Вы тут

Пра вайну і мір і рэакцыю на эканамічныя правакацыі


Самыя вострыя пытанні сусветнага парадку дня, канфлікт ва Украіне, пазіцыю Беларусі ў ім, саюзнае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі, трансфармацыю свету Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў на сустрэчы з замежнымі і айчыннымі журналістамі ў Палацы Незалежнасці. Мерапрыемства, якое працягвалася больш за тры гадзіны, у графіку кіраўніка дзяржавы з’явілася спантанна. 


«Шчыра — сустрэча незапланаваная. Прэс-сакратар мне далажыла, што ў нас такая магутная „армія“ замежных журналістаў (расіян я не прылічваю да гэтай катэгорыі). Я падумаў, што будзе, напэўна, негасцінна з беларускага пункту гледжання, калі мы хаця б на некалькі хвілін з вамі не перасячэмся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы, апрача беларускіх журналістаў прыбылі прадстаўнікі СМІ Аўстрыі, Азербайджана, Вялікабрытаніі, Катара, Расіі, Саудаўскай Аравіі, ЗША, Францыі, Японіі і міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір».

З некаторымі журналістамі беларускі лідар ужо сустракаўся. Напрыклад, прадстаўнік BBC Стывен Розенберг у лістападзе 2021 года браў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі. Па словах кіраўніка дзяржавы, цікавая «фішка» цяперашняй сустрэчы — магчымасць паглядзець у дынаміцы на пытанні, якія абмяркоўваліся раней. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэтая сустрэча з журналістамі не адмяняе правядзенне анансаванай раней «Вялікай размовы з Прэзідэнтам». «Проста атрымалася свайго кшталту накладка. У нас літаральна праз некалькі тыдняў адбудзецца Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту. Два мерапрыемствы, адно за адным, будуць некаторыя паўторы. Мы рыхтуем пасланне абсалютна шчыра, будзе рэакцыя на ўсе пытанні, і крыху наперад мы пастараемся зазірнуць у рамках гэтага паслання», — растлумачыў ён. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што правядзенне «Вялікай размовы» не здымаецца, а пераносіцца. «Ніякай канспіралогіі тут няма. Шчыра вам скажу: атрымалася нейкая накладка. У далейшым будзе выдзелены час для сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ ў рамках «Вялікай размовы», — паабяцаў беларускі лідар. 

Гутарка з журналістамі доўжылася больш за тры гадзіны. Як заўсёды, Прэзідэнт адказваў на ўсе пытанні шчыра і эмацыянальна. 

«Давайце размаўляць аб міры»

Журналіст BBC Стыў Розенберг нагадаў, што год таму спецыяльная ваенная аперацыя Расійскай Федэрацыі ва Украіне пачалася ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Ён пацікавіўся, ці гатовы Прэзідэнт Беларусі зноў даць магчымасць расійскім войскам для такога кроку. Аляксандр Лукашэнка адразу адказаў, што гатовы. І растлумачыў сваю пазіцыю, папрасіўшы не вырываць гэты выраз з кантэксту: «Я ўжо даводзіў гэты пункт гледжання да высокапастаўленых асоб, якія на плячах носяць пагоны ў заходнім свеце. Я гатовы. І не проста даць, а гатовы разам з расіянамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат са зброяй прыйдзе на нашу тэрыторыю забіваць маіх людзей... Калі з тэрыторыі Украіны (гэта тычыцца не толькі Украіны, гэта датычыцца і іншых нашых суседзяў, якія паводзяць сябе яшчэ больш неадэкватна) учыняць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткім і вайна набудзе зусім іншы характар».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ да пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі па тэрыторыі Беларусі з боку Украіны рыхтаваўся ўдар ракетнымі сістэмамі залпавага агню:«Гэта былі наўмысныя дзеянні ўкраінскага боку. Не ведаю толькі, навошта гэта трэба было. Яны ў першыя хвіліны былі паражаны з тэрыторыі Беларусі. Гэта было за некалькі хвілін — раніцай перад пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Прэзідэнт таксама нагадаў, што ў 2020 годзе першай краінай, якая ўвяла санкцыі супраць Беларусі, была менавіта Украіна: закрыла неба, пачала здзяйсняць правакацыі, рыхтаваць баевікоў. Ён узгадаў заяўленні заходніх палітыкаў аб тым, што Мінскія пагадненні былі падставай для таго, каб падрыхтаваць украінскую армію да вайны. 

«Пытанне рытарычнае (я заўсёды, калі ацэньваю сітуацыю, сам сабе задаю): навошта ўлады Украіны пачалі душыць рускіх і рускамоўных ва Украіне і на Данбасе? нашто білі, забівалі іх і гэтак далей?», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў нагадаў аб дзеяннях украінскіх улад у Данбасе і гісторыю са спаленнем людзей у Адэсе. 

«Гэта не ўварванне, украінскія ўлады самі справакавалі гэтую аперацыю падобнымі дзеяннямі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, Захаду было неабходна дамовіцца з Расіяй, каб не было гэтай вайны. Але, пачынаючы з Мінскіх пагадненняў, усё было накіравана на тое, каб развязаць гэтую вайну, каб падрыхтаваць Украіну да гэтай вайны.

«Украіна была толькі нагодай для пачатку гэтай вайны. Гэтага хацелі ЗША і хтосьці ў Заходняй Еўропе. Цяпер, яны, вядома, працверазелі. Яны штурхалі Украіну да гэтай вайны, ды і атрымалі гэтую вайну. Ніякага ўварвання, я лічу, не было. Вы лічыце гэта ўварваннем, я лічу гэта абарона інтарэсаў і тых людзей, якія там жылі, рускіх людзей. Не мне даваць ацэнку варта было пачынаць спецыяльную ваенную аперацыю ці не. Калі глядзець з пункту гледжання таго, што вы нарошчвалі баявыя дзеянні з боку Украіны і рыхтаваліся да вайны, то было варта», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да заходняга журналіста. Ён нагадаў, што яшчэ да пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі Расія прасіла даць ёй гарантыі бяспекі, каб быць перакананай, што ніколі на тэрыторыю Украіны не будзе ўведезена ні ядзерная зброя, ні ракетныя падраздзяленні далёкага дзеяння. «Чаму вы гэтую паперку не далі Расіі? Бо вам не патрэбна была паперка, вам патрэбна была вайна», — запытаў Прэзідэнт. Па яго словах, Украіна была нагодай да вайны, да якой штурхаў Захад. Ён упэўнены, што ў заходніх краін таксама ёсць інтарэс да расчлянення Украіны. 

