29 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Вядзецца распрацоўка праграмы жыллёвага будаўнiцтва сталіцы на 5 i 10 гадоў


Сёння вядзецца актыўная распрацоўка праграмы жыллёвага будаўнiцтва галоўнага горада краiны на 5 i 10 гадоў.


Новы пакет дакументаў дастаткова канкрэтна вызначыць пляцоўкi для будаўнiцтва шматкватэрнага жылля. Таксама ў iм будзе канчаткова вырашана пытанне з тэрыторыямi, на якiх плануецца знос iснуючай сядзiбнай або малапавярховай забудовы. Мяркуецца, што праграма будзе цалкам сфармiравана на працягу найблiжэйшага месяца.

Перспектыва для прыватнiкаў

Першы намеснiк старшынi Мiнгарвыканкама Дзмiтрый Мiкулёнак адзначае, што пры звароце жыхароў да ўлад горада пытаннi ў асноўным датычацца зносу прыватнага сектара: цi будзе ён i калi. Многiя ўласнiкi такой маёмасцi жывуць у напружаннi ўжо працяглы час, не ведаючы дакладных перспектыў. Таму патрэбна выразная стратэгiя на наступнае дзесяцiгоддзе, згодна з якой будзе дакладна вызначана, што пойдзе пад знос, а што не. З iншага боку, гаспадарам дамоў, якiя будуць захаваны на гэты перыяд, дадуць дазвол займацца рэканструкцыяй свайго жылля.

Мясцовыя органы ўлады падзялiлiся i найблiжэйшымi планамi. Так, на працягу некалькiх наступных гадоў жыллёвае будаўнiцтва будзе сканцэнтравана ў Смалявiчах, Сокале, Чыжоўцы, у раёне вулiцы Ангарскай, на тэрыторыi былой вёскi Сухарава.

Элiтны квартал для чаргавiкоў

Асобна распрацавана праграма па асваеннi яшчэ адной новай пляцоўкi — тэрыторыi Санкт-Пецярбургскага квартала. Рэалiзацыя яе пачнецца ўжо сёлета. Квартал вырасце ўздоўж вулiцы Сямашкi непадалёк ад 9-й бальнiцы сталiцы.

Па рашэннi Мiнгарвыканкама жыллё тут будзе ўзводзiцца для грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. У жнiўнi—вераснi меркавалася прыступiць да яго ўзвядзення.

Усе 932 кватэры ў квартале (а гэта 62 тысячы квадратных метраў) прызначаюцца для тых, хто мае патрэбу, праўда, будаваць iх чаргавiкi будуць без дзяржпадтрымкi, за свае сродкi i крэдыты. Пасля выхаду праектнай дэкларацыi да арганiзатараў будаўнiцтва можа прыйсцi чалавек з аформленай ва ўстаноўленым парадку даведкай аб тым, што ён знаходзiцца на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Накiраванне ад адмiнiстрацыi на будаўнiцтва не патрабуецца. Не важная ў гэтым выпадку i дата пастаноўкi на ўлiк.

Па якiх цэнах прапануюць жыллё? Як растлумачыў кансультант упраўлення капiтальнага будаўнiцтва «Захад», якое будзе весцi будоўлю, кошт будзе складвацца наступным чынам: нармiраваная плошча для членаў сям'i (па 15 «квадратаў» на чалавека) будзе iсцi з пяцiпрацэнтным прыбыткам заказчыка, астатняя частка — па рыначных цэнах. Пры гэтым заказчык звяртае ўвагу на тое, што дамы Санкт-Пецярбургскага квартала першапачаткова пазiцыянавалiся як забудова бiзнес-класа. Сцены будынкаў будуць зроблены з чырвонай цэглы, звонку — вентыляваны фасад, вiтражнае шкленне. Комплекс абсталююць сiстэмай вiдэаназiрання. На тэрыторыi прадугледжана дарагое добраўпарадкаванне (веладарожкi па перыметры квартала, павiльёны для захоўвання ровараў, гульнявыя пляцоўкi для дзяцей, альтанкi, зона для адпачынку жыхароў, дзе будзе фантан).

Пры гэтым умовы будаўнiцтва падобнага жылля вельмi прывабныя, i цана павiнна скласцiся даступная. Вядома, будынкi незвычайныя, у iх ёсць i пентхаўсы плошчай 140 квадратных метраў з тэрасамi, але ў цэлым набор кватэр разнастайны: прыкладна 35 % — аднапакаёўкi, 40 % — «двушкi», 25 % — трохпакаёўкi. Кожная кватэра будзе прадавацца з парковачным месцам. Усяго ў квартале будзе дзевяць дамоў: адзiн «Маяк», чатыры «Ветразi» i чатыры «Караблi». Асваенне тэрыторыi пачнецца з боку бальнiцы. У першую чаргу ўвойдуць 18-павярховы аднасекцыйны «Маяк», 11—16-павярховы двухсекцыйны «Ветразь» i паркiнг.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Шчаслівага плавання, «караблі»!

Выбар рэдакцыі

Культура

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Беларускі акадэмік працаваў грузчыкам у порце і падарыў Мінску трамвай.

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.