Вы тут

Фільм «Авантуры Пранціша Вырвіча» выйдзе і на беларускай мове


Кіно ў эпоху каранавіруса... Калісьці гэтай тэме будуць прысвечаны цэлыя даследаванні. Як спыняліся праекты, людзі пераставалі хадзіць у кінатэатры... А кіно, тым не менш, жыло.


Зрэшты, адзін з важных праектаў кінастудыі «Беларусьфільм» паспеў выйсці да публікі якраз перад тым, як быў аб’яўлены першы каранцін. Гаворка пра фільм «Авантуры Пранціша Вырвіча» па рамане сучаснай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Быў адзняты і так званы «поўны метр» — стужка для кінатэатраў, і серыял з чатырох серый, прызначаны для паказу на тэлеканалах. Адбыўся перадпаказ для прэсы, а рэспубліканская прэм’ера вымушана была адкладзена. Перадпаказ завяршыўся важнай абвесткай, агучанай дырэктарам «Беларусьфільма» Уладзімірам Карачэўскім: стужка будзе мець і беларускамоўны варыянт.

Сёння кінастудыя ажывае, тут запускаюцца новыя праекты... Вярнуліся і да тых задум, якія былі адкладзены.

— Праект, над якім мы цяпер працуем, а менавіта выхад фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча» на беларускай мове, планаваўся даўно, але прыступіць да яго рэалізацыі з-за ўсіх «ковідных» абставін мы змаглі толькі цяпер, — расказвае вядучы рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм» Таццяна Команава. — Сцэнарый пісаўся Валянцінам Залужным на рускай мове па беларускамоўным рамане, каб мець магчымасць прадставіць і твор, і фільм на рускамоўны рынак. Але калі фільм завяршылі, мы зразумелі, што нам хочацца, каб быў і беларускамоўны аналаг. Каб мы маглі адчуць усю сакавітасць мовы, каларыт XVІІІ стагоддзя, у якім, як піша аўтар Людміла Рублеўская, жылі і дзёрзкія шкаляры, і прыўкрасныя дамы, і рыцары, і фанабэрыстыя магнаты... Мова дае дадатковае адчуванне каларыту, адчуванне псіхалогіі тых людзей, якія жылі ў нашай краіне некалькі
стагоддзяў таму.

— Прэм’ера фільма, наколькі можна зразумець з абвестак кінастудыі, плануецца на кастрычнік...

— Мы разлічваем, што цяпер кінапракат актыўна ўключыцца ў наша жыццё, і першыя беларускамоўныя крокі фільм зробіць якраз у поўным метры, а не ў тэлевізійным серыяле. Магчымасць убачыць яго ва ўсіх кінатэатрах стане сапраўднай кінападзеяй. Хочацца, каб глядач найперш сустрэўся з фільмам не як з «тэлепрадуктам» пад дамашнюю вячэру. Каб прагляд стужкі стаў магчымасцю нейкага культурнага выхаду ў свет, які можна здзейсніць сяброўскай кампаніяй ці сям’ёй. Фільм касцюміраваны, прыгожы. Яго варта ўбачыць найперш на вялікім экране, а не на смартфоне ці планшэце.

— Рускамоўная і беларускамоўная версіі будуць аднолькава цікавыя гледачам?

— Мне падаецца, людзі самі выберуць тое, да чаго ляжыць душа. Камусьці, верагодна, акажацца прасцей паглядзець на рускай. Хтосьці, наадварот, пойдзе на беларускамоўны варыянт, нават не ведаючы мовы, каб пагрузіцца ў атмасферу беларускай гісторыі і потым, магчыма, паглядзець рускамоўную версію, калі штосьці будзе незразумелае. А яшчэ лепш звярнуцца да самой першаасновы — рамана. Думаю, гэта вельмі цікавая і «маркетынгавая» гісторыя — магчыма, пасля фільма нехта захоча пашукаць інфармацыю, хто такія Агінскія, Чартарыйскія, Сапегі, што сапраўды адбывалася ў той гістарычны перыяд на Беларусі. Кагосьці зацікавіць літаратурная падаплёка. Можа, хтосьці не ведаў, хто такая аўтар рамана Людміла Рублеўская, і зразумее, што акрамя Уладзіміра Караткевіча, якога ведаюць усе са школы, у сучаснай беларускай літаратуры шмат іншых цікавых аўтараў, што звяртаюцца да гістарычнай тэматыкі. Я думаю, у любым выпадку, на якой бы мове вы яго ні паглядзелі, гэты фільм мусіць абудзіць цікавасць да беларускай гсторыі. Мне здаецца, гэта звышзадача, якую кінастудыя фільмам перад сабой паставіла. І спадзяюся, мы яе выканалі.

Над агучваннем фільма на беларускай мове група працуе з вялікім энтузіязмам, намагаючыся зрабіць мову персанажаў сакавітай, каларытнай. А паралельна на кінастудыі адбываюцца іншыя праекты.

—У актыўнай здымачнай фазе два фільмы, — расказвае Таццяна Команава. — Першы — васьмісерыйны фільм пад рабочай назвай «Полымя пад попелам», гэта праект рэжысёра Івана Паўлава. У ім два гістарычныя перыяды. Кінастудыя ўвесь час звяртаецца да ваеннай тэматыкі, але тут гісторыя па сутнасці не ваенная, а пасляваеннага перыяду. Гісторыя пра тое, як маладыя людзі, якія з-за ўзросту не паспелі трапіць на фронт, аднаўляюць краіну пасля вайны. Яны добраахвотнікамі пайшлі размініраваць тэрыторыю Беларусі. І сучасная лінія — гісторыя сучасных ваенных, якія і да гэтага часу, праз дзесяцігоддзі, размініруюць беларускую зямлю, у іх бывае па некалькі соцень выклікаў на год на абясшкоджванне мін, снарадаў, якія ляжаць у зямлі з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Мы не думаем у мірны час, што такое ёсць побач з намі, а рэха вайны не сціхае. Праект мусіць быць скончаны ў 2022 годзе. А ўжо ў канцы гэтага года нашы гледачы ўбачаць маладзёжны альманах аўтараў і рэжысёраў-дэбютантаў Андрэя Грынько і Дзмітрыя Дзядка пад назвай «Гэта я, Мінск». Фільм прысвечаны нашай сталіцы, — гэта позірк на яе людзей зусім маладых, якія здымаюць свой першы поўны метр у гульнявым кіно.

Святлана ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.