«Хочаце міру ва Украіне? Давайце заўтра гаварыць аб міры. Але ж вы гэтага не хочаце, Сёння гінуць людзі, давайце ўсё зараз спынім. Усё для гэтага ёсць. Вы гэтага не хочаце. Еўропа да гэтага гатова, Еўропа гэтага хоча, яна ведае, што можа быць. Амерыканцы не хочуць, нахілілі Еўропу, паставілі яе ў позу і робяць з ёй, што жадаюць», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы мірныя людзі, якія ведаюць, што такое вайна і не хочуць вайны. «Мы ні ў якім разе не збіраемся ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Украіны, толькі калі вы з тэрыторыі Украіны не захочаце здзейсніць агрэсію супраць Беларусі», — канстатаваў ён. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў што Беларусь і Расія — краіны-саюзнікі, якія юрыдычна звязаныя дамовай, у краін ёсць сумесная групоўка войск. Пры гэтым Расія ніколі не прасіла Беларусь пачынаць вайну з Украінай. У беларускага боку і сваіх праблем хапае. Адна з найважнейшых задач — забеспячэнне бяспекі, перш за ўсё, на заходнім накірунку. Па словах Прэзідэнта, данныя разведкі сведчаць аб тым, што Захад мае намер уцягнуць Беларусь у вайну. З улікам працягласці беларускіх граніц, гэта дазволіла б расцягнуць фронт на дзве з паловай тысячы кіламетраў, што, зразумела, ускладніла б абстаноўку для войск Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка назваў гэты ваенны разлік правільным, але абсалютна бесталковым. «Мы вам гэтага шанцу не дадзім. Але калі вы асмеліцеся ступіць на нашу зямлю, адказ будзе страшным. Заходнікі ведаюць, які і якой зброяй», — папярэдзіў ён.

«Вайна нікому не патрэбна. І пакуль няма пашырэння агрэсіі, давайце дамаўляцца аб міры. Усходні бок да гэтага гатовы, калі вы да гэтага гатовыя. Я кажу „калі“, таму што ведаю, што вы не проста да гэтага не гатовыя. Гэта была б для вас страшная трагедыя, катастрофа, калі б пачаліся мірныя перагаворы», — звярнуўся Прэзідэнт да прадстаўнікоў Захаду. Ён таксама падкрэсліў, што беларускі бок не адправіў ва Украіну ні аднаго салдата, у адрозненне ад улад заходніх краін. «І вы мяне папракаеце, што я збіраюся і пачаў там нейкую вайнушку. Я туды не дасылаю туды людзей і не збіраюся гэта рабіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Хто сапраўды хоча міру? 

Працягваючы тэму мірных перагавораў, загадчыца карэспандэнцкім пунктам Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі Анастасія Сахоўская звярнула ўвагу, што голас беларускага лідара заўсёды застаецца вельмі важкім з пункту гледжання міру, і нагадала, што менавіта дзякуючы Аляксандру Лукашэнку ў мінулым годзе былі ажыццёўлены перагаворы паміж Украінай і Расіяй. У прысутнасці прадстаўнікоў замежных СМІ кіраўнік дзяржавы нагадаў, як удалося пераканаць украінскія ўлады сесці за стол перагавораў з дэлегацыяй Расіі. 

«Ён упіраўся, аднекваўся, — узгадаў беларускі лідар пазіцыю Уладзіміра Зяленскага. — Я ўзгадваю гэтую размову. Ніякі мір яму не патрэбен быў. Тады ўвогуле ўся Украіна і ў Кіеве разумелі, што ўсё, Украіна не вытрымае. Некаторыя генералы выходзілі на мяне і пыталіся, як можна здацца. Генералы, якія дзейнічалі ў Кіеве. І ў гэтай сітуацыі, седзячы ў падвале, Зяленскі адмовіўся весці размовы аб міры. Мне ўдалося яго пераканаць, каб ён прыслаў групу перагаворшчыкаў. У Гомель, памятаеце? Трое сутак сядзелі расіяне, чакалі. Яны збіраліся з’язджаць: чаго, маўляў, будзем прыніжацца. Я іх прасіў — застаньцеся. І толькі праз трое сутак, па-мойму, група ўкраінцаў прыехала. Праз Польшчу. Круцілі-вярцелі — весці не весці перамовы. Я настойваў на перагаворах».

Працяг перагавораў, якія ў другі раз ужо адбыліся ў Белавежскай пушчы, — таксама заслуга Прэзідэнта Беларусі. У трэці раз перагаворшчыкі сустракаліся ў Стамбуле. «Добры быў дагавор, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб тым, на чым у выніку сышліся перагаворшчыкі ў Турцыі. — Можна было дамовіцца аб міры ў Стамбуле. Дамовіліся? Не. І сарваў гэта ўсё ўкраінскі бок. Дык хто не хоча міру?»

Як акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, калі б удалося дасягнуць міру, праз пяць-сем гадоў гэтага (адмовы ад ранейшых дамоўленасцяў. — «Зв.») не адбылося б. «Бо гэта навука была б усім: і аднаму боку, і другому, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Вайна паказала многае». Многія кажуць: даб’юцца, што Расія прайграе ў гэтай вайне, пацерпіць паражэнне, яна не даб’ецца перамогі. У беларускага лідара свая пазіцыя на гэты конт. «Цуды могуць здарыцца, што Расія не пераможа, але Расія ніколі не прайграе гэтую вайну, — канстатаваў Прэзідэнт. — У жыцці не было і не будзе, каб ядзерная дзяржава, пры гэтым у ядзерных адносінах наймацнейшая ў свеце, прайграла гэтую вайну». 

Адказваючы на пытанне, ці можна знайсці выхад з гэтай сітуацыі, беларускі лідар катэгарычны — па яго словах, заўсёды ёсць з кім гаварыць аб міры. Гэта дыялог, па яго перакананні, трэба весці з вайскоўцамі Украіны: яны маюць іншую пазіцыю ў адрозненне ад палітыкаў і прэзідэнта Зяленскага. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчаць перастаноўкі ў ваенным блоку Украіны. Самыя прафесійныя вайскоўцы, па словах Аляксандра Лукашэнкі, больш за ўсё перакананы, што вайну трэба спыняць. «Вы ўбачыце, што нам усё роўна — і расіянам перш за ўсё — давядзецца дамаўляцца з вайскоўцамі Украіны, — заўважыў ён. — І ніякія палітыкі, а вы бачыце, якія там палітыкі — з усяго свету сабралі галовы, якія гавораць. Гаварыць, ведаеце, — не справу рабіць. Гаварыць усе ўмеюць, а вось пайсці там паваяваць на фронце ці хаця б туды з’ездзіць падчас бою — яны там не былі. Там жа кідаюць людзей як гарматнае мяса. І яны гатовы „мільёнамі ўкраінцаў ахвяраваць“ — цытата. Вайскоўцы гэта разумеюць. І вайскоўцы змогуць дамовіцца».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што з Расіяй можна дамовіцца нават аб немагчымым. Аднак у гэтым напрамку, па яго словах, трэба рабіць крокі і не ставіць папярэдніх умоў, каб сесці за стол перагавораў. «Арыентавацца трэба на вайскоўцаў, калі палітыкі гэтага не разумеюць, — яшчэ раз звярнуў увагу Прэзідэнт. — Але як толькі нейкая іншая сіла — я лічу, што гэта вайскоўцы — сядзе за стол перагавораў, паглядзіце, як „заспяваюць“ палітыкі і кіраўніцтва Украіны». 

Вяртаючыся да размовы з Уладзімірам Зяленскім, кіраўнік дзяржавы ўзгадаў, што сказаў яму галоўнае: «Вайна ідзе на тваёй зямлі, у тваёй дзяржаве, а ты Прэзідэнт гэтай дзяржавы. І тое, што вайна ідзе ў цябе, тое, што гінуць твае людзі, з часам адкажаш ты. Цяпер эйфарыя: „агрэсар“ і іншае. Але пройдзе час. Людзі, бачыце, у якой сітуацыі: і не толькі на Данбасе, а і ў Львове. І людзі ў яго спытаюць: „Чаму мы ўсё жыццё павінны пакутаваць? Дзеля чаго? Забіваюць жа не толькі дарослых людзей, а і дзяцей, унукаў. Што далей?“ А далей у Зяленскага — да апошняга украінца, вайна і гэтак далей. Каму гэта падабаецца? Таму, як дальнабачны палітык, калі ён можа крыху наперад паглядзець, ён не павінен бегаць па Заходняй Еўропе і прасіць F-16 або яшчэ якія знішчальнікі і далёкага дзеяння РСЗА, а павінен думаць аб тым, як спыніць вайну, каб не загінулі яшчэ сто, дзвесце, трыста тысяч украінцаў». 

