Вы тут

Бангладэш: маніфест гучыць праз стагоддзе


У Мінску пабачыла свет першая ў гісторыі кніга паэта з Бангладэш у перакладзе на беларускую мову. Падзея супала з  адкрыццём у  Беларусі дыпламатычнай місіі далёкай азіяцкай краіны. Кніга — зборнік вершаў класіка бенгальскай паэзіі Казі Назруло Іслама «Мой маніфест»


Казі Назруло Іслам. Фота з сайта sb.by

Паэт Казі Назруло Іслам — з тых нямногіх паэтаў Бангладэш, імёны якіх сёння вядомыя ў славянскім свеце. Народжаны ў 1899 годзе, ён усім сваім лёсам судакранальны з самым няпростым этапам у барацьбе бенгальскага народа за свабоду і незалежнасць Бангладэш. Вершамі, словамі сваімі ён адпрэчваў старыя законы, мінулае. Так, рушыў бар’еры і руйнаваў кандалы, вызваляў сваю і суайчыннікаў душы. Ужо першыя яго вершы, нараджэнне якіх супала з рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі ў краінах Захаду і Усходу, сталі сапраўднымі маніфестамі простага люду, гімнамі, якія выбудоўвалі не проста мастацкую ідэалогію часу, а вялі да здзяйсненняў. Невыпадкова першая беларуская кніга Казі Назруло Іслама, перакладчыкам якой выступіла Марыя Кобец, носіць назву «Мой маніфест»… Першая сусветная вайна, рэвалюцыі ў  розных краінах, пратэстныя рухі ў Індыі — вось якім на фоне адбывалася станаўленне таленту грамадзяніна і мастака слова, музыканта і філосафа, рэвалюцыянера і асветніка. Першая арыгінальная кніга паэта пабачыла свет у  1923 годзе  — «Вогненная віна». Наступны зборнік  — «Атручаная флейта» — у 1924 годзе. Яшчэ адна кніга паэтычных росшукаў  — «Усходні вецер» — у  1925-м… Усё складвалася так хутка невыпадкова. За плячыма ў паэта ўжо меўся жыццёвы досвед. Друкавацца бенгальскі паэт (да незалежнасці Бангладэш было яшчэ цэлых паўстагоддзя) пачаў у першай палове 1920-х гг. Першая публікацыя — верш «Мяцежнік». Твор, які стаў падарожнічаць па самых розных газетах і часопісах.

Па ўсёй Індыі грымелі ружэйныя залпы англійскіх каланізатараў. І  верш «Мяцежнік» быў якраз да месца. Праўда, шмат хто не мог даўмецца: юнак толькі дасягнуў дваццацігадовага ўзросту, а  піша так пранізліва, з такім болем, так пераканаўча і праўдзіва расказвае пра шматпакутны лёс суайчыннікаў, што здаецца: у дыялог з чытачом уступае сталы майстар з багатым жыццёвым досведам. Але яго зразумеў і пачуў усёй душою класік індыйскай літаратуры Рабіндранат Тагор, на той час ужо лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Развіццю мастацкай практыкі, станаўленню Казі Назруло Іслама спрыялі многія жыццёвыя калізіі, якія выпалі на лёс простага юнака з беднай мусульманскай сям’і. Дзяцінства паэта прайшло ў  галечы, нястачах. Ён змог правучыцца ў школе ўсяго тры гады. Трэба было працаваць. Зусім юнаму Назруло Ісламу давялося «ісці ў людзі». Яго лёс падобны на лёс класіка рускай літаратуры Максіма Горкага. Дарэчы, аўтара «Жыцця Кліма Самгіна», рамана «Маці», «Песні пра Буравесніка» ў тыя дваццатыя гады мінулага стагоддзя ў Індыі ўжо ведалі. На бенгальскую мову раман «Маці» пераклалі ў 1925 годзе — першая публікацыя здзейснілася ў часопісе «Лангал». Толькі пасля з’явіліся публікацыі ў перакладах на іншыя мовы Індыі — хіндзі, пенджаб, урду. А яшчэ ў 1912 годзе Максім Горкі пісаў з Капры барацьбіту за незалежнасць Індыі Крышнаварме: «Я буду вельмі шчаслівы і ўдзячны, калі Вы выканаеце маю просьбу. Мы павінны паказаць нашым народам, што ўсе тыя, хто жадае справядлівасці, жадаюць жыць у згодзе з  розумам, павінны ўсведамляць адзінства мэт, духа і аб’яднацца ў адну сілу, здольную канчаткова перамагчы зло ва ўсім свеце. Вы павінны, Крышнаварма, Мадзіні Індыі, Вы ведаеце памкненні вялікага народа, і Вы, канешне ж, зразумееце, што рускі народ павінен ведаць пра жыццё сучаснай Індыі».

