Вы тут

Знакавы візіт Віктара Орбана


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пачатку чэрвеня ў Палацы Незалежнасці сустракаў аўтарытэтнага венгерскага і еўрапейскага палітыка, Прэм’ер-міністра Венгрыі


Фота БЕЛТА

Пра венграў, мадзяраў (такі саманазоў у народа) на Беларусі ведаюць даўным-даўно. І смачныя слівы венгеркі растуць у нашых садах, пэўна, з часоў, калі на чале старажытнай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага, стаяў венгр Bathory Іstvan. Які застаўся ў гісторыі Бацькаўшчыны як вялікі князь Стэ́фан Бато́рый. Цікавая дэталь з ягонай біяграфіі: у часе службы ў караля Чэхіі ды Венгрыі Фердынанда Габсбурга (недзе ў 1560‑я гады) разам з ім быў у Італіі, вучыўся ў Падуанскім універсітэце. Да якога й наш Францыск Скарына меў дачыненне. А лёс каралеўскага служкі з венгерскага роду Баторыяў склаўся так, што й сам ён сеў на трон: каранаваны быў, сцвярджаюць гісторыкі, спачатку як кароль польскі, а ў хуткім часе і як вялікі князь літоўскі (чэрвень 1576‑га). Менавіта пры Баторыі кожны трэці сойм праходзіў у Гародні (цяпер Гродна), і рэзідэнцыю сваю Стэфан Баторый трымаў там, у Старым замку. Дарэчы, цяпер ідзе яго вялікая рэканструкцыя, з арыентацыяй на адкрыццё музея. І, можа, з часам і ў тым знакавым месцы змогуць праходзіць сустрэчы, перамовы кіраўнікоў Беларусі ды Венгрыі. Каб падкрэсліць пераемнасць даўніх традыцый сяброўства.

І яшчэ адну важную акалічнасць варта згадаць. У публікацыі прафесара Адама Мальдзіса (“Нашы карані” — ГР, 28.02.2008) чытаем: “І вось прыходзіць новая, сенсацыйная для мяне і, несумненна, для чытачоў “Голасу Радзімы” вестка: сённяшняя назва нашай краіны “пасталела” яшчэ, па меншай меры, на паўстагоддзя! У рэдакцыю з венгерскага горада Нірэдзьгаза прыйшла бандэроль з “Вугорска-беларускім слоўнікам”, толькі што выдадзеным ва ўніверсітэцкім асяродку. “Прадмова” да яго (спачатку на венгерскай, потым на беларускай мове) пачынаецца са сцвярджэння: “Вугорска-беларускія культурныя сувязі бяруць свой пачатак у Сярэднявеччы, пры тым першая фіксацыя тэрміна “беларус” на лацінскай мове звязана з каранаваннем у 1217 годзе ў Галіцыі караля Кальмана, сына вугорскага караля Андраша ІІ. Кальман атрымаў тытул “караля беларусаў” (Rex Ruthenorum Alborum)”. Прыгадаем, што тады, на пачатку ХІІІ стагоддзя, Галіцыі (з цэнтрам у Львове) падпарадкоўвалася й частка захопленых ёю цяперашніх заходнебеларускіх зямель — аж пад Наваградак”. Вядома ж, ніяк не вынікае з гэтага, што карані беларусаў — з Венгрыі. Загаловак у тэкста быў іншым. Аднак начальства тады палічыла, што так будзе лепш. Мудры Адам Восіпавіч толькі пасмяяўся над такім кур’ёзам, даўшы й мне добры прыклад таго, што не варта сілы траціць на змаганне з бяздумнымі ветракамі.