Па словах беларускага лідара, Зяленскі павінен разумець: ён Прэзідэнт, гэта яго краіна, яго дзяржава і трэба праводзіць самастойную палітыку. «Не можаш (тое, што ён не можа, мы гэта бачым) — значыць будуць рабіць іншыя, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Хто — я ўжо сказаў. У гэтай сітуацыі. Магчыма, яна зменіцца, і іншыя людзі будуць дамаўляцца. Слухайце, любая вайна заканчваецца мірам. Дык давайце цяпер яе скончым. Гэта больш выгадныя ўмовы цяпер для Украіны. Скончыць гэтую вайну — і далей рухацца. І тут будуць Украіну падтрымліваць усе. І я буду першым, калі мы будзем сядзець за сталом перагавораў. Хоць тут (у Палацы Незалежнасці. — „Зв“.) Дзе хочаце».

«Найлепшы варыянт для Еўропы — аб’яднацца з Расіяй»

Журналіст з Саўдаўскай Аравіі спытаў у Аляксандра Лукашэнкі, як вырашыць канфлікт паміж Масквой і Захадам, улічваючы, што даверу ўжо няма. Аляксандр Лукашэнка прапаваў паглядзець на гэтае пытанне шырэй. «Гэта глабальны канфлікт паміж Амерыкай і Захадам з аднаго боку і Кітаем — з другога (не Расія — Кітай для іх галоўнае), лічыце, паміж Захадам і Усходам (Кітаем і Расіяй, можаце Іран сюды падключыць і гэтак далей). А найбольш вострая фаза гэтага канфлікту — канфлікт паміж Масквой і Захадам», — растлумачыў ён. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што даверу паміж бакамі ўжо няма. Але, па яго словах, размаўляць трэба. «Да амерыканцаў я спрабаваў данесці пазіцыю, што яны зараз ваююць з усім светам, не толькі з Расіяй ці Кітаем, але і з Еўропай. Яны паставілі Еўропу ў такую позу, што далей няма куды. Еўропа незадаволеная такім становішчам», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён прывёў канкрэтныя прыклады. Нагадаў пра дзеянні ЗША, накіраваныя на разбурэнне сувязяў Еўрасаюза з Расіяй. Напрыклад, падрыў «Паўночнага патоку», па якім прыродны газ пастаўляўся з Расіі ў Еўропу і які знішчылі, каб не засталося ніякіх эканамічных ніцяў, якія б звязвалі Расію з Еўропай. Паколькі на моцным эканамічным падмурку паміж Еўропай і Расіяй можна будаваць і астатнія сувязі — палітычныя, дыпламатычныя, этычныя, а без яго гэта праблематычна. Абараняючы свой рынак, амерыканцы зрабілі больш прывабныя ўмовы для замежных кампаній. І еўрапейскія кампаніі, учуўшы там лепшыя ўмовы, рынуліся ў Амерыку. «Гэта сяброўскія крокі?», — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Зусім зневажальным для Еўропы было грубае ўмяшанне ЗША ў здзелку паміж Францыяй і Аўстраліяй на дзясяткі мільярдаў долараў па будаўніцтве падводных лодак. Як прыклад супрацьстаяння Амерыкі і Еўропы Прэзідэнт назваў пра брэксіт. «Нашто адарвалі Англію ад Еўропы? Вы думаеце, што гэты англійскае жаданне было? Ды не. Гэта крок да разбурэння Еўрапейскага Саюза», — заявіў Прэзідэнт. Ён таксама заўважыў, што яшчэ некалькі тыдняў еўрапейскія краіны ўпіраліся наконт паставак танкаў ва Украіну. Але зараз пасля ціску ад ЗША «як міленькія волакам пацягнулі гэтыя танкі ва Украіну». 

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што найлепшы варыянт для Еўропы — аб’яднацца з Расія й. «Тут рэсурсы, там высокія тэхналогіі, і гэта быў бы галоўны полюс планеты. Амерыканцы і кітайцы, пры маіх сяброўскіх адносінах да Кітая, зайздросцілі б гэтаму альянсу. І было б тры магутныя кропкі, на якіх бы трымалася наша планета: Амерыка, Кітай і еўрапейскі кантынент разам з Расіяй, лічыце Еўразійскі. Яшчэ адзін полюс намаляваўся б вакол Індыі. Гэта было б дастойна для планеты. Нешта мне падказвае, што ў гэтым напрамку сітуацыя будзе развівацца. Амерыканцы гэтага не жадаюць, і яны ўсяляк тарпедуюць любыя нармальныя працэсы, у тым ліку і спробы міру ва Украіне, якога жадаюць еўрапейцы», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Чаго баяцца еўрапейцы? 

Адказваючы на пытанне палітычнага аглядальніка АНТ Ігара Тура, ці ўсім еўрапейскім палітыкам патрэбная «вайнушка» на Украіне і ці ёсць людзі з іншай пазіцыяй, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што Еўропа адзіная ў сваёй пазіцыі па Украіне. Ім Украіна, па словах беларускага лідара, не патрэбна. Аднак дзейнічаюць еўрапейскія палітыкі па-рознаму. Па словах кіраўніка дзяржавы, некалькі краін (напрыклад, Венгрыя) займаюць адну пазіцыю, больш разважную, і аб гэтым гавораць, а іншыя — дакладна такую ж, але сказаць не могуць. Пры гэтым ёсць сігналы з Еўропы, якія ўказваюць на тое, каб спыніць гэтую вайну. 

«Баяцца ядзернай вайны, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Бо пераможцы не будзе. І які вынік будзе ядзернага супрацьстаяння. мы таксама не ведаем. Мы разумеем адно, што гэта будзе страшна. Гэта будзе катастрофа, якой гісторыя не ведала. Шмат няўпэўненасці, бо падобнага мы не перажывалі. Былі два выбухі: Хірасіма і Нагасакі. Але гэта сотая доля ад таго, што можа быць толькі ад адной бомбы, скінутай з самалёта. А калі ракета? Стратэгічная ракета? Межкантынентальная? Людзі баяцца гэтага, і на Захадзе таксама гэта разумеюць». Каб не дапусціць падобнага, па словах кіраўніка дзяржавы, трэба рабіць крокі ў патрэбным напрамку. 

