Вы тут

Сакрэты «белагаловых» прыгажунь. Навукоўца - пра шматграннасць і разнастайнасць традыцыйных беларускіх строяў


Шматграннасць і разнастайнасць традыцыйных беларускіх строяў асэнсоўваюць навукоўцы


Марыя Віннікава паказвае, як навіваць наметку

Марыя Віннікава, старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, даўно вывучае розныя спосабы навівання наметак (называюць яшчэ: намётка, намэтка, намёт, плат, сарпанак…). З якімі, несумненна, беларускі традыцыйны жаночы касцюм выглядае больш высакародна. І хоць быў гэта раней традыцыйны галаўны ўбор замужніх жанчын, але ж традыцыя навівання наметак перарвалася, таму беларускія строі дагэтуль часта прэзентаваліся без галаўных убораў. Толькі нядаўна, дзякуючы даследаванням спадарыні Марыі, наноў асвойваецца даўняя навука. Сама наметка — досыць простая рэч: такі тканы ручнік даўжынёй ад 2,5 да 4,5 метра, шырынёй ад 25 да 70 сантыметраў. Даследчыца навучылася “расшыфроўваць” спосабы навівання самастойна, скрупулёзна вывучаючы даўнейшыя фотаздымкі. Усе спосабы (занатавала іх амаль 40!) фіксуе на паперы з дапамогай алоўка ў чатырох пазіцыях. Яе рэканструкцыі, сцвярджае, маюць пад сабой навуковы падмурак. Усе набыткі-знаходкі стараецца ўвасабляць у выставах ды музейнай экспазіцыі аддзела старажытнабеларускай культуры, дзе й працуе. Паколькі Марыя Мікалаеўна даўно вывучае беларускі традыцыйны строй, то мы папрасілі яе шырэй паразважаць як пра наметкі, так і пра іншыя складнікі: яны таксама робяць строй непаўторным.

— Марыя Мікалаеўна, як вы зацікавіліся наметкамі?

— Аднойчы ўбачыла жанчын у традыцыйных касцюмах і наметках на фотаздымках Вячаслава Косткі, зробленых на пачатку XX стагоддзя — на той час ён, ураджэнец Магілёва, быў студэнтам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Я была зачараваная тымі выявамі! Таму вырашыла наведацца ў Расійскі этнаграфічны музей у Санкт-Пецярбурзе, створаны, дарэчы, у 1902 годзе, каб пабачыць наметкі, што там захоўваюцца, на свае вочы. Чаму там? Бо даследчыкі беларускіх тэрыторый, што ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, завезлі туды іх у канцы XІX — пачатку XX стагоддзя. Некаторыя з наметак захоўваюцца там на паліцах у неразвітым стане: як і тварыліся калісьці на галовах у вясковых жанчын. А сакрэтамі навівання наметак на галаву са мной дзяліліся жанчыны з беларускай глыбінкі: гэтае спрадвечнае майстэрства ім калісьці перадалі матулі, бабулі. З імі я сустракалася ў часе экспедыцый у Кобрынскі, Лунінецкі, Жабінкаўскі раёны Брэстчыны, Старадарожскі раён Міншчыны, якія ладзіліся ў 90‑я гады. Трэба сказаць, што такі галаўны ўбор насілі не толькі на тэрыторыі Беларусі. Наметка пашырана была ва Украіне, у Польшчы, Літве ды іншых краінах. Але на тэрыторыі Беларусі яе насілі найчасцей і найдаўжэй у часе. Наметкі вырабляліся з белага ільнянога палатна, таму беларусак раней называлі за вочы “белагаловымі”.

