Вы тут

Прапановы па змяненні Канстытуцыі будуць накіраваны Прэзідэнту 22 ліпеня


Аб гэтым сёння заявіў старшыня Канстытуцыйнай камісіі, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, паведамляе БелТА.


«Сёння завяршаецца этап работы Канстытуцыйнай камісіі. Мы планава правялі дзевяць пасяджэнняў і ўзгаднілі тэкст змяненняў, які сёння вам (членам Канстытуцыйнай камісіі. — Заўвага БелТА) раздадзены. Гэты варыянт будзе накіраваны заўтра кіраўніку дзяржавы ва ўстаноўленым парадку», — сказаў Пётр Міклашэвіч.

Паводле яго слоў, усе раздзелы Асноўнага закона, магчымыя змяненні разгледжаны на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі. «Прапануецца ў канчатковым выніку ўнесці змяненні ў 59 артыкулаў Канстытуцыі, уключыць у Канстытуцыю 16 новых артыкулаў, выключыць два», — адзначыў старшыня Канстытуцыйнай камісіі.

Пётр Міклашэвіч падкрэсліў, што Канстытуцыйная камісія завяршыла распрацоўку прапаноў па змяненні Асноўнага закона ў адпаведнасці з графікам і ва ўстаноўлены тэрмін. «Да 1 жніўня 2021 года ўсе сфармуляваныя прапановы камісіі будуць прадстаўлены Прэзідэнту. У далейшым адбудзецца пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі з удзелам кіраўніка дзяржавы, на якім будуць разгледжаны заўвагі канцэптуальнага характару, выкладзеныя некаторымі членамі Канстытуцыйнай камісіі. Канчатковы варыянт змянення Канстытуцыі будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне і ў наступным з папраўкамі пасля ўсенароднага абмеркавання праект змяненняў Канстытуцыі будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум», — расказаў ён.


У Беларусі плануюць увесці новы праваабарончы інстытут — упаўнаважаны па правах чалавека.

«Прапануецца ўключыць у раздзел „Пракуратура, камітэт дзяржаўнага кантролю“ главу аб упаўнаважаным па правах чалавека з вызначэннем яго канстытуцыйнага статусу, парадку назначэння і асноўных паўнамоцтваў. Такім чынам уводзіцца новы праваабарончы інстытут у мэтах дадатковай гарантыі абароны правоў і свабод чалавека для эфектыўнай сувязі паміж грамадзянамі і ўладай у праваабарончай сферы», — расказаў Пётр Міклашэвіч.


Плануецца павысіць да 40 гадоў узроставы цэнз для выбрання на пасаду Прэзідэнта.

«У раздзеле „Прэзідэнт. Парламент. Урад“ прапанавана захаваць прэзідэнцкую форму праўлення. Для займання пасады прэзідэнта ўстанавіць больш высокі ўзроставы цэнз — 40 гадоў, цэнз аседласці — пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, цэнз грамадзянства — не мець грамадзянства замежнай дзяржавы», — сказаў Пётр Міклашэвіч.

На гэты момант Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які мае выбарчае права і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі.


У Беларусі прапануецца павялічыць тэрмін паўнамоцтваў парламента з чатырох да пяці гадоў.

«У раздзеле „Прэзідэнт. Парламент. Урад“ прапанавана ўдакладніць статус і функцыі Прэзідэнта, парламента і ўрада, пераразмеркаваўшы паўнамоцтвы названых органаў улады, зыходзячы з іх канстытуцыйных функцый. Вызначыць у поўным аб’ёме заканадаўчыя паўнамоцтвы парламента, пашырыць яго кантрольныя паўнамоцтвы і ўдзел у вырашэнні кадравых пытанняў. Павялічыць тэрмін паўнамоцтваў парламента з чатырох да пяці гадоў. Змяніць парадак правядзення сесій парламента — адна сесія з верасня па чэрвень на працягу года», — расказаў Пётр Міклашэвіч.

Прапануецца таксама пашырыць паўнамоцтвы ўрада і яго самастойнасць у прыняцці рашэнняў у сферы выканаўчай улады. «Замацаваць паўнамоцтвы ўрада ўносіць Прэзідэнту прапановы аб назначэнні і адкліканні дыпламатычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях. У мэтах павышэння самастойнасці ўрада выключыць права Прэзідэнта адмяняць акты ўрада», — адзначыў старшыня КК.


Шлюб прапануецца прапісаць у Канстытуцыі як саюз жанчыны і мужчыны.

«Па раздзеле „Асоба. Грамадства. Дзяржава“ прапанавана замацаваць сучасныя прынцыпы сацыяльнай дзяржавы, дзе даброты адбудуцца праз працу і кожны ўносіць пасільны ўклад у ажыццяўленне задач дзяржавы і грамадства. Устанавіць, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны, захаваць традыцыйныя каштоўнасці сям’і і шлюбу», — сказаў Пётр Міклашэвіч.

Нагадаем, што сёння прайшло дзявятае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі. На пасяджэнні падведзены вынікі работы Канстытуцыйнай камісіі па распрацоўцы прапаноў па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.