Вы тут

Напалеон, Францыя і французы


Напалеон, Францыя і французы

Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя пра Іншага

Наталля Бахановіч

Па меры развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу і сродкаў перамяшчэння на адлегласці нашыя продкі ўступаюць ва ўсё больш шчыльныя кантакты з заходнееўрапейскімі краінамі, асабліва вышэйшае саслоўе, якое бывае за мяжой з мэтай навучання, лячэння ці адпачынку, дзе і назапашвае ўражанні пра Іншага — прадстаўніка другога этнасу, народа, нацыі і г. д. Замежнікі таксама прыязджаюць на айчынную тэрыторыю — з мэтай атрымання працы: будаўніцтва і афармлення архітэктуры, выхавання шляхецкіх дзяцей, вядзення бізнесу і інш. Магчымасці сялянства ў пазнанні еўрапейцаў значна больш сціплыя: з-за меншай колькасці сутыкненняў яно ў сваіх меркаваннях часта абмяжоўваецца чуткамі.

Выхадцы з незразумелага, часам варожага ў дачыненні да нас свету былі досыць неардынарнай з’явай і звярталі на сябе ўвагу з-за адрозненняў у знешнасці, вопратцы, мове, звычках, паводзінах, густах і спосабах мыслення. Павелічэнне цікавасці да людзей з замежжа — заканамерны вынік росту свядомасці і самасвядомасці беларуска-літоўскага народа ў кантэксце працэсаў этнанацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Адзін з найбольш распаўсюджаных і разнастайных у шматмоўнай літаратуры Беларусі XIX стагоддзя вобраз француза — жыхара краіны, якая здаўна знаходзіцца ў авангардзе палітыкі, філасофіі, архітэктуры, культуры, моды, кулінарыі, забаў і шэрагу іншых сфер грамадскага жыцця.

 

***

Нядаўнія падзелы Рэчы Паспалітай азначалі для нашых продкаў страту былых прывілеяў і набыццё новых абавязкаў, таму пачынаюцца пошукі шляхоў вяртання незалежнага статусу. Распачатая Напалеонам Банапартам ваенная кампанія, у прыватнасці яго паход на айчынныя землі, успрымаліся як ідэальная магчымасць пазбыцца валадарання рускага цара. Гэты матыў праходзіць праз усю літаратуру пачатку (і не толькі) XIX стагоддзя і рэпрэзентуе французскі народ у якасці вызваліцеля.

Апафеозам імператару выступае камедыя «Вызваленая Літва або Пераход цераз Нёман» Я. Ходзькі, дзе апісваецца пярэдадзень уваходу тых, хто ўяўляюцца аднадумцамі і саюзнікамі. Носьбіт аўтарскай думкі, дачка здрадніка Таргавіцкага (ён падтрымаў самадзяржаўную ўладу) перад з’яўленнем арміі, што ўжо на парозе былой Рэчы Паспалітай, імкнецца супакоіць бацьку, адгаварыць ад уцёкаў. Поўная аптымізму на тэму будучыні Польшчы, дзяўчына выказвае свае думкі пра французаў:

 

Ведаю французаў. Будзь, прашу, спакойны.

З людам, што без зброі, не ўступаюць ў войны,

А тым больш не варта нам братоў баяцца,

Ці супроць аблудных зараз нам змагацца?

Забудуць, даруюць твой табе ўчынак,

Трэба аб’яднацца, бараніць Айчыну.

[1, с. 84].

Пазітыўнае стаўленне да французаў і вялікія надзеі на кіраўніка іх дзяржавы ўплываюць на ўступленне беларуска-літоўскай шляхты ў армію Францыі. Адзін з герояў камедыі Я. Ходзькі, сын Пачціўскага, што змагаецца ў войску Напалеона, цяпер вяртаецца з ім дадому. Сам Пачціўскі наступным чынам апісвае зачынальніка вайны:

 

З Захаду прыязна, глянь, зорка ўсім нам свеціць.

