Вы тут

Павел Сапоцька: У Беларусі актыўна развіваецца культурна-пазнавальны, ваенна-гістарычны, сельскі, прамысловы, медыцынскі, гастранамічны турызм


Краіна шукае новыя магчымасці для развіцця розных складнікаў эканомікі. І турыстычныя праекты займаюць у гэтым плане далёка не апошняе месца. Наша размова пра здабыткі і рэсурсы турыстычнай галіны — з дырэктарам Нацыянальнага агенцтва па турызме Паўлам САПОЦЬКАМ.


— Павел Міхайлавіч, Нацыянальнае агенцтва па турызме сваёй асноўнай мэтай ставіць пытанне садзейнічання развіццю турызму ў Рэспубліцы Беларусь і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы турызму і гасціннасці... Калі гэтыя мэты неяк прасцей раскрыць, чым усё ж такі займаецца згаданае агенцтва?

— Спектр задач нашага агенцтва надзвычай шырокі: ажыццяўленне інфармацыйнай падтрымкі арганізацый сферы турызму, прасоўванне іх паслуг на ўнутраным і знешнім турыстычных рынках; арганізацыя і ўдзел у рабоце міжнародных турыстычных выставак у Беларусі і за яе межамі; умацаванне міжнародных сувязяў у сферы турызму, садзейнічанне развіццю міжнароднага і трансгранічнага турызму; навукова-метадычнае і вучэбна-аналітычнае забеспячэнне турыстычнай індустрыі, правядзенне маркетынгавых даследаванняў, садзейнічанне ў стварэнні новых канкурэнтаздольных турыстычных праграм; ажыццяўленне менеджменту якасці турыстычных паслуг, арганізацыя і правядзенне навучальных семінараў для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, а таксама мерапрыемстваў для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Таксама мы займаемся падрыхтоўкай, выданнем і распаўсюджваннем шматлікіх рэкламна-інфармацыйных матэрыялаў пра Беларусь, яе турыстычны патэнцыял, гісторыка-культурную спадчыну, прыродныя багацці (альбомаў, каталогаў, буклетаў, брашур, турыстычных карт, даведнікаў), стварэннем ролікаў пра турыстычныя магчымасці нашай краіны і яе рэгіёнаў; вядзём і актуалізуем Дзяржаўны кадастр турыстычных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Рэспублікі Беларусь. У нашай кампетэнцыі — правядзенне канферэнцый, круглых сталоў, выставак, конкурсаў з мэтай забеспячэння пастаяннага прафесійнага дыялогу спецыялістаў галіны, арганізацыя турыстычных праграм, скіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі і іншыя не менш важныя задачы.

— Ці можна нейкім чынам спрагназаваць развіццё ўнутранага турызму, нягледзячы на найскладанейшую пандэмічную сітуацыю?

— Безумоўна! У сувязі з эпідэміяй цэнтр цяжару пасунуўся на ўнутраны турызм, які і з'яўляецца магутным рэсурсам з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнага развіцця, і спрыяе адраджэнню рэгіёнаў, і асаблівую важнасць мае для грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

У Беларусі актыўна развіваецца культурна-пазнавальны, ваенна-гістарычны, сельскі, прамысловы, медыцынскі, гастранамічны турызм. У 2020 годзе распрацаваны новыя турыстычныя праграмы, абноўлены экскурсійныя маршруты, з'явіліся кластэры з цікавымі ідэямі. Кластэры аб'ядноўваюць гісторыка-культурныя і іншыя аб'екты адразу некалькіх рэгіёнаў краіны. У беларускіх аграсядзібах пашыраны пералік паслуг, з'явіліся новыя праграмы гістарычнай рэканструкцыі. Не застаюцца ўбаку музеі, якія актыўна ствараюць розныя мабільныя праграмы, сродкі віртуальнай і дадатковай рэальнасці, аўдыягіды і іншыя навінкі электроннага характару. Усё гэта, мы перакананыя, стымулюе беларусаў ездзіць, глядзець, знаёміцца, атрымліваць асалоду ад уражанняў і... здзіўляцца!

— А хіба беларусы, на ваш погляд, здольныя ўвогуле масава вывучаць сваю краіну? Ці нас больш усё ж такі цягне ў Егіпет і Турцыю?

