Вы тут

Чаму знікае вада з кранаў


Беларусь, якую часта называюць Сінявокай, заўжды пазіцыяніравалася як краіна лясоў ды рэк, і недахопу ў гэтых рэсурсах у нас не назіралася. Да апошніх гадоў. З-за анамальна гарачага надвор'я ўзровень падземных крыніц, з якіх сілкуецца большасць водаправодных сістэм краіны, значна панізіўся. Акрамя таго, абмялелі рэкі, вада знікла з многіх калодзежаў, у невялікіх населеных пунктах і нават райцэнтрах часам назіраюцца перабоі з вадой. Дзесьці яна не даходзіць да верхніх паверхаў у пэўныя гадзіны сутак, а дзесьці — яе не было ўвогуле тыдзень. Як, напрыклад, у аграгарадку Ярэмічы Карэліцкага раёна, адкуль да нас звярнуліся з праблемай жыхары, якіх абвінавацілі ў празмерным паліве агародаў і сказалі, што з-за гэтага вада і знікла. Што насамрэч здарылася з вадой, чаму і куды яна падзелася, што рабіць, каб яе захаваць, і ці дапамагаюць станцыі абезжалезвання ў вырашэнні воднага пытання, карэспандэнт «Звязды» высвятляла ў спецыялістаў.


«Гараб'і калодзеж абярнулі»

Вады ў кранах і каналізацыі на верхніх паверхах некаторых двухпавярховікаў і трохпавярховіка аграгарадка Ярэмічы не было цэлы тыдзень. На першых паверхах невялічкі напор быў, так што суседзяў ратавалі. Аднак на вуліцах Маладзёжнай і Палявой вады не было нават у аднапавярховіках. Частка сетак тут належыць камунальнікам раёна, а частка — калгасу. Праблема з адсутнасцю вады была менавіта ў тых жыхароў, чые водаправодныя сістэмы знаходзяцца на балансе гаспадаркі. Асабістыя лічыльнікі на ваду тут ёсць далёка не ва ўсіх, таму, як высветлілася, несумленныя жыхары сапраўды гэтым карысталіся — палівалі грады, падключыўшы шланг проста да водаправода. Але ж ёсць і тыя, хто расходуе кубалітры для паліву адпаведна з сумай на лічыльніку.

Скажу адразу, шукаць правых і вінаватых я не збіралася, паколькі праблема з перабоямі вады ў краіне сапраўды ёсць, і вырашаць яе, як думаецца, трэба агульнымі намаганнямі, таму выслухала ўсе датычныя да «воднай» гісторыі бакі.

— Вады ў кранах не было тыдзень, а камунальнікі гавораць, што гэта мы самі вінаватыя, бо агароды палівалі. Ды яшчэ кажуць, што многія незаконна ўрэзаліся ў водаправод, знайшлі ў людзей на градах шлангі. Я тут жыву 15 гадоў, і мы заўжды агароды палівалі. І лічыльнік у нас на доме стаіць — сума пасля на ўсе кватэры дзеліцца, мы ўсё роўна за яе заплацім, — расказала Ала, жыхарка аграгарадка Ярэмічы. — Пасля нашых скаргаў прыехалі спецыялісты, вінаватых адшукалі, людзі шлангі прыбралі — усе, нават хто па лічыльніках паліваў, але ж вада так і не з'явілася. А на ўсе нашы звароты на «гарачую» лінію чулі толькі адно: чакайце адказу. Атрымліваецца, як у той прыказцы: «гараб'і калодзеж абярнулі».

Згодна з законам «Аб пітным водазабеспячэнні», забеспячэнне жыхароў дадзеным рэсурсам знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, заўважыла ў адказ на агучаную праблему Марына ТОЎСЦІК, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ:

— Водазабеспячэнне абанентаў і спажыўцоў у перыяд анамальных тэмператур патрабуе асаблівай увагі і тэхнічнай падрыхтоўкі сістэм водазабеспячэння арганізацыямі, якія аказваюць паслугі водазабеспячэння. Пры гэтым вельмі важна наладзіць тлумачальную работу з насельніцтвам і юрыдычнымі асобамі, каб выключыць або мінімізаваць нязручнасці карыстальнікаў цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння ў гарачы перыяд.

Непасрэднай забароны на водаспажыванне для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі ў заканадаўстве няма. Чаму ж тады людзей вінавацяць у тым, што яны паліваюць агароды?