Любіць Бог Напалеона і узносяць людзі,

Даўнюю надзею зноў ён у сэрцы будзіць.                           

[1, с. 70].

Не меншыя чаканні ўскладае на імператара і А. Міцкевіч, як сведчыць паэма «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве». Францыя, якой кіруе Напалеон, уяўляецца паэту краінай, дзе няма месца пустазвонам і дзе можна павучыцца годнасці. Імператар успрымаецца як выратавальнік і збаўца ад няволі: шляхта прагне далучыцца да войска харызматычнага еўрапейскага лідара, каб разам змагацца з расійскай уладай (дзеля гэтага ў творы яднаюцца варагуючыя роды Гарэшкаў і Сапліцаў). Падтрыманы самім папам Рымскім, імператар абвяшчае хрысціянскія ідэалы, таму яго асабістыя якасці ніхто не адважваецца ставіць пад сумненне:

 

Напаляон — католік сёння найшчырэйшы,

Яго ж памазаў папа; паміж імі згода,

Дык лечаць норавы французскага народа,

Што трохі папсаваўся.

[3, с. 67].

У вершы «Дума над магіламі французаў, у 1813 г. за Вільняй пры дарозе да Навагрудка пахаваных» Я. Чачота лірычны герой любуецца «небаў вялікіх краінай». Але погляд на курганы яго ўзрушае, і слязіна з вока цягне ўспамін пра палеглых у іх воінаў — шаноўных мсціўцаў за айчыну, якія неслі краю вызваленне. Ён просіць прабачэння ў духоўна прыгожых французаў, якія назаўсёды засталіся тут, што патрывожыў іх вечны сон, заклікае ўзняцца з трун і адпомсціць злачынцам:

 

О схаваныя тут ад свету геройскія твары,

Якіх духі жывуць ў светаў дзесьці абшары,

Зняважаныя ганебна, слаўных цел аздобы!

Пакіньце неба ўзнёслае і гэтыя цёмныя труны!

[9, с. 17].

Французы характарызуюцца з пазіцыі гераізму і бездакорных ваенных якасцей — іх сэрцы «адвагай боскай Марса палаюць». У адпаведнасці са стылістыкай ранняга рамантызму, дзе прысутнічаюць элементы класіцызму, у гімне французскаму войску і яго легендарнаму кіраўніку шмат адсылак да антычнай міфалогіі. У творы фігуруюць імёны Праметэя, Ахіла і іншых персанажаў, роўнымі якім пазіцыянуюцца трагічна палеглыя ваяры, вартыя пяра Гамера. Прадстаўнікі войска параўноўваюцца з дзяржаўнымі героямі мінулых бітваў, у сувязі з чым згадваецца польскі палкаводзец і заваёўнік Масквы пачатку XVII стагоддзя С. Жалкеўскі.

Французы ўяўляюцца аўтару ледзьве не братамі, а іх ахвяраванне жыццём, як і сам факт удзелу ў паходзе за ідэю вызвалення жыхароў беларуска-літоўскай зямлі, падсвечваюць неабвержную годнасць нашых продкаў. Гэта было жыццёва неабходна ў часы няволі, што супалі з перыядам фарміравання этнанацыянальнай ідэнтычнасці:

 

І давялі зброяй, давялі адвагай,

Што ў палякаў няволя не стан — знявага.

Пераканалі ўвесь свет, што вартыя вольнасці,

Што з’яўляюцца сынамі прадзедаў адважных неад’емнымі.

[9, с. 13].

