Вы тут

Святлана Хоркіна: «У спартсменаў два жыцці»


У Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі адбыўся першы Нацыянальны форум атлетаў — мерапрыемства, аналагаў якому ў Беларусі дагэтуль не было. Два дні вядучыя беларускія спартсмены разам з экспертамі Расійскага міжнароднага алімпійскага ўніверсітэта абмяркоўвалі праблему, з якой сустракаецца кожны спартсмен, — адаптацыя да жыцця пасля заканчэння спартыўнай кар'еры. Удзельнікі форуму разгледзелі новыя магчымасці да самарэалізацыі ў новых сферах дзейнасці, атрыманне новых ведаў, фарміраванне практычных навыкаў, накіраваных на стварэнне і развіццё асабістага брэнду. Жывым прыкладам паспяховага асабістага брэнду ў спорце і пасля яго стала галоўная госця форума Святлана Хоркіна — двухразовая алімпійская чэмпіёнка, дзевяціразовая чэмпіёнка свету і трынаццаціразовая чэмпіёнка Еўропы ў спартыўнай гімнастыцы.


Фота НАК Беларусі.

«Вялікі гонар удзельнічаць у такім форуме. Для мяне ганарова сёння падзяліцца сваёй гісторыяй дзяўчынкі, якая прыйшла ў секцыю спартыўнай гімнастыкі з марай стаць алімпійскай чэмпіёнкай, і спартсменкі з багажом медалёў, якая змагла знайсці сябе ў жыцці. Калі заканчваецца спорт, выключаюцца фанфары, згортваюцца чырвоныя дарожкі, ты застаешся сам-насам з сабой у гэтым вялікім свеце, які часам бывае вельмі жорсткі. У спорце ўсё проста — ты ведаеш свайго саперніка, рыхтуешся, ведаючыя яго слабыя і свае моцныя бакі, ведаеш, калі максімальна ўключыцца ў барацьбу. А тут усё інакш. У нас, у спартсменаў, два жыцці — спартыўнае і «цывільнае», — адзначыла Святлана.

Святлана Хоркіна першы раз стала алімпійскай чэмпіёнкай у 17 гадоў. На Алімпійскіх гульнях 1996 года ў Атланце, дзе яна лічылася фаварыткай, перамагла ў практыкаваннях на брусах. «Гэта быў цікавы час. У 1996 годзе была мая першая алімпіяда, мне было ўсяго 17 гадоў. Пасля Алімпіяды 1992 года нашы краіны ўпершыню выступалі пад сваімі сцягамі як самастойныя. І было вельмі няпроста, асабліва ў плане падрыхтоўкі да гэтых Гульняў. Вядома, пасля першай алімпіяды ў 17-гадовай дзяўчынкі мара спраўдзілася — яна стала алімпійскай чэмпіёнкай. І я заявіла, што заканчваю са спортам. Я вярнулася ў родны Белгарад, абышла там усе кінатэатры. Да гэтага я паспела паступіць у наш Белгарадскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт фізкультуры і спорту. І як усе студэнты, пачала вучыцца. Але калі ёсць недаказанасць, то спартсмен гэта адчувае і разумее. І калі я пачула ад свайго трэнера: «Хоркіна яшчэ не ўсё сказала» — я сабрала рэчы і з'ехала на алімпійскую базу».

На Алімпійскіх гульнях 2000 года ў Сіднеі Святлана ў камандным першынстве выканала скачок, які пасля быў названы «Хоркіна ІІ». Яна паказала добрыя вынікі ў вольных практыкаваннях і на брусах. На спаборніцтвах па апорным скачку адбылася беспрэцэдэнтная сітуацыя: конь для скачкоў быў устаноўлены на пяць сантыметраў ніжэй, чым павінен быць паводле нормы. Праз гэта Хоркіна і шэраг іншых спартсменак зрабілі нехарактэрныя для іх памылкі. Суддзі дазволілі гімнасткам паўтарыць скачкі, але адмовіліся выпраўляць адзнакі на іншых снарадах. Святлана Хоркіна адмовілася паўтарыць выступленне і ў слязах пакінула памост. У выніковай табліцы яна заняла толькі 10-е месца. Але тытул чэмпіёнкі на брусах яна захавала.

«У 2000 годзе я ўжо была вопытнай гімнасткай, першай у свеце. І было б выдатна выйграць усё. Але ўмяшаліся чорныя сілы. Калі б нашы функцыянеры маглі б адстаяць нашы правы і развіць тую сітуацыю на карысць спартсмена, трэнера, краіны, не ведаю, што было б. Той факт, што гэта сітуацыя не была разабрана ў юрыдычнай і прававой сферы, пакінуў недаказанасць і даў мне падставу прыняць рашэнне аб трэцяй алімпіядзе».

У 2004 годзе на сваіх апошніх Алімпійскіх гульнях у Афінах Святлана Хоркіна зноў была фаварытам. Але выйшла ў фінал толькі ў шматбор'і і на брусах. Яе выступленні дапамаглі расійскім гімнастам выйграць «бронзу».

«Скончылася Алімпіяда 2004 года, усё было выдатна, мы атрымалі віншаванні. Нас сустракалі на Радзіме і гэта вельмі прыемна — быць не толькі прызнанай ва ўсім свеце, але і ў сябе дома. Я прыняла рашэнне заняцца грамадскай дзейнасцю, што я рабіла падчас спартыўнай кар'еры. Бог мне падарыў магчымасць нарадзіць дзіця адразу пасля заканчэння кар'еры, што вельмі важна для жанчыны».

У сваім «цывільным» жыцці Святлана Хоркіна займаецца грамадскай дзейнасцю. Паралельна з нацыянальным форумам атлетаў у Мінску ў Белгарадзе праходзілі 22-я Усерасійскія спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы на прызы Святланы Хоркінай, куды, дарэчы, яна запрасіла і беларускіх гімнастаў. Сваім вопытам самарэалізацыі пасля спартыўнай кар'еры былы дэпутат Дзяржаўнай думы, цяпер — першы намеснік кіраўніка ЦСКА падзялілася з беларускімі атлетамі, пажадаўшы ім поспехаў у спартыўнай кар'еры і пасля яе.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.