Вы тут

Медыцынскі турызм: паўза ці новы імпульс?


Чаму многія замежнікі выбіраюць для аздараўлення беларускія курорты і здраўніцы.

Так званы медыцынскі турызм пачаў развівацца не так даўно. І хоць жыхары многіх краін наведвалі беларускія санаторыі і раней, але сапраўдны бум пачаўся некалькі гадоў таму. Ужо тры-чатыры гады колькасць такіх турыстаў толькі на Гродзеншчыне дасягае 20—30 тысяч чалавек у год. Гэтаму паспрыяў і безвізавы ўезд. Замежныя турысты прыязджаюць на прыём да гродзенскіх дантыстаў, хірургаў, у тым ліку пластычных, а таксама праходзяць абследаванне і дыягностыку. Большасць з іх сумяшчае медыцынскія працэдуры з аздараўленнем у беларускіх санаторыях.


Як паведамілі ў Гродзенскім абласным упраўленні Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, дынаміка ў медыцынскім турызме відавочная. Рэкордным можна лічыць мінулы год, калі ў санаторыях вобласці пабывала 23 тысячы замежнікаў. Годам раней было на тысячу менш. У некаторых здраўніцах колькасць замежных турыстаў была нават большай, чым беларускіх.

Сёлета сітуацыя іншая. За паўгода прысутнасць замежнікаў у гродзенскіх санаторыях скарацілася амаль у тры разы. Паўза зразумелая — сусветныя камунікацыі зменшыліся з-за пандэміі. Але разам з гэтым паўстае пытанне: ці не страцяць санаторыі свайго замежнага турыста? Ці зможа развівацца медыцынскі турызм і надалей? Каб гэта высветліць, я дамовілася аб наведванні адной з самых прэстыжных і камфартабельных здраўніц рэгіёна — ААТ «Санаторый «Азёрны».

Гэты аздараўленчы комплекс папулярны як у беларусаў, так і ў замежных грамадзян. Некаторыя прыязджаюць сюды гадамі. Як, напрыклад, гэта робіць сям'я Мышко з Вільнюса. Сёлета яны тут восьмы раз. Цікаўлюся, ці не беларусы яны, бо прозвішча гаворыць само за сябе. Аказалася, што Алег — з Магілёўшчыны, а ў Гродне жывуць яго брат і іншыя сваякі. Ала — расіянка, а лёс звёў іх у літоўскай сталіцы, там і засталіся жыць. У Беларусь прыязджаюць часта, жартуюць, што ўсё пачалося з настальгічнага турызму. Напачатку прыязджалі да сваякоў, а потым вырашылі прыехаць сюды і на аздараўленне. Паступова азнаёміліся з санаторнай базай. Брат Алега, гродзенскі ўрач, параіў паехаць у санаторый «Азёрны». Цяпер штогод прыязджаюць. Пасябравалі з персаналам. Госці з Вільнюса лічаць прафесіяналізм і ветлівасць медыкаў аднымі з галоўных пераваг беларускага санаторыя.

— Мы былі ў літоўскіх санаторыях у Бірштанісе і ў Друскінінкае. Я параўнала масаж — там мяне проста гладзілі, а тут неяк больш вызначана. І наогул вельмі ўважліва ставяцца, гэта многае значыць. Вельмі добрыя суадносіны цаны і якасці. Токі, лімфадрэнаж, лячэбная гразь, ванны. Сёлета мне параілі баракамеру. Усе гэтыя працэдуры літаральна ставяць нас на ногі, — пералічвае плюсы Ала.

Нават сёлетні складаны ў плане праезду сезон не спыніў грамадзян Літвы. Праўда, прыходзілася некалькі разоў адкладваць, каб не трапіць па вяртанні дадому ў самаізаляцыю. Але сітуацыя так імкліва мянялася, што падгадаць такое «акно» не атрымалася. Таму вырашылі ўсё роўна ехаць, хоць два тыдні потым прыйдзецца правесці дома.

Па словах менеджара па турызме Міхаіла Кажуры, гасцей з Літвы і ўвогуле з Прыбалтыкі значна прыбавілася. Гэтаму паспрыяў бязвізавы рэжым з тэрмінам знаходжання 15 дзён для тых, хто едзе ў беларускія санаторыі. Да таго ж замежнікам не трэба клапаціцца пра афармленне дакументаў — усё гэта робіцца ў самім санаторыі. Анкету адсылаюць у пагранкамітэт, дзе вызначаецца яе штрыхкод, потым дакумент адпраўляюць замежніку, які раздрукоўвае яго і прадстаўляе на граніцы.

Відавочна, што сёлетняя сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў прыём гасцей з-за мяжы — іх колькасць рэзка знізілася. Між тым нельга сказаць, што такіх турыстаў наогул няма. У санаторыі гэту сітуацыю лічаць часовай і робяць усё магчымае, каб не страціць свой кантынгент.

— У першую чаргу тут звяртаюць увагу на медыцынскую базу. Зараз гэта адзін з важных фактараў прыцягвання замежнікаў. Таму ў «Азёрным» ідуць па шляху пастаяннага аднаўлення і пашырэння паслуг.

Другі значны фактар — аздараўленчыя праграмы па васьмі кірунках. У гарадскіх паліклініках такіх праграм няма, расказвае ўрач-рэабілітолаг Галіна Якубенка. Яна адзначыла, што людзі, якія прыязджаюць у санаторый, вельмі цікавяцца гэтымі праграмамі.

