Вы тут

«Два пачаткі. Вытокі зямнога»: выставу скульптуры, графікі і фатаграфіі маладых мастакоў можна наведаць у Мінску


Кожны з нас так ці інакш вандруе ў пошуках чаго-небудзь, няхай гэта будуць эмоцыі, уражанні, цікавыя падзеі або незвычайныя рэчы. «Натуральная і патрэба зафіксаваць, увасобіць свае ўяўленні аб прыгажосці і дабрабыце. На жаль, у сучаснай мітусні мы не заўсёды паспяваем звяртаць увагу на прыгожае і незвычайнае вакол. Стаць уважлівей да таго, што нас акружае, запрашае творчы тандэм Дзмітрыя Комлева і Марыны Баранчык-Красоўскай», — такім чынам арганізатары прадстаўляюць першую персанальную выстаўку гэтых двух маладых мастакоў. Экспазіцыя скульптуры, графікі і фатаграфіі розных перыядаў творчасці пад назвай «Два пачаткі. Вытокі зямнога» працуе ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва.


Фрагмент экспазіцыі.

Аўтары імкнуцца паказаць у сваіх работах як простыя назіранні, так і алегарычныя ўяўленні аб прыгажосці навакольнага свету. Адбываецца гэта шляхам злучэння ў вобразах зямнога і фантастычнага. Так, у творах пераважаюць прыродныя матывы з прымешкай міфалогіі, этнікі і сімвалізму.

Дзмітрый Комлеў і Марына Баранчык-Красоўская працуюць з рознымі матэрыяламі, але ў іх творах прасочваецца падобная тэматыка. У скульптуры гэта анімалістыка, дзе побач са знаёмымі глядач бачыць выдуманых істот фантастычнай прыгажосці. Графіка — адлюстраванне ўсяго жывога, што ўразіла творцу, у тым ліку вобраз чалавека. Дапаўняе экспазіцыю невялікі фотаматэрыял пейзажнага кірунку і некаторых жывых аб’ектаў.

Марына Баранчык-Красоўская «Вартавы неба», 2021 г.

— Мне вельмі імпануе спалучэнне станковага і дэкаратыўнага мастацтва, — адзначыла падчас адкрыцця выстаўкі «Два пачаткі. Вытокі зямнога» мастацтвазнаўца Ларыса Фількенштэйн. — Уласна кажучы, гэта канцэпцыя маёй галерыі «Брама», якой хутка споўніцца 30 гадоў. Я не ведаю, ці маюць пра яе паняцце гэтыя маладыя мастакі і ці так яны фармулююць сваё своеасаблівае аб’яднанне, магчыма, што і ніяк не фармулююць. Аднак атрымалася прыгожае спалучэнне. Здорава, калі на сценах малюнкі, а ў прасторы не толькі традыцыйная станковая скульптура, але і дэкаратыўнае мастацтва, якое пэўны час лічылася другім сортам. З кожным разам мы пераконваемся, што гэта не так. Розныя стылі і віды мастацтва, якія традыцыйна не спалучаюць, даюць вельмі жывы і свежы, цікавы эфект. У гэтай зале найперш мы заўважаем вынаходлівасць творцаў.

Адзін з аўтараў — Дзмітрый Комлеў — нарадзіўся ў Мінску ў 1988 годзе. Скончыў Мінскую дзяржаўную гімназію каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (кафедра скульптуры). З 2006 года — удзельнік Рэспубліканскіх мастацкіх студэнцкіх і маладзёжных выставак, з 2007-га — творчых міжнародных пленэраў і сімпозіумаў. У іх ліку — гарадскі пленэр-практыка па камені «Легенды Лагойска» ў 2008-м і пленэр па камені «Трыумф жыцця» для асяроддзя горада (Бараўляны, 2016—2017 гг.). У экспазіцыі, што размясцілася ў галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, большая частка работ — аўтарства менавіта Дзмітрыя Комлева. Найперш звяртае на сябе ўвагу серыя, прысвечаная самым разнастайным птушыным гнёздам.

Дзмітрый Комлеў «Паляванне», 2015 г

— Можна правесці шмат паралелей. Гняздо — дом і зараджэнне жыцця. Як людзі, птушкі будуюць розныя дамы. Важна паказаць уменне канкрэтнага або выдуманага віду пабудаваць гняздо з нічога, — адзначае мастак.

Аўтару ўдалося не паўтарыць самога сябе: кожная скульптура выключная і, як здаецца, недаўгавечная. Сапраўды, матыў нараджэння, унікальнасці і каштоўнасці крохкага жыцця прасочваецца ў большасці скульптурных, графічных і фотаработ маладога творцы. Глядач адчувае гэты жыццесвярджальны пасыл найперш у цёмным камені, светлым дрэве, іржавым зварным метале; у абстрактных і канкрэтных вобразах, у плаўных лініях і рэзкіх пераходах.

Уражваюць не толькі скульптурныя кампазіцыі, але і графіка. У карцінах «Птушкі. Чайкі» (2016), «Птушкі. Відавая разнастайнасць» (2016), «Качка ў траве» (2021), «Кайманавая чарапаха» (2014), «Насякомыя на кветках» (2021) прасочваецца талент тонкага назіральніка, схільнага ўбачыць непрыкметныя дэталі, схаваныя ад вока мінака дробязі. Гэты так званы «незамылены погляд» вабіць сваёй дзесьці невыразнасцю, а часам і паспешнасцю, нібыта зафіксаваць кожны момант, схапіць той ці іншы вобраз было надзвычай складанай справай. Пры любых абставінах трэба спяшацца, паскарацца і адначасова ўмець чакаць. Відавочна, Дзмітрый Комлеў здольны і на тое, і на тое, і ўсё ж бліжэй яму — павольнасць, сузіранне, любаванне (што ясна выяўлена ва ўсіх фатаграфіях без выключэння).

