Вы тут

Прэзідэнт: Для нас адным з асноўных напрамкаў будзе імпартазамяшчэнне


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў ЗАТ «Атлант», дзе не толькі азнаёміўся з перспектывамі вытворчасці і рэалізацыі бытавой тэхнікі, якая вырабляецца пад вядомым беларускім брэндам, але і сустрэўся з удзельнікамі студатрадаўскага руху ў рамках Міжнароднага вытворчага праекта «Атлант 2020».


Ужо не першы год «Атлант» прыцягвае ў вясенні і летні перыяд ў свае цэхі студэнцкія атрады для задавальнення попыту на працоўныя рукі, які ў гэты час узрастае.

Сёлета ў маі і чэрвені на заводзе адпрацавалі пяць студэнцкіх атрадаў агульнай колькасцю 87 чалавек. У ліпені і жніўні кампанія мае намер прыцягнуць больш за 800 студэнтаў, з якіх больш за 200 чалавек — з вучэбных устаноў Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

На двух вытворчых пляцоўках «Атланта» ў Мінску і на яго філіяле — Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе — вырабляюцца буйная бытавая тэхніка (халадзільнікі, маразільнікі і пральныя машыны) і прамысловая прадукцыя — чыгуннае ліццё, дрот медны і алюмініевы, станкабудаўнічая прадукцыя. Больш за 70 працэнтаў прадукцыі «Атланта» рэалізуецца на экспарт. 

«Атлант» — яскравы прыклад таго, што ў крызіснай сітуацыі ёсць станоўчы момант, якім тут скарысталіся»

Аляксандр Лукашэнка адразу спытаў генеральнага дырэктара ЗАТ «Атлант» Дзмітрыя Сакалоўскага, што змянілася на вытворчасці пасля апошняй сустрэчы паўгода таму.

30 студзеня, узгадняючы прызначэнне Дзмітрыя Сакалоўскага на пасаду генеральнага дырэктара ЗАТ «Атлант» — дырэктарам Мінскага завода халадзільнікаў, Прэзідэнт прызнаўся, што сітуацыя на гэтым прадпрыемстве яго напружвае.

Тады ён паабяцаў наведаць завод, карпусы якога размешчаныя па суседству з яго рэзідэнцыяй. 

Па словах новага кіраўніка «Атланта», асноўныя змяненні, якія адбыліся за гэты час, — аптымізацыя ўнутраных працэсаў для павышэння іх эфектыўнасці і выхаду на станоўчую рэнтабельнасць продажу.

Зараз 70 працэнтаў аб’ёмаў вытворчасці «Атланта» займае бытавая тэхніка, разам з тым апошнія гады павялічваецца аб’ём вытворчасці ліцця чыгуна на філіяле ў Баранавічах.

85 працэнтаў сваёй прадукцыі «Атлант» пастаўляе на экспарт, таму, безумоўна, прадпрыемства не магло не адчуць наступстваў сусветнай пандэміі каранавіруса.

Служба закупак кампаніі змагла ва ўмовах уведзенага многімі краінамі каранціну забяспечыць вытворчасць матэрыяламі і камплектуючымі, далажыў кіраўнік прадпрыемства. Да таго ж, калі спыніўся стацыянарны гандаль, «Атлант» працягваў рэалізоўваць сваю прадукцыю праз інтэрнэт.

Дзякуючы таму, што вытворчасць не была спыненая, ва ўмовах пандэміі «Атлант», па словах генеральнага дырэктара, аказваўся ў пэўны перыяд адзіным пастаўшчыком падобнай прадукцыі на рынку, змог задаволіць узрослы попыт і ў сакавіку прадаў рэкордную колькасць халадзільнікаў за ўсю гісторыю сваіх продажаў у гэтым месяцы. 

«Мы прадалі 90 тысяч халадзільнікаў. За ўсе 60 гадоў гісторыі «Атланта» ў сакавіку 90 тыс. не прадавалі» — сказаў дырэктар.

У сакавіку аб’ём быў абумоўлены яшчэ і зніжэннем курсу расійскага рубля, заўважыў генеральны дырэктар. У красавіку і маі продажы былі ніжэйшыя, чым у сакавіку, але калі ў чэрвені ў той жа Расіі пачалі адкрывацца магазіны, там аказаўся якраз «Атлант». Гэта дазволіла адгрузіць у першы летні месяц 120 тысяч халадзільнікаў.

