Вы тут

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?


Нарматыўны тэрмін службы — дзесяць гадоў, вызначаны вытворцам, — у Беларусі адпрацавала 65 % атракцыёнаў (160 штук), а многія працуюць і звыш 30 гадоў. Аднак баяцца гэтага не трэба, бо штогод яны праходзяць тэхнічную дыягностыку, а пасля ўстаранення выяўленых дэфектаў праводзіцца тэхнічны агляд, які выконваецца пад нагрузкай, запэўніваюць эксперты. Яны расказалі і пра стан прамысловай бяспекі пры эксплуатацыі атракцыёнаў у краіне, і пра тое, як іх рыхтуюць да сезона. А таксама распавялі, якія новыя забаўкі чакаюць дзяцей і дарослых на сёлетніх канікулах.


Ліцэнзіі на забаўляльныя прылады

Падзенне і разбурэнне асобных атракцыёнаў і траўматызм іх наведвальнікаў сталі падставай для таго, што з 2009 года за станам атракцыёнаў у Беларусі пільна сочыць Дзяржпрамнагляд, расказаў Пётр КЛІМКО, начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных прыстасаванняў і атракцыёнаў Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці МНС:

— Апошнім часам пытанні бяспекі механізаваных атракцыёнаў і водных горак з высокімі і сярэднімі ступенямі рызыкі, адносна якіх ажыццяўляецца дзяржнагляд, рэгулююцца тэхнічным рэгламентам Еўразійскага эканамічнага саюза аб бяспецы атракцыёнаў, а таксама законам Беларусі аб прамысловай бяспецы і правіламі па гарантаванні прамысловай бяспекі атракцыёнаў.

Абазначаныя правілы распаўсюджваюцца на забаўляльныя прылады са ступенямі патэнцыйнай біямеханічнай рызыкі РБ1 і РБ2 (з пад'ёмам на вышыню ад двух і вышэй метраў і хуткасцю ад 10 і больш метраў за секунду). Гэта механізаваныя атракцыёны з разнастайнымі рухамі: паступальнымі, вярчальнымі і складанымі. А таксама водныя немеханізаваныя спускі: прамыя і з віражамі. Мантаж, наладка, абслугоўванне, рамонт і тэхнічнае дыягнаставанне атракцыёнаў падлягаюць ліцэнзаванню.

Аб'ектыўны фактар, які сведчыць пра бяспеку атракцыёнаў, — паказчык траўматызму і аварыйнасці падчас іх эксплуатацыі. Пасля пачатку нагляду за забаўляльнымі прыладамі аварый з атракцыёнамі і няшчасцяў з іх пасажырамі, якія прывялі да цяжкіх траўмаў ці смерці, не здаралася. Пры гэтым у 2016-м два няшчасныя выпадкі (адзін — лятальны) адбыліся. Аднак яны не былі звязаны з тэхнічным станам абсталявання, а выкліканы неадэкватнымі дзеяннямі пацярпелых, калі тыя самавольна ўвайшлі ў рабочую небяспечную зону рухомых частак атракцыёнаў падчас іх выкарыстання, адзначыў Пётр Клімко.

— Пільную ўвагу Дзяржпрамнагляд удзяляе падрыхтоўцы спецыялістаў і персаналу, якія займаюцца абслугоўваннем і кіраваннем атракцыёнамі. Асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў з пасажырамі і наведвальнікамі абумоўлены менавіта памылкамі персаналу. Яны недастаткова падрыхтаваныя, не ўмеюць дзейнічаць у пазаштатных сітуацыях, недысцыплінаваныя. Недзе недагледзелі, не прышпілілі, не тую кнопку націснулі... Са слоў уладальнікаў атракцыёнаў, склад тых, хто іх абслугоўвае, за сезон можа абнавіцца двойчы, а то і тройчы. Работнікаў, якія працуюць з году ў год, няшмат, бо гэта, як правіла, сезонны занятак, за які плацяць мала.

Вядома, і самі пасажыры дзеля сваёй бяспекі павінны няўхільна выконваць правілы паводзін, якія размешчаны на стэндах перад кожным атракцыёнам. Там указваецца яго назва, дата допуску да эксплуатацыі і наступнага агляду, нумар арганізацыі-ўладальніка і самі правілы. Калі такога стэнда няма, то катацца на ім эксперты не рэкамендуюць.

