Вы тут

Мазыр, Чэрвень і Віцебск адзначылі абласныя «Дажынкі — 2020»


Апош­нія вы­хад­ныя ве­рас­ня ад­зна­чы­лі­ся пра­вя­дзен­нем свя­та пра­цаў­ні­коў вёс­кі ад­ра­зу ў трох аб­лас­цях кра­і­ны — Ві­цеб­скай, Го­мель­скай і Мін­скай. Як заў­сё­ды, уша­ноў­ва­лі­ся най­леп­шыя хле­ба­ро­бы. Ста­лі­цы сё­лет­ніх аб­лас­ных «Да­жы­нак» атры­ма­лі па­да­рун­кі ў вы­гля­дзе ад­ра­ман­та­ва­ных і но­вых аб'­ек­таў. А гэ­та доб­рая тра­ды­цыя, якая пра­цяг­ва­ец­ца.


Віцебск. Самы важкі каравай пяцігодкі

У якасці падарунка гораду раніцай прэзентавалі футбольны манеж, сцены якога падпампоўваюць паветрам. Адчынілі і сквер пасля рэканструкцыі, дзе, што цікава, увекавечылі і часопіс «Маладосць».


Фота БЕЛТА.

На малой Радзіме Марка Шагала сёння і заўтра — абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2020».

Цырымонія шанавання самых лепшых прадстаўнікоў аграрнага сектара эканомікі Прыдзвінскага краю распачнецца зусім хутка: у 13:30 пасля святочнага шэсця. Галоўную падзею арганізуюць у Летнім амфітэатры на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Ён, дарэчы, адначасова можа ўмясціць каля 6,2 тысячы чалавек. Гэта — адна з самых вялікіх канцэртных пляцовак без сцен у свеце.

Сёлета ў нашых кармільцаў па выніках жніва некалькі падстаў для гонару. Як падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, устаноўлены рэкорд пяцігодкі: агульны намалот збожжавых — парадку 1 мільён 76 тысяч тон (сярэдняя ураджайнасць 31,2 цэнтнера з гектара).

Пры гэтым упершыню ў Аршанскім і Віцебскім раёнах «каравай» адпаведна пацягнуў на 125 і 117 тысяч тон — ніколі такіх паказчыкаў раённага ўзроўню не было (ранейшы рэкорд асобна ўзятага рэгіёна Віцебшчыны — 104,6 тысячы).

Сярод ганаровых гасцей «Дажынак» прадстаўнікі суседняй Пскоўскай вобласці на чале з губернатарам Міхаілам Вядзернікавым. Расіяне у ліку іншага вельмі здзіўляліся ўбачанаму ў аграрным гарадку Мазалава пад Віцебскам. Уразіла тое, што інфраструктура аб’ектаў грамадскага прызначэння на ўзроўні гарадской, а тэхналагічны ўзровень на сельскагаспадарчай вытворчасці перадавы, ды і заробкі «прафесарскія»...

Да «Дажынак» гараджане атрымалі шмат падарункаў, якія вельмі былі неабходнымі Віцебску. 

У прыватнасці, раней адкрылі падземны пераход — даўгабуд яшчэ з савецкага часу. А побач — новы ўчастак праспекта Будаўнікоў — у бок спальнага мікрараёна Білева. Там 1 верасня расчыніла дзверы школа.

Сёння раніцай ля Цэнтральнага спартыўнага комплексу адкрыўся футбольны манеж, сцены якога надзьмулі паветрам. На гэтай спартыўнай пляцоўцы са стандартнай плошчай футбольнага поля можна будзе трэніравацца дзецям і прафесійным футбалістам нават у самыя халодныя дні зімы.

Насупраць чыгуначнага вакзалу з’явіліся «вароты ў горад» — арка з выявай герба Віцебска. Яна ўпачатку сквера імя Кірава, якому надалі другое жыццё. Цяпер там можна ўбачыць скульптуру, якая прысвечана моладзі 1960-х. Хлопец з гітарай схіліў калена перад дзяўчынай. Яна трымае ў руцэ вершы і часопіс «Маладосць». Нагадаем, што гэтае выданне — адно з шматлікіх у складзе нашага дружнага выдавецкага холдынгу «Звязда».

У гэтыя хвіліны ў Віцебску столькі ўсяго цікавага, што дамоў людзі не спяшаюцца.

Гараджане гуляюць з дзецьмі, знаёмымі і сябрамі, якіх запрасілі ў госці з іншых гарадоў...

Цудоўнае надвор’е, багаты выбар таго што можна паглядзець, выставы-продажы, падворкі раёнаў і прадстаўленні пад адкрытым небам — усё гэта стварае добры настрой.