«Мы жадаем сябраваць з палякамі, літоўцамі, як гэта было заўсёды»

Журналіст з Аўстрыі звярнуў увагу, што беларусы, якія жывуць у прыгранічных раёнах, хвалюцца, што іх сыны будуць адпраўлены ва Украіну. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трывога людзей узрасла пасля таго, як на беларускую тэрыторыю ўпала ўкраінская ракета. «Калі ракета адтуль прыляцела, значыць, заўтра і салдат можа прыйсці. І мы будзем вымушаны абараняцца. Аснова трывогі ў гэтым, а не ў тым, што я з раптоўна збяру іх дзяцей і пашлю іх туды. Любы разумны беларус разумее, што я гэтага не зраблю. Яшчэ і таму, што ў мяне самога трое сыноў, якія будуць вымушаныя (і я ў тым ліку як чалавек ваенны) па сваіх маршрутах кудысьці ісці. Гэта калі ўжо пра асабістае. Я цудоўна разумею, не збіраюся туды пасылаць іх дзяцей, сваіх салдат», — адказаў Прэзідэнт. Хоць па яго словах, на Захадзе спяць і бачаць варыянт, пры якім беларусы пойдуць не толькі ва Украіну, але і ў Польшчу, Літву, Латвію. Але гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, будзе толькі ў адным выпадку — калі ўзнікне патрэба ў абароне сваёй зямлі. 

«Я павінен гарантаваць бяспеку краіны, перш за ўсё на захадзе. І ў першыя дні ваеннай аперацыі я пра гэта сказаў. Вы бачыце, як паводзіць сябе Польшча і Літва. Пакуль з эканамічнага пункту гледжання яны ўвесь час правакуюць, пераносячы адказнасць на Беларусь. Вось яны закрылі пункты пропуску. Гэта што такое? Гэта эканамічная правакацыя і паступова яны гэтыя правакацыі ладзяць. Значыць, гандлю няма, значыць, няма эканомікі», — сказаў Прэзідэнт. Ён расказаў, што прынятыя рашэнні, як адказваць на гэтыя правакацыі. «Адкажам мякка спачатку, не зразумеюць — узмоцнім. У нас дастаткова для гэтага рычагоў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, пакуль беларускі бок адказвае сіметрычна, адэкватна, але суседзі разумеюць, што пры патрэбе будуць прынятыя асіметрычныя меры. Але беларускі бок гэтага не хоча. 

«Мы жадаем сябраваць з палякамі, літоўцамі, як гэта было заўсёды. Мы нават закрылі вочы, што яны ў школах малююць карты з мяжой пад Мінскам. Яны мараць аб сваім панаванні ад „можа да можа“ — ад Балтыкі да Чорнага мора», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Але ні беларусы, ні ўкраінцы, ні расіяне з гэтым ніколі не пагодзяцца. Па словах беларускага лідара, праблем шмат, але яны вырашаюцца спакойна. 

«Мы ім ніякага падарунка не паднясём у плане агрэсіі з нашай тэрыторыі на тэрыторыю Украіны ці Польшчы. Яны гэтага не дачакаюцца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён прызнаў, што Беларусь узмацняецца з ваеннага пункту гледжання. Гэта ўрокі 1941 года, калі савецкія ўлады верылі, што вайны не будзе і не рыхтаваліся да яе належным чынам.«Мы не жадаем быць ашуканымі ў чарговы раз», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Усе перад законам роўныя»

Як распавяла журналістка французскага агенцтва, у размове з беларусамі яна не заўважыла антыўкраінскіх настрояў, затое даведалася, што ў Беларусі сядзяць у турме людзі, маючы на ўвазе тых, хто ў 2020-м годзе выступаў за звяржэнне дзяржаўнай улады, заклікаў да дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. 

На гэта Прэзідэнт адказаў таксама пытаннем: «А што, у Францыі ці Англіі людзей у турме няма? Ёсць. І нашмат больш чым у нас. Ёсць закон. Суровы закон, але ён закон. Яго трэба выконваць. Калі вы парушылі закон, то па законе адкажаце». 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў нашым грамадстве нямала людзей з іншымі палітычнымі поглядамі, іншым пунктам гледжання, але яны закон не парушылі. «А той, хто парушыў закон, — няважна хто ён: палітык, нобелеўскі лаўрэат і іншыя — усе перад законам роўныя. Патрапіў пад артыкул, дзе табе пяць гадоў сядзець, — будзеш сядзець. Дзесяць — будзеш дзесяць. Дваццаць — значыць дваццаць». 

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы парэкамендаваў прадстаўнікам замежных СМІ пагаварыць з палітычным аглядальнікам СТБ Рыгорам Азаронкам, якога гэтыя людзі, у тым ліку якіх узгадала французская журналістка, хацелі забіць. «Мы ж у прамым эфіры паказалі, як гэта было, усю гэтую спецаперацыю, — удакладніў Прэзідэнт. — Навошта яго трэба было забіваць? І добра, што гэтая аперацыя скончылася нармальна. Скажыце, гэтыя людзі не заслужылі, каб там сядзець? Заслужылі». 

«Або ваш нобелеўскі лаўрэат, — прывёў кіраўнік дзяржавы ў прыклад яшчэ аднаго „пакрыўджанага“, на погляд замежных журналістаў, так званага палітвязня, маючы на ўвазе Алеся Бяляцкага. — У вас браў грошы на „праваабарончую тэматыку“ — лічы на знішчэнне краіны. Падаткі павінен быў плаціць — не плаціў. Асабнякі, кватэры, аўтамабілі набыў за гэтыя грошы, і вас гэта не абурыла? А мяне абурыла тое, што ў краіне кожны мусіць плаціць падаткі, а ён не плаціў. Ён сваё атрымаў. Вы думалі, што нобелеўскія лаўрэаты павінны быць па-за межамі закону? Не. Вы яго і нобелеўскім лаўрэатам зрабілі, зняславіўшы гэтую прэмію. Ніякіх палітзняволеных у нас няма, бо ў нас няма артыкула такога палітычнага ў Крымінальным кодэксе».

«Беларусы могуць быць спакойныя»

Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі закранулі пытанне так званых палітвязняў. Прэзідэнт заўважыў, што сярод гэтых людзей былі розныя. «Любога „палітвязня“ называйце — мы будзем вам тлумачыць і паказваць, што ён здзейсніў, чаму ён там знаходзіцца» — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадаў, што ў Беларусі створана камісія для работы з грамадзянамі, якія хочуць вярнуцца на Радзіму. Ён заўважыў, што ніхто не Захадзе не гаворыць аб тым, што беларускія ўлады зрабілі крок насустрач. 

«Я асабіста, як і многія тут, вось журналісты беларускія, не хачу, каб нашыя суайчыннікі недзе боўталіся ў вас за мяжой. Ці то ў Англіі, ці то ў Францыі. І нават у Польшчы, дзе сёння ў бальніцах няма каму працаваць. А вось „дрэнная Беларусь“ — нашы ўрачы там нарасхват. Я хачу, каб яны жылі тут і працавалі тут. І мы гатовы дараваць тое, што можна дараваць. Вось такая ў нас дэмакратычная дыктатура», — заявіў Прэзідэнт.

У Аляксандра Лукашэнкі папрасілі параіць, як паводзіць сябе людзям падчас інфармацыйнай вайны, якая разгортваецца зараз, і як рэагаваць на разнастайныя ўкіды, парады замежным грамадзянам пакідаць Беларусь. Прэзідэнт даў свой ужо традыйцыйны адказ — «нашы людзі павінны займацца кожны сваёй справай і жыць абсалютна спакойна». 
«Раз яны (заходнія краіны — заўв.) эвакуююць сваіх суграмадзян, значыць, яны думаюць нешта тут стварыць у Беларусі ці проста падняць дадатковую хвалю, што смешна і нерэальна», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што беларусы як працавалі, так і працуюць. Ваенныя як неслі сваю службу, так і нясуць. І мабілізацыю ў Беларусі ніхто аб’яўляць не збіраецца. «Але да вайны рыхтуемся ў плане таго, каб супраць нас не была здзейснена ніякая агрэсія. Вось і ўсё. Беларусы могуць быць спакойныя. Проста зараз жорсткая вайна і барацьба ідзе на поле сродкаў масавай інфармацыі», — падкрэсліў беларускі лідар. 

