Вы тут

Па Базарнай плошчы на... чоўне


На працягу тысячагоддзяў змагаюцца людзі з паводкамі. Але і да сёння пераможных рэляцый не чутна нават з высокаразвітых краін. Пра гэта сведчаць і паводкі, якія нарабілі шмат шкоды ў Заходняй Еўропе ў 2002-м ды ў 2013-м гадах. Яны пераканаўча далі зразумець, што змена клімату (у тым ліку з-за неразумнай гаспадарчай дзейнасці) вядзе да гібельных наступстваў не толькі дзесьці ў аддаленых кутках свету, але і тут, у самым цэнтры Еўропы.


Былі часы, калі ратавацца ад воднай стыхіі даводзілася і жыхарам Оршы. Яе асаблівасцю з'яўляецца тое, што цэнтр горада размешчаны ў сутоцы Дняпра і яго правага прытока Аршыца. Таму звычайна пагроза затаплення ў выніку паводкі прыпадала на аршанцаў, якія жылі ў цэнтры горада ды на больш нізкім левабярэжжы Дняпра (у Задняпроўі).

Рэжым Дняпра пачаў вывучацца навукоўцамі толькі ў 1876 годзе. Але пісьмовыя крыніцы зафіксавалі паводкі, якія назіраліся тут у далёкім мінулым. Так, у XVІІІ стагоддзі на Дняпры адзначана больш за 40 незвычайна высокіх паводак. Пасля надзвычай сцюдзёных і снежных зім буйныя паводкі адбыліся ў 1801 і 1845 гадах. Пра адну з моцных паводак канца пазамінулага стагоддзя сведчыў аршанскі старажыл Георгій Гаранскі з вуліцы Чырванафлоцкай, што прытулілася да левага берага Дняпра. Пра ўзровень тае паводкі напамінае ледзь бачны цяпер жалезны штыр, што ягоны бацька ўбіў у ствол вярбы, якая расце і сёння.

Але, відаць, найбольш магутная ў гісторыі Оршы паводка, зафіксаваная дакументальна, назіралася вясной 1931 года. Пра яе захаваліся сведчанні навукоўцаў, успаміны сучаснікаў. Пра падзеі, звязаныя з паводкай, распавядаюць і дакументы, знойдзеныя аўтарам у фондах Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.

Вясна 1931 года была надзвычай імклівая, а зіма — вельмі і вельмі снежная. Па зводках гідраметэаролагаў, тады на Дняпры быў дасягнуты максімальны за ўвесь перыяд назіранняў расход вады — 2000 м3/с пры сярэднегадавым 123 м3/с. Трэба адзначыць, што ў той год вясновае разводдзе прайшло дзвюма хвалямі (звычайна праходзіць адной). Цікавыя ўспаміны пра першую хвалю паводкі змешчаны ў кнізе народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі «Радуга над дорогой» (Мн., 2000). Ягоны бацька, які працаваў аграномам, паехаў у гаспадаркі раёна яшчэ на санях. А пры вяртанні дадому з-за хуткага раставання снегу яму давялося пераадольваць невялікія ручаі, якія ў імгненне вока ператварыліся ў шырокія шумныя рэкі. Адну з іх прыйшлося пераплываць разам з канём, ухапіўшыся за сані.

Другая хваля паводкі прыпала на канец красавіка — пачатак мая. У інфармацыйнай зводцы, якую накіраваў вышэйстаячым інстанцыям начальнік упраўлення міліцыі і крымінальнага вышуку Аршанскага раёна Рохлін, паведамлялася, што ў Оршы 23 красавіка ўзровень вады дасягнуў дзесяці метраў (па больш дакладных назіраннях мясцовых гідраметэаролагаў ён быў 9,49 м). У выніку чаго было затоплена 400 дамоў. Аршанцы, якія пражывалі на берагах Дняпра і Аршыцы, былі пераселены ў клубы, сінагогі, гасцініцы і некаторыя прыватныя дамы. Пад вадой апынуліся масты праз Аршыцу, але засталіся цэлыя. Не быў пашкоджаны і адзіны на той час стацыянарны драўляны дняпроўскі мост. А вось мост у суседнім гарадку Дуброўна, які знаходзіцца ўверх па Дняпры, быў знесены магутнай плынню. Частка яго «затрымалася» ў Дуброўне, а другая прыплыла ў Оршу. Стыхіяй былі знесены масты праз прытокі Дняпра Крапівенку і Адроў. Ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, на шчасце, не было. Жыхары, пераселеныя з-за паводкі, атрымлівалі харчаванне ў грамадскай сталоўцы.

