Паводле аператыўных даных, з прычыны праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру (большымі за 25 м/с) 17 жніўня пацярпеў 31 населены пункт у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, а таксама Мінск, паведамляе МНС.
У выніку на тэрыторыі Мінскай вобласці адбыліся падзенні дрэў. Ратавальнікі больш за 30 разоў выязджалі на распілоўку дрэў у Вілейскім, Клецкім, Крупскім, Мінскім, Пухавіцкім, Уздзенскім, Маладзечанскім, Капыльскім, Валожынскім, Дзяржынскім раёнах. У Мінскім раёне ў выніку падзення дрэва пацярпеў пенсіянер. Мужчыне аказалі дапамогу мясцовыя жыхары, ён быў дастаўлены ў бальніцу.
У гэты дзень былі пашкоджаны дахі 32 жылых дамоў, 23 сельскагаспадарчыя будынкі ў Вілейскім, Крупскім, Уздзенскім, Маладзечанскім, Капыльскім, Дзяржынскім і Мінскім раёнах.
Стыхія закранула і Віцебшчыну: Чашніцкі, Гарадоцкі, Віцебскі, Бешанковіцкі раёны, а таксама абласны цэнтр. Ратавальнікамі і іншымі службамі праводзіліся аднаўленчыя работы.
Пашкоджаны дахі 22 шматкватэрных і прыватных жылых дамоў, 15 аб'ектаў сельскагаспадарчага прызначэння, аднаго вытворчага памяшкання. Зафіксаваныя 160 выпадкаў падзенняў дрэў, пашкоджаны 21 легкавы аўтамабіль. Для ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнута 18 адзінак аварыйна-выратавальнай тэхнікі і больш за 60 чалавек асабовага складу падраздзяленняў МНС вобласці.
Па даных «Віцебскэнерга», былі зафіксаваны адключэнні электразабеспячэння ў 511 населеных пунктах вобласці.
У Новалукомлі паваленым дрэвам прыціснула мясцовую жыхарку. Яна была дастаўлена ў бальніцу. Цяпер яе здароўю нічога не пагражае.
У Віцебскім раёне былі часткова пашкоджаны дахі птушнікаў і складскіх будынкаў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі.
У Мінску былі зафіксаваныя інтэнсіўнае выпадзенне ападкаў у выглядзе дажджу (па горадзе выпала месцамі ад 10 да 20 мм) і моцны вецер парывамі да 15 м/с.
У выніку непагадзі адбылося частковае падтопліванне праезных частак і абмежаванне руху грамадскага транспарту (тры аўтобусныя, 18 тралейбусных і пяць трамвайных маршрутаў).
Работнікі МНС выязджалі на аказанне дапамогі па распілоўцы дрэў, якія зваліліся (49 выпадкаў) на праезныя часткі і аўтамабілі (23 транспартныя сродкі пашкоджаны), у адным выпадку — па дэмантажы аварыйных лістоў бляхі з даху жылога дома.
З-за непагадзі адбылося падзенне двух білбордаў на скрыжаванні вуліц Глебкі і Матусевіча і на праспекце Дзяржынскага, а таксама адной дзіцячай пластыкавай гульнявой пляцоўкі на праспекце Пераможцаў.
Сяргей РАСОЛЬКА
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.