Пры заўважнай міфалагізацыі асобы Напалеона ў літаратуры рамантызму шэраг гісторыкаў сцвярджае, што яго ўспрымалі хутчэй як заваёўніка, у сувязі з чым узнік моцны партызанскі рух. Патрыятычна настроеную шляхту чакала расчараванне, нягледзячы на тое, што фармальна слова было стрымана — і адноўленае Вялікае Княства Літоўскае пэўны час праіснавала. Неўзабаве стала зразумела, што мэты французскага лідара далёкія ад вялікакняжацкіх, што ён нясе не вольнасць і вяртанне правоў, што французская дэмакратыя абарочваецца ўсталяваннем новых, не менш жорсткіх, парадкаў. З прыходам найвялікшага ў XIX стагоддзі еўрапейскага заваёўніка паволі пачынаў разбурацца рамантычны міф пра тое, што выхадзец са свабоднай краіны, радзімы дэмакратыі, нясе народам вызваленне.

Паводле М. Хаўстовіча, у рамане «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» І. Яцкоўскі ўступае ў палеміку з А. Міцкевічам (а значыць, і з іншымі літаратарамі, якія абагаўляюць Напалеона) адносна трактоўкі падзей 1812 года [6]. Пісьменнік прысвячае апісанню дзеянняў імператара і яго войска на беларуска-літоўскіх землях шэраг раздзелаў, у адным з якіх расказвае пра стварэнне новага ўрада і агульнае ўражанне ад паводзін французаў. Немагчымасць спраўдзіць адраджэнскія намеры становіцца відавочнай адразу, калі новая ўлада прызначае маршалка Рдултоўскага «падпрэфектам наваградскага дыстрыкту»: «І хоць гэтая не польская назва добра паказвала, што з вызваленых правінцый не было намеру ствараць Польшчу, а толькі Паўночную Францыю, la France du Nord, не было адвагі і не лічылася слушным рабіць нейкія наконт гэтага заўвагі, бо пераможца трымаў у сваёй руцэ лёс народа» [8, с. 136].

Пісьменнік дэманструе адносіны да іншаземцаў пераказам таго, як ганебна паводзіць сябе на Наваградчыне французскае войска: жаўнеры, не шкадуючы, рабуюць маёнткі, што вітаецца кіраўнікамі, у прыватнасці пасынкам імператара прынцам Эжэнам Багарнэ. Прыводзіцца смелае параўнанне: «Дастаткова сказаць, што арда Чынгіс-Хана, цягнучыся з Азіі на Захад тым самым шляхам, выглядала больш прыстойна, бо там сурова каралі за недысцыплінаванасць, за адлучэнне ад аддзелу, і першаю ўмоваю бяспекі войска было патрабаванне трымацца разам. У французскім жа войску на такія рэчы не зважалі, горш за тое, да рабунку жаўнеры і камандзіры былі ўжо раней прызвычаеныя…» [8, с. 139]. Аўтар называе такія паводзіны разбэшчанасцю, але не забывае нагадаць пра бюлетэнь Напалеона, выдадзены пасля пераходу праз Нёман, у якім прыязная Беларусь-Літва абвяшчаецца варожай, як і пра тое, што ў войска без правіянту не было выбару.

І. Яцкоўскі адзначае і безуважнасць да французаў з боку сялянскага насельніцтва, звыклага за апошнія дзесяцігоддзі да негатыўных наступстваў любых перамен. Напрыклад, бабуля, заклапочаная тым, што ўнук-рэкрут ужо некалькіх гадоў не падае звестак, прыглядаючыся да расійскага палка, на пытанне, ці хацела б яна, каб французы былі пабітыя, рэагуе своеасабліва: «О, дай Божа, — з пакораю адказала старая, — каб вы іх пабілі, і каб вас пярун пабіў!» [8, с. 126]. У пазаваенных міжасабовых зносінах пісьменнік паказвае лаяльнасць нашых прашчураў у адносінах да гасцей, на якіх ускладаліся празмерна вялікія, неапраўданыя чаканні.

