Вы тут

У Баранавічах разбіўся ваенны самалёт


Самалёт ажыццяўляў палёт з аэрадрома 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы. На ўзлёце штурмавік Як-130, які знаходзіцца на балансе 116-й Лідскай штурмавой авіябазы, урэзаўся ў прыватны дом на вуліцы Розы Люксембург. 


Фота: Наш Край.

— Падчас выканання вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць, — расказала афіцыйны прадстаўнік абароннага ведамства Наталля ГАЎРУСІК. — Праявіўшы мужнасць і гераізм, пілоты імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункта. Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся.

Пілоты, камандзір звяна вучэбна-баявой эскадрыллі 116-й штурмавой авіябазы маёр Андрэй Уладзіміравіч Нічыпорчык і лётчык звяна лейтэнант Мікіта Барысавіч Куканенка, загінулі. Міністэрства абароны выказвае спачуванні родным і блізкім лётчыкаў. Сем’ям загінулых будзе аказана дапамога. 

Калегі характарызуюць Андрэя Нічыпорчыка як добрага спецыяліста, церпялівага і ўважлівага інструктара, які вельмі любіў неба і сваіх курсантаў. Удзельнік парадаў у складзе паветранага эшалону ў Мінску на Дзень Незалежнасці, лаўрэат міжнародных спаборніцтваў па авіядартсу. Нарадзіўся 17 кастрычніка 1987 года ў Паставах у сям’і ваеннага лётчыка-снайпера, таму з самага дзяцінства пытання аб будучай прафесіі нават не ўзнікала. Скончыў авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі, служыў у Лідзе. Пілот першага класа быў падрыхтаваны да выканання баявых задач і днём, і ноччу, ва ўсіх метэаралагічных умовах. Лятаў на самалётах Як-52, Л-39, Су-25, Як-130 — на вучэбна-баявых штурмавіках рыхтаваў да палётаў маладых пілотаў. У 2016 годзе Андрэй Нічыпорчык удзельнічаў у выкананні найскладанейшага віда лётнай падрыхтоўкі — пасадцы на аэрадромны ўчастак дарогі штурмавіка Як-130. Быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» 3 ступені. 

22-гадовы Мікіта Куканенка нарадзіўся ў Полацку 18 верасня 1998 года, скончыў Полацкае кадэцкае вучылішча. Быць лётчыкам марыў з дзяцінства, і мара ажыццявілася — летась лейтэнант паспяхова выпусціўся са сцен Ваеннай акадэміі. Лідская штурмавая авіябаза стала для яго першым месцам службы. Нават года не прайшло, а ён ужо паспеў асвоіць самалёты Л-39 і Як-130. Апошні свой палёт ажыццяўляў разам са сваім інструктарам.

Пацярпелых сярод насельніцтва няма. Выратавальнікі ліквідавалі наступствы авіякатастрофы. На месцы працуе Следчы камітэт, камісія Міністэрства абароны на чале з намеснікам міністра па ўзбраенні.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.