Вы тут

Смецце ператвараецца ў каштоўную сыравіну. У зборы ДМР лідзіруюць Мінск, Магілёўская, Брэсцкая і Віцебская вобласці


Збор і перапрацоўка другасных матэрыяльных рэсурсаў — ужо даўно грунтоўная галіна эканомікі. І яна ўвесь час развіваецца. Да канца года будзе ўведзена ў эксплуатацыю некалькі аб'ектаў па перапрацоўцы ДМР.


Адна з галоўных задач Мінпрыроды, якая каардынуе работу ўсіх арганізацый у сферы абыходжання з адходамі, — не дапусціць захавання ДМР на палігонах. За дзевяць месяцаў бягучага года тэрытарыяльнымі органамі міністэрства праведзена амаль 4300 абследаванняў аб'ектаў захавання адходаў. Пры гэтым выяўлена 3611 фактаў парушэння правілаў эксплуатацыі такіх аб'ектаў і 1609 фактаў захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Максім ТАРАСАЎ паведаміў, што 305 вінаватых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а фінансавыя санкцыі ў дачыненні да іх склалі 214 тыс. рублёў.

Як станоўчы момант Максім Тарасаў адзначыў, што сёлета былі паўторна выкарыстаны 97 % адходаў гумы, а паперы і кардону — 94 %.

Дырэктар установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля ГРЫНЦЭВІЧ таксама расказала, што ўзраслі аб'ёмы збору ўсіх відаў ДМР. У прыватнасці, за тры кварталы бягучага года ў краіне было сабрана 297 тыс. тон адходаў паперы і кардону, адходаў шкла — каля 24 тыс. тон, палімерных адходаў — 12,5 тыс. тон, адходаў электрычнага і электроннага абсталявання — 76 тыс. тон. Насельніцтва актыўна здае адпрацаванае аўтамабільнае масла і зношаныя шыны. Цікава, што траціна ўсіх адходаў збіраецца ў Мінску. Таксама ў зборы ДМР лідзіруюць Магілёўская, Брэсцкая і Віцебская вобласці.

Начальнік упраўлення па абыходжанні з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ААТ «Белрэсурсы» — кіруючай кампаніі холдынга «Белрэсурсы» Юлія ХАРКЕВІЧ растлумачыла, што ў нашай краіне восем арганізацый займаюцца зборам ДМР, а чатыры прадпрыемствы — перапрацоўкай. У прыватнасці, у Мінску працуе лінія сартавання змешанага шклабою. Яе праектная магутнасць складае 100 тыс. тон у год. Пакуль што вытворчасць загружана на 90 % ад сваёй магутнасці. Між тым сабекошт вырабаў са шклабою ніжэйшы, чым вырабленых з першасных матэрыялаў. Немалаважна, што ў гэтым выпадку зніжаецца і колькасць выкідаў шкодных рэчываў у атмасфернае паветра.

Адзін з традыцыйных кірункаў работы Белкаапсаюза — збор ДМР. «Для насельніцтва другасныя рэсурсы — гэта смецце, а для спажывецкай кааперацыі і дзяржавы — гэта сыравіна і рэсурсы для загрузкі прадпрыемстваў», — заявіла начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана СКІНДЭР. Каб насельніцтва актыўна здавала другасную сыравіну, Белкаапсаюз не толькі павысіў закупачныя цэны, але і правёў вялікую растлумачальную работу. Цяпер у сістэме спажывецкай кааперацыі працуе 710 прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў, якія займаюцца нарыхтоўкай другасных відаў сыравіны, гэта значыць, па сутнасці, яны ёсць у крокавай даступнасці. Сёлета Белкаапсаюз закупіў 380 тыс. тон другаснай сыравіны, з іх 90 % — ад насельніцтва. За здадзеныя ДМР людзі атрымалі 115 млн рублёў. Аксана Скіндэр адзначыла, што за апошні час істотна пашырыўся асартымент ДМР. Калі раней здавалі шкло, металалом і паперу, то цяпер дадаліся поліэтылен, адпрацаваныя машыннае масла і электратэхнічнае абсталяванне.

Аб'ёмы збору ДМР можна смела нарошчваць, бо для іх перапрацоўкі з'яўляюцца новыя магчымасці. Да канца года будуць уведзены ў эксплуатацыю завод па перапрацоўцы смецця ў Віцебску, лінія па выкарыстанні RDF-паліва на «Краснасельскбудматэрыялах». Таксама завяршаецца рэканструкцыя патоку папяровай машыны на ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак». Нагадаем, што мадэрнізацыя абсталявання на кардонна-папяровым заводзе «Альбярцін» дазволіла павялічыць перапрацоўку макулатуры ў паўтара раза.

Спецыялісты прагназуюць, што аб'ёмы збору і перапрацоўкі макулатуры і шкла павялічацца, бо зніжаецца колькасць упакоўкі з пластыку, а на замену ёй прыходзяць папера і шкло.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота: wіkіmapіa.org

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.