«Літасцівы па сваёй прыродзе характар ліцвінаў (ды і ўсёй Польшчы) яшчэ больш падмацоўвала думка, што і з нашымі землякамі, крэўнымі альбо дзецьмі дзесьці на чужыне тое самае магло здарыцца. Лёс тулягі — вялікае няшчасце, а што казаць, калі яшчэ і пераслед яго гоніць! Таму, не зважаючы на жахлівую пагрозу, не знайшлося на Літве такіх, хто б адпрэчыў беднага тулягу, да якой бы нацыі той не належаў» [8, с. 155], — апавядае І. Яцкоўскі пра дапамогу мясцовага насельніцтва французам, што засталіся на нашай зямлі пасля вайны 1812 года.

Нягледзячы на расчараванне, якое звязана з разбурэннем рамантычнага міфа пра Напалеона Банапарта пасля цвярозай ацэнкі дзеянняў французскіх вайскоўцаў на беларуска-літоўскіх землях, сёння існуюць меркаванні пра вялікую значнасць саміх чаканняў. «“Вялікая армія” прынесла на нашую зямлю не толькі разбурэнні і няўзгоды, але і пасіянарнасць французскай рэвалюцыі, далёка не выпадкова названай “Вялікай”. У выніку ўзаемадзеяння нарадзіўся новы этнас, “маці” якога стаў беларускі этнас, які раней называўся літвінскім, а “бацькам” — французскі» [4, с.180], — даводзіць М. Пятроў, разважаючы пра талерантнасць беларусаў сёння і  ў мінулым. Гэтая ідэя падаецца слушнай, калі прыняць пад увагу актывізацыю працэсаў этнанацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў разглядаемы перыяд.

 

***

Апроч акалічнасцей, звязаных з ваенна-палітычнымі падзеямі, вобразы французаў і атрыбуты іх жыцця прысутнічаюць пры апісанні знешнасці і побыту нашых шляхетных продкаў. Здаўна Францыя выступае ўзорам высокага густу: там нараджаліся модныя тэндэнцыі і не раз карэнным чынам пераасэнсоўвалася паняцце элегантнасці. Уся Еўропа арыентуецца на французаў у тым, што датычыцца ўбрання, не выключэнне і беларуска-літоўскія жанчыны. У імагалагічна насычаным стэрэатыпамі «караняжаў» пра «літвінаў» апавяданні «Помста літвінкі. Праўдзівае здарэнне» Г. Пузыні, пабудаваным на ідэі спаборнасці гэтых этнасаў, усеагульнае следаванне заканадаўцам еўрапейскай моды ў строях і аздабленні ўхваляецца: «Іхнія крэўныя, не маючы з чаго высмейваць кузынку, выхаванне і вопратка якой патыхалі Парыжам, скіроўвалі дзіды сваіх досціпаў на правінцыю, адкуль яна была родам…» [5, с. 17], — удакладняе аўтар сэнс канфлікту.

Прыхільнасць да французскіх убранняў датычыць знешняга і амаль заўсёды апраўдваецца ў выпадку жанчыны: яе прыроднае жаданне быць прыгожай нібы дае дазвол на карыстанне ўсімі сродкамі на службе хараству, у тым ліку і іншаземнымі. У паэме «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве» А. Міцкевіча героі, якім аўтар сімпатызуе меней ці якіх апісвае з гумарам, дэманструюць, як Талімэна, лаяльныя адносіны да замежных выгод. Апрануты паводле французскай моды пад уздзеяннем гэтай прыгожай жанчыны, недарэчна адчувае сябе і Рэент:

 

Ніхто яго пазнаць не мог — ён апранаўся

Заўжды па-польску, а цяпер праз Талімэну

Зрабіць быў змушаны ў адзежы перамену

І апрануцца па-французску адмыслова.

Відаць, што фрак адняў яму душы палову:

Ідзе, як кій глынуўшы, проста, нерухава,

Як жораў, і ні ўлева не зірне, ні ўправа.

Хоць твар спакойны, ды на ім відочны мукі:

Не знае, як зрабіць паклон, куды дзець рукі.

