Вы тут

Вікторыя Алешка: Я зразумела, якая мая ніша як спявачкі


Дзесяць гадоў таму яна пачала спяваць шансон, а сваімі гледачамі называе тых, хто любіць песні з сэнсам. Сёння яна запатрабаваная спявачка, тэлевядучая, прымае ўдзел у шматлікіх праектах, выступае на радыё і тэлебачанні, актыўна запісвае новыя сінглы і выглядае маладзейшай за свой сапраўдны ўзрост. Пра тое, як трымацца ў форме і быць прыгожай, пра жаночае сяброўства і кошку Берту — у нашым эксклюзіўным інтэрв'ю з заслужанай артысткай Беларусі, экс-салісткай «Верасоў», уладальніцай медаля Францыска Скарыны і самага нізкага жаночага голасу — контральта — Вікторыяй Алешкай.


Фота Віталя МАТУСЕВІЧА.

— Найперш раскажыце пра сваю сям'ю...

— Цяпер у мяне не засталося родных людзей. Уся сям'я была з чатырох чалавек, уключаючы мяне: мама, бабуля і дзядуля. Але, на вялікі жаль, я засталася адна. Матулечка пайшла мінулым летам, у яе быў рак... Таму мне цяжка казаць пра сям'ю.

— ...Адыход у іншы свет самых родных — заўсёды горкая страта для чалавека, аднак яны ў нашых сэрцах і, хочацца верыць, радуюцца поспехам і дапамагаюць нам. Вікторыя, вы — хросная маці, а гэта таксама прыналежнасць да чыёйсьці сям'і. Раскажыце, як сталі яе часткай?

— У мяне два хрэснікі — дачка і сыночак. Няма ніякай асаблівай гісторыі ў тым, як я стала хроснай. Усё як звычайна. Мае сябры мне прапанавалі, я згадзілася.

— Вы сказалі неяк, што пасля разводу ўжо не ўпэўнены, ці зможаце даверыцца каму-небудзь. Прайшоў час, ваша меркаванне змянілася?

— Вядома, з гадамі погляды змяняюцца, час сцірае непрыемныя моманты, ты робішся мудрэйшым і ацэньваеш сітуацыю без эмоцый. Даверыцца можна, проста на гэта пойдзе значна больш часу, чым да негатыўнага досведу.

Разам з хрэсніцай Сафіяй.

— На вашу думку, які павінен быць мужчына?

— Самадастатковы, упэўнены ў сабе, добры, цікавы ў стасунках, пазітыўны, поўны кахання да мяне, вядома ж, які паважае маё меркаванне. І, безумоўна, мне патрэбны такі мужчына, які не здрадзіць і не ашукае.

— Існуе думка, што сапраўднага жаночага сяброўства не бывае. Згодны з такім меркаваннем?

— Мне сумна, што нехта так лічыць, таму што ў маім жыцці ёсць такое сяброўства. І я шчаслівая! Невымоўнае пачуццё, калі побач сяброўка, якая ўжо стала амаль сястрой. І ў сувязі з тым, што ў мяне родных людзей не засталося на Зямлі, я ўдзячная Богу, што ён даў мне магчымасць адчуваць любоў блізкага чалавека ў асобе маёй сяброўкі.

— Да пандэміі вы актыўна падарожнічалі. Якія месцы больш за ўсё запомніліся?

— Я люблю вандроўкі, гэта выдатная магчымасць перазагрузіцца эмацыянальна, набрацца сіл і натхнення для творчасці. Я палюбіла тыя краіны, дзе мне пашчасціла пабываць. Вылучыць якую-небудзь адну не магу.

— Назавіце любімыя месцы ў Мінску, дзе вам добра...

— Я люблю тыя з іх, дзе мне цудоўна са сваімі сябрамі і блізкімі, і дом свой люблю.

— Як праходзіць звычайны дзень артысткі Вікторыі Алешкі?

— Нічым я вас не здзіўлю, бо ўсё ў мяне па раскладзе, як у звычайнага чалавека, толькі з папраўкай на прафесію, а гэта, вядома ж, не кожны дзень: інтэрв'ю, здымкі ў тэлеперадачах, праектах, запісы на студыі, фотасесіі, здымкі кліпаў і гэтак далей.

— У вас ёсць незвычайнай прыгажосці кошка...

— Яна брытанскай пароды. Я хацела менавіта такую ў сувязі з яе асаблівасцямі: яны могуць падоўгу заставацца адны дома, асабліва не любяць, каб іх трымалі на руках, не патрабуюць шмат увагі. Але мне здаецца, што мая Берта не зусім такая, як апісваецца ў інтэрнэце. Калі я пару дзён адсутнічаю дома, яна вельмі нудзіцца, сварыцца на мяне па-свойму, калі я вяртаюся, нягледзячы на тое, што ежы хапае ў маю адсутнасць. Да чужых людзей ставіцца насцярожана. Можа шыпець, калі спрабуюць пагладзіць. Увогуле, я кашатніца: люблю гэтых мяккіх, далікатных і наравістых жывёл.

— Раскрыйце сакрэт, як удаецца падтрымліваць сябе ў добрай форме?

— Ніякага сакрэту няма. Імкнуся абмяжоўваць сябе ў салодкім, мучным, выконваць рэжым сну, займацца спортам і ўвогуле весці здаровы лад жыцця.

— Хто вам прыдумляе вобразы? Як ствараюцца вашы канцэртныя сукенкі? Гэта заўсёды вашы ідэі?

— Вобразы для кліпаў і для сцэны — гэта заўсёды калектыўная работа. Я працую з некалькімі беларускімі дызайнерамі і лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай. Завершаны вобраз — не толькі сукенка, але і макіяж, і прычоска — усё павінна быць гарманічна з песняй ці канцэртнай праграмай, калі гэта сольны канцэрт.

— Вы любіце гатаваць? Ці ёсць у вас каронная страва?

— Я не вельмі добры кулінар, але паесці люблю (смяецца). Кароннай стравай пахваліцца не магу.

— У вашай творчасці велізарнае месца цяпер займае шансон. З якога моманту вы зразумелі, што хочаце выконваць такія песні? І хто ваш глядач?

— У 2012 годзе са з'яўленнем у маім рэпертуары песні Леаніда Шырына «Мне добра» я зразумела, што мая ніша як спявачкі — эстрадны шансон. Гэта стала зразумела тады, калі кампазіцыя пайшла ў народ, і адбылося гэта даволі хутка. Глядач у зале заўсёды прымаў яе з авацыямі, яе прасілі рэжысёры ў канцэрты. Вось я і стала працягваць свой творчы шлях у гэтым жанры, і дастаткова паспяхова. А мае гледачы — тыя, хто любіць душэўныя песні, песні з сэнсам.

— На развітанне пажадайце што-небудзь нашым чытачам...

— Няхай у вашых дамах будзе святло, паразуменне, шчасце і каханне. Будзьце побач са сваімі роднымі, падтрымлівайце іх ва ўсім — гэта самыя галоўныя людзі ў вашым жыцці.

— Дзякуй, Вікторыя, за шчырую размову!

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва спявачкі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.