыву смецця на чалавека і наваколле і рацыянальна выкарыстаць прыродныя рэсурсы — без стварэння адходаў і з максімальным выманнем карысных другасных кампанентаў: арганікі, металалому, паперы, шкла, тэкстылю. А таксама энергетычнае выкарыстанне ЦКА ў выглядзе паліва, цеплавой і электрычнай энергіі, абазначыў Максім ТАРАСАЎ, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Неабходна таксама ўдасканальваць заканадаўства і сістэму кіравання і развіваць лагістыку раздзельнага збору смецця. Дасягнуць задуманага дапаможа і энергетычнае выкарыстанне ЦКА.

— Увесці ва ўжытак 43 % смецця плануецца за кошт удасканалення ўжо існуючай сістэмы абарачэння, стварэння вытворчасцяў паліва з адходаў у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, укаранення біялагічнай апрацоўкі камунальных адходаў, — растлумачыў Максім Тарасаў. — 15 % — за кошт будаўніцтва аб'ектаў энергетычнага выкарыстання ЦКА у Мінску. Каб максімальна ўцягваць адходы ў гаспадарчы абарот для вытворчасці прадукцыі і энергіі, мяркуецца мадэрнізацыя сістэмы абарачэння з цвёрдымі адходамі праз пераход ад раённай сістэмы кіравання смеццем на рэгіянальны ўзровень і стварэнне 30 буйных комплексных аб'ектаў па сарціроўцы і выкарыстанні адходаў, кожны з якіх будзе абслугоўваць ад трох да шасці раёнаў.

Плануюць стварыць таксама дадатковыя вытворчасці па перапрацоўцы пластмас у складзе рэгіянальных комплексных аб'ектаў, высокаэфектыўную сістэму збору ўпакоўкі праз укараненне дэпазітнай сістэмы абарачэння са спажывецкай упакоўкай і сучасныя рэгіянальныя палігоны для бяспечнага захавання смецця.

— Узровень выкарыстання ЦКА ад агульнага аб'ёму смецця пастаянна расце. З 2013 года ён павялічыўся ўдвая і цяпер дасягае 25—27 %, — удакладніў спецыяліст. — Працягваецца работа з міні-палігонамі краіны. Калісьці яны ствараліся, каб мінімізаваць арганізацыю насельніцтвам на сяле несанкцыянаваных звалак. Сваю функцыю яны ўжо выканалі, і да канца года ўсе міні-палігоны павінны быць закрыты, а зямля пад імі рэкультывавана і ўведзена ў сельгасабарот да канца 2023-га.

Кансервацыя смеццеправодаў працягваецца

Сёлета сабрана ўжо амаль 434 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў: 216 тысяч тон паперы, 106 тысяч тон шкла, 58 тысяч тон палімераў, 32,4 тысячы тон шын, 12, 4 тысячы тон масел, 13,7 тысячы тоны электраадходаў. Гэта крыху больш за палову ад запланаваных дзяржпраграмай «Камфотнае жыллё і спрыяльнае асяродзе да 2025 года», падзялілася лічбамі Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Мінжылкамгаса:

— У краіне ўстаноўлена каля 714 тысяч кантэйнераў для раздзельнага збору смецця і ЦКА. Павялічваецца працэнт загрузкі магутнасцяў сартавальных ліній і смеццесартавальных заводаў. За паўгода на лініі сарціроўкі паступіла больш за 338 тысяч тон камунальных адходаў. Са змешаных адходаў вымаецца каля 15 % другаснай сыравіны, а з раздзельна сабранага смецця — каля 56 %. Створана 76 пляцовак для кампасціравання арганічнай часткі камунальных адходаў. А сталічны Мінскзелянбуд сёлета збіраецца ўвесці аб'ект па кампасціраванні, дзе плануецца выкарыстоўваць каля 70 тысяч м3 адходаў, каб атрымліваць у год каля 28 тысяч м3 гатовага кампосту.

