Вы тут

Васіль ТКАЧОЎ. ЯЙКІ. З жыцця


У гэтай маленькай вёсачцы засталося ўсяго некалькі старых жыхароў, астатнія — дачнікі. Горад блізка, мясціны грыбныя, ёсць і азярцо, дзе пры жаданні можна расстарацца нават на карпікаў і карасікаў. Тамму адразу, як толькі апусцее хата, застанецца без свайго гаспадара, і прыбывае сюды новы дачнік. Сарафаннае радыё добра працуе, нічога не скажаш.

Тыдняў колькі назад набыў сабе тут хату і гэты дзяцюк — у акулярах, у касцюме не першай свежасці і пры гальштуку, з прывабным капелюшом з саломкі на галаве. Паважлівы чалавек, з усімі вітаецца першы, і калі так робіць, то крыху нахіляе тулава наперад і прыўзнімае капялюш.

Неяк сустракае дачнік мясцовага дзеда-жартаўніка Ягорку і цікавіцца, у каго б гэта разжыцца на курыныя яйкі, бо даўно марыў піць разоў колькі ў дзень свежанькія, толькі з-пад куркі, а то гарадскія хіба ж можна? Яны калі што для патэльні падыходзяць, а піць жыўцом — ну іх! Ягорка даўно не жартаваў, не было выпадку, а тут ён якраз падвярнуўся, таму нядоўга думаў і торкнуў пальцам на хату бабы Насты: калі толькі яна табе не пашкадуе яек, бо ў нас тут чатыры двары ўсяго, улічваючы і мой, то я дакладна ведаю, што ў каго маецца і ў якой колькасці. Бяжы да яе. Імчы. А то хто-небудзь перахопіць.

На самай жа справе Ягорка ведаў, што ніякіх курэй кабета не трымае ўжо колькі гадоў — сама ледзьве клыпае. Мужчына падзякаваў Ягорку і завітаў да гаспадыні. Тая ўважліва выслухала яго, і калі госць паабяцаў плаціць за яйкі ўдвая даражэй, чым у краме, у бабы Насты з’явіўся інтарэс да прапановы.

— Збяру, збяру, — ахвотна паабяцала яна. — Курэй, праўда, мала трымаю, але выручу: праз дзень прыходзьце.

Назаўтра ранічкай баба Наста заспяшалася на першы дызель-цягнік, а другім рэйсам вярнулася ў вёску з поўным кошыкам яек. Замаскіравала іх так, каб ніхто не заўважыў. У гарадской краме набыла, хоць і аббегла некалькі гандлёвых кропак, каб тыя былі без маркіроўкі. Так і сказала прадаўшчыцы: мне чысценькія, маладзічка. Чысценькія знайшліся.

Дачнік хваліў яйкі, якія набываў праз дзень у бабы Насты, бажыўся, што такіх смачных і апетытных даўно не каштаваў. Гэта ж самае ён сказаў і дзеду Ягорку, калі той бы незнарок пацікавіўся, ну як яму яйкі, што параіў? У дадатак яшчэ і паказаў вялікі палец: во!..

Стары толькі загадкава ўсміхнуўся і патупаў далей па сваіх справах. Суседку не выдаў. Тая выдала сябе сама.

Неяк дачнік затрымаўся ў горадзе на пару дзён і, калі рыхтаваўся зноў у вёску, вырашыў забегчы ў краму непадёк ад вакзала і набыць тое-сёе з ежы. І там ён ледзь не сутыкнуўся нос у нос з бабай Настай, якая асцярожна ўкладвала яйкі ў кошык…

Мужчына зрабіў выгляд, што не заўважыў старую, і хуценька зацёрся сярод пакупнікоў. Калі ж тая знікла, таксама набыў латок яек і, пакуль ехаў у вёску, не пераставаў здзіўляцца яе знаходлівасці.

А баба Наста, відаць, яйкі з’ела сама. Мо і суседа дзеда Ягорку пачаставала. Яешняй.

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.