Вы тут

Адкрыта. Вочы ў вочы. Без купюр


Больш за восем гадзін у Палацы Незалежнасці доўжылася "Вялікая размова" Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі як беларускай, так і замежных медыясупольнасцяў, экспертамі. Гаварылі пра самае актуальнае, найважнае для дзяржавы, для народа, для далейшага жыцця нацыі.


Менавіта 9 жніўня праходзіла “Вялікая размова з Прэзідэнтам” – найпрацяглая ў шэрагу падобных фарматаў, якія ладзіліся і раней. Бо важна ж было, прайшоўшы, перажыўшы мінулы год, – азірнуцца, успомніць, асэнсаваць пройдзены шлях. Камусьці можа й скарэктаваць погляды на сітуацыю ў Беларусі, на тое, што адбывалася з намі, унутры нас, вакол нас і ва ўстрывожаным беларускім свеце. А Беларускі Мацярык, як вядома, значна большы, чым тэрыторыя Беларусі: прасціраецца па ўсіх мацерыках зямных – і сягае да зораў. Дарэчы, на касмічнай арбіце ўжо трэці раз працуе наш зямляк родам з горада Чэрвеня, Герой Расіі Алег Навіцкі: цяпер ён – камандзір экіпажа экспедыцыі МКС-65. І 9 жніўня зранку беларус даслаў праз Twitter зямлянам пазітыўнае вітанне з фотаздымкам – цытую даслоўна: “Улыбочку!.. Желаю всем хорошей и продуктивной недели))!”. І шчырая размова з Прэзідэнтам сведчыла: беларусы не зашораныя толькі на сваіх праблемах, мы здольныя над імі “ўздымацца”, думаць і пра мір ва ўсім свеце – бо ўсе ж на адным караблі. Зямля ж для нас адна. І значыць, давядзецца, каб выжыць, весці дыялог. Шукаць паразуменне. Дамаўляцца.

“Прыйшоў час Вялікай размовы”, – з такіх слоў пачаў сустрэчу Прэзідэнт. Гутарка ішла найперш вакол падзей, так ці інакш звязаных з леташнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, пандэміяй, палітычнай і эканамічнай сітуацыяй у краіне, вакол яе ды ў свеце. Такога “фармату адкрытасці” раней не было: прамую трансляцыю з Палаца Незалежнасці вялі каля 20 інфарэсурсаў Беларусі, Расіі ды Украіны, у тым ліку й на англійскай мове. Прэзідэнт патлумачыў: “Дзіўна, але часам нават вядомыя сусветныя сродкі масавай інфармацыі наводзяць цень на абсалютна відавочныя рэчы. Таму сёння патрэбная гэтая размова — у прамым эфіры, адкрытая, вочы ў вочы і без купюр”.

Ёсць магчымасць паглядзець на розных інтэрнэт-рэсурсах Вялікую размову-2021. Каля 300 чалавек у зале: беларускія журналісты, прадстаўнікі заходніх СМІ, блогеры, навукоўцы, грамадскія дзеячы, палітолагі, дэпутаты. Задавалі пытанні, некаторыя ўступалі ў разгорнутыя дыялогі. Аляксандр Лукашэнка на ўсе пытанні, як заўсёды, адказвае адкрыта, эмацыйна. І не было закрытых тэм для абмеркавання: адзін з журналістаў, напрыклад, запытаў, каго Аляксандр Лукашэнка бачыць пераемнікам на пасадзе Прэзідэнта. Удзельнікі размовы абменьваліся думкамі, выказвалі свае прапановы, ініцыятывы – некаторыя тут жа падтрымліваліся Прэзідэнтам ці абмяркоўваліся. У ліку найважнейшых тэм, па якіх Аляксандр Лукашэнка выказаў свой пункт гледжання, былі: калектыўная праца ў грамадстве па абнаўленні Канстытуцыі, эканамічная сітуацыя ў краіне ды пераадоленне выклікаў пандэміі, дачыненні Беларусі з суседнімі дзяржавамі, сітуацыя з мігрантамі на мяжы з Літвой. А паколькі ў той дзень, 9 жніўня, США, Канада і Вялікабрытанія пашырылі свае санкцыі “супраць рэжыма Аляксандра Лукашэнкі”, то й тэма санкцыйнай палітыкі, адказы на яе ў зале абмяркоўваліся таксама.