— Наколькі мне вядома, нашы продкі шылі свае традыцыйныя строі з палатна…

— Так, не толькі наметка, але й многія іншыя элементы беларускага касцюма шыліся з белага ільнянога палатна, якое жанчыны самі ж і ткалі. Летам традыцыйнае адзенне было цалкам ільняным. Прычым такое палатно асацыявалася з Божым святлом. Лічылася: адзенне з ільну само па сабе абярэг для ўладальніка. Крой ільнянога палатна быў безадходным: яго вельмі цанілі, бо лён вырошчвалі, апрацоўвалі, пралі ніткі, ткалі — усё самі. Беларускі касцюм у даўнія часы па кроі быў прамалінейным. Сарочка, і нават штаны мужчынскія — усё краілася з прамых кавалкаў, без аніякай падкройнай лініі.

— Які элемент традыцыйнага касцюма найдаўжэй можна было бачыць на вясковых жанчынах?

— Хвартух. Гэта адзін з нямногіх элементаў беларускага народнага касцюма, які часам застаецца ў адзенні вясковых жанчын і па сёння. Згодна з уяўленнямі беларусаў, ён абараняе жаночае ўлонне ад нядобрых позіркаў. Нават маленькія дзяўчынкі ў святочныя дні ў царкву надзявалі традыцыйны касцюмчык з хвартушком. Дзяўчаты насіць хвартух павінны былі абавязкова й кожны дзень. Мне на вочы неяк патрапіў фотаздымак 30‑х гадоў мінулага стагоддзя, на якім жанчына з вёскі Пінкавічы (цяпер Пінскі раён Брэстчыны) — у спадніцы, падобнай на сучасную, з модным на той час бліскучым рамянём, і ў хвартуху. На іншых фотаздымках я таксама прыкмячала, як паступова традыцыйнае адзенне выходзіла з ужытку, а некаторыя складнікі яго захоўваліся. Напрыклад, жанчыны доўгі час не адмаўляліся ад беларускай сарочкі, вышытай традыцыйным геаметрычным або стылізаваным раслінным арнаментам.

— А ці шылі сарочку беларускі з кароткімі рукавамі?

— Не, вы нідзе не знойдзеце традыцыйную сарочку з кароткімі рукавамі. Яна была доўгай, закрывала практычна ўсё цела. Адна бабуля з Палесся мне гаварыла, што сарочка павінна пакрываць шыю, локці й калені. Калі ўдумацца, то гэта ж сама тыя месцы ў чалавека, на якія прыходзіцца найбольш удараў. На каўняры, плячах, унізе рукавоў сарочкі абавязкова быў арнамент. Які, як мы цяпер ведаем, ёсць сімвалічная мова, але тая мова, якую ведалі людзі з блізкага атачэння: напрыклад, сям’і, вёскі. У адным са сваіх артыкулаў я параўноўваю яго са штрых-кодам, які сёння наносяць на тавар у магазінах. Па арнаменце чалавек мог “прачытаць”, хто перад ім: свой ці чужы. З дапамогай мовы арнамента беларусы зычылі адзін аднаму добрага здароўя, плёну ў працы, дастатку. Інакш і быць не магло, бо шылі адзенне самі для сябе й сваіх блізкіх. Арнамент не толькі ўпрыгожваў адзенне, але й абараняў чалавека ад уплываў ліхіх сіл. Але сэнсам арнаментальных кампазіцый, як тое павялося апошнім часам, злоўжываць не варта. Дарэчы, арнаментам можна лічыць і тоненькія ці больш шырокія чырвоныя палосы. Імі, напрыклад, любілі ўпрыгожваць адзенне на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна Брэстчыны. Такі арнамент больш архаічны. Арнамент у выглядзе чырвоных палос найбольш захаваўся на Заходнім Палессі.

— Цяпер некаторыя атаесамляюць беларускі традыцыйны касцюм з “вышыванкай”. Ды, пэўна ж, гэта не так?