«Мы хочам міру!» 

Вяртаючыся да ўкраінскага пытання, якое неаднойчы гучала падчас размовы з вуснаў замежных журналістаў, Прэзідэнт указаў на дачыненне краін Еўропы да эскалацыі канфлікту ва Украіне за кошт нарошчвання паставак узбраення. «Вы навошта падтрымліваеце Украіну, шпігуючы іх зброяй, а не хочаце сесці за стол перагавораў, як я прапаную? — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вы ўжо абмяркоўваеце пытанне пастаўкі туды дальнабойнай зброі (да 300 кіламетраў ракеты) і знішчальнікаў F-16, самых сучасных, пасля таго, як сотні танкаў „Леапард“ туды пайшлі. Навошта вы гэта робіце? Вы ж разумееце, што гэта эскалацыя».

Прэзідэнт Беларусі не ўтойвае: ён падтрымлівае Расію. Аднак, у адрозненне ад амерыканцаў і еўрапейцаў, беларускі лідар сваіх людзей у якасці наёмнікаў на вайну не пасылае, знішчальнікі, танкі і ракетныя сістэмы залпавага агню не адпраўляе. «Але гэта наш саюзнік (Расія — „Зв“.), у нас адзіная фактычна армія, — канкрэтызаваў ён. — Я таму падтрымліваю і падтрымліваць буду Расію. Гэта і юрыдычна апраўдана. Вы ж ведалі, што ў нас з Расіяй такія адносіны ў тым ліку і ў ваенным плане. Слухайце, а калі б Польша і Літва здзейснілі б з вашай дапамогай агрэсію супраць Беларусі? Я што, да амерыканцаў пайшоў бы падтрымку прасіць? Не. Я б да расіян пайшоў. І расіяне тут ваявалі б за Беларусь, як за сваю зямлю». 

Прэзідэнт падкрэсліў, што ненавідзіць вайну, як і ўсе беларусы. «Мы не хочам вайны, — звярнуў увагу ён. — Мы хочам мірных перагавораў. Але вы трымаеце Валодзю Зяленскага за рукі, за ногі і не пускаеце яго за стол перагавораў. Калі будзе эскалацыя, Еўропе будзе горача. Еўрапейцы гэта разумеюць».

Як можа скончыцца гэта вайна? Гэтае пытанне падчас размовы гучала не раз. І ў Прэзідэнта адзін адказ: «Мірам!». Пытанне толькі ў тым, калі гэта адбудзецца, і колькі ў выніку загіне людзей. «Мы хочам міру! — яшчэ раз акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Чуеце, амерыканцы? Мы хочам міру. Дайце каманду Зяленскаму і самі сядзьце за стол перагавораў з Пуціным, а я побач сяду». Прэзідэнт параіў прачнуцца тым, хто яшчэ спіць. «Каму патрэбна такая свабода, калі ты кладзешся спаць і не ведаеш, ці прачнешся заўтра раніцай? — задаў ён рытарычнае пытанне. — Давайце дамаўляцца. Толькі мір! Усё роўна гэта скончыцца мірам». 

«Мы ўтрох сядзем і мы вырашым усе праблемы»

Як анансавалася, у пятніцу Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з Уладізмірам Пуціным. У размове з журналістамі беларускі лідар расказаў, якім тэмам яны будуць прысвечаныя. Зразумела, што Прэзідэнты абмяркуюць пытанні абароны і бяспекі, у тым ліку і сумеснай групоўкі войск. «у нас усё прапісана, распісана. Амерыканцы ж бачаць, яны ж бачаць, што сёння вялікая групоўка ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны перакінута ў Беларусь. Яны ў мяне на аэрадромах. Гэта было маё патрабаванне вельмі жорсткае: як бы ні было складана ва Украіне, але тое, што прадпісана ў сумесную групоўку, павінна быць у Беларусі. Хаця б перыядычна. Ваенныя лётчыкі, калі яны тут базіруюцца, павінны трэніравацца. Як амерыканцы лётаюць уздоўж нашай граніцы ў Польшчы, так і мы сёння з расіянамі лятаем уздоўж і ўпоперак нашай краіны. Мы абапіраемся на авіяцыйную разведку Расіі, і гэты разведвальны самалёт А-50 таксама сюды перакінуты. Вы бачылі, як лётаюць разведчыкі ЗША ўздоўж нашай граніцы. Блізка не падыходзяць, але шпіёняць. Мы ў адказ лятаем, трэніруем нашу групоўку. І так далей будзе», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, пры гэтым адзначыўшы, што ў Беларусі расійскія ваенныя знаходзяцца не для таго, каб нападаць на Украіну. Яны праходзяць баявое зладжванне з беларускімі ваеннымі, каб быць гатовымі разам у выпадку неабходнасці адбіваць агрэсію супраць Беларусі. 

Галоўным пытаннем перагавораў двух Прэзідэнтаў стане падрыхтоўка да пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, які Аляксандр Лукашэнка назваў «калектыўным прэзідэнтам». Кіраўнікі Беларусі і Расіі абмяркуюць пытанні, і эканамічнага, і ваеннага, і палітычнага характару, якія будуць разглядацца на Вышэйшым дзяржаўным савеце. «Мы хочам паглядзець, як нашы Урады выконваюць пастаўленыя намі задачы. Было шмат, перш за ўсё эканамічных задач па энерганосьбітах, па адзіным рынку, па імпартазамяшчэнні — як фінансуюцца і рэалізуюцца гэтыя праграмы. Закрытых тэм няма, мы павінны зараз рэагаваць на любы віск, піск і любое слова», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

У сваю чаргу беларускі лідар пацікавіўся, навошта прэзідэнт ЗША Джо Байден едзе ў Польшчу: «Што яму тут рабіць? Нашто менавіта ў Польшчу. Мы не парымся з гэтай нагоды. Калі ў яго ёсць жаданне, мы яго ў Мінску гатовы прыняць і сур’ёзна пагаварыць, калі ён хоча міру ва Украіне. І нават Пуцін прыляціць у Мінск і сустрэнемся тут утрох: два „агрэсары“ і „міралюбівы“ Прэзідэнт. Чаму не — дзеля спынення вайны? Польшча побач, я самалёт дашлю яму. І я вам гарантую, што Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін прыедзе, мы ўтрох сядзем і мы вырашым усе праблемы. Не. Ён сюды не паедзе. А дзеля спынення вайны, каб не гінулі людзі, варта было б. Ён застанецца ў Польшчы. Польшча — гіена Еўропы і яна сёння самую актыўную ролю адыгрывае па эскалацыі вайны ва Украіне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Запрашаючы Джо Байдэна ў Мінск, беларускі лідар гарантаваў, што яму будзе забяспечана бяспека і камфорт і ён паляціць адсюль задаволеным. 