— Зразумела, турэцкі бераг і егіпецкія піраміды цягнуць да сябе! Але з вялікай зацікаўленасцю нашы суайчыннікі падарожнічаюць і па роднай краіне, адкрываючы для сябе нешта новае і цікавае. Бо турызм — гэта самы эфектыўны сродак СПАЗНАЦЬ БЕЛАРУСЬ, вывучыць гісторыю, захапіцца ўласнай нацыянальнай культурай. Дзеля гэтага ў нас ёсць літаральна ўсё: замкі і палацы, старадаўнія храмы розных канфесій, маляўнічыя прыродныя ландшафты, унікальныя нацыянальныя паркі і запаведнікі, яркія фестывалі і святы. У нас багатая нематэрыяльная спадчына, уражальная нацыянальная кухня і ўвогуле шмат што ёсць такога, да чаго хацелася б прыхінуцца. У кантэксце размовы прыгадваюцца словы іспанскага філосафа і пісьменніка Хасэ Артэга-і-Гасета: «Нікчэмнае тое жыццё, у якім не кіпіць вялікая прага да пашырэння сваіх межаў...» Але гэта дакладана не пра беларусаў, якія заўсёды вызначаліся патрэбай у пазнанні нечага новага.

— Апошнія 10—15 гадоў болей акрэслена гавораць пра падвіды турыстычнага прадукту: пра прамысловы турызм, аздараўленчы турызм і г. д. Як складваюцца справы ў гэтых кірунках?

— Работа ў гэтым рэчышчы ніколі не спынялася. Вельмі цікавыя праграмы прапануюць беларускія прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх — БелАЗ, МТЗ, кандытарская фабрыка «Камунарка» і іншыя лідары айчыннай прамысловасці. Многім даспадобы наведванні шклозавода «Нёман», фабрык «Слуцкія паясы» і «Белмастацкераміка», малочных заводаў і іншых прадпрыемстваў. Усё гэта суправаджаецца лекцыямі, сустрэчамі са спецыялістамі, аглядам прадукцыі, дэгустацыямі, майстар-класамі. У найбліжэйшы час агенцтва правядзе азнаямляльныя мерапрыемствы для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў на некаторых прадпрыемствах канцэрна «Беллегпрам». Нядаўна правялі перагаворы з кіраўніцтвам Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», якая валодае ўнікальным фондам гульнявога рэквізіту, касцюма, піратэхнічных сродкаў. Для турыстаў будзе цікавы працэс стварэння фільмаў як у павільёнах, так і на натурнай пляцоўцы. Пра медыцынскі турызм у свеце з кожным днём даведваецца ўсё больш людзей. Стаматалогія, трансплантацыя органаў і тканак, спелеалячэнне, камп'ютарная дыягностыка... Дзякуючы кваліфікаваным спецыялістам і сучасным медыцынскім цэнтрам у Беларусь едуць на лячэнне, а таксама для атрымання кансультацый медыкаў з самых розных краін. З мэтай аздараўлення ў беларускіх санаторыях нашу краіну наведвае ўсё большая колькасць замежнікаў. Канешне, усё пералічанае істотна ўмацоўвае імідж нашай дзяржавы.

— У вас на сайце агенцтва пазначаны кадастр турыстычнага прадукту... Праўда, на вялікі жаль, я не змог адкрыць гэты рэсурс... А пытанне вось у чым — што ж сёння ўвогуле ўяўляе сабой гэты кадастр? Як класіфікуецца турыстычны прадукт?

— Дадзены кадастр уяўляе сабой своеасаблівую базу даных розных турыстычных рэсурсаў, сярод якіх — помнікі гісторыі, археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, помнікі прыроды, запаведныя мясціны і іншае. Вядзенне кадастру — вялікая інтэлектуальная праца спецыялістаў. У хуткім часе абноўлены і дапоўнены новы інфармацыйны кадастр будзе размешчаны на сайце агенцтва. Асобна мы вядзём базы аграсядзіб, атэляў, санаторна-курортных устаноў, музеяў... Хутка матэрыял, цікавы для турыстаў, будзе размешчаны на афіцыйным турыстычным партале Беларусі belarus.travel, які зараз праходзіць рэдызайн.

— Магчымасці ўнутранага турызму — гэта, верагодна, і велізарны патэнцыял той шырокай музейнай дзейнасці, якую ажыццяўляюць у нашай краіне. Наколькі актыўна Нацыянальнае агенцтва садзейнічае прыцягненню музеяў у фарміраванне цэльнага турыстычнага патэнцыялу Беларусі?