Ён жэсты так любіў — за пояс рукі ўсаджваў,

А пояса няма — дык вось жывот пагладжваў.

Памылку згледзеўшы, сумеўся небарака

І ўсунуў дзве рукі ў адну кішэню фрака.

Ідзе між кпін наўкольных, рад бы быў схавацца,

Ды змушан як злачынства нейкага стыдацца.

[3, с. 203].

Каларытны вобраз француза з іроніяй адлюстраваны на старонках рамана «Пан Падстоліц, альбо Чым мы ёсць і чым быць можам» Э. Масальскага: былы ваенны служыць ў Харунжых — даглядае аранжарэю і парк. Дэманструючы гасцям гаспадарскі сад, француз заклікае звярнуць увагу на гармонію і высокі густ, што пануюць там. Аднак у наведвальнікаў складваецца іншае ўражанне, асабліва пры знаёмстве з прынцыпамі арганізацыі пляцоўкі, калі клумбе надаецца выгляд «правільнага чатырохвугольніка ў памяць пра наш карэ-батальён» [2, с. 69]. Рамяству ландшафтнага дызайну і догляду за заморскімі раслінамі герой навучыўся на радзіме (да эміграцыі яго бацькі мелі прыгожы парк), паглыбіў веды ў Італіі, дзе быў з войскам пры аптэцы. Такія дэталі адразу дазваляюць адчуць той узровень майстэрства, які праявіў у Харунжых іншаземец, хоць ён лічыць сябе дасканалым знаўцам у даверанай галіне: «Тутэйшая баранэса мае яшчэ прэтэнзіі, каб рабіць клумбы, але яе фантазіі не маюць густу: гэта не справа палякаў. Прашу мне прабачыць маю шчырасць. У француза, што ў галаве, тое на ў вуснах. Я тут бы цуды парабіў, другі Версаль альбо Шэнбурн, каб меў большую помач» [2, с. 69].

На думку пана Падстоліца, выхадцу з краіны, якая засведчыла сябе ў якасці заканадаўцы густаў, яшчэ можна даверыць аранжарэю, але парк і сад пад яго кіраўніцтвам выглядаюць зусім непрывабна. Э. Масальскі застаецца верным пастаўленым у мастацкім творы задачам — паказаць дэградацыю шляхты, яе безгаспадарлівасць і поўную неадэкватнасць часу: дызайнер бачыцца вартым працадаўцаў — уладароў маёнтка, якія ганарацца высокім коштам дрэў і раслін на іх вотчыне. Пан Падстоліц абураецца бязладнасці ў садзе і парку і адсутнасці карысці ад гаспадаркі, пра што найперш варта думаць пры заўважных фінансавых складанасцях.

Пранікненне на беларуска-літоўскія землі элементаў французскага паходжання не абмяжоўваецца знешнім, таму што яно цесна звязана з унутраным і на яго ўплывае. Так незаўважна ажыццяўляецца грандыёзная падмена роднага іншаземным, якое з часам пазбаўляе чалавека сувязі з глыбінным — яго этнічнай «самасцю». Адсюль, паводле А. Міцкевіча, недалёка да падначалення Іншаму і залежнасці ад яго, што і здарылася з беларуска-літоўскім народам напрыканцы XVIII стагоддзя:

 

Вось я успомніў зараз з гэтае нагоды

Эпоху панавання ў нас французскай моды,

Калі панічыкаў разбэшчаная зграя

Ўварвалася з чужыны к нам, накшталт нагаяў,

І ганіць пачала законы, веру ў Бога

І вопратку — усё да самага малога.

Аж жаль было глядзець на гэтых неданоскаў,

Што гаварылі ў нос, а то й зусім бязносых.

І мелі ж моц яны ў людзей праз тую моду,

Бо калі Бог ссылае кару для народу,

То ўперад розум адымае грамадзянам.

