Вы тут

Што рабіць, каб адходы не станавіліся ежай і не патануць у смецці?


Штогод кожны беларус стварае 400 кілаграмаў адходаў, толькі чвэрць з якіх адпраўляецца на перапрацоўку. Прычым большая частка смецця — гэта пластыкавыя пакеты, харчовая плёнка і іншыя віды ўпакоўкі. Калі чалавецтва не пачне змяншаць аб'ёмы выкарыстання пластыку, то да 2050 года ў акіяне яго будзе больш, чым рыбы, перакананы эксперты. Спецыялісты параілі, што рабіць кожнаму з нас для вырашэння пластыкавай праблемы, і расказалі, што прадпрымаецца ў Беларусі для змяншэння ўжывання пластыку.


Прынцыпы 7R

Пластыкавае забруджванне — праблема планетарнага маштабу. Сёлета нават Сусветны дзень абароны правоў спажыўца прайшоў пад дэвізам «Вырашыць праблему пластыкавага забруджвання планеты». Ужо, пэўна, усе вывучылі, што прадукты раскладання пластыку выдзяляюць шкодныя хімічныя рэчывы, якія могуць трапіць у глебу і грунтавыя воды (а ў Беларусі гэта адна з галоўных крыніц пітнога водазабеспячэння) і забрудзіць іх. А яшчэ з пластыку на палігонах выдзяляецца метан — адзін з асноўных парніковых газаў, які істотна спрыяе глабальнаму пацяпленню.

Акрамя таго, пластыкавыя адходы праз рэкі трапляюць у акіян, дзе пад уплывам ветру і сонца пераўтвараюцца ў мікрапластык. Яго прымаюць за планктон і праглынаюць марскія жыхары, а чалавек, у сваю чаргу, можа ўжыць пластык у ежу праз такія атручаныя морапрадукты. І хоць актыўна пластык вырабляецца толькі прыкладна апошнія 15 гадоў, аднак шкода ад яго велізарная. Адна з прычын — тое, што 40 % пластыкавай упакоўкі выкідваюць адразу ж пасля першага выкарыстання, заўважылі эксперты.

Кампанія, распачатая да Сусветнага дня абароны правоў спажыўца, засяродзіцца сёлета на прынцыпах 7R:

Rethіnk — пераасэнсаванне мадэлі паводзін;

Refuse — адмаўленне ад непатрэбнай упакоўкі;

Reduce — змяншэнне выкарыстання, у тым ліку пластыку;

Reuse — другаснае выкарыстанне ўпакоўкі;

Recycle — перапрацоўка;

Repaіr — рамонт тавараў;

Replace — замена пластыку іншымі матэрыяламі.

Пазітыўная забарона і асабістая пазіцыя

Для барацьбы з вялікай экалагічнай праблемай кожны можа пачаць з малога: хадзіць па пакупкі са шматразовай торбай, адмаўляцца ў крамах ад лішніх фасовачных пакетаў, не набываць пластыкавы посуд, раздзельна збіраць смецце, параілі спецыялісты.

У Беларусі рэалізоўваецца план мерапрыемстваў, які мае на мэце паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі і яе замяшчэнне экалагічна бяспечнай і прадугледжвае 19 мерапрыемстваў. Яны скіраваны, у прыватнасці, на ўдасканаленне сістэмы збору і абыходжання з адходамі, распрацоўку біяраскладальнай упакоўкі.

— Урад, вытворцы, рытэйл і спажыўцы павінны аб'яднаць намаганні, каб пераадолець гэтую праблему. Хоць няма пэўных стандартаў, што набываць у крамах і ў якой упакоўцы, аднак можна замяніць аднаразовыя тавары шматразовымі, выбіраць тое, што можна пасля перапрацаваць, — упэўнены Максім ТАРАСАЎ, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Заканадаўча ў краіне ўжо прыняты шэраг арганізацыйных і практычных мер. У аб'ектах гандлю прадугледжана, напрыклад, абавязковая наяўнасць напояў у шкляной тары; пакетаў, аднаразовага посуду, сталовых прыбораў з паперы; мінімізаваны выбар пакетаў і аднаразовага посуду з пластыку.

Як вядома, з 1 студзеня 2021-га ў аб'ектах грамадскага харчавання забаронены выкарыстанне і продаж аднаразовага пластыкавага посуду. Перад гэтым у 2020-м была прынята пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю «Аб пераліку аднаразовага посуду». Уведзены меры эканамічнага стымулявання вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў папяровай ці іншай экаўпакоўкі, нагадалі эксперты.

— Забарона, якая ўводзіцца, безумоўна, — пазітыўная мера, якая дазволіць знізіць колькасць адходаў ад аднаразовых пластыкавых рэчаў. Гэтым шляхам ідуць многія еўрапейскія краіны. А ў нас многія экалагічныя арганізацыі агітуюць устойлівае рацыянальнае спажыванне, — падкрэсліла Ганна СУША, старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў (БТАС). — Неабходна падтрымліваць практыкі, сэрвісы і прыватныя ініцыятывы, якія здольны працаваць на прадухіленне пластыкавага смецця. Трэба ўводзіць абаротную тару, дэпазіт і іншае.

