Вы тут

«Чыталку» для спецыялізаванай літаратуры стварыў студэнт з Віцебска


Студэнт лячэбнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Вячаслаў АФАНАСЬЕЎ — малады распрацоўшчык. У свае 19 гадоў ён з'яўляецца адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» ў намінацыі «Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера», дзе сёлета прэзентаваў праект «Выкарыстанне Androіd-дадатку ў рамках інклюзіўнай адукацыі» і атрымаў высокую ацэнку сваёй работы.


Вячаслаў Афанасьеў (у цэнтры) падчас фіналу «100 ідэй для Беларусі».

ІT-сферай хлопец захапіўся даўно і кажа, што ў яго заўсёды былі ідэі карысных праектаў. Некаторыя нават удалося ажыццявіць, напрыклад, вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне «Анатомія чалавека». Але прыйшоў час для чагосьці маштабнага.

— На рынку зараз шмат падобных прадуктаў, але мой дадатак адрозніваецца ад іншых тым, што гэта «чыталка» менавіта для спецыялізаванай літаратуры. Аналагаў у нашай краіне няма. Дадатак падыходзіць для ўсіх, і гэта яго плюс: як для інклюзіўнай адукацыі, так і для любога ахвотнага. Каб ім карыстацца, чалавек можа не быць інвалідам па зроку, ён у яго можа быць зніжаны або проста могуць балець вочы.

...На вучэбнай практыцы мне не раз даводзілася бываць у афтальмалагічным аддзяленні, у тым ліку дзіцячым, і я назіраў за тым, што многія пацыенты часова або пастаянна пазбаўлены магчымасці чытаць. Асабліва ў дзіцячым аддзяленні заўважная неабходнасць у стварэнні ўніверсальнага дадатку: каб можна было карыстацца літаратурай па школьнай праграме. Таму важным для нас пунктам была ў тым ліку інклюзіўная скіраванасць. Да таго ж і для студэнтаў праблема велізарнай колькасці вучэбнай літаратуры заўсёды актуальная. Узяць усё неабходнае на «пары» з сабой проста немагчыма. Таму тэарэтычнае навучанне з дапамогай мабільнай праграмы — вельмі актуальнае рашэнне. На ідэю стварыць яе мяне падштурхнула мая дзяўчына. Яна казала, што часам цяжка дастаць з паліцы нейкую кнігу, а вось проста ўключыць яе аўдыяверсію ў навушніках або прайсці пэўныя заданні праз зручны інтэрфейс дадатку — зусім іншая справа. Каця прапанавала, а мы рэалізавалі. Стварылі мабільны дадатак, які змяшчае не толькі тэкст падручніка, але і зручную «чыталку».

Суразмоўнік упэўнены, што распрацоўка мабільнага дадатку з уключэннем усіх відаў мультымедыя, інтэрактыўнасцю, магчымасцю дыстанцыйнай работы — прыярытэт сучаснай адукацыі.

— Наша каманда складаецца з пяці спецыялістаў. Я адказваў за кіраўніцкую дзейнасць, прасоўванне праекта, камунікацыю з патэнцыйнымі кліентамі. Таксама ёсць тэсціроўшчыкі-асістэнты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, валанцёры. Складанасці падчас работы былі, але мы знаходзім канструктыўныя рашэнні. За год стварэння праекта тэхналогіі мяняліся, і цяпер практычна ўвесь працэс аўтаматызаваны, выконваецца з дапамогай арыгінальных нейронных сетак, уласных распрацовак. Як працуе мабільны дадатак? Праграма складаецца з двух раздзелаў: тэарэтычнай часткі, з магчымасцю слухання тэксту, і практычнай, з магчымасцю выканання тэстаў да занятку. На сёння адна з састаўных частак праекта цалкам функцыянуе і гатовая да выкарыстання — гэта «Агульная гігіена», яна праходзіць стадыю апрабацыі ў нашым універсітэце. Ужо можна сказаць, што дадатак цалкам выконвае ўскладзеныя на яго функцыі. Цяпер нам патрэбна падтрымка ва ўкараненні распрацоўкі, іншымі словамі, чакаем заяўкі на выкарыстанне яе ў школах, гімназіях, ліцэях, ССНУ і ВНУ. Таксама было б цікава абмеркаваць прапановы ад бізнес-анёлаў і інвестараў. Дадатак даступны ў Play Market і плануецца дата рэлізу на іOS.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: «Чыталка» для спецыялізаванай літаратуры

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.