26 верасня, субота

Вы тут

Пад Гомелем спынена перапрацоўка прамысловых адходаў


Перапрацоўка прамысловых адходаў паблiзу вёскi Лапацiна, што пад Гомелем, спыненая. Такiм чынам прадпрыемства — арандатар прыстасаванай тэрыторыi каля населенага пункта выканала прадпiсанне раённых улад. Прадукты перапрацоўкi будаўнiчага смецця i неперапрацаваную сыравiну трэба цалкам размеркаваць i вывезцi.


Вы­твор­чая пля­цоў­ка ААТ «Уты­лi­за­тар».

Чатыры гады таму ў Гомельскiм раёне побач з вёскай Лапацiна адкрыўся ўчастак па перапрацоўцы прамысловых адходаў. Нядаўна створанае на той час прадпрыемства ААТ «Утылiзатар» дзейнiчала ў Гомелi як стартап-кампанiя. Хутка рэалiзавалi прыцягнутыя iнвестыцыi. У Гомельскай, Магiлёўскай i Мiнскай абласцях пачалi працаваць некалькi вытворчых участкаў. Бiзнес — паспяховы. На вытворчасцi ў Гомельскiм раёне прадпрыемства забяспечыла значную колькасць рабочых месцаў. Магутнасць перапрацоўкi ААТ «Утылiзатар» — больш за тысячу тон смецця штодня. Гэта не проста смецце, а самыя праблемныя i складаныя ў перапрацоўцы матэрыялы — жалезабетон, рэшткi будаўнiчых канструкцый, змешаныя адходы пасля зносу будынкаў. Прыватнае прадпрыемства займаецца драбненнем бетону, бiтуму, драўнiны. Перапрацаванае — сыравiна для далейшага выкарыстання — складзiруецца на вытворчай пляцоўцы.

Але па меры таго як шырылася i развiвалася вытворчасць спецыялiзаванага прадпрыемства, расло i незадавальненне жыхароў вёскi Лапацiна, чые дамы знаходзiлiся паблiзу арэнднай тэрыторыi. Галоўныя прычыны незадаволенасцi людзей зразумелыя — па вулiцы населенага пункта стала ўсё часцей курсiраваць велiкагрузная тэхнiка. Мясцовыя наракалi — «разбiваюць дарогу», «не даюць гуляць на вулiцы дзецям». Хтосьцi скардзiўся на ненармаваны рэжым работы, якi замiнаў вяскоўцам адпачываць увечары, парушаў сон. Людзей «напружваў» шум драбiльнай тэхнiкi. Але больш за ўсё выклiкаў нараканняў пыл: ветрам разносiлася дробнафракцыйная перапрацаваная сыравiна з адкрытай складской пляцоўкi. Зразумела, гаспадары дамоў, што па суседстве з ААТ «Утылiзатар», пачалi пiсаць звароты да раённых улад.

Скаргi жыхароў на дзейнасць прадпрыемства не маглi застацца незаўважанымi. Раённыя органы ўлады ўзялi пытанне на кантроль.

— Паўстала задача — выпрацаваць кампрамiсныя рашэннi, — адзначыла старшыня Гомельскага райвыканкама Алена Алексiна. — Iх вызначалi ў дыялогу, разам: улады, прыродаахоўныя службы, прадстаўнiкi прадпрыемства i, безумоўна, вяскоўцы.

Кiраўнiцтва райвыканкама сустрэлася з жыхарамi населенага пункта. Алена Алексiна адказала на ўсе пытаннi, якiя хвалявалi: па пэўных з іх былi агучаны канкрэтныя рашэннi, некаторыя — на кантролi раённай адмiнiстрацыi.

На цяперашнi момант ААТ «Утылiзатар» атрымаў прадпiсанне аб неабходнасцi спынiць завоз на тэрыторыю новых партый адходаў i перапрацоўку матэрыялаў. Адпаведнае патрабаванне да прадпрыемства паступiла ад прыродаахоўных i санiтарных службаў. Шэраг кантралюючых мерапрыемстваў паказаў, што ў перапрацоўшчыка ўзнiкалi пэўныя парушэннi iнструкцыi па абыходжаннi з адходамi i iх складзiраваннi.

Кiраўнiцтва ААТ «Утылiзатар» узяло абавязацельства вызвалiць арэндную тэрыторыю ад перапрацаванай сыравiны i неперапрацаваных адходаў. Прадпрыемства пераразмеркавала свае сiлы на ўзмоцнены збыт. Цяпер тут праводзяць адгрузачныя работы.

Стар­шы­ня Го­мель­ска­га рай­вы­кан­ка­ма Але­на Алек­сi­на на су­стрэ­чы з жы­ха­ра­мi вёс­кi Ла­па­цi­на.

Вядома, што прадпрыемства ААТ «Утылiзатар» заключыла дагавор з суб'ектамi гаспадарання на набыццё перапрацаванай драўнiны. Сыравiна прыдатная для вытворчасцi шчапы як палiва для кацельняў. Ужо адгружана больш за 4 тысячы тон. Гэта значны ўнёсак у працэс вызвалення арэнднай тэрыторыi.

Таксама ў дыялогу раённых улад, вяскоўцаў, экалагiчных службаў i прадстаўнiкоў прадпрыемства былi прапрацаваны ўсе нюансы працэсу вывазу сыравiны з вытворчай пляцоўкi. Сярод iх — не працаваць у выхадныя i святочныя днi, увечары пасля 18 гадзiн. На гэтыя меры пайшлi для камфорту мясцовых жыхароў, нягледзячы на тое што такія абмежаваннi ў пэўнай ступенi марудзяць працэс вызвалення тэрыторыi i адгрузкi прадукцыi перапрацоўкi.

У перспектыве частку перапрацаваных будаўнiчых адходаў ААТ «Утылiзатар» плануе выкарыстаць пры ўладкаваннi другой арэнднай пляцоўкi, якая пакуль не вызначана. Але цяпер першачарговая задача — рэалiзаваць назапашаную сыравiну i разгрузiць пляцоўку каля вёскi.

Вызначана, што прадукт вытворчасцi трэба перавозiць з выкарыстаннем тэнтаў для кузаваў самазвалаў. Кiроўцам бальшагрузаў катэгарычна даведзена не парушаць хуткасны рэжым, каб не ўзнiмаць пыл падчас транспарцiроўкi, на што раней паступалi скаргі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: «Утыль» — прыклад, як прыйсцi да згоды

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.