«Мікс», «Брыганціна», «Танцавальная веранда»

У чатырох сталічных парках налічваецца 55 атракцыёнаў. 19 — у парку Чалюскінцаў, 21 — у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага, 7 — у парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, 8 — у парку імя 900-годдзя Мінска. Работы па замене вядуцца планава. Летась, напрыклад, у парку імя Горкага з'явіўся механізаваны атракцыён «Мікс», а ў парку Чалюскінцаў — цэлая пляцоўка з атракцыёнамі для дзяцей ад трох да 12 гадоў, дзе паставілі новы гульнявы комплекс, падзяліўся Руслан КАСЕВІЧ, начальнік упраўлення «Гарадскія паркі» ўнітарнага прадпрыемства «Мінскзелянбуд»:

— Сёлета ў парку Горкага з'явіцца новы трохузроўневы дзіцячы гульнявы комплекс – лабірынт. Атракцыён будзе ўсталяваны на месцы рускіх арэляў, якія адпрацавалі свой рэсурс. А на змену пакою смеху прыйдзе павільён з гульнявымі сімулятарамі. Сюрпрызам стане і комплекс «Брыганціна», які ўсталююць з боку вуліцы Першамайская. Гэта сапраўдны карабель з мачтамі, элементы якога выкананы з дрэва і пластмасы. Пад гульнявым комплексам «Цытадэль Нармандыя» зробяць удасканаленае пакрыццё для большай бяспекі малых.

Некалькі гадоў таму ў парках Горкага і Чалюскінцаў укаранілі зручную прапускную сістэму плацяжоў. На ўваходах на атракцыёны ўстаноўлены турнікеты, якія счытваюць QR-коды на білетах, а таксама зроблены пластыкавыя карткі наведвальнікаў. Летась з'явілася магчымасць аплачваць паслугі ў парках праз інтэрнэт і мабільны.

Штодзень усе гульнявыя комплексы будуць апрацоўвацца аэразольнымі антысептыкамі, а на саміх атракцыёнах з'явіцца антысептык для індывідуальнага выкарыстання наведвальнікамі. Парк Чалюскінцаў таксама будзе апрацаваны прэпаратамі супраць кляшчоў, паколькі менавіта там былі знойдзены гэтыя небяспечныя насякомыя. У іншых парках такой патрэбы няма, запэўніў Руслан Касевіч.

Мяркуецца, што сёлета ў парку Горкага ўсталююць яшчэ і пляцоўку з драўлянымі казачнымі фігурамі, дызайн якой пакуль прапрацоўваецца, як і праектна-каштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю цэнтральнай уваходнай аркі парку Горкага, якая з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

У кожным парку ёсць дзіцячая гульнявая пляцоўка з пясочніцамі, трэнажорамі і іншымі забавамі. З 1 мая па сталічных парках пачаў вандроўку перасовачны комплекс ад гістарычнага музея. Маленькія наведвальнікі змогуць зазірнуць на экскурсію ўнутр тэматычнага фургона і паўдзельнічаць у конкурсах.

Дарослым наведвальнікам у парку Чалюскінцаў прапануюць завітаць на «Танцавальную веранду».

— Прыходзяць сюды ў асноўным людзі 45+, сустракаюцца і больш маладыя. Летась быў 101-гадовы танцор, — пахвалілася Лідзія ВЕЖНАВЕЦ, начальнік культурна-масавага сектара ўпраўлення «Гарадскія паркі» ўнітарнага прадпрыемства «Мінскзелянбуд». — Кожную суботу і нядзелю з чатырох гадзін мы чакаем тут танцораў. А на гэтых выхадных пачынаем праграму для моладзі (з сямі да дзевяці вечара), куды запрашаем яшчэ і сем'і з малымі.

Варта нагадаць усім, што непаўналетнім да 16 гадоў нельга знаходзіцца на вуліцы без дарослых з дзесяці гадзін вечара да шасці раніцы.

За апошняе дзесяцігоддзе ў краіне з'явілася 111 новых прылад, за якімі назірае дэпартамент. Пад наглядам органа 55 арганізацый, якія эксплуатуюць 245 патэнцыйна небяспечных атракцыёнаў. З іх 182 — стацыянарныя прылады, 21 — перасовачная, 42 — водныя. 84 атракцыёны ў сталіцы належаць 12 суб'ектам гаспадарання, 49 з якіх стацыянарныя, 24 — водныя горкі (14 — эксплуатуюцца круглы год) і 11 — перасовачныя. Тэрмін службы адпрацавалі 47 з іх (56 % ад агульнай колькасці паднагляднага абсталявання).

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Водныя, вярчальныя, перасовачныя...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.