Пра перажыты год

Мы прайшлі сур’ёзнае выпрабаванне на нацыянальнае адзінства. Ведаем, у нас ёсць усё для таго, каб гэты перыяд сваёй найноўшай гісторыі прайсці годна. Ёсць народ – адукаваны, адданы інтарэсам суверэннай Беларусі. Ёсць усеагульнае ра-зуменне, што ў сферы нацыянальных інтарэсаў мы ўсе глядзім у адным кірунку – дзяржаўным.

Пра Канстытуцыю

На пераменах настойвалі многія. І тады ўсе ўспрынялі змены ў Канстытуцыі як першы, самы галоўны і асноўны крок да гэтых пераменаў. Гэта значыць – на падставе законаў, усё астатняе было б хаосам і беззаконнем … Нам хаваць няма чаго, мы павінны правесці рэферэндум па Канстытуцыі адкрыта, шчыра. Канчатковы праект новай Канстытуцыі папярэдне будзе апублікаваны, каб грамадзяне змаглі азнаёміцца з прапанаванымі зменамі.

Пра эканоміку

Мы, па-мойму, 0,1 або 0,2 працэнта ўсяго толькі страцілі ў мінулым годзе да папярэдняга (маецца на ўвазе валавы ўнутраны прадукт Беларусі. – Рэд.) Гэта значыць, у нас летась быў вельмі высокі ўзровень. І да гэтага высокага ўзроўню мы сёння прыраслі: прыкладна 3,5 працэнта. Для нас гэта добрыя паказчыкі. Зразумела: усё, што адбываецца, шмат у чым абумоўлена знешнімі ды ўнутранымі фактарамі. На знешніх рынках цэны на прадукты, на іншыя віды тавараў выраслі значна. А паколькі мы не зачыніліся ў мінулым годзе, у нас дастаткова было тавару, каб на рынку прапанаваць да гэтага попыту наш тавар па высокіх коштах. Таму мы атрымалі добры вынік. У тым ліку і ў плане знешняга сальда плацежнага балансу. Яно ў нас станоўчае.

Пра экспарт беларускай прадукцыі

Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Ва ўсім свеце, асабліва ў нашай брацкай Расіі, на постсавецкай прасторы, ва Украіне і гэтак далей, людзі яшчэ раз убачылі беларускую прадукцыю. Асабліва прадукты харчавання. Мы нагандлявалі за паўгода каля трох мільярдаў долараў на прадуктах харчавання і плануем сёлета перасягнуць шэсць мільярдаў. Але гэта не галоўны наш тавар. Гэта значыць, у нас было што пры дэфіцыце прапанаваць свету. І свет купіў. Ну, натуральна, ёсць рост аб’ёмаў. Пры такім попыце рост аб’ёмаў нас проста выратаваў.

Пра пандэмію

Мы адмовіліся ад лакдаўна, нас білі-малацілі, як толькі хацелі, нас крытыкавалі ўсе, толькі лянівы не крытыкаваў за нашы падыходы (у барацьбе з пандэміяй. – Рэд.). Вы можаце сказаць: у чым розніца? Розніца, паважаныя сябры, у адносінах да людзей. “Дыктатар” прыстойна паставіў задачу перад органамі ўлады і прыстойна, прабачце за нясціпласць, ставіўся да людзей, без усялякага піяру … Мы не загналі людзей у чатыры сцяны, а выпрацавалі выразны падыход да лячэння людзей: амбулаторны, клінічны і санаторны этапы. Назавіце хоць адну багатую дзяржаву, якая пайшла гэтым шляхам. А гэта немалыя грошы. Але людзі даражэй.

Пра дачыненні з Расіяй

Вы нас заўсёды трымалі на адлегласці, і цяпер вы трымаеце нас на адлегласці. У Расіі больш нікога няма, можа, вам не падабаецца гэта, але факт ёсць факт. І нават цяпер, падчас пандэміі, хоць вы і закрыліся ад нас, мы ад вас не закрываліся … Але як можна інтэгравацца і рабіць крокі, калі ў вас кошты на прыродны газ у два-тры разы ніжэйшыя, чым у Беларусі? Намёкі ад асобных асоб ідуць, каб разбурыць гэтую інтэграцыю, каб нас адштурхнуць ад Расіі з намёкам на тое, што інтэграцыю яны разумеюць як уваходжанне Беларусі ў склад Расіі. Вы для нас – родныя людзі, я заўсёды праводзіў гэтую палітыку. Пры гэтым мы – суверэнныя і незалежныя дзяржавы, нашы людзі вельмі цэняць тое, што праз шмат стагоддзяў мы сталі суверэннымі і незалежнымі. І калі я чую гэтыя намёкі, што Беларусь увойдзе ў склад Расіі, я думаю: а ці патрэбны Расіі яшчэ адзін галаўны боль? Не, і Прэзідэнт Расіі так гэта і разумее.

