Вы тут

Васкрасенскі сабор, перабудаваная сінагога і энергетыка старых камянёў


Калі ты нарадзілася і вырасла ў Барысаве, не заўважыць Свята-Васкрасенскі сабор было проста немагчыма. Храм з чырвонай цэглы з дзевяццю купаламі, арачнымі вокнамі ды званіцай выглядаў для савецкага падлетка як поўны анклаў. Падкрэслена выпадаў са знаёмай рэчаіснасці, панаваў над прасторай, прыцягваў погляд.


Фота Анатоля Клешчука.

А купалы? Яны бачныя нават з супрацьлеглага берага Бярэзіны. Я часцяком хадзіла цераз мост пехатой. Глядзіш уніз, на раку і карпусы завода «Пралетарскі молат», і думаеш пра тое, што раней Бярэзіна была шырэйшая, хадзілі па ёй параходы і баржы. Над ракой — пад'ёмны мост, улюбёнае месца шпацыраў пані з карункавымі парасонамі. Сабор тады ўжо быў, а званы, мабыць, званілі так, што і ў новым горадзе было чуваць.

Паколькі ў школе казалі, што сабор наведваюць толькі бабулькі альбо зусім адсталыя людзі, пайсці туды вельмі хацелася. Сабор атачала асаблівая атмасфера таямнічасці. Ён быў паглыблены ў сябе, як гук у драўлянае цела скрыпкі. Жыў паралельным жыццём, як кніга Марыны Цвятаевай, якую мне неахвотна прыносілі з фондаў бібліятэкі, папярэдне пасадзіўшы мяне за асобны столік. Памятаю, як заняло дух, калі прачытала: «Бог, не суди! — Ты не был женщиной на земле!». Богу — як роўная! «Лепш на вось, пачытай», — бібліятэкарка ўручала мне кніжку Міхаіла Герчыка «Ветер рвет паутину».

Мяжа ў паралельны свет ахоўвалася. У бібліятэцы — бібліятэкарам. У школе — настаўнікамі. Каля сабора — цётачкамі-актывісткамі, якія ў рэлігійныя святы дзяжурылі там, пільна высочваючы сярод людзей, што ішлі ў храм, піянераў і камсамольцаў. Фактычна ўсё, не прадпісанае школай непасрэдна, для савецкага падлетка было звязана з пераадоленнем межаў. Трэба сказаць, рабіць гэта мы навучыліся выдатна. Дома ў многіх з нас ляжалі часопісы з чырвонымі профілямі заснавальнікаў марксізму-ленінізму на вокладках, на паліцах стаялі антырэлігійныя кнігі. Але мы ведалі, як іх правільна чытаць. Калі я была ва ўзросце дваццаці двух гадоў мне ўпершыню трапіла ў рукі сапраўдная Біблія, і я тады здзівілася, як шмат даведалася з «Забаўнага Евангелля» Леа Таксіля, інтэрпрэтуючы здзеклівы тон гэтага тэксту роўна наадварот.

Фота Анатоля Клешчука.

Тое ж датычылася і сабора — урэшце, любой канфесійнай установы. У іх не пускалі, бэсцілі і высмейвалі, — значыцца, варта было туды схадзіць. Я жыла ў новай частцы Барысава, але часта бывала ў цэнтры старога горада на рынкавай плошчы — гэтаму месцу не адно стагоддзе. Наведвала і Дом піянераў, ён знаходзіўся непадалёк, на вуліцы ІІІ Інтэрнацыянала. Ужо дарослай даведалася: у гэтым будынку да 1917 года была Вялікая сінагога Барысава. У 60-я гады будынак рэканструявалі, зрабілі двухпавярховым. На старых фотаздымках яго не пазнаць: з высокімі арачнымі вокнамі і вітражом на фасадзе, сінагога відавочна не ўпісвалася ў просталінейную кубічную архітэктуру месца. Яшчэ менш яна ўпісвалася ў просталінейную атэістычную ідэалогію. Як і Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, што месціўся непадалёк, на той жа вуліцы ІІІ Інтэрнацыянала.

Ну і, вядома, мне даводзілася бываць у кінатэатры «Перамога» — тыпавая каробка гэтай установы культуры стаяла побач з Васкрасенскім саборам. Толькі што скончыліся сямідзясятыя, у кінатэатрах паказвалі фільм «У маёй смерці прашу вінаваціць Клаву К.», нас павялі на яго ўсім класам. Некаторыя дзяўчаткі адразу ж захацелі стаць сцярвознымі прыгажунямі, бо менавіта з-за Клавы, а не з-за добрай і працавітай Тані, хоча памерці Сярожа. Цяжка сказаць, ці разумелі арганізатары гэтых калектыўных праглядаў, наколькі амбівалентны меседж укладаўся ў галовы нашых выдатніц, якім штодня паўтаралі, як важна вучыцца, вучыцца, вучыцца, а з кінастужкі вынікала: дастаткова быць прыгожай, і тады знойдзецца ён, разумны і таленавіты, і зробіць за цябе кантрольную. І наогул усё зробіць, а ад цябе патрабуецца толькі загадкава ўсміхацца, як Клава.

