Вы тут

І самы вялікі мурал — пра космас


Карэспандэнт «Звязды» ў Віцебску на свае вочы ўбачыў, як завяршаецца рэканструкцыя з пашырэннем у два разы праезджай часткі на вуліцы Гагарына. І вельмі быў уражаны ідэяй энтузіястаў намаляваць у канцы яе самы вялікі ў Беларусі (а мо і Еўропе) малюнак на фасадзе двух складскіх карпусоў. Безумоўна, на касмічную тэму. На адкрыццё ўжо запрасілі вядомых людзей, якія маюць дачыненне да космасу. У прыватнасці, Ілана Рыва Маска — амерыканскага прадпрымальніка, інжынера. Адпаведны ліст адпраўлены.


На Беларускім тракце

Так ужо склалася даўно, што ў горадзе над Заходняй Дзвіной да міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» здаюць у эксплуатацыю нешта маштабнае. І работы вядуцца заўсёды ад «базару» да «базару». Напэўна, толькі ў сталіцы Падзвіння такая традыцыя.

Сёлета самы папулярны і вядомы фэст на постсавецкай прасторы правядуць трыццаты раз. Афіцыйнае адкрыццё — 15 ліпеня. Летась, незадоўга перад афіцыйнымі фанфарамі, у Летнім амфітэатры — галоўнай сцэнічнай пляцоўцы культурнага праекта — з удзелам Прэзідэнта краіны прэзентавалі абноўлены Полацкі пуцеправод, які знаходзіцца каля аўтобуснага і чыгуначнага вакзалаў.

Сёлета будуць пераразаць ланцужок на вуліцы Гагарына працягласцю парадку пяці кіламетраў. Яе плануюць перайменаваць у праспект. Гэта — вароты абласнога цэнтра з боку Расіі.

Паводле інфармацыі «Віцебскай энцыклапедыі», раней Гагарына мела назву Суражская. І была перайменавана ў 1961 годзе ў гонар першага касманаўта. Яна пачынаецца ў раёне Смаленскага рынку і вядзе да ўскраіны горада, дзе пераходзіць у рэспубліканскую аўтадарогу Р-112 Віцебск — Сураж — Веліж.

Аж да 1848 года галоўная і адзіная дарога на Санкт-Пецярбург ішла праз Сураж (далей праз Усвяты і Вялікія Лукі) і называлася Беларускі тракт. У 1932 годзе па Суражскай быў запушчаны трамвай (лінія аднапутная з раз'ездамі) да цаглянага
завода. У сярэдзіне 1930-х гадоў вуліца насіла назву ў гонар газеты «Віцебскі пралетар», аднак не прыжылася. Асноўная забудова праходзіла ў 1950—1970 гадах.

На жаль, на сёння на Гагарына турыстам амаль нічога не пакажаш. У апошнія гады згадваюць касцёл Святога Антонія, перабудаваны з клуба для глуханямых, у якім ёсць выявы людзей, вельмі падобныя на прэзідэнтаў. «Звязда» адной з першых зрабіла адтуль рэпартаж, які выклікаў вялікі чытацкі рэзананс.

Славутасцю можна назваць следчы ізалятар (да 1917 года гэта была Віцебская губернская турма). Цікава, што знешні перыметр гэтай установы добра бачны ў кадрах кінафільма «Наш чалавек у Сан-Рэма», які здымалі ў Віцебску ў 1990-м. Многія з вялікім інтарэсам глядзяць яго па тэлебачанні, ды і ў інтэрнэце.

Не толькі віцябляне, якія цікавяцца гісторыяй горада, ведаюць, што недалёка ад вуліцы Гагарына знаходзіўся ваенны аэрадром, дзе базіраваліся гіганцкія самалёты «Іл-76». Гэта першы ў гісторыі СССР ваенна-транспартны самалёт з турбарэактыўнымі рухавікамі. Яго грузавая кабіна мае памеры 24,5 метра ў даўжыню, 3,46 метра ў шырыню і 3,4 метра ў вышыню. Характарыстыкі самалёта дазволілі ўстанавіць некалькі сусветных авіяцыйных рэкордаў. Пабудаваны ў 1946 годзе ў раёне вёскі Журжава Віцебскага раёна, аэрадром выкарыстоўваўся 339-м ваенна-транспартным авіяцыйным палком, які ў ліку першых у СССР атрымаў на ўзбраенне самалёт Іл-76. У апошнія гады існавання пастаянна ў Віцебску былі да трыццаці такіх самалётаў. У 1995 годзе полк быў расфарміраваны, самалёты перадыслацыраваны або прададзены. Аэрадром спыніў сваё існаванне ў ліпені 1996 года.

Будзе яшчэ і касмічная славутасць

У найбліжэйшай перспектыве на вуліцы Гагарына — некалькі хвілін хадзьбы ад былога аэрадрома — можна будзе ўбачыць гіганцкі мастацкі аб'ект. Там зробяць месца, якое, без сумненняў, стане цікавым для аматараў сэлфі. У Віцебскім гарвыканкаме падтрымалі планы стварыць гіганцкі мурал на касмічную тэму ў канцы вуліцы Гагарына.

