Вы тут

Пластыкавы посуд па-за законам. Якія меры прымаюцца ў Беларусі?


Штогод, па інфармацыі Сусветнага фонду дзікай прыроды, у Сусветны акіян трапляе з рэк і сушы (пры няправільным захоўванні адходаў) ад 5 да 12 мільёнаў тон пластыку. Пад уздзеяннем вады, сонца і сутыкненняў адно з адным ён ператвараецца ў мікрапластык, які марскія жывёлы прымаюць за планктон і харчуюцца ім. Далей па харчовым ланцужку ён можа трапіць і ў арганізм чалавека.


З гэтай і іншых прычын маштабнае выкарыстанне пластыку з'яўляецца глабальнай сусветнай праблемай. У Беларусі яе спрабуюць вырашаць шляхам пераходу на экалагічную ўпакоўку і адмаўлення ад палімернай. Прынамсі, з 1 студзеня 2021-га ўведзена забарона на продаж і выкарыстанне пластыкавага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання.

Летась у Беларусі назапасілася каля 280 тысяч тон адходаў пластмас, з іх каля 182 тысяч утварылася ў межах вытворчасці. У краіне вызначаны 132 найменні пластыкавых адходаў і зарэгістраваны 196 аб'ектаў па выкарыстанні 92 найменнняў пластыкавых адходаў. У год яны агулам здольны перапрацаваць каля 113 тысяч тон пластыкавага смецця. Мяркуецца, што да 2030 года ў краіне створаць 30 міжрэгіянальных аб'ектаў па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, дзе будзе прадугледжана ў тым ліку і кампаставанне.

Трапляючы ў зямлю, адходы пластыку распадаюцца на дробныя кавалачкі і могуць выдзяляць у асяроддзе атрутныя хімічныя рэчывы, якія дадаваліся ў пластык падчас яго вырабу. Небяспечныя рэчывы трапляюць у грунтавыя воды і забруджваюць іх. А так званы біяраскладальны пластык падчас распаду можа выдзяляць метан — моцны парніковы газ, які робіць істотны ўзнёсак у глабальнае пацяпленне, расказаў Максім ТАРАСАЎ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці — начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Замяшчэнне пластыкавай упакоўкі бяспечнай экалагічнай, у тым ліку тарай са шкла і паперы, — адзін з крокаў па пераадоленні «пластыкавай праблемы» ў Беларусі. Пастановай урада № 7 у краіне зацверджаны план мерапрыемстваў, скіраваных на паэтапнае зніжэнне выкарыстання пластыкавай упакоўкі.

— Планам прадугледжана рэалізацыя 19 мерапрыемстваў у розных галінах. Гэта ўдасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі, скарачэнне выкарыстання пластыкавай упакоўкі, навуковыя даследаванні, тэхнічнае рэгуляванне і скарачэнне імпарту пластыкавай упакоўкі, — адзначыў спецыяліст. — Пералік пластыкавага посуду, які забаронены для продажу ў аб'ектах харчаванння, зацверджаны МАРГам і ўключае відэльцы, лыжкі, нажы, палачкі для размешвання напояў, «саломінкі», талеркі, кубачкі, а таксама ўпакоўку для прадукцыі грамадскага харчавання і харчовых прадуктаў, у тым ліку латкі, ланч-боксы, кантэйнеры, корэксы, банкі, бутэлькі. Выключэнне толькі для ўпакоўкі кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.

Ва ўсіх гандлёвых аб'ектах павялічаны шэраг пакетаў з паперы для продажу і мінімізаваны пералік пластыкавых. Паўсюдна прысутнічаюць безалкагольныя напоі ў шкляной тары рознага фармату.

У краіне запланавана распрацоўка шэрагу дзяржстандартаў у галіне ўстанаўлення патрабаванняў да экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладальнай. Акадэмія навук плануе правесці комплекс даследчых работ па вызначэнні найбольш перспектыўных экалагічных кірункаў, а таксама эканамічнай мэтазгоднасці атрымання біяраскладальных матэрыялаў і ўпакоўкі з іх. Вядзецца таксама пошук альтэрнатыўных варыянтаў замяшчэння пластыкавай упакоўкі, укараненне новых перспектыўных тэхналогій па стварэнні і вырабе біялагічна бяспечных і біяраскладальных варыянтаў упакоўкі, дадаў Максім Тарасаў:

— Цяпер не ідзе гаворка аб поўнай імгненнай адмове ад выкарыстання пластыкавай упакоўкі. Гэта паэтапная работа, скіраваная на змяншэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай. Асноўным у гэтым кірунку з'яўляецца грамадскае ўсведамленне праблемы. Важна, каб у кожнага з'явілася асабістае жаданне і імкненне да гэтага.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.