Замужняя жанчына ў наметцы (злева) гутарыць з сяброўкай

— Слова “вышыванка” — не зусім пра беларускі традыцыйны касцюм, яно ўласцівае хутчэй украінскаму. Наш традыцыйны строй быў тканым, і арнамент вышывалі не ўсюды. Напрыклад, на тэрыторыі Старадарожскага раёна Міншчыны пераважала вышыўка, а на тэрыторыі Маларыцкага раёна Брэстчыны вышыванымі былі толькі галаўныя ўборы “платы”, часам сарочкі й хвартушкі, а вось “бурка” (арнаментаваная ваўняная спадніца) была тканай. Для беларускага арнамента ўласцівы чырвоны колер — колер Сонца і агню. Такога правіла не прытрымліваліся хіба што на тэрыторыі Брэсцкага раёна Брэстчыны, дзе нават у святочныя дні насілі строі з чорнай вышыўкай на белым фоне. Тая лакальная традыцыя перарвалася ў Першую сусветную вайну. Дарэчы, прыкладна такія касцюмы выкарыстоўваліся на суседніх тэрыторыях Пабужжа ў Польшчы ды Украіне. Арнаментам сіняга колеру таксама няварта злоўжываць. Я ўбачыла яго на адным са святаў “вышыванкі”, якія ў нас пачалі праводзіць. Але сіні — гэта колер тугі. Сарочкі, вышытыя сінім арнаментам, беларусы маглі насіць у знак самоты па памерлых.

— Што робіцца ў нашым часе для таго, каб аднавіць разнастайнасць беларускага касцюма?

— Я лічу, што асэнсаванне разнастайнасці беларускага традыцыйнага касцюма пачалося ў 1981 годзе. Якраз тады з друку выйшла кніга Міхася Раманюка “Беларускае народнае адзенне”, якая многім дапамагла зразумець, што беларускі традыцыйны касцюм — гэта не зусім той, які дагэтуль мы бачылі на сцэне, усярэднены й “ляпісты”. Наш традыцыйны касцюм мае лакальныя адрозненні. Яны залежаць ад той мясцовасці, на якой ён гістарычна склаўся, сфарміраваўся ў часе. Цяпер з’явілася шмат навуковых публікацый на гэтую тэму. Спасцігаць лакальныя адметнасці строяў ахвочым дапамагаюць шматлікія Цэнтры рамёстваў, што створаны бадай што ў кожным раёне. Супрацоўнікі тых цэнтраў вывучаюць традыцыі сваіх мясцін, вырабляюць уласцівыя для іх традыцыйныя касцюмы, і апранаюць у іх мясцовыя фальклорныя гурты. Напрыклад, Лепельскі Цэнтр рамёстваў, на маю думку, лідзіруе ў гэтай падзвіжніцкай справе, сістэмна працуе й Цэнтр у Лідзе. Наогул, там, дзе найменш захавалася традыцыйнае беларускае адзенне, сёння найбольш актыўна працуюць над яго ўзнаўленнем: гэта Гродзеншчына і Віцебшчына.

Шмат беларускага адзення адноўлена з дапамогай прадпрыемства “Скарбніца”, што ў Мінску. Памятаю, калі я працавала на гэтым прадпрыемстве (на той час у Навукова-даследчай мастацка-эксперыментальнай лабараторыі), то мы шмат ездзілі па вёсках і вывучалі тэхналогіі вырабу народных тканін. Я нават прывезла неяк з экспедыцыі кросны, паставіла іх у сваёй двухпакаёвай кватэры, самастойна асвоіла розныя спосабы ткацтва. Вынікам такіх маіх намаганняў стаў дапаможнік па ручным узорным ткацтве “Возрождение ремесла”, выдадзены ў 1993 годзе ў суаўтарстве з Верай Іванаўнай Селівончык. Я ж і сёння супрацоўнічаю са “Скарбніцай”: там дапамагаюць мне аднаўляць беларускія традыцыйныя касцюмы. Апошнім часам з’явілася нямала дызайнераў і прыватных вытворцаў, якія таксама цікавяцца аўтэнтычнымі строямі. Спадзяюся, і да іх з цягам часу прыйдзе разуменне, што да вырабу традыцыйнага адзення трэба падыходзіць вельмі ўважліва.

Ганна ЛАГУН

Фота з архіва Марыі ВІННІКАВАЙ

Друкуецца ў газеце «Голас Радзімы»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.