Дарэчы, у той жа зводцы (з 15 да 30 красавіка) сярод выпадкаў крымінальнага характару паведамлялася, што «25 красавіка ў гадзіну дня ў час пераезду праз раку Аршыцу супраць Замкавай вуліцы чырвонаармеец — канваір Віцебскага дывізіёна войскаў ДПУ Смірноў Павел, які суправаджаў арыштаваных у аддзел Аршанскага ДПК (турма, якая знаходзілася ў былым езуіцкім кляштары. — В. Л.), перакуліўся з лодкай і патануў». Праўда, у дакуменце не паведамлялася, што ж сталася з арыштаванымі? Ці выратаваліся яны?

У міліцэйскай зводцы за перыяд з 1 да 11 мая пазначана, што вада сышла з Базарнай плошчы і прыбярэжных вуліц. Тут жа паведамлялася і пра святкаванне 1 Мая, якое, на думку кіраўніцтва праваахоўных органаў, не прайшло на належным узроўні. Адной з прычын гэтага названа і паводка. Так, частка рабочых з найбуйнейшых тагачасных прадпрыемстваў Оршы — ільнокамбіната і мясакамбіната, якія накіроўваліся ў цэнтр горада для ўдзелу ў святочнай маніфестацыі, дайшоўшы да рэчкі Аршыцы, «вярнуліся назад, баючыся, што на адваротным шляху падымецца вада і цяжка будзе пераправіцца».

Апошняя згадка пра паводку 1931 года сустракаецца ў інфармацыйнай зводцы за перыяд з 11 да 20 мая. Аршанскае кіраўніцтва міліцыі і вышуку даносіла ў Мінск: «Паводка ў Воршы ліквідаваная. Рух па вуліцах нармовы. Жыхары пераселеныя ў свае дамы. Масты на р. Аршыца рамантуюцца. Пацярпеўшым грамадзянам аказана неабходная дапамога (арфаграфія захавана. — В. Л.)». Паводка стагоддзя нарэшце завяршылася. Пра ахвяр больш нідзе не згадваецца (акрамя таго небаракі-канваіра), нават у міліцэйскіх зводках пад грыфам «Зусім сакрэтна».

Наступная вялікая паводка адбылася ў Оршы (а з ёй, зразумела, і амаль па ўсёй Беларусі) вясной 1956 года. Узровень вады ў Дняпры склаў тады 9,13 м. У зоне падтаплення апынуліся жылыя дамы і розныя грамадскія пабудовы, размешчаныя на нізкіх берагах і ўчастках Дняпра і Аршыцы. Паводка закранула тысячы людзей, значны ўрон быў нанесены прыватным гаспадаркам, жытлу соцень аршанцаў. Вада затапіла гарадскі рынак, бальніцу імя Сямашкі (у ёй загінуў конь, якога рабочыя не змаглі вывесці з пуні). Але пра гэта з мясцовай газеты даведацца было немагчыма. Разам з тым 7 сакавіка яна распавядала пра тое, што ў выніку раставання снегу ў шэрагу краін Заходняй Еўропы назіраюцца моцныя паводкі. І толькі ў артыкуле «Орша святочная», змешчаным ад 1 мая, паводка згадваецца неяк так, між іншым: «На левабярэжных схілах Дняпра, які падзяляе горад напалам, яшчэ ляжыць снег... Плаўна нясе свае воды да далёкага мора ўціхаміраўшаяся рака, што яшчэ нядаўна бушавала імклівым разводдзем».

Красавіцкую паводку 1958 года згадваў у лісце да чэшскага сябра Фларыяна Няўважнага Уладзімір Караткевіч, які ў той час працаваў настаўнікам у адной са школ горада. Паводле яго, Орша тады нагадвала Венецыю — людзі плаваюць па вуліцах у чаўнах, самы залазяць у коміны, а свінні выглядаюць з гарышчаў.

Апошняя ў ХХ стагоддзі значная паводка ў Оршы была ў 1979 годзе, калі ўзровень вады ў рацэ склаў 7,9 м. У наступныя гады Дняпро і яго прытокі асаблівых клопатаў аршанцам не прыносілі. Але заўсёды трэба памятаць, што паводка — вораг сур'ёзны і каварны, і быць пільнымі.

Віктар ЛЮТЫНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.