Газавікі Віцебскай вобласці не толькі спраўна выконваюць свае прафесійныя абавязкі, але і ствараюць вёску будучыні. Робіцца гэта ў рамках аднайменнай рэспубліканскай праграмы, якая рэалізуецца з 2017 года.
Аграгарадок Мазалава Віцебскага раёна цяпер ведаюць далёка за межамі не толькі Прыдзвіння, але і краіны. Населены пункт знаходзіцца прыблізна за пятнаццаць кіламетраў ад Віцебска. Насельніцтва — каля 1,3 тысячы чалавек. Умовам жыцця і заробкам многіх тутэйшых жыхароў зайздросцяць нават гараджане, а некаторыя віцябляне там і працуюць. Конкурс сярод ахвотных вельмі высокі.
«Пра будучыню ўжо сёння» — для Мазалава дакладна не перабольшанне. Каля пятнаццаці гадоў таму з ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі за буйнымі прадпрыемствамі пачалі замацоўваць стратныя сельскагаспадарчыя арганізацыі. У выніку ў вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз» з'явілася сельскагаспадарчая вытворчасць «Мазалавагаз».
Паспяховая дзейнасць гэтага прадпрыемства даўно ўжо не пакідае шанцаў скептыкам наконт правільнасці далучэння вясковых гаспадарак да моцных у эканамічным плане прадпрыемстваў. Час паказаў правільнасць такога падыходу. У «Мазалавагазе» зараз працуе каля 180 чалавек, сярэдні ўзрост іх складае каля 40 гадоў. На базе прадпрыемства праводзяцца розныя выязныя пасяджэнні, майстар-класы, семінары, прысвечаныя развіццю сельскагаспадарчай галіны. Па вопыт прыязджаюць нават з Расіі.
Гонар гаспадаркі — малочныя фермы. Між іншым, цікавы факт: тут ёсць алея, дзе можна ўбачыць фота каровак — лідараў па надоях.
У гаспадарцы таксама займаюцца вытворчасцю і рэалізацыяй насення азімых і яравых збожжавых культур, алею з насення яравога рапсу, насення шматгадовых траў. Тут ёсць адны з найлепшых у краіне зернесушыльны комплекс, камбікормавая вытворчасць, вучэбна-практычны цэнтр...
Канкурэнтаздольнасць «Мазалавагазу» яшчэ больш павысіцца дзякуючы рэалізацыі інвестыцыйнага праекта — цэха па перапрацоўцы алейных культур.
Што датычыцца ўмоў жыцця ў аграгарадку, дык тут будуецца жыллё для работнікоў гаспадаркі. Ёсць і так званае інтэлектуальнае, у якім аўтаматыка стварае найбольш утульныя ўмовы для жыльцоў у залежнасці ад тэмпературы паветра...
Такім чынам, некалі стратная гаспадарка «Заклік» цяпер актыўна развіваецца, не адстаючы ад трэндаў часу.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў упэўнены, што ў такіх населеных пунктах людзі будуць з задавальненнем жыць і працаваць — не выключэнне і моладзь. Развітая сацыяльная інфраструктура вабіць і гараджан. Тут шыкоўныя кавярня і крама, добрыя аб'екты адукацыі (у тым ліку дзіцячая школа мастацтваў), медыцыны. Усё побач, на добрым узроўні, абласны цэнтр, як кажуць, рукой падаць, дык чаму б насамрэч не жыць, не гадаваць дзяцей, не старацца зрабіць родны куток яшчэ прыгажэйшым? Тутэйшыя разумеюць гэта і цэняць.
Такім чынам, газавікі рэальна паляпшаюць узровень жыцця вяскоўцаў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота Алега КЛІМОВІЧА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.