Вы тут

Сумесныя праекты Беларусі і Расіі


На VІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісана шмат эканамічных пагадненняў — значна больш, чым у мінулыя гады


Пасяджэнне экспертнай сесіі

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіў сёлета 28–29 верасня ў рэжыме відэаканферэнцыі. Такое рашэнне было прынята па выніках двухбаковых кансультацый у сувязі з пандэміяй каранавіруса. Форум быў прысвечаны тэме “Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязяў народаў Беларусі і Расіі”.

Працавалі пяць секцый па розных тэматычных кірунках: парламенскае супрацоўніцтва, сумесныя эканамічныя праекты, подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, супрацьдзеянне гераізацыі нацызму, павышэнне актыўнасці сельскай моладзі. Прайшлі сумесныя пасяджэнні дзелавых саветаў Беларусі і Расіі. Ладзілася экспертная сесія высокага ўзроўню на тэму “Адукацыя як аснова гістарычнай памяці і далейшага інтэграцыйнага развіцця Саюза Беларусі і Расіі”.

Вынікам форуму стала падпісанне 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве, заключэнне камерцыйных кантрактаў на суму, якая перавышае 700 мільёнаў долараў. Гэта ў некалькі разоў больш, чым у папярэднія гады.

Эканамічным праектам была прысвечана секцыя “Сумесныя праекты як фактар стабільнага эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі”. Яна праходзіла на базе ААТ “БЕЛАЗ” — кіруючай кампаніі холдынга “БЕЛАЗ-Холдынг”.

На секцыі абмяркоўвалася магчымасць вытворчасці самазвалаў БЕЛАЗ на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. З такой прапановай выйшлі да калегаў беларускія вытворцы. За стварэнне буйных энергаёмкіх праектаў выказаўся Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Адзін з такіх сумесных маштабных праектаў — будаўніцтва Беларускай АЭС. Сярод энергаёмкіх вытворчасцяў, якія могуць зацікавіць Расію, Рыгор Аляксеевіч назваў металургію, шкляную вытворчасць, нафтахімію, вытворчасць аўтатранспарту, камплектуючых і сілавых агрэгатаў. Паводле яго слоў, вытворчыя магутнасці для выпуску энергаёмкай прадукцыі ёсць у Іжэўску, Ніжнім Ноўгарадзе і Мінску. Шматабяцаючым дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы назваў праект будаўніцтва высокахуткаснай магістралі Санкт-Пецярбург — Мінск — Варшава — Гамбург працягласцю 2,5 тысячы кіламетраў. Ужо распрацавана бізнес-мадэль, праведзены кансультацыі ў чатырох дзяржавах, па тэрыторыі якіх яна можа быць пракладзена. Важнай для эканомік двух краін Рыгор Рапота назваў і рэалізацыю праекта аўтастрады “Мерыдыян” з Кітая праз Казахстан, Расійскую Федэрацыю і Беларусь. Ідэя праекта з’явілася яшчэ 10 гадоў назад і абмяркоўвалася спецыялістамі Расіі, Кітая і Казахстана. На расійскай тэрыторыі да яе рэалізацыі прыступілі нядаўна: апошнім часам праектам пачалі займацца расійскія прыватныя кампаніі. Па ініцыятыве беларусаў абмяркоўваўся праект па вытворчасці дарожна-будаўнічай тэхнікі ў Бранску.

Напярэдадні, падчас працы і пасля форуму ў Беларусь прыязджалі губернатары разам з дэлегацыямі з розных абласцей Расіі. Напрыклад, у верасні ў нашу краіну наведаўся губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка. Прыморскі край намераны закупляць у Беларусі электробусы і супрацоўнічаць у будаўнічай сферы. Беларусь у сваю чаргу гатовая пастаўляць у Прыморскі край племянную жывёлу.

Адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і губернатара Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандра Драздзенка. На ёй, у прыватнасці, абмяркоўвалася магчымасць будаўніцтва сумеснага тэрмінала ў марскім порце.

Напярэдадні форуму прымаў Аляксандр Лукашэнка і губернатара Іркуцкай вобласці Расіі Ігара Кобзева. У Іркуцкай вобласці цікавяцца досведам Беларусі ва ўзнаўленні лясоў. У сваю чаргу Беларусь будзе пастаўляць туды сваю тэхніку.

У Мінск наведаўся і губернатар Бранскай вобласці Расіі Аляксандр Багамаз. У Бранскай вобласці намерваюцца стварыць пляцоўку для рэалізацыі беларускіх калійных угнаенняў. Будаўніцтва дарог і жылля — таксама сярод перспектыўных кірункаў. Таваразварот паміж Бранскай вобласцю і Беларуссю будзе павялічаны да 1 мільярда рублёў.