У сабор я ўпершыню ўвайшла якраз пасля прагляду нейкага савецкага фільма ў кінатэатры «Перамога». У паўзмроку гарэлі свечкі, людзей амаль не было, ніхто не збіраўся зацягваць мяне ў страшную секту, як Сашу Шчарбініна з кніжкі пра павуцінне ды вецер. Ціхая жанчына ў кутку прадавала свечкі і папяровыя абразкі. Я разгледзела абразы і фрэскі, дакранулася да сцяны — нібыта адчула дзіўнае цяпло. Святар айцец Андрэй Капульцэвіч, які аднаўляў разбураны Свята-Міхайлаўскі храм у Зембіне, растлумачыў мне ў пачатку лета 2012 года, што камяні старажытнай царкоўнай сцяны «намоленыя», таму пры рэканструкцыі іх не выкідваюць, а хаваюць у зямлі, у межах царкоўнай агароджы. Шкада, я не ведала пра гэта ў дзяцінстве, бо паспрабавала б адчуць і выпраменьванне камянёў старой сінагогі, ператворанай у Дом піянераў.

Дарэчы, найбольшы ўрон Зембінскай Свята-Міхайлаўскай царкве нанеслі акурат падчас здымак чарговага кіно: кінастудыя «Таджыкфільм» у сярэдзіне шасцідзясятых здымала тут эпізоды мастацкага фільма «Пераклічка». Паводле сцэнарыя, савецкі танк павінен быў на поўным хаду пратараніць сцяну храма, аднак моцны мур не паддаўся, тады сцяну ўзарвалі, а потым заклалі праём, каб зняць эпізод з Т-34. Ролю танкіста ў фільме выканаў Мікіта Міхалкоў, тады яшчэ малады акцёр. Айцец Андрэй паказаў мне месца, дзе знаходзілася ўзарваная алтарная сцяна, і тэрыторыю за храмам, дзе былі калісьці старадаўнія могілкі. Паказаў і рэліквіі, якія мясцовыя жыхары ўратавалі пры разбурэнні храма, хавалі доўгі час, а цяпер вярнулі ў адноўленую царкву: стагадовыя абразы, рызы з медзі старадаўняй чаканкі. Ну, і сведчанні візітаў атэістычных «паломнікаў» я там пабачыла, а як жа: на сцяне неадрэстаўрыраванай яшчэ часткі храма значылася: «Тут был Вова. 1971 год».

А мне ў сямідзясятыя падарылі фотаапарат. Што ў Барысаве магло быць вартае ўвасаблення? Батарэі, гарматы каля музея, Бярэзіна, Васкрасенскі сабор... Я зрабіла мноства фота і адправіла дзяўчынцы з ГДР, тады многія з нас ліставаліся са школьнікамі з сацыялістычных краін. З сяброўкай мы праяўлялі плёнкі, друкавалі і сушылі фатаграфіі, раскладваючы іх на старых газетах. Пасля гэтага ўвесь дом, як восеньскі парк лісцем, быў засыпаны чорна-белымі краявідамі.

Я не толькі фатаграфавала віды горада, але і пісала вершы. Аднойчы іх апублікавалі ў раённай газеце. І праз некаторы час я адправілася на вуліцу Марозава, дзе жыў паэт Леанід Рашкоўскі, зусім блізка ад сабора. Хвалявалася, бо ўпершыню збіралася паказаць сваю творчасць паэту, які меў не адну кніжку і быў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР. Паэт чакаў мяне ў інвалідным вазку, ён меў хваробу, праз якую не мог хадзіць. Вершы Рашкоўскаму спадабаліся, назад я ішла шчаслівая. Калі праходзіла паўз рыначную плошчу, села на лаву каля сабора, бо не цярпелася пагартаць кнігі з бібліятэкі паэта, якія ён даў мне пачытаць.

У адным з будынкаў, што выходзяць на плошчу, якая цяпер носіць назву ў гонар 900-годдзя Барысава, знаходзілася майстэрня мастака Міколы Рыжага, які маляваў партрэты знакамітых беларусаў, паштовыя маркі з выявамі Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі, Міхала Клеафаса Агінскага, Янкі Купалы, Якуба Коласа, а таксама экслібрысы. На адным з тых экслібрысаў — купалы Васкрасенскага сабора, на іншым — герб Барысава, які ўяўляе сабой гарадскую браму з дзвюма вежамі і выявай Святога Пятра над імі: герб горада амаль не змяніўся з часоў ВКЛ. Мікола Рыжы аформіў шмат беларускіх кніг. Зрабіў ён вокладку і для першай маёй кніжкі, у якую ўвайшлі тыя самыя юнацкія вершы, напісаныя пад уплывам энергетыкі старых камянёў Барысава, тых месцаў, дзе стагоддзямі жылі мае землякі, марылі, маліліся, спадзяваліся на лепшае жыццё і набліжалі яго, як умелі.

У апошнюю дакаранавірусную восень мне давялося пабываць у нямецкім Бамбергу, убачыць кафедральны сабор Святога Пятра і Святога Георгія. Сабору ўжо больш за тысячу гадоў. Пахмурнае лістападаўскае неба вельмі пасавала да гэтай строгай прыгажосці. А мармуровы анёл на фасадзе сабора Нуэстра Сеньёра дэ ла Асунсьён, што ў Санцьяга-дэ-Куба, на фоне аквамарынавага неба і вечнага сонца здаваўся мне поўным радасці і жыццялюбства, як і самі тамтэйшыя жыхары. Сабор у Санцьяга, дарэчы, таксама мае немалы ўзрост — каля пяцісот гадоў, яго нязменна адбудоўвалі пасля набегаў піратаў, пажараў, землятрусаў. Гледзячы на веліч і прыгажосць канфесійных устаноў у іншых краінах, я згадваю родны Барысаў, яго цэрквы, сінагогі ды іншыя гістарычныя помнікі, не ўсе з якіх захаваныя для нашчадкаў.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.