— Забароны няма, аднак законам вызначаны прыярытэт выкарыстання падземных водаў для пітных патрэб перад інакшым іх выкарыстаннем, — абазначыла Марына Тоўсцік. — У артыкуле 38 Воднага кодэкса Беларусі вызначаны мэты карыстання воднымі аб'ектамі, і адна з іх — выкарыстанне для гаспадарча-пітных патрэб. А згодна з артыкулам 39, для гэтых патрэб могуць выкарыстоўвацца паверхневыя і падземныя воды, якасць вады ў якіх адпавядае гігіенічным нарматывам бяспекі. Падчас анамальна гарачага надвор'я трэба асабліва рацыянальна падыходзіць да выкарыстання вады, бо яна набывае асабліва высокую значнасць.

Водазаборы не бяздонныя

Што адбываецца з вадой на Карэліччыне (Ярэмічы — не адзінае мястэчка раёна, дзе ў вадаправодах дэфіцыт вады), расказалі кіраўнікі мясцовых органаў, на балансе якіх знаходзяцца водныя сеткі. Яны разлічвалі, што водаразбор павялічыцца ў 1,5-2 разы, аднак на справе гэтая лічба аказалася ў разы вышэйшая.

— Па камунальных водаправодах праблем у раёне няма. Каля 85 % жыхароў мае лічыльнікі. Аднак падчас спёкі водаразбор вялікі, ідзе масавы паліў, таму і здараюцца збоі, — тлумачыць Аляксандр РУДАК, дырэктар Карэліцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі.  Але ж водазаборы не бяздонныя. Мы просім людзей ставіцца да расходу вады з розумам. Водаправодная сістэма сілкуецца ад падземных ваданосных пластоў, а пры такім надвор'і памяншаюцца іх аб'ёмы і ўзровень падземных водаў падае. У выніку помпы выхопліваюць са свідравін не ваду, а паветра. Абсталяванне псуецца і ціск падае, з вадой узнікаюць перабоі. Свідравіна не можа даць больш, чым у ёй ёсць. А жыхары стараюцца максімальна паліць грады, і ваду бяруць адкуль? З водаправода.

Помпы ўвесь гэты час працуюць на поўнай магутнасці, аднак яны не паспяваюць выпампоўваць ваду з нетраў, таму пэўны час яе і не было, растлумачыў Аляксандр ЛЕЙКА, старшыня камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Царука»:

— Нам на нейкі час прыйшлося адключаць ад сеткі фермы, каб даць людзям ваду. Грунтовыя воды панізіліся, абмялеў і Нёман, нават калодзежы паперасыхалі. А яшчэ грамадзяне пачалі агароды паліваць актыўна. Мы ім тлумачылі, што расцягваць шлангі па градах нельга, бо вялікі перарасход вады атрымліваецца. Стаўце лічыльнікі і тады палівайце. А яшчэ ў нас некаторыя гаспадары на вуліцы, што пры Нёмане, павыкопвалі сабе цэлыя сажалкі на ўчастках і запаўняюць іх з водаправода, бо рака абмялела, уліку ж вады няма.

Лічыльнікаў вады на сетках, якія належаць гаспадарцы, няма. І за незаконныя ўрэзкі ў водаправод старшыня пакараць рублём не можа — гэта прэрагатыва ЖКГ. У Ярэмічах чатыры воданапорныя вежы. Ад дзвюх з іх сілкуюцца фермы і палова дамоў аграгарадка.

— Помпы мы не адключалі. Думалі, што недзе адбыўся прарыў трубаправода, калі вады не стала. Шукалі месца аварыі, але яе не было — проста вада не выпампоўвалася з нетраў. Трэба купляць помпу на запас, бо тая, што працуе бесперапынна, можа ў любы момант згарэць. Тады мы зможам аператыўна яе памяняць.

У раёне сёлета павінны збудаваць станцыю абезжалезвання. Па словах старшыні гаспадаркі, у ЖКГ ёсць запасная свідравіна, якую новымі водаправоднымі сеткамі злучаць са станцыяй. Тады нагрузка на вежы гаспадаркі паменшыцца, і сітуацыя з вадой у двухпавярховіках палепшыцца.

Дэфіцыту няма, аднак эканоміць варта

Дык ці існуе ў Беларусі дэфіцыт пітной вады і ці можа ён узнікнуць увогуле, можа, час пачынаць нервавацца? Агульнага закліку да эканоміі вады ў краіне, як гэта каторы год робяць у Амерыцы, у Беларусі няма. Наадварот, Мінпрыроды просіць гараджан паліваць саджанцы маладых дрэўцаў, каб тыя прыжыліся.

