Вы тут

«У сэнсе, у чым цікавасць? Гэта ж Крэва, Крэўскі замак!» Як смаргонскія музейшчыкі прыцягваюць увагу турыстаў


У двух кіламетрах ад трасы М-7, якая злучае Мінск і Вільнюс, дзеецца сучасная гісторыя ў рамках захавання гістарычнай спадчыны. Тут размясціўся ціхі і невялічкі аграгарадок Крэва — некалі гарачая франтавая кропка Першай сусветнай вайны, а да гэтага — месца змовы супраць вялікіх літоўскіх князёў Кейстута і ягонага сына Вітаўта… Цэнтрам мястэчка з’яўляецца старажытны каменны замак, які так і завецца — Крэўскі. Менавіта яго з асаблівым трапятаннем аднаўляюць беларускія гісторыкі, смаргонскія музейшчыкі і мясцовыя будаўнікі.


Сцены, галерэі, сажалка

Нядаўна тут завяршыўся адзін з ключавых этапаў па аднаўленні — узвялі паўночна-ўсходнюю сцяну і ўсталявалі галоўныя вароты. Хоць работы па кансервацыі з рэстаўрацыяй гістарычнага аб’екта пачаліся чатыры гады таму, праекты падрыхтоўваліся яшчэ ў 2014 годзе. Ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама растлумачылі, што зараз ідзе экспертыза праектна-каштарыснай дакументацыі па кансервацыі астатніх сцен.

Зараз па паўднёва-ўсходняй сцяне праводзяцца архэалагічныя работы, каб дасканала абследаваць падмуркі. Спецыялісты павінны ведаць, дзе трэба падмацаваць сцены, бо іх вага пасля ўзвядзення павялічыцца ў разы і таму трэба забяспечыць яе трываласць.

Дарэчы, усходняя сцяна — самая працяглая. Яе памер перавысіць сотню метраў у даўжыню, з якіх больш за палову прыйшлося зноўку пабудаваць, выкарыстоўваючы палявы камень і цэглу. Каля трох метраў — таўшчыня паўночна-ўсходняй сцяны. Яе максімальная вышыня сёння складае амаль 10 метраў.

Але першае, што заўважаеш, набліжаючыся да замка, — гэта Княжацкую вежу ці «Вежу Кейстута». Па праекце будынка іх дзве. Аднак другая размесціцца на ўзроўні сцен. Пасля таго як іх адновяць, там размесцяць музейную экспазіцыю.

Разам з галоўнай вежай, пад часовым пакрыццём хаваюцца баявыя галерэі. Пазней яны павінны стаць чымсьці накшталт назіральнай пляцоўкі. Вядомая справа, што першапачаткова галерэі ляжалі па ўсім перыметры сцен, аднак было вырашана адрэстаўраваць толькі частку. Таму паглядзець на мястэчка ці ўнутраную панараму замка можна будзе толькі з боку вежы Кейстута.

А вось сажалку, якая размяшчалася на тэрыторыі замка, наўрад ці будуць аднаўляць. Забалочанасць тэрыторыі і так замінае будаўнікам, а тут — адна вільготная рызыка. 

Статус замка і патэнцыял

Пра тое, якія ў Крэўскага замка перспектывы, мне паведаміла Алена БОБІНА, дырэктар Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. Перш за ўсё трэба адзначыць, што сектар гісторыі Крэўскага замка быў арганізаваны толькі ў чэрвені бягучага года па рашэнні Смаргонскага райвыканкама. Таму калектыву не хапае спецыялістаў, а вакансія экскурсавода і цяпер актуальная.

— З ліпеня мы ўжо пачалі абслугоўваць турыстаў. Было адпрацавана восем уводных дзён за якія тут, на Крэўскім замку, было зароблена 1700 рублёў, а аповед пра знакамітае мястэчка праслухала 1378 чалавек. То-бок крыху больш, чым за нядзелю, нас наведаў такі лік турыстаў. Гэта дэманструе небывалую цікавасць да гістарычнага аб’екту, — кажа суразмоўніца.

Прыязджаюць вандроўнікі з Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстану. Нядаўна былі госці з Венгрыі і Кітая. Па нашай жа краіне геаграфія вельмі шырокая і звыш паловы наведвальнікаў прыязджаюць у Крэва з Мінска ці Мінскага рэгіёна. Але і вобласці не шмат адстаюць. Сама, прагульваючыся каля замка, заўважаю брэсцкія, віцебскія і магілёўскія нумары на машынах…

Пытаюся ў дырэктара музея, у чым прычына такой цікавасці, а Алена Вячаславаўна глядзіць на мяне з непаразуменнем, маўляў, «у сэнсе, у чым цікавасць? — Гэта ж Крэва, Крэўскі замак. На яго проста заязджаюць і ўсе. Вы толькі ўявіце сабе, які тут турыстычны зварот, які гэта цікавы і важны аб’ект».

Сама Алена Бобіна, якая працуе на пасадзе дырэктара не шмат часу, расказвае пра свой унёск у разварочванні сітуацыі вакол замка. Спецыяліст паведаміла, што на працягу двух гадоў навучалася ў Нясвіжскай акадэміі, а палова працэсу вынаходніцтваў прайшла у Крэва. Яе дыпломная работа была прысвечана ідэнтыфікацыі і валарызацыі Крэўскага замка.

Каб я нічога не паблытала, спецыяліст тлумачыць, што ідэнтыфікацыя — гэта калі канстатуюцца тыя факты, якія ёсць і звязаныя з каштоўнасцю замка. У сваю чаргу валарызацыя— гэта калі мы выводзім яго архітэктурныя і гістарычная асаблівасці, праводзім іх аналіз, параўноўваем каштоўнасці з іншымі аб’ектамі.