У праграме сёння выставы: караваяў раёнаў вобласці, сельскагаспадарчай тэхнікі, рэспубліканскага моладзевага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі». Зацікавяць і інтэрактыўная пляцоўка МНС, паказальныя выступленні па перацягванні вялікагрузнага аўтатранспарту, «стаянкі» клубаў гістарычнай рэканструкцыі, канцэртна-забаўляльныя праграмы на любы густ...

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Мазыр. Збожжавы патэнцыял Палесся

Буйны цэнтр Прыпяцкага Палесся, Мазыр, які не так даўно адзначыў 865-ы дзень нараджэння, у атмасферу маштабнага фестывалю працаўнікоў вёскі акунуўся не ўпершыню. Амаль два дзесяцігоддзі таму ў Мазыры праходзілі рэспубліканскія «Дажынкі». Сёлета да абласнога свята горад рыхтаваўся не менш грунтоўна: адрамантаваны дарогі, новы выгляд атрымалі фасады жылых дамоў, адноўлены вулічныя лесвіцы — своеасаблівыя пешаходныя артэрыі, якія звязваюць розныя раёны горада. Якраз імі актыўна карысталіся госці райцэнтра, якія імкнуліся пазнаёміцца са славутасцямі горада.

Пераможцы абласных «Дажынак» з Буда-Кашалёўскага раёна Васіль ГАЛАВАЦКІ і Дзмітрый КАРПАЎ. Фота БЕЛТА

Увогуле менавіта Мазырскі раён — адзін з бяспрэчных лідараў сельгасвытворчасці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі.

Між тым Гомельшчына па праве можа ганарыцца вынікамі работы сваіх аграрыяў. Сёлета ў вобласці толькі збожжавых і зернебабовых (без уліку кукурузы) — намалочана на траціну болей, чым летась, — усяго каля 915 тысяч тон. Больш за ўсё збожжа сабралі ў Буда-Кашалёўскім раёне — 93 тысячы тон, у Рэчыцкім і Рагачоўскім раёнах — 86 і 85 тысяч адпаведна. Самыя высокія тэмпы росту па гэтым паказчыку — больш за 170 працэнтаў — у аграрыяў Веткаўшчыны і Чачэршчыны. У цэлым 10 раёнаў Гомельскай вобласці паказалі тэмп росту валавога збору, вышэйшы за сярэднеабласны.

Першае месца сярод раёнаў па вытворчасці збожжа засталося за Жлобінскім раёнам. Там тэмп росту валавога збору збожжа склаў 130 % да сярэдняга ўзроўню папярэдніх трох гадоў. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый па гэтым паказчыку пераможцам названа эксперыментальная база «Крынічная» Мазырскага раёна.

Першым у рэгіёне завяршыў уборку збожжавых Добрушскі раён. Калі гаварыць аб ураджайнасці, то самы высокі паказчык — 53 цэнтнеры з гектара — адзначаны ў ААТ «Отар» Чачэрскага раёна.

Памочнік Прэзідэнта, інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка зачытаў прывітальны адрас кіраўніка дзяржавы:

— Працаўнікі вёскі Гомельскай вобласці ў чарговы раз разбілі стэрэатып пра тое, што геаграфічнае становішча рэгіёна, невысокая бальнасць зямель і частыя катаклізмы надвор'я з'яўляюцца непераадольнымі перашкодамі для дасягнення жаданых паказчыкаў. Вы значна павялічылі намалот, вырасцілі добры ўраджай збожжавых, кукурузы, гародніны, заклалі дастатковую кармавую базу для вытворчасці малака і мяса, а цяпер актыўна рыхтуеце свае палі да новага сезона. Усё гэта красамоўна сведчыць аб тым, што вяскоўцы знаходзяцца на правільным працоўным шляху і патэнцыял Палесся далёка не вычарпаны.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей чарговы раз падкрэсліў важнасць прафесіі хлебароба:

— Хлеб — найважнейшая каштоўнасць, мерка хлебаробнага майстэрства, сімвал дабрабыту і дастатку. І менавіта таму ў Беларусі «Дажынкі» адзначаюць з такім размахам, — адзначыў кіраўнік рэгіёна. — Праца хлебароба — адна з самых цяжкіх, а ў Гомельскай вобласці, якая па сваіх кліматычных умовах з'яўляецца зонай рызыкоўнага земляробства, тым больш. Таму для атрымання выніку і намаганняў даводзіцца прыкладаць больш, — падкрэсліў Генадзь Салавей.