Уласная тара і лыжкі з крухмалу

Пластыкавыя відэльцы, лыжкі, нажы, палачкі для размешвання напояў і саломінкі, талеркі, стаканы, кубкі забаронены для продажу. Аднак паўстае пытанне: чым замяніць саломінкі? У Літве, напрыклад, выкарыстоўваюць бамбукавыя, аднак другое пытанне: як іх мыць, калі ўжо размова ідзе пра адмову ад аднаразовага посуду. Таксама праблема, над якой трэба думаць, падкрэслілі эксперты.

Альтэрнатывай пластыкавым могуць стаць папяровыя і кардонныя прылады. Напрыклад, драўляныя палачкі, лыжкі, відэльцы. І нават арганічныя відэльцы і лыжкі з крухмалу: знешне яны падобныя да пластыкавых, аднак лёгка раскладаюцца і не забруджваюць паветра пры спальванні. Пры гэтым спецыялісты задумваюцца: ці гатовы вытворцы пастаўляць такі экалагічны посуд у Беларусь і ці ёсць такія ў межах краіны?

— Адно з прадпрыемстваў фастфуду ў Лунінцы закупіла па 300 драўляных відэльцаў і лыжак. Яны скончыліся за адзін дзень. Прыйшлося набываць наступную партыю (з крухмалу) у іншага пастаўшчыка, — прывяла прыклад наяўнасці праблемы з экапосудам Ганна Суша.

Павінны знікнуць з ужытку таксама аднаразовыя кантэйнеры, ланч-боксы, каробкі, корэксы і іншыя прадметы за выключэннем упакоўкі для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.

Пластык павінен перастаць быць даступным па кошце і фізічна. Проста забараніць аднаразовыя тавары немагчыма, бо на змену ім прыйдуць іншыя, хоць, магчыма, і менш шкодныя, аднак неабходна мяняць сам падыход: з аднаразовага да шматразовага, перакананы спецыялісты.

— Неабходна заахвочваць людзей карыстацца ўласнай упакоўкай і посудам. Існуе пастанова № 132 Міністэрства аховы здароўя, якая вызначае, што тавар у краме можа быць прададзены ў чыстую тару спажыўца,  дадала Ганна Суша.

Летась з'явілася яшчэ адна смеццевая небяспека — паўсюднае забруджванне асабліва небяспечнымі медыцынскімі адходамі. У месяц на планеце толькі масак выкідваецца 129 мільярдаў штук. А дадайце сюды яшчэ бахілы, пальчаткі, ахоўныя касцюмы для медыкаў, шпрыцы...

— Кожная краіна па-свойму ўтылізуе такія адходы. У Расіі, напрыклад, маскі і пальчаткі прыраўноўваюць да звычайных камунальных адходаў. У Карэі іх спальваюць. У Беларусі адходы з бальніц спачатку апрацоўваюцца, а пасля дэзынфіцыруюцца яшчэ раз непасрэдна на месцы захавання, — падкрэсліла старшыня БТАС. — У Беларусі адна з кампаній, дарэчы, выступіла з ініцыятывай збору выкарыстаных касметычных туб. Яны лічаць, што праблем у сталіцы з гэтым не будзе, горш прыйдзецца рэгіёнам.

Рублёвая стымуляцыя

За год у Беларусі ствараецца ў сярэднім 280 тысяч тон пластыкавых адходаў. Летась на перапрацоўку сабралі 97,6 тысячы тон смецця. Доля бытавых адходаў, якія перапрацоўваюцца, за апошнія гады значна ўзрасла. Калі ў 2010-м перапрацоўвалі толькі 8,9 %, то ў 2020-м — ужо 25 %. Сёлета ж плануецца перапрацаваць ужо 27 % смецця, падзялілася лічбамі Наталля БУРАЯ, вядучы спецыяліст па інфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

— У 2020-м у Беларусі сабралі 789 тысяч тон шкла, паперы і кардону, палімерных адходаў, зношаных шын, адпрацаваных масел і электраабсталявання. А аб'ём палімерных адходаў летась павялічыўся амаль удвая ў параўнанні з 2015-м. Дзеля скарачэння выкарыстання пластыку былі паэтапна (з 1 красавіка 2020-га — да 270 рублёў, а з 1 студзеня 2021-га — да 360 рублёў за тону) павялічаны памеры экалагічнага збору для палімернай упакоўкі. Аднак для пастаўшчыкоў біяраскладальнай упакоўкі памер меншы — 90 рублёў за тону.

Каб стымуляваць пераход з пластыкавай тары на шкляную, прынята пастанова Саўміна № 47, згодна з якой прадугледжана пакрыццё часткі расходаў вытворцам пры выкарыстанні шкляной бутэлькі для вырабу ці разліву малака або пітной негазіраванай вады для продажу ў Беларусі. Памер кампенсацыі — 15 капеек за бутэльку. Летась было выкарыстана 4,82 тысячы бутэлек, удакладніла спецыяліст.

Дэпазітная сістэма павінна запрацаваць адразу па ўсёй Беларусі, таму гэты працэс у краіне ідзе так павольна і застаецца справай яшчэ, прынамсі, наступнай пяцігодкі. З іншага боку, існуе альтэрнатыва ў выглядзе 600 пунктаў, дзе прымаюць палімеры, за якія можна атрымаць грошы, параілі эксперты.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Пластыкавы бруд: абмежаванні і кампенсацыя

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.