— Гэтая дыпломная работа лягла ў аснову прапановы аб павышэнні катэгорыі Крэўскага замка, якая складалася на Міністэрства культуры. Справа ў тым, што такія замкі, як Лідскі і Гродзенскі мелі першую катэгорыю — статус помніка міжнароднага значэння, а Крэўскі адносіўся да другой катэгорыі і адпавядаў узроўню нацыянальнай каштоўнасці. Таму было крыўдна, што падобны важны і знакаміты аб’ект знаходзіцца ў такім занядбаным становішчы, — выказваецца дырэктар музея ў Смаргоні.

Пры тым Алена Вячаславаўна дадае, што праца тут праходзіць з задавальненнем. У яе атрымоўваецца часта сустракаць людзей, якія прапаноўваць нейкія спонсарскія паслугі, альбо ажыццяўляюць валанцёрскую дапамогу, фізічную ці матэрыяльную.

Як трапіць на экскурсію

Проста паглядзець на сцены і муры зараз у Крэўскі замак прыязджае шмат людзей. Там мне ўдалося прабыць дзень, а турыстычны паток не зыходзіў да самага вечару — у асноўным сем’і з дзецьмі, ці моладзь у групках. Крыху радзей — улюбёныя парачкі.

— Мы разумеем, што калі замак будзе адрэстаўраваны, то паток турыстаў стане яшчэ большым. Таму вельмі важна стварыць інфраструктуру, бо аграгарадку гэта можа надаць другое дыханне. Тут з’явяцца працоўныя месцы, будуць кавярні, рэстараны і гатэлі. Крэва — гэта не толькі Крэўскі замак, гэта мястэчка з вельмі цікавай гісторыяй і шмат якіх аб’ектаў тут ёсць побач. Таму важна паказаць гэта ўсё асобна, — заўважае экскурсавод.

Зараз дырэктар музея запрашае рэканструктараў, якія прыязджаюць сюды працаваць па нядзелях. Таму ў замку можна пакідаць сякеркі, пастраляць з лука, пафатаграфавацца ў касцюме XIV стагоддзя, а таксама выслухаць лекцыю па трансфармацыі баявога касцюма. 

Плануецца, што тут будзе створана нешта шматпланавае, каб людзі прыехалі не проста паглядзець на сцены, а паўдзельнічалі ў розных атракцыях. Таксама запрашаюцца адмысловыя рамеснікі, каб гэта было штосьці аўтэнтычнае ў духу старажытнага замку, а не простых сучасных дробязяў. Па рамёствах таксама могуць праводзіць майстар класы.

Па нядзелях экскурсіі на тэрыторыю замка праводзяць з 9.00 да 18.00 (гэты час працы музея). А вось у іншы дзень яе змогуць правесці толькі калі заказчыкі арганізуюць для супрацоўніка музея магчымасць дабрацца са Смаргоні ў Крэва і назад на працоўнае месца. Пакуль асобнага экскурсавода для замка няма. Нагадваем, што вакансія адкрытая.

Па папярэднім заказе даступная анімацыйная праграма «Цені Крэўскага замка». Усё гэта не ўваходзіць у кошт экскурсіі, а аплачваецца асобна на месцы. 

Экскурсія доўжыцца каля 40 хвілін. У яе ўваходзіць аповед пра тое, якім быў замак у старажытнасці, пра князёў — уладальнікаў замка; як падчас Першай сусветнай вайны праз Крэва праходзіла лінія фронту, а ў самім замку знаходзіліся ўмацаванні і агонь вялі непасрэдна па вежах; як ішла рэканструкцыя. 

Кошт экскурсіі для групы да дзесяці чалавек — 5 рублёў, ад 10 да 25 чалавек — 10 рублёў. Замовіць экскурсію можна па тэлефоне 8 (01592) 38849.

Для вялікіх груп экскурсіі просяць планаваць за тыдзень, але бывае, што ў прыватным парадку тэлефануюць і за дзень-два. Тады супрацоўнікам трэба разлічыць так, каб не было накладкі паміж мерапрыемствамі ў музеі і выездам у замак. Дырэктар Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея некалькі раз робіць акцэнт на тым, што тая справа, якой яны зараз займаюцца — вельмі важная. Пры тым, спецыяліст упэўнена, што ўсім павінна быць цікава развіваць замак, як турыстычны аб’ект. Цяпер гэта работа на перспектыву.


Да слова

Руіны Крэўскага замка маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Гэта адзін з самых старажытных замкаў на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Яго пабудову адносяць да XIV стагоддзя, некаторыя даследчыкі лічаць часам стварэння XIII стагоддзе. У 1383 годзе з яго ўдалося збегчы Вітаўту. Яго бацьку, Кейстута, прэтэндэнта на трон, задушылі ў замку па загадзе Ягайлы. 14 жніўня 1385 года там падпісалі Крэўскую унію, у выніку якой Вялікае Княства Літоўскае аб’ядналася з Польшчай пад уладай Ягайлы.

Замак прыйшоў у заняпад і быў закінуты ў XIX стагоддзі. Моцна разбурылі яго падчас Першай сусветнай вайны... Цяпер яго аднаўляюць за кошт Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, інвестыцыйнай праграмы. Толькі летась на рэстаўрацыю ўнікальнага помніка архітэктуры міжнароднага значэння было выдаткавана амаль мільён дзвесце тысяч рублёў. Гэта сродкі з рэспубліканскага бюджэту і Прэзідэнцкага фонду.

Аліса СКІБА


Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.