Дык вось, адпору не было хлюстам паганым

I, як чумы, народ збаяўся баламутаў,

Бо ўжо ўнутры сябе адчуў расткі атруты.

На моднікаў крычалі, а праз час каторы

Мянялі мову, веру, звычаі, уборы.

Быў гэта карнавальны маскарад, сваволле,

Пасля чаго настаў вялікі пост — няволя.

[3, с. 12–13].

Афіцыйная ацэнка гісторыкамі прычын разбурэння Рэчы Паспалітай грунтуецца на праблеме грамадскай і дзяржаўнай дэзарганізаванасці — разбуральным застоі, карані якога не ва ўплыве Іншага, а ва ўнутраных заканамернасцях састарэлага ладу жыцця, што дае збоі на ўзроўні палітыкі, эканомікі, культуры і інш. Да прыніжальных падзелаў краіны прывялі «залатыя вольнасці» шляхты — юрыдычная роўнасць усіх яе прадстаўнікоў і імкненне захаваць існую сістэму замест своечасовага яе рэфармавання. Але запачаткаваная А. Міцкевічам традыцыя асацыяваць панаванне зла з атрыбутамі замежнай матэрыяльнай і духоўнай культуры будзе заяўляць пра сябе на працягу XIX стагоддзя.

У творах не толькі беларускай, але і польскай, і рускай літаратур XIX стагоддзя французы часта паказаны ў акалічнасцях, звязаных з выхаваннем і адукацыяй дзяцей. Сярод вышэйшага саслоўя было папулярна запрашаць да сябе ў якасці настаўнікаў і гувернёраў іншаземцаў, у прыватнасці французаў. Па-першае, яны прадстаўлялі прагрэсіўную краіну, якая пацвердзіла гэта Вялікай французскай рэвалюцыяй канца XVIII стагоддзя, што лічылася вынікам высокаразвітага мыслення і, адпаведна, свядомасці. Па-другое, навучанне ў француза гарантавала авалодванне французскай мовай, якую часам шляхецкае саслоўе ведала лепш за сваю і якой болей карысталася, грэбліва ставячыся да польскай і тым больш да беларускай гаворкі.

Роля замежных настаўнікаў у тагачасным жыцці выяўлена ў рамане І. Ходзькі «Успаміны квестара», прысвечаным падзеям XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Аўтар выступае супраць усяго «французскага розуму», што адпавядае канцэпцыі гавэнды, пабудаванай на апісанні падарожжа манаха-квестара, занятага зборам падаткаў у насельніцтва для падтрымання каталіцкай веры і яе богабаязных ахоўнікаў. І. Ходзька выказваецца катэгарычна пра многіх сучаснікаў, прагных да французскага і няздольных захаваць хрысціянскую карціну свету, перададзеную ў спадчыну бацькамі і дзядамі: «Бог, калі хоча каго пакараць, дык адбірае розум, — так кажа даўняя прыказка; вось і мы можам спадзявацца на кару Божую, бо ў нас Ён уласны старасвецкі пачцівы розум забраў, а падахвоціў нас да мовы і цяперашняга розуму французскага, бо даўнейшы французскі розум быў не такім. Цяперашні — бязбожны, нецнатлівы, нехрысціянскі, што прагне знішчыць святую веру, звычаі, традыцыі і ўсё, што дасюль людзі баранілі і шанавалі» [7, с. 119].

