Вы тут

Аднойчы ў Амерыцы. ЗША захлiснула хваля масавых пратэстаў


Больш чым 10 тысяч чалавек затрымана з пачатку масавых пратэстаў, якiя праходзяць у ЗША. Пра гэта паведамiла агенцтва Associated Press. Больш за чвэрць усiх затрыманняў прыпадае на Лос-Анджэлес (штат Калiфорнiя). Далей iдуць Нью-Ёрк, Далас (штат Тэхас) i Фiладэльфiя (штат Пенсiльванiя). Шмат каму з затрыманых прад'яўленыя абвiнавачаннi ў здзяйсненнi дробных правапарушэнняў, напрыклад у невыкананнi правiлаў каменданцкай гадзiны. Пры гэтым, як адзначыла Associated Press, сотнi пратэстоўцаў арыштаваныя паводле абвiнавачанняў у крадзяжы або марадзёрстве. У барацьбе з беспарадкамi да мясцовых праваахоўных органаў часта падключаецца Нацыянальная гвардыя ЗША, задзейнiчана каля 30 тысяч байцоў у больш чым 30 штатах i сталiчнай акрузе Калумбiя. Прыкладна ў 40 гарадах, уключаючы Вашынгтон i Нью-Ёрк, уведзена каменданцкая гадзiна. Як ЗША пераадольваюць глабальную хвалю беспарадкаў?


Каменданцкая гадзiна

Беспрэцэдэнтныя па маштабе беспарадкi ў ЗША пачалiся на мiнулым тыднi ў Мiнеапалiсе пасля смерцi Джорджа Флойда. Цемнаскуры стаў ахвярай празмерна жорсткiх дзеянняў палiцыi. Пратэсты ў Мiнеапалiсе пачалiся на наступны дзень пасля смерцi Флойда. Праз дзень незадаволеныя выйшлi на вулiцы Лос-Анджэлеса, затым акцыi ахапiлi ўсю краiну. Убаку не засталiся i найбуйнейшыя гарады краiны Нью-Ёрк i Вашынгтон. У сталiцы дэманстранты прыйшлi да Белага дома.

Першапачаткова акцыi былi мiрныя: людзi проста выйшлi выказаць сваю незадаволенасць у вопратцы i масках з надпiсам «Я не магу дыхаць». Менавiта гэтыя словы паўтараў Флойд, калi на яго шыю цiснуў нагой палiцэйскi. На вулiцах сабралiся i прыхiльнiкi руху Black Lives Matter («Жыццi чорных маюць значэнне»), якi выступае супраць гвалту ў дачыненнi да чарнаскурага насельнiцтва. Больш радыкальна настроеныя дэманстранты скарысталiся момантам: яны бiлi шкло ў палiцэйскiх участках i патрульных машынах. Затым будынкi i аўтамабiлi пачалi падпальваць, гэта адбывалася не толькi ў Мiнеапалiсе, але i ў iншых гарадах. Агрэсiўна настроеныя ўдзельнiкi акцый без разбору грамiлi чужую ўласнасць i збiвалi людзей, якiя спрабавалi яе абаранiць. Амерыканцы азiяцкага паходжання нават вырашылi аб'яднацца i абараняцца ад марадзёраў, засеўшы на дахах са зброяй.

Лос-Анджэлес, Вашынгтон, Маямi, Дэтройт, Фiладэльфiя, Атланта, Сiэтл, Чыкага, Пiтсбург, Мiнеапалiс i многiя iншыя мегаполiсы адзiн за iншым аб'яўлялi забарону на вулiчныя дэманстрацыi ў начны час. А губернатары некалькiх штатаў, уключаючы Тэхас i Вiрджынiю, увялi надзвычайнае становiшча. Як удакладняе Reuters, апошнi раз каменданцкую гадзiну ў ЗША прыходзiлася ўводзiць гэтак масава больш за 50 гадоў таму — пасля забойства Марцiна Лютэра Кiнга-малодшага ў 1968-м.