«Маці» — самы чытэльны з рускай літаратуры твор у Індыі, Бенгаліі, а сёння — у незалежнай Бангладэш. З пачаткам Першай сусветнай вайны Назруло Іслам ідзе ў войска. Найперш — каб дапамагчы сваёй сям’і сціплым салдацкім грашовым утрыманнем. У сямнаццаць гадоў будучы класік паэзіі Бангладэш уступае ў батальён англа-індыйскай арміі. Назруло Іслама накіроўваюць на Сярэдні Усход. Так набываўся жыццёвы досвед, так свядомасць маладога чалавека назапашвала ўражванні, каб пазней выліцца ў жыццядайныя паэтычныя радкі.

У канцы 1920-х гг. Казі Назруло Іслам захварэў. Праз некалькі гадоў цяжкая хвароба прыкавала паэта-мяцежніка да ложка. А ў 1963-м маскоўскае Выдавецтва замежнай літаратуры апублікавала кнігу вершаў бенгальскага паэта на рускай мове — «Выбранае». Перакладчык і аўтар прадмовы — Яўген Чэлышаў. Чалавек таксама неардынарны... Нарадзіўся Яўген Пятровіч у кастрычніку 1921 года ў Маскве. Акадэмік Расійскай акадэміі навук. Доктар філалагічных навук. Культуролаг, усходазнаўца, літаратуразнаўца, перакладчык, пісьменнік. Грамадскі дзеяч. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў стралком у 140-м хуткасным бамбардзіровачным палку 2-й змешанай авіяцыйнай дывізіі. Прайшоў з баямі ў складзе Калінінскага, Заходняга і іншых франтоў Смаленшчыну, Паўночны Каўказ, Сталінград, Беларусь, Літву. За адвагу, мужнасць, праяўленыя ў баявых дзеяннях, атрымаў два ордэны Чырвонай Зоркі, медаль «За баявыя заслугі». Пасля Вялікай айчыннай вайны скончыў усходняе аддзяленне Ваеннага інстытута перакладчыкаў. Служыў ва Узброеных сілах. Звольніўся ў званні падпалкоўніка. Абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Напісаў 15 кніг па праблемах усходазнаўства, літаратурах Індыі, Бангладэш. Аўтар некалькіх сотняў навуковых і навукова-публіцыстычных прац. Перакладчык бенгальскай літаратуры. У прадмове да кнігі вершаў Казі Назруло Іслама «Выбранае» Яўген Чэлышаў адзначыў: «Мне нядаўна давялося пабываць у  Калькуце на святкаванні 100-гадовага юбілею Рабіндраната Тагора. Неяк вечарам студэнты ўніверсітэта з Шантынікетона, заснаванага Тагорам, давалі вялікі самадзейны канцэрт. Юнакі і  дзяўчаты спявалі жыццесцвярджальныя песні вялікага паэта. “Вы ведаеце,  — запытаўся адзін з маіх сяброў, сталага веку пісьменнік, — што гэтыя песні Тагор прысвяціў Казі Назруло Ісламу, які на той час знаходзіўся ў турме? Тагор высока цаніў і любіў нашага Назруло”, — сказаў ён вельмі задумліва… “А з якім натхненнем сам Назруло спяваў гэтыя песні!” — дадаў другі пісьменнік. “Давайце наведаемся да яго”, — прапанаваў нехта з нашай кампаніі. Назруло Іслам жыве на ўскрайку Калькуты ў раёне новай забудовы. У  пярэднім пакоі нас сустрэла маладая мілавідная жанчына з  пяцігадовым хлопчыкам — нявестка і  ўнук хворага паэта. Нас правялі ў светлы пакой з  вялікай зашклёнай шафай, застаўленай музычнымі інструментамі, якія належалі сыну паэта — вядомаму музыканту Казі Анірудхо. На сцяне вісеў вялікі партрэт маладога мужчыны з выразным жыццесцвярджальным тварам, доўгімі валасамі, якія падхапіў вецер, з  высока прыўзнятай рукою. Гэта быў фотаздымак Назруло Іслама 1920-х гадоў. Момант яго выступлення на мушаэрэ. Побач з партрэтам вісела ганаровая грамата, якой паэта прэзідэнт Індыі адзначыў у  знак шасцідзесяцігоддзя. Пасля ў пакой прывялі Назруло Іслама. Як цяжка было глядзець на гэтага хворага чалавека з  застылым, як маска, тварам і  патухлым позіркам. “Назруло Іслам горача любіў вашу краіну! — сказаў нам адзін з бенгальскіх пісьменнікаў. — Яшчэ ў 1927 годзе ён пераклаў “Інтэрнацыянал” на сваю родную бенгальскую мову і  сам упершыню выканаў яго на рабочым мітынгу. Як жа ён імкнуўся болей Бангладэш: маніфест гучыць праз стагоддзе У Мінску пабачыла свет першая ў гісторыі кніга паэта з Бангладэш у перакладзе на беларускую мову. Падзея супала з  адкрыццём у  Беларусі дыпламатычнай місіі далёкай азіяцкай краіны. Кніга — зборнік вершаў класіка бенгальскай паэзіі Казі Назруло Іслама «Мой маніфест». даведацца пра жыццё савецкага народа і распавесці індыйцам праўду пра першую ў свеце краіну сацыялізму! А гэта нялёгка было зрабіць ва ўмовах каланіяльнага рэжыму…” І ён некалькі разоў паўтарыў: “Назрул, да цябе прыехаў госць з Савецкай Расіі! Ты разумееш — з краіны Леніна!..” Пробліск свядомасці з’явіўся на нерухомым твары Назруло Іслама, але пасля ён ізноў скіраваў вочы некуды ў далёкую прастору. Скіраваў свой свабодны ад усяго погляд…»