«Нам стратэгічная ядзерная зброя не патрэбна»

Адказваючы на пытанне аб мадэрнізацыі некаторых тыпаў самалётаў Ваенна-паветраных сіл Беларусі, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што гэты працэс скончаны. «Самалёты гатовы да перамяшчэння спецыяльнага боепрыпасу, і падраздзяленні лётчыкаў таксама падрыхтаваны, — адзначыў ён. — Калі мы гэта пытанне закранулі, аказваецца, з савецкіх часоў у нас і самалёты гэтыя ёсць, якія былі падрыхтаваны да перакідвання гэтых боепрыпасаў. Людзей мы хутка падрыхтавалі».

Журналіст удакладніў, што размова ідзе аб ядзернай зброі стратэгічнага характару? «Ядзерная зброя дзеліцца на тактычную і стратэгічную, — увёў у курс справы Прэзідэнт. — Нам стратэгічная зброя абсалютна не патрэбная. Мы не збіраемся забіваць амерыканцаў і ажыццяўляць пускі ядзерных стратэгічных ракет з тэрыторыі Беларусі. Як вы ведаеце, калі я стаў Прэзідэнтам, першая акцыя, якую мы правялі, мы ўсю стратэгічную, самую сучасную ядзерную зброю перадалі зброю туды, куды хацелі амерыканцы. Амерыканцы хацелі, каб мы перадалі Расіі. У нас была самая сучасная зброя. Мы яе вывелі. Узамен на гарантыі амерыканцаў, еўрапейцаў і расіян, што яны ніколі не будуць замахвацца на наш суверэнітэт і незалежнасць, ніколі не прыменяць да нас эканамічных санкцый. Там так прапісана. А яны на гэта наплявалі, растапталі: прымяняюць супраць нас санкцыі, душать нас дзе толькі магчыма ў парушэнне таго дагавора. А каб у нас была ядзерная зброя, яны б з намі так не размаўлялі. Значыць, усе разумеюць толькі сілу». 

«Зяленскі знішчае Украіну»

Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што цяперашні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сваімі дзеяннямі, накіраванымі на эскалацыю і прадаўжэнне канфлікту, знішчае краіну. Ён растлумачыў сваю думку тым, што Украіну пасля завяршэння канфлікту ніхто аднаўляць не будзе. Па яго словах, раней ці пазней на міжнародным парадку дня з’явіцца новае вострае пытанне і ўся ўвага будзе павернута туды. «Забудуць пра Украіну. Гэта трэба будзе сто гадоў, каб аднавіць краіну. Ніхто не дапаможа. А калі хтосьці і дапаможа, няхай гэта будзе ЗША ці Еўрасаюз, то тады кіраваць краінай па частках будуць іншыя — эканамічнымі метадамі. Калі гэта трэба Украіне, Зяленскаму — няхай ваююць. Але гэта дакладна не трэба звычайным людзям», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што гэта не трэба і ваенным ва Украіне. Таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, трэба размаўляць з імі. «Паціху, крок за крокам дамовімся як-небудзь», — сказаў Прэзідэнт. 

Ён правёў аналогію з Вялікай Айчыннай вайной, якія цягнулася амаль чатыры гады: «Мы думалі, што ўжо ніколі з немцамі вітацца не будзем. А зараз сябруем. У гісторыі шмат такіх фактаў. Шкада толькі, што многія гэтага не разумеюць».

Аляксандр Лукашэнка бачыць небяспеку ў эскалацыі канфлікту, падчас якога пакуль яшчэ прымяняюцца звычайныя ўзбраенні. Але патэнцыйна можа дайсці і да гіпергукавога, не дай бог — ядзернага. «Вось у чым небяспека. Таму трэба цяпер спыніцца, не мучыцца і не ваяваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Хочам пабудаваць порт у Мурманску»

Прадстаўніца расійскага СМІ адзначыла высокі ўзровень супрацоўніцтва Прыморскага краю Расіі і Беларусі і ўдакладніла, па якіх напрамках будзе развівацца далейшае ўзаемадзеянне паміж нашай краінай і гэтым расійскім рэгіёнам. Прэзідэнт адзначыў, што яны з Алегам Кажамякам гэтае пытанне абмяркоўвалі. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся аб сваіх уражаннях ад Ціхага акіяна. Па яго словах, гэта моц. «І для беларусаў была б вялікая цікавасць, нягледзячы на адлегласць, пабываць ва Уладзівастоку, — перакананы беларускі лідар. — Вельмі цікавы край».

Канкрэтныя рашэнні ў пытанні турыстычнага супрацоўніцтва, па словах кіраўніка дзяржавы, будуць у бліжэйшы час прыняты двума ўрадамі. Цікавіць беларускі бок і наладжванне ўласнай вытворчасці ў Прыморскім краі. «Рыбу мы будзем у Беларусі перапрацоўваць і прадаваць,і ўсе астатнія багацці, якія там ёсць, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Людзі нашы там сотнямі працуюць. Прымор’е вельмі зацікаўлена ў нашых тэхналогіях. Мы пачалі працаваць праз вашы порты. Вар’яты ў Літве і Латвіі пазачынялі свае порты на шкоду сабе. Хочам пабудаваць порт у Мурманску і па паўночным марскім шляху будзем да вас дабірацца са сваімі таварамі. Гэта толькі пачатак».

Прагучала і пытанне, што Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з Прэзідэнтам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў падчас яго нядаўняга візіту на Бліжні Усход. Вядома, раскрываць усе дэталі перагавораў з шэйхам Мухамедам Аляксандр Лукашэнка не стаў. Па словах беларускага лідара, любы наш рух ў тым ці іншым кірунку хутка будзе запісаны беглымі і данесены кіраўніцтву краін Еўропы. 

Аднак некаторыя падрабязнасці свайго візіту на Блізкі Усход Прэзідэнт усё ж такі прыадкрыў: «Мы абмяркоўвалі вельмі многія пытанні ад бяспекі, вытворчасці зброі, вытворчасці тэхнікі для процідзеяння сучасным узбраенням. Вы ведаеце, што Беларусь — гэта „рэбаўская“ краіна. Мы вырабляем сродкі радыёэлектроннай барацьбы самыя сучасныя. Сумесная вытворчасць па мікраэлектроніцы і гэтак далей, заканчваючы гандлёвымі пытаннямі. Закранулі пытанне, дапусцім, паставак у Эміраты мяса, ялавічыны». Абмяркоўвалася падчас сустрэчы і адкрыццё дадатковага рэйса — з Абу-Дабі да Мінска. Па словах беларускага лідара, арабы ўсё больш і больш пачынаюць уплываць на палітыку ў свеце. 

«Ніякай дыктатуры тут няма, мы краіну не разрабавалі»

Амерыканскі журналіст спытаў у Аляксандра Лукашэнкі, ці можа ён паўплываць на Уладзіміра Пуціна, каб спыніць вайну ва Украіне. «На прэзідэнта Пуціна паўплываць немагчыма. Ён дарослы, мудры, моцны чалавек. Кожны справядлівасць па-свойму разумее. У Пуціна таксама ёсць сваё паняцце справядлівасці. І калі ён перакананы, што ён мае рацыю і справядлівы, вы яго не пераканаеце», — адказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што ў нечым можа пераканаць Уладзіміра Пуціна, але пытанне, ці магчыма пераканаць Джо Байдэна. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што запрашае амерыканскага калегу ў Мінск. Ён адзначыў, што паўплывае на Прэзідэнта Расіі і той гарантавана прыляціць у Мінск. «Калі Байдэн захоча, то і Зяленскі прыляціць. Мы забяспечым яму спакойны пералёт з Кіева да Мінска. Я магу паўплываць так, што заўтра вайна прыпыніцца, спыніцца. У гэтым мая роля. Я часта задаваў сабе гэтае пытанне: якую ролю я магу адыграць, каб памяняць сітуацыю ва Украіне. Я магу зрабіць толькі тое, што захоча Пуцін і Зяленскі. У дадзеным выпадку без Амерыкі нікуды. Вось калі тры прэзідэнты ўбачаць вырашэнне гэтай праблемы, я гатовы зрабіць усё», — падсумаваў беларускі лідар.