— Вы, вядома ж, зусім правільнае меркаванне выказваеце! Музей — найважнейшая частка ў ланцужку агульнай турыстычнай сістэмы. Мы плануем актыўна прыцягваць музеі як Мінска, так і рэгіёнаў у стварэнне новых турыстычных маршрутаў, а таксама аказваць магчымую інфармацыйную падтрымку. Сёння беларускія музеі валодаюць цікавымі пастаяннымі экспазіцыямі, арганізоўваюць часовыя выставачныя праекты, праводзяць праграмы гістарычнай рэканструкцыі, ствараюць інтэрактыўныя комплексы, прапаноўваюць розную сувенірную прадукцыю. Паход у музей — гэта паглыбленне ў гісторыю і знаёмства з багатай культурай беларусаў. Цікавасць уяўляюць новыя музеі — музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча — філіял Віцебскага цэнтра сучасных мастацтваў, музей Станіслава Манюшкі — філіял Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, музей Хаіма Суціна ў гарадскім пасёлку Смілавічы.

Турыстам будзе цікава пазнаёміцца з новымі пастаяннымі экспазіцыямі, такімі як «Музей вайны — тэрыторыя міру» ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць — герой», «Мінск. Верхні горад. Археалагічны музей» у Музеі гісторыі горада Мінска, «Беларускія яўрэі» ў Іў'еўскім музеі нацыянальных культур і іншымі. Вялікую цікавасць выклікаюць таксама ведамасныя музеі, школьныя музеі.

— Гістарычнае, літаратурнае, геаграфічнае і нават мастацкае краязнаўства — гэтыя галіны грамадскай, асветніцкай дзейнасці прыкметна заўважныя ў вырашэнні задач дзяржаўнай палітыкі ў галіне турызму?

— Краязнаўцы — добрыя памагатыя і сябры любога арганізатара турыстычнай праграмы, бо яны валодаюць шырокімі ведамі па гісторыі і культуры пэўнага рэгіёна, ім больш блізкія дзіўныя факты, якія можна абыграць у рабоце экскурсавода і якімі можна здзівіць экскурсанта. Роўна год таму ў Мінску на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбыўся І Рэспубліканскі краязнаўчы форум Беларусі, да арганізацыі якога самае непасрэднае дачыненне мелі і Міністэрства культуры, і Міністэрства інфармацыі. Форум раскрыў велізарны патэнцыял гэтага феномена — краязнаўства! Таму гістарычнае, літаратурнае, мастацкае краязнаўства можа легчы ў аснову новых цікавых і змястоўных экскурсійных маршрутаў па розных рэгіёнах Беларусі.

— Як вы лічыце, а сёння, улічваючы многія складанасці пандэміі, ці мае сэнс пашырэнне інфармацыйных патокаў пра турыстычны патэнцыял Беларусі ў іншых краінах свету?

— Гэта надзвычай важна! Адна з нашых задач — шырокае інфармацыйнае суправаджэнне сферы турызму: правядзенне прэс-тураў, арганізацыя спецыяльных праектаў са СМІ, падрыхтоўка спецвыпускаў друкаваных выданняў, запуск тэматычных рубрык у сацыяльных сетках, падрыхтоўкі цыкла праграм на тэлебачанні і іншае. У планах — стварэнне ролікаў пра турыстычныя магчымасці Беларусі, кожнай вобласці і Мінска з далейшым забеспячэннем шырокай іх трансляцыі на Беларускім тэлебачанні, на ўласных інфармацыйных рэсурсах, парталах арганізацый-партнёраў, сайтах арганізацый беларускай дыяспары ў розных краінах свету і іншым. Займаемся ўдасканаленнем сайта Нацыянальнага агенцтва па турызме, а яшчэ мадэрнізуем афіцыйны турыстычны партал Беларусі, удасканальваем яго тэхнічныя магчымасці, насычаем актуальным кантэнтам, які ўтрымлівае інфармацыю пра краіну, яе гісторыка-культурную і прыродную спадчыну, знакавыя падзеі, арганізацыі турызму, установы культуры, навіны...

— Дзякуй, Павел Міхайлавіч, за такі грунтоўны расповед! Пажадаем вам высокага плёну ў турыстычнай рэпрэзентацыі Беларусі!

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА

Фото Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Турызм як пашырэнне межаў уласных уяўленняў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.