Сучасны выгляд Дакі, сталіцы Бангладэш. Фота з сайта orangesmile.com.

Калі Яўген Чэлышаў пісаў гэтыя радкі, Казі Назруло Іслам ужо не ўсведамляў, што ў Індыю прыйшла незалежнасць. У такім стане ён дажыў і  да таго часу, калі незалежнасць прыйшла і ў Бангладэш. Фізічна дачакаўшыся гэтага часу, паэт-мяцежнік не змог усвядоміць, што ж на самай справе адбылося ў  гісторыі яго любімай Бенгаліі. Але менавіта ён шмат зрабіў дзеля свабоды і незалежнасці сваёй Айчыны. І зараз, у новым мастацкім часе, з такой жыццёвай і творчай біяграфіяй ён роўны рускім пісьменнікам Максіму Горкаму, Уладзіміру Маякоўскаму, беларускім класікам Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Уладзіміру Караткевічу, Рыгору Барадуліну, Міхасю Стральцову… І, відаць, творчасць вялікага бенгальскага паэта з  часам стане яшчэ шырэй падарожнічаць па ўсім свеце, які жадае свабоды і незалежнасці, па свеце, дзе паважаюць і шануюць суверэнітэт народаў і краін... Адметна прачытанне і асэнсаванне паэзіі творцы з далёкай ад Еўропы Бангладэш адбываецца і сёння, на пачатку XXI стагоддзя. У восьмым нумары беларускага маладзёжнага літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць» за 2018 год надрукаваны пераклад невялікага верша Казі Назруло Іслама «Мяцежнік». Перакладчык — таленавітая беларуская паэтэса Марыя Кобец. Ведаю, што ёсць яшчэ адзін пераклад «Мяцежніка». Яго ажыццявіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. Былі ў беларускім друку на мове Купалы і публікацыі іншых бенгальскіх паэтаў. Спадзяюся, што з’явяцца і новыя пераклады — і вершаў Казі Назруло Іслама, і іншых паэтаў Бангладэш. Як класікаў, так і сучаснікаў. Беларусь адкрывае дарогу для паэзіі Бангладэш у іншы славянскі, увогуле еўрапейскі свет. І ўжо як найбліжэйшая падзея ў галіне беларуска-бангладэшскіх літаратурных сувязей мне бачыцца кніга бенгальскага класіка Лалона — тонкага лірыка, якога любяць літаральна ўсе бенгальцы. Асобныя яго вершы ўжо з’явіліся ў беларускім друку.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.