«Калі б мы тады закрылі вытворчасць, мы бы ніколі яе не адкрылі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка пазней, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі студэнцтва. — ...Сёння мы можам прадаваць сваю прадукцыю, гэта натуральна — мы займаем рынкі свабодныя, і галоўнае — іх утрымаць і нікому не аддаць. А гэта — развіццё вытворчасці і заробкі вашы».

«Мы адчуем сябе дастаткова ўпэўнена, і можам казаць, што задачу па выхаду на станоўчую рэнтабельнасць па выніках года выканаем», — сказаў Дзмітрый Сакалоўскі. 

«За гэта — малайцы, — пахваліў Прэзідэнт. — Зрабілі тое, што павінны былі зрабіць усе. І гэта прыклад для іншых. Я ж казаў: калі адкрыюцца, паглядзяць, а ўжо нічога няма. А мы ў гэты час можам прапанаваць свой тавар».

«Атлант» — яскравы прыклад таго, што ў крызіснай сітуацыі ёсць станоўчы момант, якім тут скарысталіся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт спытаў генеральнага дырэктара, якую новую прадукцыю збіраецца вырабляць «Атлант». 

«Кожнае прадпрыемства хоць бы па адным новым прадукце павінна вырабіць», — агучыў наступнае сваё патрабаванне кіраўнік дзяржавы. Маецца на ўвазе — тое, чаго пакуль ў Беларусі не вырабляюць. Што тычыцца «Атланта», гэта можа быць посудамыечная машына альбо іншая прадукцыя, які зараз закупляецца за мяжой.

«Для нас адным з асноўных напрамкаў будзе імпартазамяшчэнне, — сказаў ён. — З нашага боку мы можам гарантаваць (падумаем, як гэта зрабіць) абарону спажывецкага рынку ўнутры краіны».

Гэта будзе вельмі важная задача на будучую пяцігодку, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Калісьці «Атлант» закупляў за мяжой кампрэсары для халадзільнікаў, цяпер кампрэсары айчынныя. 

«Да гэтага трэба рухацца ўсім прадпрыемствам», — абазначыў задачу Прэзідэнт.

Аснова стратэгіі развіцця «Атланта» на найбліжэйшыя гады — захаванне і ўмацаванне ўсіх пазіцый у тых сегментах, дзе прадпрыемства сёння валодае кампетэнцыямі: развіццё вытворчасці халадзільнікаў і пральных машын.

 У сярэднетэрміновай перспектыве «Атлант» плануе распрацаваць і засвоіць выпуск бытавой тэхнікі з лічбавым кіраваннем і магчымасцю інтэграцыі ў сістэму «Разумны дом».

У цяперашні час на прадпрыемстве рэалізуюцца два буйныя інавацыйныя праекты: па вытворчасці высокаэфектыўных кампрэсараў для халадзільнікаў і маразільнікаў і вытворчасць адлівак павышанай дакладнасці з высокатрывалага і шэрага чыгуна.

«Мы плануем павялічыць аб’ёмы вытворчасці і экспарту да 124 % і забяспечыць рост заробкаў да 130 %, — расказаў генеральны дырэктар. — Рост заробкаў будзем забяспечваць за кошт павелічэння прадукцыйнасці працы. Чакаем, што выйдзем на выручку на аднаго супрацоўніка ў 100 тысяч беларускіх рублёў».

«Трэба ўзяць 10 вядучых прадпрыемстваў краіны, узяць сярэдні заробак і давесці да прыватнікаў. Прыватнік не павінен плаціць менш», — заявіў кіраўнік дзяржавы пасля таго, як выслухаў інфармацыю пра заробкі на «Атланце».

«Нам трэба падумаць пра тое, каб падтрымаць дзяцей, якія паехалі ў студатрады»

Дзмітрый Сакалоўскі звярнуў увагу Прэзідэнта на ярка выражаны сезонны характар продажу бытавой тэхнікі: у летні перыяд яна ўдвая вышэй, чым у зімні. Маецца некалькі варыянтаў вырашэння гэтай праблемы: назапашваць прадукцыю ў халодную пару года альбо запрашаць на вясну-лета ў свае цэхі студэнтаў. Апошнія тры гады «Атлант» абірае другі шлях.