Пра санкцыі

Магу папярэдзіць, паколькі ведаю: тут ёсць прадстаўнікі СМІ. Вы не думайце, што вось гэты шум, у тым ліку інфашум, – гэта і ўсё ў дачыненнях Беларусі з ЗША, Беларусі з Еўрасаюзам, Польшчай і гэтак далей. Ды не, гэта шум там, наверсе. Але ёсць узроўні, на якіх мы вядзем з імі дыялог, перамовы, і ніколі ён не спыняўся. З палякамі (з літоўцамі наогул цяпер ніякіх кантактаў, але мы гэта перажывём), Еўрасаюзам, з амерыканцамі ў нас ёсць актуальная тэма, па якой мы заўсёды адказна вядзем перамовы. Напрыклад, ЗША. Яны адкрыта казалі, што вельмі цанілі нашу працу па барацьбе з кантрабандай і перамяшчэннем радыеактыўных матэрыялаў: 5 або 6 выпадкаў толькі летась. Гэта яны цанілі, як і ўвесь свет. І Расія гэта цэніць, і Кітай. Але каму, прабачце мне, патрэбна нейкая брудная выбухоўка, якая ідзе ў Еўрапейскі саюз? Для амерыканцаў гэта пытанне пытанняў. Мы за гэта іх цанілі, разам працавалі. Мы і цяпер працягваем працаваць, але я іх папярэдзіў: калі яны пяройдуць ужо занадта моцна чырвоную рысу, мы з імі наогул і на гэтую тэму размаўляць не будзем. Да чаго гэта можа прывесці? Прыклад – нелегальная міграцыя.

Пра дачыненні з Украінай

Палітычныя стасункі на вельмі нізкім узроўні, і чырвоная рыса пяройдзена была тады, калі Еўрасаюз яшчэ не спыніў авіязносіны з намі, а Украіна тое зрабіла. За што? Няўжо да такой мярзоты можна дайсці, каб, прабачце мяне, “пахерыць” усё, што было да таго часу, усё тое, што мы рабілі й зрабілі для Украіны? ... Добра, пабег за Захадам (прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. – Рэд.), плюнуў на ўсё, але навошта ты баевікоў рыхтуеш на тэрыторыі Украіны і зброю закідваеш сюды да нас? Бо зброя ідзе ў асноўным з Украіны. Цяпер мы, вядома, зачынілі намёртва гэтую мяжу. Навошта вы гэта чыніце? А народы – гэта ж суседзі, гэта ж родныя людзі. … Украінцы – працавітыя, прыгожыя людзі. Мы гатовыя з вамі размаўляць, мы гатовыя з вамі дамаўляцца.

Ва Украіне, Літве, Латвіі ды Расіі дзейнічаюць беларускія санаторыі. Я ў іх грошы ўкладваў для таго, каб туды ехалі людзі: мясцовыя, нашы. У нас велізарная колькасць турыстаў. Вы закрылі авіязносіны ў Адэсу – каму вы горш зрабілі? Нашы пераарыентаваліся на Краснадарскі край, лётаюць у Турцыю – “Белавія” робіць трохі дугу. Турцыю мы не закрывалі, а маглі б увогуле не прымаць самалёты праз Украіну. Але яны лётаюць. Як вы мне прапануеце дастаўляць людзей на адпачынак? У нас іншага шляху няма: толькі праз Расію. Польшча нам таксама забараніла. Таму не трэба мне цяпер ставіць умовы. Вы зрабілі ўсё і праклалі мне маршрут у Крым.

З нашага боку ніякіх санкцый у дачыненні да вас уводзіць не збіраемся. Калі б хацелі вас паставіць на калені, будзем адкрытыя, мы б гэта зрабілі на працягу сутак разам з нялюбым вам прэзідэнтам Пуціным, перастаўшы пастаўляць вам гаруча-змазачныя матэрыялы. Як вядома, 35 працэнтаў ГЗМ пастаўляе Беларусь ва Украіну, да 40 працэнтаў — Расія.

Што да паставак электраэнергіі, то, калі ласка, хоць з заўтрашняга дня. У нас ёсць рэзервовыя магутнасці. Асабліва ў гэты перыяд, не зімовы. І мы цяпер масава пераходзім дзе толькі можна на электрычнасць, пачынаючы ад жылля, электрамабіляў і г. д. Мы будуем электрычныя дамы, выдаткі на абслугоўванне якіх нават крыху меншыя, чым на прыродным газе.

