Вы тут

Як праходзілі пераднавагоднія гулянні на Ашмяншчыне


Новы год — свята, якое надыходзіць, нягледзячы ні на што, і цудаў ад яго чакаюць і дарослыя, і дзеці. Стварыць святочны настрой для жыхароў Ашмянскага раёна не перашкодзіла ні пандэмія, ні надвор’е — работнікі культуры стараліся, як маглі.


Ля ёлкі ў Кракоўцы

Работнікі аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка зладзілі забавы для дзетак і іх бацькоў на плошчы ля святочнай ёлкі. Весяліць малечу ім дапамагалі Дзед Мароз са Снягуркай, мышкі Анфіска з Ларыскай і героі з мульціка «Шчанячы патруль». Праз карагоды, гульні, песні і танцы яны стварылі атмасферу казкі і падарылі гасцям не толькі добры настрой, але і прыемныя сюрпрызы, якія будуць доўга нагадваць пра свята.

У аграгарадку Кальчуны супрацоўнікі мясцовага аддзела культуры і вольнага часу разам з работнікамі сельскай бібліятэкі запрасілі ўсіх ад малога да вялікага на сямейныя вячоркі «Сямейнае свята — Раство». Бабулі і дзядулі, мамы і таты, дзяўчынкі і хлопчыкі паслухалі гісторыю нараджэння Ісуса Хрыста і пабывалі на выставе літаратуры «У чаканні Каляднага цуда». Ксёндз Ян касцёла імя Святога архангела Міхаіла павіншаваў усіх прысутных са святамі і падрабязна расказаў, як трэба сустракаць Раство ў кожнай сям’і. А яшчэ ўдзельнікі мерапрыемства паглядзелі фільм «Дзецям пра Раство».

Калядны гурт сельскага клуба аграгарадка Станцыя Ашмяны на каталіцкае Раство выправіўся на калядаванне, як гэта рабілі даўней, з казой, каляднай зоркай ды песнямі. Улічваючы няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, калядоўшчыкі заходзілі толькі на падворкі. З песняй «Каляда ідзе, Каляду вядзе. Гэй, Каляда, Калядзіца» яны віталі аднасяльчан. А прасілі ні многа, ні мала: «кусочак сала, каб Каза скакала, ды кілішак маку, да таго прысмак». Гаспадарам жадалі «шчасця ды згоды», «каб вяліся цыпляткі, уцяткі ды парасяткі», «колькі ў лесе пянькоў — гэтулькі і светлых дзянькоў». А потым дзякавалі за прысмакі і ішлі далей, праслаўляючы Каляду…

На свята ў раённы цэнтр культуры ў Ашмянах завітаў сам Нептун, каб дзеці даведаліся, як сустракаюць навагоднія святы падводныя жыхара. Аднак, на жаль, марскі ўладар згубіў святочны настрой, таму дзеці разам з Медузай і Зоркай выправіліся на яго пошукі і… вядома знайшлі. А колькі пры гэтым падводных прыгод здарылася — на ўвесь год хопіць!

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.