У Прэзідэнта таксама спыталі, як ён ставіцца да таго, што на Захадзе яго лічаць дыктатарам і як у сувязі з гэтым палепшыць адносіны Беларусі з ЗАаадам. «Тое, што на захадзе думаеце, што тут ёсць дыктатура, гэта мне ў плюс. Хутка вы самі паклічаце дыктатуру. Яна ў вас ёсць, але несправядлівая, скрыўленая, тупая-тупая. Вы ад яе нікуды не адыходзілі. На захадзе поўная расхлябанасць, там ні дыктатуры, ні дэмакратыі няма», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі Прэзідэнту прыходзіцца ўмешвацца і прымаць большасць рашэнняў. «Калі вы лічыце, што тут дыктатура, Бог з вамі. Я лічу, што гэта не дыктатура. Ніякай дыктатуры тут няма, мы краіну не разрабавалі, не раскралі. У мяне мільярдаў на вашых рахунках няма. Мы не разрабавалі сваю краіну. Недахопаў, мусіць, шмат. Гэта наша краіна, і мы ў ёй жывём, нікому праблем не ствараем, не ваюем і ваяваць не збіраемся. Мне ўсё роўна, што вы скажаце пра мяне, як пра чалавека і дыктатара. Мне неабыякава, што вы кажаце пра мяне і маю краіну», — заявіў беларускі лідар. Ён прызнаўся, што хоча, каб паміж Захадам і Беларуссю былі нармальныя адносіны. Але пры адной умове: «Не лезьце ў наш агарод, мы самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і палітвязняў не будзе, і іншых праблем не будзе. Вы іх ствараеце. Вы ў 2020 годзе хацелі перавярнуць краіну, мы вам не дазволілі. Мы гатовыя зрабіць усё, што не супярэчыць нашым інтарэсам і інтарэсам нашых саюзнікаў. Калі вы не будзеце нас гнуць праз калена, мы хутка дамовімся».

Размова зайшла і аб міграцыйных працэсах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што занепакоены тэндэнцыямі. Разам з тым ён заўважыў, што міграцыя характэрная для ўсіх краін. «У нас ёсць прымаўка: кожны чалавек шукае, дзе лепш, а рыба — дзе глыбей. Чалавеку выбіраць, дзе яму жыць. Мы будзем рабіць усё, каб нашы людзі ў нас працавалі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў Беларусі жывуць разумныя і таленавітыя людзі, якія ў сваёй краіне атрымліваюць добрую адукацыю. «Тыя, хто туды з’язджае і хоча з’ехаць, — яны ж таленавітыя і адукаваныя. Значыць, наша сістэма працуе. Я рады гэтаму. Але, вядома, хачу, каб яны тут жылі і працавалі. Калі нехта хоча з’ехаць на Амерыку працаваць, у мяне адзінае як у Прэзідэнта і чалавека патрабаванне: заплаці за адукацыю, якую тут атрымаў бясплатна, па кошце Амерыкі і едзь. Дык едуць жа, не заплаціўшы, і мы яшчэ на ўзроўні законаў гэтага не запатрабавалі», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што многія з тых, хто некалі з’ехаў з Беларусі, вяртаюцца на Радзіму. Прычым яны набылі за мяжой новы вопыт, вывучылі новыя тэхналогіі і гатовы ўкараняць іх у роднай краіне. Па яго словах, у гэтым няма нічога дрэннага. «А тое, як вы думаеце, што ўсе кінулі Беларусь і ў нас адток спецыялістаў каласальны, — няпраўда. Дарэчы, сёння на Захад у нас ужо не вельмі імкнуцца. Так, вы багацейшыя. Так, вы доларам гэтым зялёным можаце прывабіць чалавека і прыцягнуць таленавітых людзей, напэўна, больш, чым я. Некаторыя людзі на гэта паддаюцца і едуць, але іх становіцца ўсё менш і менш. Таму што яны пачынаюць шанаваць сваё, сваю зямлю. І разумеюць што, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», — адзначыў Прэзідэнт. 

«Жадаюць будаваць атамную станцыю — няхай будуюць»

Пацікавіліся журналісты ў Прэзідэнта Беларусі і яго меркаваннем наконт закрыцця пунктаў пропуску на заходніх граніцах краіны. «Ну закрылі яны гэтыя пагранпераходы — нам ад гэтага не горача і не холадна, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Яны ў чарговы раз выстралілі сабе ў нагу. Мы пад санкцыямі, мы ж усё роўна ў Еўропу не ездзім. Ну закрылі — і закрылі. Нашы людзі едуць туды па мінімуме. Зусім па мінімуме. Таму мы асабліва не „парымся“ ў гэтым плане. А калі мы забаронім, да прыкладу, палякам-кіроўцам пераязджаць граніцу да нас, якія зарабляюць на гэтым. Тысячы аўтамабіляў, фур да нас прыязджае. Вы ж разумееце, чаму яны закрылі? Мы аб’явілі бязвіз. Прыязджайце — калі ласка. Гэта зроблена шчыра, без усялякай палітыкі. Палітыка толькі ў тым, што калі тут „дыктатура“ і іншае, няхай людзі прыедуць, паглядзяць. І гэта вельмі моцна па іх стукнула».

Сёння відавочна, што аб’яўлены беларускім бокам бязвізавы рэжым для шэрагу краін дрэнна паўплываў на абстаноўку ў іх саміх. А што рабіць простым людзям, калі і дровы ў нас таннейшыя, і заправіць машыну больш выгадна ды, і што хаваць, цана на прадукты не так моцна б’е па кішэні. «Гэта ўпоперак горла, — патлумачыў прычыну закрыцця пагранпераходаў кіраўнік дзяржавы. — Вось і сталі зачыняць, каб стварыць праблему для сваіх людзей». 

Прэзідэнт папярэдзіў — пакуль адказ будзе мяккі. Калі ж эскалацыя будзе працягвацца ў тым жа кірунку, адказ будзе жорсткі. 

Пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі і аб рэакцыі на будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Польшчы. «Жадаюць яны пабудаваць атамную станцыю — як бы ні рэагавалі, яны яе пабудуюць, — перакананы беларускі лідар. — Мы з гэтай нагоды „парыцца“ не будзем. Жадаюць будаваць — няхай будуюць. Яны ўжо маскі з сябе сарвалі ў гэтым плане. Вы ж крычалі, што ў Беларусі гэта шкодна, кепска. Чаго самі будуеце? Дык і літоўцы ж запланавалі сабе пабудаваць атамную станцыю. Не ведаю толькі, навошта закрылі гэтую (Ігналінскую. — „Зв“.), калі ў іх дэфіцыт электраэнергіі. Вар’яты!»

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што, прымаючы рашэнні, палітыкі Польшчы і Літвы не кіруюцца нацыянальнымі інтарэсамі. 