Зрэшты, як мiрныя пратэстоўцы, так i вандалы ўсё роўна заставалiся на вулiцах нават уначы. Мэр акругi Калумбiя Мюрыэл Баўзер у сувязi з тым, што адбываецца, заявiла: людзi маюць права на свабоду сходаў, аднак не павiнны пры гэтым разбураць горад — падпалы былi зафiксаваныя i ў Вашынгтоне. На вулiцы для барацьбы з беспарадкамi вывелi не толькi палiцэйскiх, але i сiлы Нацыянальнай гвардыi — фармiраваннi рэзерву, арганiзаваныя армiяй i ваенна-паветранымi сiламi. Iх запрасiлi для дапамогi больш за 25 штатаў. Палiцэйскiя ў першыя днi пратэстаў дзейнiчалi акуратна, часта старалiся перачакаць у ачапленнi. У некаторых выпадках яны ўжывалi слёзатачывы газ i гумавыя кулi для разгону натоўпу. Аднак калi дзеяннi пратэстуючых сталi больш жорсткiмi, вартавыя парадку пачалi масава арыштоўваць дэманстрантаў. У Атланце, напрыклад, двое палiцэйскiх былi звольненыя пасля грубага затрымання навучэнцаў каледжа. Сярод арыштаваных у выхадныя ў найбуйнейшым горадзе ЗША аказалася i дачка мэра Нью-Ёрка Бiла дэ Блазiа К'яра.

«Блукаюць статкi гоблiнаў»

Нярэдка прыходзяць паведамленнi пра параненых i загiнулых падчас пратэстаў. Пацярпелыя ёсць як сярод палiцэйскiх, так i сярод дэманстрантаў. Амерыканскiя ўлады падкрэслiваюць, што любыя сутычкi з палiцыяй i пагрозы праваахоўнiкам будуць расцэньвацца як акты ўнутранага тэрарызму. Пры гэтым многiя адзначаюць, што мiрныя пратэстоўцы i завадатары цяперашнiх беспарадкаў — розныя людзi. Па iнфармацыi палiцыi, за хваляй гвалту стаяць групы прыхiльнiкаў тэорыi аб перавазе белай расы, анархiсты, крайне левыя экстрэмiсты i антыфашысты.

Па словах начальнiка палiцыi Маямi Хорхе Колiна, з 57 чалавек, затрыманых падчас беспарадкаў у адзiн з дзён, толькi 13 мясцовых жыхароў. Аб каардынацыi падобных знешнiх сiл заяўляла i мэр Чыкага Лоры Лайтфут. Яна адзначыла, што марадзёрства было добра арганiзавана, прычым верагодна, людзьмi з iншых рэгiёнаў: «Грузавiкi чароўным чынам з'яўлялiся перад крамамi, караваны машын высаджвалi людзей, якiя разбiвалi вокны i выносiлi тавары».

У ЗША марадзёрства называюць «луцiнгам» (англ. looting). Акрамя таго, словам «лут» геймеры называюць унутрыгульнявыя каштоўнасцi, якiя атрымлiваюцца пасля забойства працiўнiкаў або пры захопе iх тэрыторый. Тыдзень таму прэзiдэнт ЗША Дональд Трамп апублiкаваў у сваiм Twitter спрэчны пост на гэтую тэму, у якiм уразiў фразай: «Калi пачынаецца марадзёрства, пачынаецца стральба» (англ. «When the looting starts, the shooting starts»). Словы амерыканскага лiдара — гэта цытата кiраўнiка палiцыi Маямi Уолтара Хэдлi. Праваахоўнiк зрабiў такую заяву ў 1967 годзе падчас расавых хваляванняў у горадзе. Хэдлi заклiкаў сiлавiкоў выкарыстоўваць жорсткiя меры ў адносiнах да актывiстаў. Калi прэзiдэнта ЗША сталi вiнавацiць у расiзме ў сувязi з выкарыстаннем гэтага выказвання, ён паведамiў, што не ведаў аб паходжаннi гэтай фразы: «Я не ведаю, адкуль яна ўзялася».

