Вы тут

У Магілёве плануюць зрабіць плошчу і знак у гонар народнага адзінства


Разглядаецца пляцоўка каля Магілёўскага абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра і гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Атрыум». Ідэю з назвай і ўстаноўкай памятнага знака абмеркавалі на нядаўнім пасяджэнні гарадской тапанімічнай камісіі і горадабудаўнічага Савета.


Аўтар працуе над стварэннем памятнага знака.

У якасці альтэрнатывы разглядалася яшчэ і плошча Леніна, дзе знаходзіцца Дом Саветаў — помнік архітэктуры міжваеннага перыяду, аўтарам якога з'яўляецца Іосіф Лангбард. Будынак быў узведзены ў канцы 1930-х, калі Брэсцкая і Гродзенская вобласці знаходзіліся ў складзе Польшчы. Магілёў у той час збіраліся зрабіць сталіцай Беларусі. Вядомы магілёўскі гісторык Мікалай Барысенка лічыць, што гэта плошча найбольш дакладна перадае дух тых часоў і вельмі цесна звязана з падзеямі 1939 года. Дарэчы, кажуць, што плошча не мае афіцыйнай назвы. Маўляў, у гонар Леніна яе сталі называць проста ў народзе, і назва прыжылася.

Між тым адкрыццё памятнага знака, прысвечанага Дню народнага адзінства, паводле плана мерапрыемстваў вобласці «Беларусь — адзіная: адзінства, развіццё, незалежнасць», прымеркаваных да новага свята, адбудзецца на пляцоўцы каля лячэбна-дыягнастычнага цэнтра (на фота). Дата яго прэзентацыі — 17 верасня. Над стварэннем знака працуе магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў. Кампазіцыя, паводле яго слоў, будзе ўяўляць сабой трохметровую ў вышыню і метровую ў шырыню стэлу ў выглядзе валошкі з шасцю пялёсткамі зверху і арнаментам беларускага сцяга знізу.

— Шэсць пялёсткаў — гэта шэсць абласцей, з якіх складаецца Беларусь, — кажа Аляксандр. — Для мяне тэма адзінства — гэта тэма Радзімы. Я нарадзіўся ў Беларусі і вельмі люблю сваю краіну. Яна асацыюецца ў мяне менавіта з гэтай палявой кветкай, вельмі простай, але сімвалічнай. Нехта кажа, што гэта вельмі прыземлены вобраз, але ж мы ўсе дзеці зямлі. Спачатку была ідэя зрабіць на стэле яшчэ і каласкі, дзе зярняткі — гэта быццам бы людзі. Шэсць каласкоў — шэсць абласцей, але вырашылі ўсё ж пакінуць толькі валошку. Лаканічнасць твора лепш перадасць яго сэнсавую нагрузку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваецца ўральскі граніт. Гэты камень найбольш удала перадасць глыбіню ўсёй кампазіцыі.

Аляксандр Мінькоў — нязменны ўдзельнік выставачных праектаў і пленэраў «Каменная кветка», яго работы ўпрыгожваюць паркі Магілёва ды іншых гарадоў вобласці. Летась у Бялынічах напярэдадні Дня пісьменства была ўстаноўлена яго скульптура «З'ява іконы» ў выглядзе гранітнага анёла з іконай Божай Маці на грудзях.

У плане па святкаванні Дня народнага адзінства ў Магілёўскай вобласці шмат розных мерапрыемстваў, пачынаючы ад пасадкі памятных алей, аўта- і велапрабегаў, конкурсаў дзіцячага малюнка, урокаў патрыятычнага выхавання і заканчваючы круглымі сталамі, дыялогавымі пляцоўкамі, навядзеннем парадку на сацыяльна значных аб'ектах.

Па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Марыны Клепчуковай, будзе шмат канцэртаў з удзелам прафесійных і аматарскіх творчых калектываў.

— Сёмага верасня ў Магілёве пройдзе вялікая абласная канферэнцыя з удзелам вядучых палітолагаў, — падзяліўся планамі начальнік упраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алег Корапаў. — Акрамя гэтага, рыхтуем вялікі ўрачысты сход і канцэрт, якія адбудуцца 16 верасня. Свята новае, база толькі напрацоўваецца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: І валошка як сімвал.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.