Такі гістарычны экскурс — не лішне згадаць. Бо, як паведамлялі СМІ, афіцыйных візітаў у Беларусь кіраўнікоў такога ўзроўню з Венгрыі па гэты час не было. Пры тым, як адзначаў у ходзе сустрэчы Аляксандр Лукашэнка, “Венгрыя з’яўляецца самым блізкім для Беларусі партнёрам у Еўрасаюзе. Як ніхто іншы разумее нас ды спрыяе паглыбленню нашых стасункаў з Еўрапейскім саюзам”. І вядома ж, падкрэсліў Прэзідэнт, у цяперашніх рэаліях такі візіт, без перабольшання, набывае асаблівы сэнс: “Вы адкрываеце ўсяму свету старыя-новыя маршруты пасля гэтай страшнай, як нам здавалася, эпідэміі”. Аляксандр Лукашэнка выказаў падзяку высокаму госцю за тое, што адкрыццё гэтых маршрутаў ён пачаў з Беларусі.

Прэзідэнт Беларусі гаварыў пра Венгрыю як краіну з высокім узроўнем развіцця і ў сілу таго — з велізарным патэнцыялам. Пры тым звярнуў увагу, што ўзровень нашых гандлёва-эканамічных, ды й палітычных адносін абсалютна не адпавядае таму, што мы можам: “Таваразварот 255 мільёнаў долараў — гэта не той, які павінен быць паміж Венгрыяй і Беларуссю”. Ён прапанаваў выкарыстоўваць усе магчымасці абедзвюх дзяржаў, каб пашырыць таваразварот як паміж імі, так і паміж двума магутнымі эканамічнымі арганізацыямі: Еўрапейскім саюзам ды Еўразійскім эканамічным саюзам.

Стэфан Баторый

Віктар Орбан падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць наведаць Беларусь: “Для мяне вялікі гонар, што я магу быць першым Прэм’ер-міністрам Венгрыі, які робіць афіцыйны візіт на вашу радзіму. Калі я задумаўся пра свае замежныя паездкі пасля пандэміі (куды паехаць упершыню), то падумаў: паедзем туды, куды мы ўжо даўно абяцалі. Гэтым візітам мы вам абавязаны ўжо даўно. Так што я па многіх прычынах магу радавацца, што я тут”. Далей у ходзе размовы Віктар Орбан падкрэсліў, што паміж Беларуссю й Венгрыяй няма ніякіх неўрэгуляваных спрэчак: “Я не бачу ніякіх палітычных сутыкненняў. Мы не памятаем, каб Беларусь калі непаважліва паставілася да Венгрыі, не памятаем такога, каб мы вам не аддалі даніну павагі. Гэта значыць, у прынцыпе ўсё добра. Ды, на жаль, вы маеце рацыю, што мы вельмі мала пакуль з гэтага выкарысталі”. Госць падкрэсліў, што прыехаў у Беларусь са шчырымі намерамі аб супрацоўніцтве.

Потым прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Віктарам Орбанам. Падводзячы іх вынікі ў размове з журналістамі, Прэзідэнт яшчэ раз засяродзіў увагу на важнасці й каштоўнасці прыезду вугорскага Прэм’ер-міністра якраз у такі час: “Гэта смелы крок у такой, здавалася б, няпростай псіхалагічнай і медыцынскай сітуацыі (якой імя пандэмія), які даў магчымасць нам з вамі перапыніць так званы міжнародны каранцін і адрадзіць фармат жывых зносін паміж еўрапейскімі дзяржавамі”. Перамовы кіраўнік дзяржавы назваў вельмі канструктыўнымі, яны “паказалі, што беларуска-венгерскае супрацоўніцтва знаходзіцца на ўздыме”. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў значнае паляпшэнне дыялогу па лініі Беларусь — ЕС. Ён лічыць, што адносіны сталі больш прагматычнымі, раўнапраўнымі ды, самае галоўнае, прадуктыўнымі: “Вялікая заслуга ў тым нашых сяброў з Будапешта і асабіста Віктара Орбана”. Беларусь, адзначыў Прэзідэнт, гатовая да далейшага развіцця дыялога ва ўзаемапаважлівым ключы, на раўнапраўнай аснове.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.