І трэці важны аспект — медыцынская дыягностыка і лячэнне. У санаторыі працуюць урач-уролаг, анколаг, стаматолаг, дыягност. Акрамя таго, існуе дамоўленасць з абласной клінічнай бальніцай, дзе ёсць магчымасць не толькі прайсці кансультацыю вузкіх спецыялістаў, але і зрабіць комплекснае дыягнастычнае абследаванне за 1-3 дні, у тым ліку і МРТ. Дарэчы, гэта адна з самых папулярных медыцынскіх паслуг сярод замежнікаў. У Гродне па гэтай тэхніцы выконваюць сканіраванне ўсяго цела для выяўлення анкалагічнага захворвання. А калі чалавек з'язджае, атрымлівае медыцынскія рэкамендацыі.

— У канцы года мы глядзім, якое абсталяванне выходзіць са строю, штосьці з'яўляецца новае, наведваем выстаўкі медабсталявання, набываем тое, што запатрабавана, — тлумачыць фізіятэрапеўт Ганна Аўгуль.

Медыцынская база асабліва прывабная для замежнікаў, кажа суразмоўца. Прыбалты, палякі, расіяне прыязджаюць менавіта аздаравіцца. Яны не ўтойваюць, што ў сябе дома заплацяць за адну працэдуру, як тут за цэлы комплекс. Замежнікі карыстаюцца тымі паслугамі, якія не пакрываюць унёскі па страхавой медыцыне ў іх краінах. Разам з тым узровень дапамогі наведвальнікі санаторыя ацэньваюць як еўрапейскі. Менавіта так вызначыла сваё меркаванне грамадзянка Расіі Алена Стэльмах.

Мы размаўляем з сямейнай парай з Санкт-Пецярбурга літаральна паміж працэдурамі. Алена спяшалася на падводную выцяжку, дзеля якой, уласна кажучы, і прыязджае ў «Азёрны». Вельмі добра, што ёсць магчымасць абследавацца, скарыстацца касметычнымі працэдурамі, лічыць яна.

— Мяне крыху здзіўляе, што беларусы часта наракаюць, што тут дорага, што санаторый больш скіраваны на замежных турыстаў, але як можа быць танна, калі мы бачым, колькі тут укладзена? — задаецца пытаннем жанчына. — Многія працэдуры робяцца на замежным абсталяванні, тэрыторыя прыгожа аформлена. Зразумела, што санаторыю патрэбна зарабляць грошы, бо ён на самаакупнасці.

У Расіі многія робяць стаўку на камфорт, і адпаведна ў санаторыі ёсць камфортныя нумары. На думку Алены, «Азёрны» па ўзроўні нагадвае нават горныя фешэнебельныя курорты, а цэнавы фактар зусім іншы. Там адпачынак будзе каштаваць у 2-3 разы даражэй. Таму многія расіяне аддаюць перавагу беларускім здраўніцам. Ці захаваецца такая тэндэнцыя надалей? Ні Алена, ні яе муж Андрэй у гэтым не сумняваецца. Яны самі прыязджаюць сюды другі раз і налета таксама мяркуюць прыехаць.

— У Піцеры вільгаць, прастудныя захворванні, таму для нас важна надыхацца свежым паветрам і ўмацаваць здароўе. Тут ёсць усё і для ўсіх. Ёсць з чым параўнаць, — кажа Андрэй.

Між іншым, у санаторыі не згаджаюцца, што іх установа скіравана на замежнікаў. Здраўніца папулярная і ў беларусаў. Многія прыязджаюць не ўпершыню. У фае сустрэлася з адной такой сям'ёй з Мінска. Дык вось Святлана і Ігар Суськовы прыязджаюць сюды ўжо чацвёрты раз, прычым з дзецьмі. Умацаваць імунітэт, па словах Святланы, дапамагаюць возера, аквапарк, саляны пакой і чароўная прырода. А яшчэ тут шмат забаў для дзяцей, прычым з кожным годам з'яўляецца нешта новае.

Увогуле сямейны адпачынак становіцца прыярытэтным у большасці беларускіх санаторыяў. Спрыяе гэтаму і дамашняя атмасфера здраўніц. А ў «Азёрным» лечаць не толькі цела, але і душу. На тэрыторыі санаторыя пабудавана царква, асвечаная ў гонар Пятра і Паўла. А ўся тэрыторыя займае 16 гектараў сярод чыстага хвойнага лесу. Дарэчы, для Ігара і Алены Садоўнікавых, якія прыехалі з Казані, менавіта прырода ў прыярытэце. Пешы мацыён па лясных асфальтаваных сцяжынках яны робяць штодзень і сцвярджаюць, што гуляць тут прыемна ў любую пару года.

У тэму

Экспарт медыцынскіх паслуг да сёлетняга года павялічваўся на 10 %. На гэтым сектары турызму Гродзенская вобласць зарабіла больш за мільён долараў ЗША, што з'яўляецца даволі значнай лічбай. Лідарам па аказанні паслуг можна лічыць абласную бальніцу. За год тут праходзяць лячэнне ад 600 да 800 замежнікаў. У аддзяленні платных медыцынскіх паслуг Гродзенскай бальніцы хуткай дапамогі большасць платных пацыентаў да нядаўняга часу складалі менавіта прадстаўнікі замежных краін. Многія звяртаюцца, каб зрабіць дыягностыку, пластычную аперацыю ці замяніць каленны сустаў.

А вось турыстычныя фірмы не вельмі імкнуцца «прасоўваць» медыцынскі турызм. У турыстычнай фірме «ЗЭТ» лічаць, што сітуацыя можа палепшыцца, калі медыцынскія ўстановы будуць рабіць адпаведныя адлічэнні за паслугі турыстычным кампаніям. Разам з тым у турыстычнай фірме пагаджаюцца: медыцынскі турызм мае попыт сярод замежнікаў, асобнае месца ў ім займаюць беларускія здраўніцы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яна Хвед­чы­на і Мар­га­ры­ты Ушке­віч 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.