Між тым падзякі Прэзідэнта Беларусі ўдастоіліся дырэктар УП «Палессе-Аграінвест» Петрыкаўскага раёна Міхаіл Капінскі і механізатар агракамбіната «Холмеч» Рэчыцкага раёна Іван Вырвіч. Ганаровымі граматамі Адміністрацыі Прэзідэнта ўзнагароджаны дырэктар КСУП «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна Алег Слінько і трактарыст-машыніст агракамбіната «Холмеч» Васіль Коваль.

Найлепшым маладзёжным экіпажам прызнаны экіпаж «Савецкай Беларусі» Рэчыцкага раёна — Дзмітрыя Ляшчынскага і Рамана Даніліка. Першае месца сярод вадзіцеляў на перавозцы зерня ад камбайнаў прысуджана Рыгору Малочку, які працуе ў ААТ «Чамярыскі» на Брагіншчыне.

Дыпломы першай ступені сярод галоўных аграномаў уручылі Мікалаю Быкоўскаму з СВК «50 год Кастрычніка» Рэчыцкага раёна і Алесі Крывіцкай, якая прадстаўляе аграфірму імя Лебедзева РУП «Гомельэнерга» ў Веткаўскім раёне.

На фестывалі былі ўшанаваны ўладальнікі другіх і трэціх месцаў, а таксама ўручаны ўзнагароды за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм і ўклад у развіццё галіны.

Госці свята традыцыйна дружнай калонай прайшлі па цэнтральнай вуліцы горада. Святочнаму параду аграрыяў, якія прыехалі ў Мазыр з 21 раёна Гомельшчыны, спрыяла і надвор'е.

Для ўдзельнікаў свята, а таксама жыхароў і гасцей Мазыршчыны, была арганізаваная выстаўка айчыннай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Дзіцячы садок у падарунак

Пачынаючы з самай раніцы ў Чэрвені панавала святочная атмасфера — працавалі гандлёвыя рады, сцэнічныя пляцоўкі, «Горад майстроў». Гасцей свята чакалі таксама выстаўкі караваяў і снапоў рэгіёнаў вобласці, а таксама мастацкіх работ майстроў народных рамёстваў. Таксама да абеду на стадыёне сярэдняй школы № 2 аматараў спорту чакала спартыўная пляцоўка «Спорт для ўсіх».

І гэта былі не ўсе падарункі да «Дажынак». Так, адбылося адкрыццё ясляў-садка «Пчолка». Урачыстае мерапрыемства наведаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

«Пчолка» стаў сёмым дзіцячым садком у Чэрвені. Адкрыліся 12 груп, разлічаных на 230 месцаў: чатыры старэйшыя, тры сярэднія і малодшыя і дзве ясельныя. Аб'ект цалкам пакрывае патрэбу Чэрвеня ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Спортам дзеці змогуць займацца ў басейне і абсталяванай фізкультурнай зале. Дарэчы, гэта адзіная дашкольная ўстанова Чэрвеня, дзе ёсць басейн. Ёсць таксама дзве трэнажорныя залы, адна з якіх — з ЛФК-профілем. Там пад наглядам спецыялістаў будуць займацца малыя з аслабленым здароўем.

А пасля абеду адбылася цырымонія ўзнагароджання найлепшых хлебаробаў. «Цяперашні сезон увойдзе ў гісторыю Міншчыны як год, у якім атрымана два мільёны тон збожжа з васьмі па краіне ў цэлым, гэта значыць чвэрць ураджаю, — адзначыў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч. — Усё гэта — вынік намаганняў працаўнікоў вёскі, а такіх у цэнтральным рэгіёне больш за 57 тысяч. Сёння хацелася б падзякаваць кожнаму. Упэўнены, што патэнцыял нашай вобласці яшчэ вышэйшы, таму жадаю новых здзяйсненняў і перамог. Усе рэкорды яшчэ наперадзе!»

Адгрымела галоўнае аграрнае свята вобласці, падчас якога цэлы дзень у паветры лунала радасная атмасфера. Калі афіцыйная частка скончылася, прагучалі ўсе словы падзякі, а ўзнагароды і памятныя падарункі дасталіся сваім уладальнікам, пачаўся святочны канцэрт.

На галоўнай сцэне выступалі зоркі беларускай і расійскай эстрады, сярод якіх — Алёна Ланская, Руслан Аляхно, гурт «Правакацыя». Гледачы — жыхары і госці Чэрвеня, работнікі сельскагаспадарчай сферы — падпявалі артыстам, танцавалі і весяліліся. Пасля канцэрта неба Чэрвеня расквецілася святочным салютам.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.