Дарэчы. У часе Вялікай размовы Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года даць грамадзянства ўсім украінцам з тых, хто пераехаў жыць у Беларусь. Тое адбылося, калі Прэзідэнт адказваў на пытанне журналіста на гэтую тэму. “Да канца года ўсе павінны атрымаць грамадзянства. Усе!” – падкрэсліў Прэзідэнт.

Пра Данбас

Калі вы гэта зробіце (гаворка ішла пра сілавое “вырашэнне пытання” ў Данбасе. – Рэд.) пры падтрымцы трэціх краін, я ніколі не буду на вашым баку. Калі вы зноў з Расіяй у Данбасе сутыкнецеся, я буду паміж вамі. Гэта даўно занятая мною пазіцыя. Нават калі гэта будзе пагражаць майму жыццю. Але я ўпэўнены, што ні першы, ні другі варыянт нерэальны. Яго не будзе! Таму што разумных галоў ва Украіне дастаткова. Якая б у вас ні была армія, любая ваша спроба сілай вырашыць пытанне скончыцца трагедыяй для Украіны. Я вас прашу, малю: выкіньце гэта з галавы. Ні ў якім выпадку не спрабуйце вырашаць гэтае пытанне сілавым чынам.

Пра наступнага Прэзідэнта

Каго беларускі народ абярэ, той і будзе Прэзідэнтам, гэта сапраўды так. Якую пазіцыю пры тым буду займаць, я не вызначыўся … Гэта натуральна. Гэта ж не вечная пасада. Я чалавек. І часам проста хачу спакойна пажыць, але потым пачынаю паглыбляцца ў разважанні і думаю, што спакойнага жыцця ў мяне ўжо не будзе. Таму што такая праца.

Мне казалі, вось вы не вылучаеце сваю кандыдатуру, а раптам абяруць Прэзідэнтам кагосьці? Я ўсё зраблю, каб было аб’ектыўна. І калі абяруць з іншай кагорты, значыць, наш народ павінен перажыць тое, што перажыла Грузія, Украіна. Калі на чужых памылках не навучыўся, значыць, павінен гэты этап прайсці.

Пра супрацоўніцтва з краінамі Захаду

Калі ў вас ёсць цікавасць, давайце супрацоўнічаць. Няма цікавасці — адыдзіце ў бок і не перашкаджайце. Вы нас усё роўна не адарвяце ад Расіі і не схіліце на свой бок! Мы з вамі хацелі супрацоўнічаць, мы да выбараў прапаноўвалі многае – і вы нас прымалі. Чаму вы раптам звар’яцелі на Захадзе? Навошта вам трэба было здзейсніць спробу зламаць нашу краіну? Мы ж мелі нармальныя адносіны, і была перспектыва іх выбудоўваць. Але вы ж самі ўсё загубілі ўласнымі рукамі!

Мы не былі супраць Расіі, гэта наша брацкая краіна. Гэта наша агульная Айчына ад Уладзівастока да Брэста, зразумейце вы нарэшце! Гэта наша з рускімі грамадства. Мы нічым не адрозніваемся ад рускіх, наогул ад расіян нічым не адрозніваемся. Вы гэта павінны ўспрыняць як дадзенасць. Калі вы гэтую         дадзенасць нашу найвялікшую не ўспрымеце, быць вайне. А навошта?! Гэтай вайны не будзе сёння, пры нас, але навошта, каб нашы дзеці ваявалі? І вы павінны гэта прызнаць! Прызнаць, што Кітай падняўся ў тым ліку дзякуючы Еўрасаюзу і асабліва Амерыцы.

Вы багатыя, вы можаце заплаціць CNN ды іншым грошы – і яны будуць бразгаць языком… Спыніцеся нарэшце! Бо лепш у міры жыць. Паглядзіце, якая прырода, якая прыгажосць у той жа Вялікабрытаніі! Так, загадзілі вы Заходнюю Еўропу, але не зусім. Ёсць добрыя месцы, ёсць горы. Навошта вы падзяляльныя лініі ўносіце праз столькі гадоў? Навошта ўносіце бойню ў цэнтры Еўропы? Беларусь – гэта нават не Украіна, Беларусь – гэта святое месца. І калі тут не дай Бог адбудзецца нешта насуперак гэтаму светламу – быць вайне.

Беларусь ніхто не саступіць. Я хачу, каб вы гэта ўсвядомілі. Мы не хочам вайны.

Падрыхтаваў

Іван Ждановіч

Фото: БелТА

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Адкрыта. Вочы ў вочы. Без купюр

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.