Аўтар ідэі Аляксей Мяржвінскі, старшыня савета дырэктараў групы кампаній «Рэсурскантроль». Яна, дарэчы, мае дачыненне да космасу: аказвае паслугі па спадарожнікавым кантролі за рухам аўтамабіляў. Ёсць філіял у Смаленскай вобласці, прадстаўніцтва ў Манголіі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Вядзецца плённае супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі і Расіі, якія бяруць удзел у касмічных праграмах, праектах. У планах кампаніі — супрацоўніцтва з аўтарамі беларускага стартапу — для выяўлення з космасу месцаў масавага росту баршчэўніку.

Аляксей расказаў, што ў сувязі з шасцідзясятай гадавінай першага ў свеце палёту ў космас вырашылі рэалізаваць праект па стварэнні мурала, прысвечанага засваенню далёкіх нябёсаў. Плошча будучай карціны — 1345,5 квадратнага метра. Яна будзе з дзвюх частак. Выява Гагарына — на вялікім гарызантальным фасадзе памерамі 162 на 7,5 метра, працяг — на сцяне 21, 4 на 6,1 метра. Гэтыя будынкі выкарыстоўваюцца ў якасці складскіх памяшканняў адной з фірмаў.

На выяве будуць адлюстраваны факты, якія сведчаць пра ўнёсак нашых суайчыннікаў у асваенне космасу, у тым ліку партрэты беларускіх касманаўтаў. Ствараць твор будуць стрыт-арт-мастакі, якіх ведаюць далёка за межамі Беларусі.

Аляксей Мяржвінскі сказаў, што з'яўляецца ўсё больш аднадумцаў, якія вырашылі падтрымаць рэалізацыю праекта. Напрыклад, фірма, якая прадае фарбы, гатова рэалізаваць іх па сабекошце. Падзякаваць вырашылі праз нанясенне QR-кодаў на мурал. Дарэчы, карціна стане інтэрактыўнай пры дапамозе
віртуальных тэхналогій. На першапачатковым этапе цана пытання — 35,4 тысячы долараў у эквіваленце.

Апроч мурала, у планах горадабудаўнікоў — стварэнне копіі апарата, на якім Гагарын спускаўся на нашу планету, касмічнага парка, дзе будзе цікава і дзецям, і дарослым.

А пакуль вялікая будоўля

Вуліцу Гагарына пачалі пашыраць каля пятнаццаці гадоў таму, але тады хапіла грошай на пару кіламетраў, і далей усе работы спынілі. Цяпер, згодна з нарматывам, для пашырэння і мадэрнізацыі праезнай часткі было вызначана больш за дваццаць месяцаў. У Віцебску стараюцца ўкласціся ў гадавы тэрмін. Кіраўнік абласной выканаўчай улады Мікалай Шарснёў нядаўна даў заданне працаваць кругласутачна.

Шпацыр па Гагарына — справа пакуль цяжкая: тут капаюць, укладваюць плітку, нацягваюць тросы... Указальнікі абыходу ёсць не заўсёды. Віцябляне ўсміхаюцца і кажуць, што ўжо прывыклі. На вуліцы шмат тэхнікі: ад экскаватараў і дарожных машын да пад'ёмнікаў. Працуюць не толькі дарожнікі, але і энергетыкі, газавікі, сувязісты, спецыялісты па водаправоднай, каналізацыйнай сістэмах.

Абапал — вялікі прыватны сектар. Праекціроўшчыкі паклапаціліся, каб агароджы былі ў гарманічным афармленні, участкі не падтапляліся, прадугледзелі асфальт для выездаў на аўто са двароў.

Паралельна завяршаецца наданне сучаснага выгляду праезнай частцы і тратуарам: з новымі прыпынкамі грамадскага транспарту, разумнымі святлафорамі, азеляненнем, сістэмай бяспекі.

Фарбуюць фасады шматпавярховікаў, упрыгожваюць балконы металічным профілем, чысцяць і рамантуюць дахі, прыводзяць у парадак двары. Некаторыя будынкі плануецца капітальна адрамантаваць і прадаць праз аукцыёны. У прыватнасці, будынак паліклінікі, які даўно ўжо не адпавядае патрабаванням часу, закрыюць, а па медыцынскія паслугі людзі будуць прыходзіць ва ўстанову, якая недалёка ад Гагарына ў раёне батанічнага саду.

Калі вуліцу зробяць камфортнай ва ўсіх адносінах, тады можна будзе весці гутарку наконт перайменавання яе ў праспект імя першага касманаўта Савецкага Саюза Ю. А. Гагарына. Гэтая ідэя кіраўніка аблвыканкама прыйшлася па душы не толькі тым, хто жыве на вуліцы. Быў час, калі ў аб'явах наконт пакупкі і здыму жылля пісалі, каб «Гагарына не прапаноўвалі». Цяпер тут будзе жыць прэстыжна і зручна.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.