Вы тут

Вольга Новік: Хацелася б, каб моладзь вярталася на малую радзіму і стварала тут сем’і


Прэстыж роднай мовы ды будучыня вёсак

Гэтыя пытанні найбольш хвалююць Вольгу НОВІК — дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Рудскай СШ (Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць).


З Прэзідэнтам Беларусі Вольга Новік ужо сустракалася раней. Пяць гадоў таму Аляксандр Лукашэнка асабіста ўзнагароджваў жанчыну, адзіную тады прадстаўніцу з Іванаўскага раёна, ордэнам Маці. «Для мяне гэта быў хвалюючы момант», — дзеліцца Вольга Іванаўна. Кацярына, Дар’я, Іван, Міхаіл і Ульяна — яе любімыя дзеці. Старэйшая дачка Каця таксама філолаг па адукацыі, жыве ў Брэсце і гадуе маленькага Глеба. Даша працуе галоўным бухгалтарам у ТАА «СТІСГА Пінскае» ў вёсцы Бобрык Пінскага раёна, Ваня — курсант Ваеннай акадэміі, Міша і Ульяна — вучні Рудскай сярэдняй школы.

Сям’я Новік жыве ў вёсцы Сухое, адкуль родам настаўнік-дэлегат і дзе да 2016 года дзейнічала базавая школа. У 1986 годзе Вольга Іванаўна закончыла Сушанскую васьмігодку, навучанне ў старэйшых класах працягнула ва ўстанове, дзе цяпер настаўнічае. Пасля школы жанчына паступіла ў Рагачоўскае педвучылішча. Скончыўшы яго, уладкавалася выхавальнікам у дзіцячы сад на Іванаўшчыне, выйшла замуж. Неўзабаве ў маладой сям’і нарадзіўся першынец Кацярынка. Затым жыццё Вольгі Новік склалася як у той прыказцы: дзе нарадзілася, там і згадзілася. Была ў роднай школе настаўніцай пачатковых класаў, педагогам-арганізатарам, завочна навучалася ў Брэсцкім дзяржаўным універсітеце імя А. С. Пушкіна, з 2013 па 2016 год — дырэктар Сушанскай БШ.

Навіну пра тое, што яна прадставіць на народным сходзе Іванаўшчыну, успрыняла станоўча. Як беларускі філолаг у тэму згадала драму класіка «Раскіданае гняздо». Героі купалаўскага твора Сымон і Зоська ў фінале ўцякаюць ад пажару «на вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!» Калі б у яе была магчымасць выступіць на форуме, у сваім слове абавязкова закранула б пытанне прэстыжу роднай мовы. Безумоўна, як шматдзетную маці, педагога і класнага кіраўніка яе турбуюць пытанні выхавання сучаснай моладзі. «Дзеці цяпер вельмі мала чытаюць. Мае ж аднагодкі пазнавалі жыццё дзякуючы мастацкай, і не толькі, літаратуры. Інтэрнэт, на жаль, замяніў кнігі. З беларускіх асабліва люблю творы Караткевіча, Шамякіна, Мележа. Алесь Загорскі з рамана “Каласы пад сярпом тваім” — мой любімы герой. Самастойны, хоць вельмі малады, дзейсны, моцны духам патрыёт — такі і ёсць мой ідэал грамадзяніна», — удакладняе дэлегат.

Акрамя педагагічнай работы, Вольга Новік яшчэ дэпутат Рудскага сельскага савета. «Як дэпутата мяне непакоіць будучыня невялікіх раённых цэнтраў і вёсак. Я працую ў сельскай школе, колькасць навучэнцаў у якой з году ў год змяншаецца. Хацелася б, каб моладзь, атрымаўшы адукацыю, вярталася на малую радзіму і стварала тут сем’і. Добра разумею, што маладым кадрам для гэтага неабходны праца і добры заробак. Адкрыццё невялікіх вытворчасцей, стварэнне фермерскіх гаспадарак, развіццё цяплічнага бізнесу ў Рудску і іншых населеных пунктах, на мой погляд, — добрае вырашэнне гэтай праблемы», — лічыць Вольга Новік.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.