У дзень адкрыцця форуму рэгіёнаў Аляксандр Лукашэнка прыняў губернатара Пскоўскай вобласці Расіі Міхаіла Вядзернікава. У выніку з Пскоўскай вобласцю будзе весціся супрацоўніцтва ў аграрным сектары. Пачнуць пастаўляць туды і тэхніку. У прыватнасці, на гэта згодны Мінскі аўтамабільны завод — адно з буйнейшых беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якое спецыялізуецца на выпуску вялікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прыцэпнай тэхнікі. Гандлёвая марка МАЗ добра вядома ў краінах СНД і далёкім замежжы. Да ўсяго, дэлегацыя Пскоўскай вобласці зацікавілася жыццём у беларускіх аграгарадках, будаўнічымі паслугамі і сельскагаспадарчай тэхнікай. Яна наведалася ў аграгарадок Мазолава ў Віцебскім раёне, развіццём якога займаецца сельскагаспадарчая арганізацыя “Мазолавагаз”.

Пленарнае пасяджанне форуму

Сустракаўся Аляксандр Лукашэнка і з губернатарам Омскай вобласці Аляксандрам Бурковым. Была дасягнута дамоўленасць аб павелічэнні таваразвароту з гэтым рэгіёнам Расіі на 100 мільёнаў долараў. Асабліва цесныя кантакты наладжаны паміж Омскай і Магілёўскай абласцямі. У Магілёўскай свабоднай эканамічнай зоне пабудаваны сучасны завод па выпуску тэхнічнага вугляроду кампаніяй “Омск Карбон Магілёў”, якая ўваходзіць у склад “Омск Карбон Груп”. Цяпер там праходзяць пусканаладачныя работы. Пазней будуць рэалізаваны прамыя пастаўкі прадукцыі ў Расію. Дэлегацыя Омскай вобласці пабывала і на магілёўскім прадпрыемстве “Бабушкина крынка”. Ёй быў цікавы досвед перапрацоўкі і рэалізацыі малочнай прадукцыі. Наведалася яна і ў “Вялікі камень”, што пад Мінскам. Апошнім часам у Омскай вобласці таксама ствараецца свабодная эканамічная зона “Авангард”, якая будзе спецыялізавацца на хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці. Расіяне хацелі даведацца, як беларусы арганізоўваюць свабодныя эканамічныя зоны. Омская вобласць — лідар у Расіі па вытворчасці лёну-даўгунцу. Там зацікаўлены ў беларускіх тэхналогіях яго пераапрацоўкі і вытворчасці. Тая ж дэлегацыя пабывала і на Мінскім трактарным заводзе. Гэта адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце. Яго прадукцыя прадстаўлена на рынках больш 60 дзяржаў. За мяжой МТЗ стварыў каля 26 зборачных вытворчасцяў. Да канца гэтага года Мінскі трактарны завод паставіць у Омскую вобласць каля 30 трактароў. Яшчэ 90 адзінак тэхнікі прыбудзе ў рэгіён у І квартале 2021 года. Такое пагадненне было падпісана паміж губернатарам Омскай вобласці Аляксандрам Бурковым і генеральным дырэктарам МТЗ Віталем Воўкам.

Дарэчы, Мінскі трактарны завод падпісаў пагадненне і з Іркуцкай вобласцю. У сельскай і лясной гаспадарках Іркуцкай вобласці выкарыстоўваецца каля 8 тысяч тэхнікі, якую выпускае МТЗ. Каб мець магчымасць яе рамантаваць, у тым ліку і капітальна, на тэрыторыі Іркуцкай вобласці збіраюцца адкрыць некалькі станцый тэхнічнага абслугоўвання. МТЗ не супраць стварыць у адным з расійскіх рэгіёнаў нават рамонтны завод.

Падчас форуму найбольш актыўнымі былі нафтахімічныя арганізацыі. Напрыклад, “Белнафтахім-РОС” падпісаў кантракты на пастаўку прадукцыі арганізацыяй канцэрна “Белнафтахім” на агульную суму 61 мільён долараў. “Магілёўвалакно” дамовілася з “Авангардам”, які знаходзіцца ў горадзе Тосна Ленінградскай вобласці, на пастаўку поліэфірнага валакна на суму 30 мільёнаў долараў.

Паміж Мінскай вобласцю і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі заключаны 42 дамовы аб супрацоўніцтве. Шмат такіх дакументаў падпісана на раённым узроўні. У асноўным Мінская вобласць пастаўляе ў Расію аўтамабілі і камплектуючыя, лекавыя прэпараты, сродкі абароны раслін. За першае паўгоддзе гэтага года аб’ём знешнегандлёвага таваразвароту Мінскай вобласці і Расіі пераўзышоў 2 млрд рублёў.

Падчас форуму былі падпісаны і пагадненні паміж Урадам Беларусі і выканаўчымі органамі ўлады суб’ектаў Расіі: Башкартастана, Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі, Рэспублікі Комі, Самарскай вобласці, Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі і Адміністрацыяй Курскай вобласці. Супрацоўніцтва будзе наладжана ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і сацыяльна-культурнай сферах.

Дарэчы, на выставу “Белагра”, якая была прымеркавана да форуму рэгіёнаў, прыехала каля 30 расійскіх кампаній: з Бранскай, Валгаградскай, Омскай, Саратаўскай і Варонежскай абласцей. На выставе была прадстаўлена беларуская і расійская прадукцыя. Сельскагаспадарчыя арганізацыі таксама змаглі дасягнуць пэўных дамоўленасцяў.

Ганна Лагун

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.