Згодна з данымі Дзяржаўнага воднага кадастру, водазабяспечанасць у сярэднім складае 6000 м3 на жыхара, што набліжана да сярэднееўрапейскіх паказчыкаў, адказаў Аляксандр СТАНКЕВІЧ, дырэктар Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Паверхневыя рэсурсы — вельмі дынамічны паказчык, і на працягу года іх характарыстыкі могуць моцна вагацца. Падземныя воды вызначаюцца больш стабільнымі характарыстыкамі. Тым не менш, у залежнасці ад тэмпературы паветра і колькасці ападкаў узроўні вады ў рэках і азёрах могуць рэзка павышацца ці памяншацца. Адпаведна, на асобных тэрыторыях краіны ў спякоту можа назірацца часовы дэфіцыт паверхневай вады. Аднак сёння і ў найбліжэйшай будучыні адсутнічае рызыка дэфіцыту падземных водаў для пітнога водазабеспячэння людзей.

Праблема вялікага дэфіцыту вады неактуальная для Беларусі, упэўнены і ў ЖКГ, спецыялісты якога абапіраюцца на звесткі Дзяржаўнага кадастру нетраў і падлічаныя і пераацэненыя запасы радовішчаў падземных водаў.

— Водныя аб'екты выкарыстоўваюцца на падставе дазволаў на спецыяльнае водакарыстанне ці комплексных прыродаахоўных дазволаў або дзяржаўнага акта на права адасобленага водакарыстання. Згодна з Водным кодэксам, забраныя паверхневыя воды ў аб'ёме 5 м3 і менш у суткі з прымяненнем водазаборных збудаванняў, а таксама здабытыя падземныя воды ў аб'ёме 5 м3 і менш у суткі з прымяненнем водазаборных збудаванняў могуць выкарыстоўвацца для паліву раслін ды паення жывёл ва ўмовах гарачага надвор'я, — падкрэсліла Марына Тоўсцік.

На месцах глядзяць на праблему воднага дэфіцыту больш гаспадарча і практычна.

— Людзі ў нас не лічаць пітную ваду і думаюць, што яна як мора. Яна ж на тое і пітная, каб яе піць, а не выліваць у агарод. Для гэтага можна браць ваду з рэк і сажалак. Запасы вады ўвогуле маюць тэндэнцыю да памяншэння. У спякоту яе трэба максімальна берагчы, — мяркуе Аляксандр Рудак.

Не скончылася, а перарасходавалася

Зразумела, што расход вады летам павялічваецца, аднак ці можа праз гэта яна ўвогуле знікнуць? Змены кліматычных умоў прывялі да ўздзеяння на прыродныя кампаненты, у тым ліку паўплывалі на ўзровень падземных вод, які значна панізіўся. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да змен у рэжыме работы цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, адзначыла Марына Тоўсцік:

— Няправільна казаць, што вада скончылася з-за яе перарасходу. Пэўны яе дэфіцыт узнік праз перавышэнне ўжывання над натуральным прыродным аднаўленнем водных запасаў. Падобная сітуацыя часовая і штогод назіраецца ў асобных рэгіёнах краіны. Асабліва гэтае пытанне актуальнае ў малых населеных пунктах, дзе спажыванне вады ўзрастае ў некалькі разоў за кошт прыезду людзей на адпачынак летам, агародніцтва і напаўнення ўласных басейнаў. У выніку паніжаецца ціск у сістэме і ўзнікаюць перабоі ў водазабеспячэнні. Да таго ж у краіне зношана 33,9 % водаправодных сетак, і падчас работы ў рэжыме максімальнага водаразбору яны могуць пашкоджвацца.

Водазабор з артэзіянскіх свідравін

Для бесперабойнага водазабеспячэння сваіх спажыўцоў арганізацыі, якія адказваюць за гэта, падымаюць ціск у водаправодных сетках, падключаюць рэзервовае абсталяванне і задзейнічаюць усе вытворчыя магутнасці. Акрамя таго, водаканалы пастаянна манітораць якасць падаванай у сетку вады, заўважыла прадстаўніца Мінжылкамгаса.

У найбольш выйгрышнай воднай сітуацыі знаходзіцца сталіца. Яна сілкуецца з пяці гарадскіх водазабораў, з якіх толькі на адным ёсць збудаванне водападрыхтоўкі. Чатыры водазаборы падаюць ваду з падземных крыніц без дадатковай водападрыхтоўкі, расказаў Антон ГАЛАСКОК, начальнік вытворчасці «Мінскводаправод» КУП «Мінскводаканал»:

— Астатнія аб'екты знаходзяцца за межамі горада, найбольш аддалены — за 60 кіламетраў ад Мінска. Самае складанае і буйное збудаванне — ачышчальная водаправодная станцыя, якая адзіная падрыхтоўвае ваду з паверхневых водаў.

Прадстаўнік Мінскводаправода дадае, што мэта да 2025 года забяспечыць усіх мінчан артэзіянскай вадой захоўваецца. Пры гэтым водаразборныя калонкі ў прыватным сектары сталіцы застануцца, дэманціраваць іх цэнтралізавана не будуць.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.