Дзмітрый Комлеў «Плынь».

Прытым вобразы чалавека — а ў графіцы гэта толькі адзін «Эцюд аголенай натуры» (2011) — арыгінальнасцю не вылучаюцца: прыгожыя жаночыя целы, варыянты паставы натуршчыц — і толькі. Ва ўсім гэтым не счытваецца асоба, яе характар і настрой. Гэта зусім не супярэчыць канцэпцыі аўтара, аднак эцюд выглядае лішнім у экспазіцыі, хоць, відавочна, служыць дапаўненнем да часткі, звязанай з цялесным і пачуццёвым (кампазіцыі з дрэва «Empty» 2019-га ды «Імгненне» 2021-га, выкананыя з выкарыстаннем каменю).

Праяўляе аўтар сябе як цікавы акварэліст: работы «Луток. Аржанка. Сойка» (2007), «Лань» (2009), «Хамелеон» (2010) адрозніваюцца адна ад адной і па колеравым рашэнні, і па кампазіцыі. Аднак кожная — нібы яркая (часцей у пераносным значэнні гэтага слова) ілюстрацыя да нейкага дзівоснага апавядання, якое яшчэ мусіць быць напісаным.

***

Марына Баранчык-Красоўская нарадзілася ў Мінску ў 1992 годзе. Вучылася ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя Аляксея Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра скульптуры). З 2018 да 2020 года выкладала скульптуру ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Удзельніца міжнародных фестываляў і конкурсаў. Шмат разоў прадстаўляла свае работы на міжнародным зімнім фестывалі «Гіпербарэя» ў Петразаводску.

Марына Баранчык-Красоўская «Хамелеон», 2018 г.

Работы мастачкі больш фантастычныя — яна спрабуе паказаць новы свет, іншую рэальнасць, хоць і не такую далёкую ад знаёмай гледачу. Прыроду Дзмітрыя Комлева дапаўняе не меней жывы і насычаны космас Марыны Баранчык-Красоўскай.

— Мы з Дзмітрыем даўно знаёмыя: вучыліся разам у акадэміі, хоць ён на пару курсаў раней. Немагчыма было не заўважыць, што мы блізкія па духу, — расказала мастачка. — Дадзеная экспазіцыя рыхтавалася з вясны, і мы, натуральна, вельмі ўдзячны галерэі за магчымасць паказаць свае работы.

Нешматлікія работы гэтага скульптура, за выключэннем адной гіпсавай, выкананы з бронзы. Матэрыял апраўдвае ідэю: Марына Баранчык-Красоўская стварыла пераважна масіўных істот, і найперш гэта выдуманыя звяры, адлюстраваныя ў кампазіцыях «Крок у цішыні» (2021), «Вартавы неба» (2021), а таксама гіпсавым «Ціхаходзе» (2020), які ідэйна нічым не адрозніваецца ад вышэйназваных. Героі ўнушальных маштабаў, з шасцю доўгімі канечнасцямі нагадваюць асаблівыя мікрасусветы, якія існуюць па сваіх законах. Звярнулася мастачка і да рэалізму, што выяўлена ў творах «Сябар» (2017), «Позех» (2017) і «Хамелеон» (2018). Тут ужо нават бегемот выглядае не вельмі вялікай жывёлай, не кажучы ўжо пра невялічкага хамелеона і звычайнага памеру таксу. Творчы почырк ва ўсіх шасці скульптурах адрозніваецца. Відаць, аўтар спрабуе сябе, а жанр анімалістыкі падыходзіць для такіх эксперыментаў як мага лепш. Агульнае адно — непрыхаваная любоў да жывога, і нават назва «Сябар» кампазіцыі з мілай таксай не выглядае банальнай ці непатрэбнай. Між іншым, пераканаўчыя вобразы Марыны Баранчык-Красоўскай маюць магчымасць стаць упрыгажэннем гарадской прасторы, на што сама мастачка, магчыма, спадзяецца, аб чым сведчыць у тым ліку ўдзел у спецыялізаваных спаборніцтвах, такіх як, напрыклад, адкрыты фестываль-конкурс снежна-ледзяных скульптур «Чароўны лёд Сібіры».

Марына Баранчык-Красоўская «Крок у цішыні», 2021 г.

«Аўтарам выстаўкі важна не толькі выклікаць станоўчыя эмоцыі і пачуццё гармоніі ў гледача, але і звярнуць яго ўвагу на важнасць захавання таго, што нас акружае, заахвоціць беражліва ставіцца да прыроды, — прыкмячаюць стваральнікі экспазіцыі ў галерэі Леаніда Шчамялёва. — Умець атрымліваць асалоду ад кожнай дробязі і заставацца ў балансе з самім сабой — гэта галоўныя арыенціры, якія Дзмітрый Комлеў і Марына Баранчык-Красоўская імкнуцца выказаць у сваёй творчасці. Гэта запавет, які яны пакідаюць кожнаму наведвальніку», — адзначаюць арганізатары. Пазнаёміцца з праектам на Рэвалюцыйнай, 10 можна да 12 верасня.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.