Паказальным з’яўляецца параўнанне двух фрагментаў «Успамінаў квестара», у якіх апісваюцца візіты збіральніка падаткаў Лаўрыновіча ў дом старасты, што адбываюцца з прамежкам у дваццаць гадоў. Ужо падчас першага наведвання герой бачыць, як, паводле добрай волі бацькоў і ўсеагульнай моды, выхавацель-француз знаёміць панічаў з найноўшымі дасягненнямі еўрапейскай думкі і фарміруе ў іх новы і нібы адпаведны часу еўрапейскі светапогляд, пастулюючы непатрэбнасць духавенства як саслоўя і нават выказваючы сумненні ў існаванні душы. Клапатлівы каплан пры двары атаясамлівае ўсё «ліха» з французскай мовай: «Ведаю я, бо думаў, адкуль ідзе зло. Ведаю, а перадусім разумею, французскую мову, каб яе, бадай, у нас ніколі не было! У ёй арсенал шатана, з яе ён бярэ атруту, якую на нас, бедных, жменямі кідае» [7, с. 69]. Француз (і ўсё ім прынесенае) выступае ў рамане І. Ходзькі, ды і ў літаратуры ўвогуле, увасабленнем прасторы замежнага, непатрэбнага жыхарам былой Рэчы Паспалітай. Шкадуючы, што не выгнаў іншаземца, Лаўрыновіч выязджае гэтым разам са шчодрага двара як з зямнога раю, ахінутага матэрыяльным і духоўным дабрабытам. Стаўленне богабаязнага квестара, які імкнецца ўзмацніць веру і распаўсюдзіць хрысціянскую рэлігію, да французскай мовы, філасофіі і іх носьбіта негатыўнае: ён не хавае сваіх адносін і называе іншаземца «змеем-распуснікам».

Наступствы выхавання шляхецкіх дзяцей такімі настаўнікамі становяцца відавочнымі падчас другога, ажыццёўленага праз дваццаць гадоў, візіту квестара ў дом старасты. Агульная атмасфера не дае падстаў для радасці: цяпер тут не назіраецца таго шчаслівага ажыўлення, якое некалі панавала ў кожным закутку; пра збіральніка падаткаў ніхто не клапоціцца, паколькі старых паноў няма на свеце, а іх ужо сталы сын бавіць час з калегамі-вайскоўцамі, якія правакуюць квестара да філасофскіх дыспутаў на тэму хрысціянскай веры. Паўсюль відавочныя наступствы негатыўнага ўплыву іншаземнага, зерне якога з-за бацькоўскай неабачлівасці было некалі закладзена ў дзіцячыя душы французам. Усё той жа каплан дае характарыстыку настаўніку паніча: «…на няшчасце, д’ябал мае сваіх апосталаў на гэтым свеце, а імі з’яўляюцца людзі, што чыняць разбэшчанасць; яны дастаткова поўныя шатанскага вераломства і свецкага розуму, якім баламуцяць пачцівыя і легкаверныя галовы. Ох! Такіх ужо шмат у нашым краі. Выгнаныя з уласнага, яны знаходзяць у нас, асабліва ў панскіх дамах, не толькі прытулак і выгоду, але нават і кансыдэрацыю больш высокую, чым нашыя ўласныя мудрыя і вучоныя, але богабаязлівыя мужы, якіх, хвала Богу, у нашым краі дастаткова» [7, с. 119]. Сумненні пісьменніка ў маральнай і духоўнай дабрадзейнасці іншаземных гасцей апраўданыя: спробы знайсці сябе ў чужым асяроддзі нярэдка ажыццяўляюць людзі, непрынятыя ці нерэалізаваныя на бацькаўшчыне.

Пра тое, наколькі моцна ўплываюць на асобу атрыманыя ад замежных настаўнікаў веды, гаварыць адназначна нельга, таму што, па-першае, часта яны засвойваюцца павярхоўна, ды і ўзровень педагагічных якасцей французаў можа быць неадпаведным, па-другое, архетыповыя пласты ў псіхіцы чалавека, паводле псіхолагаў, больш трывалыя. І. Ходзька стараецца пакінуць надзею на перамены да лепшага: у шчырай размове з панічам ён звяртае ўвагу на пачуццё сораму як знаку павагі да старасвецкіх парадкаў з іх шаноўнымі хрысціянскімі традыцыямі і культурай.