Нягледзячы на пагрозы Трампа, марадзёры не спынялiся. Прычым яны не баяцца выкарыстоўваць фiзiчны гвалт. Пра гэта расказаў расiйскi фiгурыст Аляксей Краснажон, якi цяпер жыве ў горадзе Далас у Тэхасе. «У нас у Даласе была гiсторыя, як мужык выйшаў абараняць ад пагромшчыкаў свой бiзнес. Яго збiлi ледзь не ўдзесяцёх. Людзi руйнуюць жыццё нявiнным, гэта няправiльна. У мяне няма бiзнесу, але ёсць бейсбольная бiта. Калi пратэсты дабяруцца да майго дома, я гатовы», — паведамiў суразмоўнiк выданню «Спорт-экспрэс».

Пагромы дагналi дарагiя буцiкi i нават непрыметныя супермаркеты ў дзясятках гарадоў ЗША: у Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска i многiх iншых населеных пунктах. Удзельнiкi акцый выносiлi з крамаў рэчы i дэбош здзяйснялi пад лозунгам «Eat the rich!» («Еш багатых!»), пiшуць амерыканскiя СМI. На сценах будынкаў, дзе размешчаны дарагiя крамы, з'яўлялiся надпiсы накшталт «Багатыя больш не ў бяспецы!». Лозунг «Eat the rich!» — узыходзiць да антыкапiталiстычнай песнi Aerosmith пад такой жа назвай — заўважалi ў многiх месцах Business Insider i iншыя выданнi. У прыватнасцi, фраза была напiсана чырвонай фарбай з балончыка на бялюткiм Mercedes-Benz, якi стаяў пасярод раскурочанага аўтасалона ў Оклендзе.

Па словах вiдавочцаў, марадзёрствам займалiся не толькi тыя, хто сапраўды мае патрэбу ў грашах або перажывае з-за гiбелi Флойда. «Народ з'ехаўся рабаваць крамы з усiх навакольных штатаў. Была куча машын з Нью-Джэрсi, Пенсiльванii i нават з Мэна дабралiся. Упершыню ўбачыў рабаўнiкоў на дарагiх тачках. Людзi пад'язджалi на «мерседэсах» за 100 тысяч долараў i зусiм спакойна iшлi браць вопратку, залазячы ўнутр праз пабiтыя вiтрыны i набiваючы таварам салон i багажнiк. Нават тое, што iм было не трэба, усё роўна бiлi, ламалi i крышылi: арт-галерэi, касметыку, кафэ, тавары для жывёл i ўсё астатняе, што траплялася па дарозе», — расказаў на сваёй старонцы ў Facebook пецярбуржац Дзянiс, якi працуе гiдам у Нью-Ёрку, паведамiла gazeta.ru.

Гэта пацвярджаюць i карэнныя амерыканцы. «Палова гэтых людзей нават не жыве тут. Яны тут, каб знiшчаць рэчы. Гэта не дапамагае iх справам», — абурылася 68-гадовая жыхарка Калiфорнii Ана Пепе, паведамляе газета Los Angeles Times. Акрамя таго, марадзёры аб'ядноўвалiся ў групы — каб было прасцей рабаваць. «Па вулiцах блукаюць статкi гоблiнаў, якiя захапiлi Манхэтэн i працягваюць яго рабаваць. Ходзяць вялiкiмi натоўпамi або маленькiмi групамi, i яны проста ўсюды. Фактычна ўвечары i ноччу на вулiцах толькi яны i копы», — дадаў гiд Дзянiс. Злачынцы не баялiся атакаваць i банкi: напрыклад, у ноч на 1 чэрвеня ў прыгарадзе Сан-Дыега ў Калiфорнii зламыснiкi абрабавалi i падпалiлi два банкi, паведамiў Fox News.

У чаканнi ўспышкi

Прэзiдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў увесцi ўзброеныя сiлы ў штаты, дзе адбылiся найбольш маштабныя пратэстныя акцыi, якiя могуць быць справакаваныя смерцю афраамерыканца Джорджа Флойда. Пра гэта амерыканскi лiдар заявiў у сваiм звароце з Ружовага саду Белага дома. «Я мабiлiзую ўсе iснуючыя федэральныя рэсурсы, грамадзянскiя i ваенныя, каб спынiць беспарадкi i марадзёрства, пакласцi канец разбурэнням i падпалам i абараняць правы законапаслухмяных амерыканцаў», — падкрэслiў амерыканскi лiдар, выступаючы ў Белым доме.