У Мінску працягваецца кансервацыя смеццеправодаў і будаўніцтва дадатковых кантэйнерных пляцовак. Сёлета, прынамсі, закрыта яшчэ 152 смеццеправоды ў 73 жылых дамах. У жыллёвым фондзе ўстаноўлена больш за 22 тысячы кантэйнераў для раздзельнага збору аходаў, паведаміла Настасся ВАРАБ'ЁВА, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду і рабоце з насельніцтвам Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— Прадпрыемства «Рэмондзіс» у кастрычніку збіраецца ўвесці сартавальную лінію для змешаных адходаў магутнасцю 10 тысяч тон у год. Увосень адкрыецца таксама лінія для другаснага шчэбеню магутнасцю 100 тысяч тон у год.

Фарба са шкла і лаўка з палімераў

У Беларусі ствараюцца рэгіянальныя комплексы — аб'екты, на якіх будуць сартавацца і перапрацоўвацца некаторыя віды другасных рэсурсаў. Уведзены ў эксплуатацыю смеццесартавальны завод у Віцебску, пачата будаўніцтва такога комплексу ў Оршы і Баранавічах, неўзабаве пачнецца ўзвядзенне і ў Бабруйску. Праектуюцца аб'екты ў Гомелі, Наваполацку, Ваўкавыску, Мазыры, Жлобіне і Лідзе. Амаль створаны аб'ект па выкарыстанні паліва са смецця на прадпрыемстве «Краснасельскматэрыялы». Да канца года павінны завяршыцца работы па атрыманні паліва на Гродзенскім заводзе па механічнай апрацоўцы і ўтылізацыі адходаў, удакладніла Наталля Грынцэвіч.

76 ліній і зводаў па сарціроўцы камунальных адходаў, якія агулам перапрацоўваюць каля мільёна тон смецця, ужо працуюць у краіне. Адходы, якія выкідаюцца ў кантэйнеры, паступаюць на сарціроўку і дасарціроўку, дзе з іх вымаюцца карысныя кампаненты (адходы паперы, шкла, палімераў) для наступнай перапрацоўкі. Сартуюць смецце і больш як на 1600 прыёмачных пунктах краіны. Сюды або ў спецыяльныя кантэйнеры ў гандлёвых аб'ектах можна прынесці дробныя электронныя ці электрычныя адходы або заказаць вываз буйнапамернага «электрасмецця» непасрэдна з дому. Існуе таксама сістэма збору адходаў вытворчасці ад юрыдычных асоб.

— У Беларусі перапрацоўваюць макулатуру, якая пасля становіцца кардонам і паперай. З адходаў шкла ствараюць тару — банкі і бутэлькі. Для гэтага працуюць гродзенскі шклозавод з філіялам у Ялізава, шклозавод «Ведатранзіт» у Гомелі, завод «Шклосфера» ў Брэсце. На апошнім адходы шкла выкарыстоўваюць для вырабу фарбы, якую наносяць на дарогі для павышэння ўвагі кіроўцаў на пэўных участках, — нагадала спецыяліст.

Займаюцца айчынныя спецыялісты і перапрацоўкай некаторых відаў пластмас: прадстаўлена восем асноўных груп адходаў пластыку. ПЭТ-бутэлькі перапрацоўваюць на магілёўскім заводзе «Рэ-Плас», у Наваполацку і на сталічным прадпрыемстве «Экарэс».

Забруджанымі палімерамі (адходамі поліпрапілену і поліэтылену) займаюцца ў Гродзенскай вобласці на прадпрыемстве «Белдругпалімеры», а на Міншчыне — на Барысаўскім заводзе пластмасавых вырабаў, дзе з перапрацаванага пластыку робяць лаўкі, плітку для тратуара, плёнку для цяпліц, вёдры і іншае.

Зношаныя шыны перапрацоўваюць на прадпрыемствах «Экалагічная альтэрнатыва» ў Гродне, «Данатон» у Магілёве, «Тэхнапарк» на Міншчыне (Смалявіцкі раён), «Гомельхімгандаль». Адпрацаванымі масламі займаюцца ў Мінскай вобласці. Прынамсі, поўны спіс адходаў, якія пераапрацоўваюць і прадпрыемстваў, што імі займаюцца, змешчаны на сайце Мінпрыроды ў свабодным доступе.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.