Вы тут

Навагодняя атмасфера беларускай пошты


Крыху больш за два тыдні засталося да таго, як 2020-ы год сыдзе ў гісторыю. Таму беларуская пошта ўжо традыцыйна рыхтуецца да навагодніх свят. Рубеж снежня адыходзячага года і студзеня надыходзячага — для паштавікоў заўжды час напружанай работы. Гэта і нядзіўна, бо шмат людзей жадаюць даслаць напісаную ад рукі паштоўку сваім блізкім, родным і знаёмым. А пошта дапаможа выбраць патрэбны фармат і даставіць каштоўнае для чалавечага сэрца адпраўленне.


— У беларускай пошты ёсць выдатная традыцыя: штогод распрацоўваць да навагодніх і калядных свят калекцыі мастацкіх марак, паштовак і картак, канвертаў і паштовых набораў, — паведамілі ў прэс-службе РУП «Белпошта».

Так, сёлета яшчэ ў канцы кастрычніка быў аддрукаваны спецыяльны набор мастацкіх марак «З Новым годам і Калядамі!». На іх змешчана выява Дзеда Мароза на фоне галоўнага навагодняга атрыбута — ёлкі — і анёл, які ляціць над зямлёй і абвяшчае навіну пра Раство Хрыстова. Маркі аддрукаваны тыражом у 30 тысяч экзэмпляраў кожная. Яны таксама выйшлі і ў малым лісце. Кожны такі ліст (а іх выйшла з тыпаграфіі сем тысяч) змяшчае ў сабе чатыры маркі. Намінал адпавядае тарыфу на перасылку простага ліста масай да 20 грамаў у межах Беларусі.

 

— Таксама ўпершыню па сюжэтах паштовых марак зроблены спецыяльныя магніты навагодняй і каляднай тэматыкі, — адзначылі ў прэс-службе. — Два магніты пры гэтым можна «ажывіць» пры дапамозе бясплатнай мабільнай праграмы AR MARKA BELARUS.

Добрая навіна і для пасткросераў. Яны змогуць адправіць сваім сябрам у краіны замежжа паштовыя карткі навагодняй гумарыстычнай тэматыкі.

— Данесці сваю любоў і ўвагу блізкім і дарагім людзям напярэдадні светлага свята Божага Нараджэння і Новага года — лёгка: трэба прыйсці ў «Паштовы салон», які месціцца ў будынку Галоўпаштамта, выбраць прыгожую паштоўку і канверт, напісаць добрыя, трапяткія словы, а беларуская пошта своечасова даставіць ваша пасланне! — расказалі ў прэс-службе прадпрыемства. — Дарэчы, у «Паштовым салоне» працуе адмысловая навагодняя фотазона.

Ліст Дзеду Марозу

Акрамя таго, да 22 снежня дзякуючы пошце можна замовіць віншаванне ад Дзеда Мароза. Зрабіць гэта можна, абраўшы адзін з двух варыянтаў. Першы — гэта ліст ад навагодняга чараўніка. Ён прыйдзе ў арыгінальным канверце. А ў ім адрасат знойдзе святочную паштоўку. Ды яшчэ якую — незвычайную! Пасланне ў ёй будзе аформлена пры дапамозе дапоўненай рэальнасці. Таксама ад Дзеда Мароза можна атрымаць і мяккую цацку-падушку. Памерам яна невялікая — усяго 30 на 30 сантыметраў. Але на ёй будзе выява сімвала года — Белага Металічнага Быка. Падушка таксама змяшчае пасланне ў фармаце дапоўненай рэальнасці. Такі незвычайны падарунак можна атрымаць з 26 да 31 снежня. Паштальён прынясе яго ў дом.

Да таго ж сёлета ў буйных аддзяленнях паштовай сувязі ўстаноўлены спецыяльныя скрыні, куды можна апусціць ліст са сваімі пажаданнямі і марамі. Яго даставяць непасрэдна Дзеду Марозу і Снягурцы. Але навагодняе пасланне можна адправіць і звычайным спосабам з любога аддзялення паштовай сувязі. Усё, што трэба, гэта правільна ўказаць адрас: 225063, рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы (вёска Каменюкі, Брэсцкая вобласць).

Але варта паспяшацца з адпраўленнем ліста ўжо цяпер. Справа ў тым, што калі ў канцы снежня Дзеду Марозу адначасова даставяць некалькі мяшкоў лістоў, то прачытаць іх усе своечасова ён не зможа.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзены РУП «Белпошта»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.