 

***

У свядомасці нашых продкаў з XIX стагоддзя французы былі носьбітамі прагрэсу, які прадэманстравала свету Вялікая французская рэвалюцыя. Імператар Напалеон і яго войска паўстаюць у мастацкіх творах як вызваленцы, на радзіме якіх усё — ад грамадска-палітычнага ладу да маральна-этычных якасцей людзей — арганізавана на парадак вышэй, таму іх прыход успрымаецца як доўгачаканы подых свабоды (Я. Ходзька, А. Міцкевіч, Я. Чачот). Але ж літаратура зафіксавала і негатыўныя адносіны да французаў і таго разбурэння, што яны неслі за сабой падчас вайны 1812 года: у пазапалітычных сферах нашыя продкі дэманструюць чалавечую лаяльнасць або раўнадушша да гэтага Іншага (І. Яцкоўскі). У галіне моды Францыя і французы прызнаюцца, з аднаго боку, заканадаўцамі (Г. Пузыня), з іншага — перайманне іх звычак выступае падставай для асмяяння і часта ацэньваецца адмоўна, таму што захапленне Чужым вядзе да занядбання Свайго (А. Міцкевіч, Э. Масальскі). Пранікаючы спачатку ў знешнія сферы жыцця — убранне і побыт,  іншаземныя элементы пачынаюць уплываць на сутнаснае — светапогляд і духоўнае аблічча чалавека, разрываючы яго сувязь з этнічнай «самасцю». Паколькі ў панаванні замежнага літаратары бачаць прычыну трагедыі страты дзяржавы, маштабы непрымання французаў і французскага носяць усеахопны характар.

 

Літаратура

1. Літаратура першай паловы ХІХ стагоддзя / уклад. і камент. М. В. Хаўстовіча ; навук. рэд. С. Л. Гаранін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. — 1086 с. — (Залатая калекцыя беларускай літаратуры ; т. 3).

2. Масальскі, Э. Т. Пан Падстоліц, альбо Чым мы ёсць і чым быць можам : раман / Э. Т. Масальскі ; Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego. — Warszawa : SOWA Sp. z o.o., 2015. — 384 с.

3 Міцкевіч, А. Пан Тадэвуш [Электронны рэсурс] / А. Міцкевіч ; пер. П. Бітэля // Беларуская палічка. Беларуская электронная бібліятэка. — Рэжым доступу : https://knihi.com/Adam_Mickievic/Pan_Tadevus_Bitel.html. — Дата доступу : 16.05.2020.

4. Петров, М. О толерантности беларусов / М. Петров // Деды : дайджест публикаций о беларуской истории / сост., научн. редактирование А.Е. Тараса. — Минск : А. Н. Вараксин, 2009. — С. 178–181.

5. Пузыня, Г. Помста літвінкі. Праўдзівае здарэнне / Г. Пузыня // Маладосць. — 2011. — № 3. — С. 17–21.

6. Хаўстовіч, М. Жанрава-стылявыя асаблівасці «Аповесці з майго часу» Ігнацыя Яцкоўскага / М. Хаўстовіч // Міфалогія — фальклор — літаратура: праблемы паэтыкі. Выпуск 7 : зб. навук. прац ; пад агул. рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск, 2009. — С. 126–134.

7. Ходзька, І. Успаміны квестара / І. Ходзька ; пер. з польск. мовы М. Хаўстовіча. — Мінск : Universitas, 2007. — 197 c.

8. Яцкоўскі, І. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды / І. Яцкоўскі ; уклад., перакл., паслясл. і каментар М. Хаўстовіча. — Warszawa : Uniw. Warszawski, Katedra Białorutenistyki, 2010. — 290 с.

10. Poezja. Archivum filomatow. Czesc 3. / wydal J. Czubek. — Kraków : Nakładem Polskiej Akademji umiejętności, Drukarnia Uniwersytetu Jagielońskiego pod zażądem J. Filipowskiego, 1922. — T.1. — 1360 s.

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.