«Сёння не модна казаць пра Мінскія пагадненні»

Журналіст з Азербайджана спытаў у беларускага лідара, што з’яўляецца прыярытэтам у адносінах нашых краін. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок гатовы ўдзельнічаць у аднаўленні тэрыторый, якія былі вернуты пасля армяна-азербайджанскага канфлікту. Таксама ён заўважыў, што Беларусь і Азербайджан адкрываюць сумесныя прадпрыемствы. «Калі санкцыі ўвялі супраць нас, мы шмат прадукцыі набываем у вас. Мы гатовы павялічваць за кошт гэтага тавараабарот, пастаўляючы вам свае прадукты харчавання. Здаецца, і рэспублікі невялікія, але вялікі рух паміж намі ў плане таваразвароту і эканомікі», — канстатаваў беларускі лідар. 

Ён таксама правёў паралель паміж канфліктам Азербайджана і Арменіі і канфліктам Расіі і Украіны. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што падобныя канфлікты павінны рашацца мірным шляхам, за сталом перагавораў. І Беларусь, асабіста кіраўнік дзяржавы былі ўцягнуты ў гэты працэс у ходзе дасягнення вядомых Мінскіх пагадненняў. «Ну, дамоўцеся, ну, сядзьце, бачыце, што можна дамовіцца. І прапаноў мора было. А вы разам з Захадам пачалі ашукваць Расію, сабраўшыся ў Мінску. Хоць ніякага падману там не было. Гэта проста трэнд. Цяпер Аланд і Меркель хочуць паказаць, што яны адыгралі важную ролю ў тым, што Украіна трымаецца, што далі магчымасць Украіне падрыхтавацца да вайны. У тыя часы ўсе верылі, што трэба ісці шляхам Мінскіх пагадненняў. Сёння і Аланд, і Меркель хлусяць. І Парашэнка таксама хлусіць. Таму што сёння не модна гаварыць аб тым, што было ў Мінску. Не модна. Вось і ўся праблема», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Свет будзе іншым»

У Прэзідэнта спыталі, якім ён у будучыні бачыць свет, улічваючы, што гэты год абвешчаны ў Беларусі годам міру і стваральнай працы. «Мір на беларускай зямлі абавязкова будзе. Год міру і стваральнай працы — гэта мір перш за ўсё наш унутраны, у нашай краіне. Мір грамадзянскі і стваральная праца. Мы ва ўсім свеце за мір. Мы не прымаем вайны, мы не прымаем гібелі людзей», — адказаў Аляксанр Лукашэнка. Па яго словах, пакуль можна прыйсці да міру, захаваўшы твар, і Расіі, і Украіне, і асабліва заходнім краінам, трэба сесці за стол перагавораў. «Па многіх пазіцыях, па многіх прычынах сёння трэба сесці за стол перагавораў. Мір і стваральная праца для нас, для Беларусі — гэта знешні лозунг, гэта не ўнутраны лозунг. Калі пераносіць ва Украіну, мы таксама хочам там міру, як і ўсе расіяне, і кіраўніцтва Расіі, мы ўсё жадаем міру, але кожны бачыць гэта па-свойму. А каб прыйсці да агульнага меркавання — за стол перагавораў», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама заўважыў, што зараз свет трансфармуецца. І таму Беларусі надзвычай важна пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва. Кіраўнік дзяржавы рассказаў, што старшыня КНР Сі Цзіньпін запрасіў беларускага калегу ў Кітай у першыя дні сакавіка. Вядуцца перагаворы з Іранам, Індыяй. Ён падкрэсліў, што дыверсіфікацыя вельмі важная для Беларусі, каб захаваць сваю незалежнасць. Справа ў тым, што палову з вырабленага Беларусь не спажывае сама, але гэтыя тавары неабходныя для продажу на экспарт і паступленні валюты ў краіну. Візіты на вышэйшым узроўні даюць магчымасць адкрываць новыя напрамкі для беларускага экспарту. Так, напрыклад, дзякуючы нядаўняму візіту Прэзідэнта ў Зімбабвэ ўдалося заключыць кантракты на суму $200 млн. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь даўно пачала працэс дыверсіфікацыі і паслядоўна яго прадаўжае. Пры гэтым галоўным застаецца расійскі рынак.

«Цяпер увесь свет перажывае няпросты працэс трансфармацыі, і ў сувязі з гэтым важна, каб Беларусь захавала свае пазіцыі і здолела іх прымножыць. Нам, Беларусі, трэба гэтак жа, як іншым краінам, акуратна прайсці гэтую дарогу. Свет будзе іншым. Яго перадзеляць, перафарматуюць. Я нават не ведаю, дзе будзе Еўрасаюз. Думаю, што ўсё ж Еўропа возьме мазгі ў рукі і дамовіцца з Расіяй. І гэта будзе вырашэнне пытанняў і для гіганцкай Германіі, і для Аўстрыі, адносна невялікай, як і мы, рэспублікі, але вельмі важнай, высокатэхналагічнай краіны. Мы зможам дамовіцца», — сказаў беларускі лідар. Але як будзе ў выніку — пытанне, паколькі шмат падводных плыняў. 

«Мы яшчэ не ведаем, дзе можа выліцца нейкі канфлікт. Хто сёння гарантуе, што такая палітыка ЗША не прывядзе да таго, што яны сутыкнуцца з Кітаем? Гэта будзе ўжо катастрофа. Кітай — гэта не Расія, не Амерыка, не Украіна разам узятыя. І ўтаймаваць Кітай, паставіць у нейкае стойла нікому ў свеце не ўдасца, і амерыканцам — тым больш», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем выклікала незадаволенасць у ЗША, і ў свой час гэта тэма ў ліку іншых абмяркоўвалася падчас візітаў у Мінск Джона Болтана і Майкла Пампеа. «Я ім па-мужчынску, па-чалавечы растлумачыў: „Вы мяне не агітуйце супраць Кітая. Таму што, калі вы пачалі нас душыць, Кітай нам адчыніў дзверы. Як я павінен паступіць?“ Павінен сказаць, што Майкл Пампеа — прыстойны чалавек. Ды і Болтан. Яны кажуць: „Мы разумеем“. І на гэтым тэма была закрыта», — расказаў Прэзідэнт.

Напрыканцы ён падзякаваў журналістам за размову. І прапанаваў прадстаўнікам заходніх СМІ «папрацаваць з Зяленскім» і перадаць яму слушную параду: «Не трэба адпіхвацца ад Еўропы, ад Амерыкі. Яны ўсё ж падтрымлівалі яго, і ён ім абавязаны. Але трэба трошкі сюды павярнуцца і заняць больш незалежную прагматычную пазіцыю ў інтарэсах украінскага народа і будучыні Украіны». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вельмі шмат сёння залежыць ад украінскага боку. Прэзідэнт згадаў нядаўнія паездкі Уладзіміра Зяленскага па краінах Заходняй Еўропы, дзе яму апладзіравалі і віталі крыкамі «ура». «А памятаеце: Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў — „Горбі! Горбі!“ (так коратка называлі Гарбачова на Захадзе), Ельцын — у Амерыцы, там рагаталі, апладзіравалі. І тыя лідары, якім апладзіравалі і крычалі „ура“ на Захадзе, дрэнна заканчвалі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Валерыя СЦЯЦКО

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.