Сёлета прадпрыемства разлічвае задзейнічаць каля тысячы маладых людзей.

Больш падрабязна пра студатрадаўскі рух кіраўніку дзяржавы далажыў першы сакратар ЦК ГА БРСМ Дзмітрый Варанюк. Па яго словах, студэнты падчас канікул зараз працуюць па сямі профілях: будаўнічы, сельскагаспадарчы, педагагічны, медыцынскі, экалагічны, вытворчы і сервісны. Гэтым летам і восенню плануецца працаўладкаваць праз студэнцкія атрады да 30 тысяч чалавек. На «Атланце» байцы студатрадаў атрымліваюць заробак ад 650 рублёў і маюць магчымасць атрымліваць больш.

«Ваша задача не пашкадаваць гэтыя грошы, — звярнуўся да кіраўніцтва завода Аляксандр Лукашэнка. — Сюды прыязджаюць не толькі рамантыкі. У пераважнай большасці — гэта людзі, якія хочуць зарабіць… І нам трэба падумаць пра тое, каб падтрымаць дзяцей, якія паехалі ў студатрады. Маральныя і матэрыяльныя стымулы — гэта вельмі важна».

Карыстаючыся выпадкам, Дзмітрый Варанюк запрасіў кіраўніка дзяржавы на Рэспубліканскі маладзёжны турыстычны злёт «Алімпія», які адбудзецца ў канцы ліпеня ў Валожынскім раёне, і атрымаў папярэднюю згоду.

«У Беларусь павінна вярнуцца пяцігадовае планаванне»

Студэнцтва, якое працуе на «Атланце», — яшчэ адна нагода візіту першай асобы на прадпрыемства. І менавіта яго прадстаўнікі задавалі кіраўніку дзяржавы пытанні. Першае з іх датычылася бачанне Прэзідэнтам краіны праз пяць гадоў. 

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што планаванне замест прагназавання на пяць гадоў наперад павінна вернуцца ў Беларусь. 

«Бо план — гэта закон, — сказаў ён і прывёў у прыклад Японію, дзе на вытворчасці выкарыстоўваецца менавіта планаванне. — Наша будучыня будзе ў многім залежыць ад гэтых планаў».

За апошнія пяць гадоў у Беларусі з’явілася атамная станцыя, другая чарга ПВТ, цэлюлозны завод у Светлагорску, БНБК, краіна прасунулася ў касмічнай сферы, у ракетабудаўніцтве. Некалькі высокатэхналагічных вытворчасцяў павінны з’явіцца і да 2025 года, бо яны на больш высокі ўзровень падымаюць у цэлым нацыю.

«Аснова нашай будучыні будзе вырастаць з таго, што ёсць, — акцэнтаваў Прэзідэнт. — На падставе кампетэнцый і спецыялістаў, якія маюцца, стварыць новы прадукт — гэта наш шлях».

Сутнасць беларускіх рэформ — удасканаленне, патлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. 

«Будзем рухацца, калі браць вытворчасць, у напрамку імпартазамяшчэння», — абазначыў ён наступную рысу блізкага будучага.

Другое пытанне датычылася якраз якасці прадукцыі «Атланта». Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ніколі не меў прэтэнзій да вырабаў пад гэтым брэндам. Да таго ж, айчынную тэхніку лягчэй абслугоўваць. Гэта тычыцца не толькі халадзільнікаў і пральных машын, але і сельгастэхнікі, і легкавых аўтамабіляў, якія цяпер таксама вырабляюцца ў Беларусі.

«Я вельмі адданы сваёй дзяржаве і народу чалавек, і аддаю перавагу толькі беларускаму. Я патрыёт сваёй краіны», — адказаў ён.

Спыталі Прэзідэнта і пра перспектыву стварэння беларускага электрамабіля.

«Я заўзяты прыхільнік электрамабіля. Гэта — будучыня, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Электрамабілям быць».

Ён расказаў пра напрацоўкі беларускіх канструктараў у гэтай сферы, нагадаў, што ўжо маюцца беларускія электробусы, і паабяцаў, што ў бліжэйшыя пяць гадоў з’явіцца беларускі электрамабіль на ўласнай батарэі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.