Справа ў тым, што федэральны Закон аб паўстаннях (Insurrection Act) ад 1807 года дазваляе прэзiдэнту ЗША ў асобых абставiнах выкарыстоўваць узброеныя сiлы i перададзеную ў федэральнае падначаленне Нацыянальную гвардыю ўнутры краiны для падаўлення грамадзянскiх беспарадкаў, паўстанняў i мяцяжоў. Гэты закон ужо не раз прымяняўся для падаўлення маштабных беспарадкаў у сучаснай гiсторыi Амерыкi, у тым лiку ў 1967 годзе ў Дэтройце, у 1968-м — у Чыкага i Балтыморы, а таксама ў 1992-м падчас пагромаў у Лос-Анджэлесе.

Вось i на гэтым тыднi ў сталiчную Капiталiйскую акругу перакiнулi 1600 байцоў армii з Форт-Брэг у Паўночнай Каралiне. Яны знаходзiлiся каля пад'ездаў да Вашынгтона, але ў сам горад не ўвайшлi. У Вашынгтон i яго прыгарады таксама было накiравана прыкладна 1,7 тысячы байцоў Нацыянальнай гвардыi ЗША з штатаў Iндыяна, Тэнэсi i Паўднёвая Каралiна. Праўда, днямi мiнiстр абароны ЗША Марк Эспер адмянiў вывад з раёнаў паблiзу амерыканскай сталiцы ваенных, якiя былi перакiнутыя туды для магчымай дапамогi ў падтрыманнi парадку падчас пратэстаў. Пра гэта паведамiла агенцтва Associated Press са спасылкай на мiнiстра армii (сухапутных войскаў) ЗША Раяна Макарцi.

Таксама стала вядома, што акрамя былога палiцэйскага Дэрэка Шовiна абвiнавачаннi былi прад'яўлены яшчэ тром праваахоўнiкам, якiя былi на месцы здарэння. Такiм чынам, як адзначае Associated Press, пратэстоўцы дабiлiся выканання сваiх патрабаванняў. Поўныя вынiкi ўскрыцця цела Флойда былi апублiкаваны са згоды сям'i. У дакуменце сказана, што ён памёр у вынiку спынення сэрца, выклiканага сiлавымi прыёмамi, якiя былi выкарыстаны палiцэйскiмi пры яго затрыманнi. Адзначаецца, што ў крывi Флойда былi выяўлены сляды наркатычных рэчываў. У яго таксама быў дыягнаставаны COVID-19.

Пратэсты ў ЗША неаддзельныя ад эканамiчнага крызiсу, у якiм апынулiся Злучаныя Штаты Амерыкi з-за пандэмii. Аб гэтым заявiў Дэрык Гамiльтан, выканаўчы дырэктар Iнстытута Кiрвана пры ўнiверсiтэце штата Агаё, паведамляе выданне Business Insider. За апошнiя тры месяцы больш за 40 мiльёнаў амерыканцаў падалi заявы на дапамогу па беспрацоўi. Такiм чынам, без работы застаўся фактычна кожны чацвёрты жыхар ЗША працаздольнага ўзросту. Пры гэтым больш за ўсё звальненняў у сектарах з традыцыйна нiзкiм узроўнем заработнай платы. Сiтуацыю пагаршае i тое, што 31 лiпеня для мiльёнаў амерыканцаў мiнае тэрмiн дзеяння дапамогi па беспрацоўi. Скарачэнне федэральнай дапамогi можа выклiкаць новую хвалю пратэстных акцый у краiне.

Галоўны хiрург ЗША доктар Джэрам Адамс папярэдзiў аб тым, што варта чакаць новыя ўспышкi каранавiруса на фоне масавых пратэстаў. У iнтэрв'ю Politico ён заўважыў, што «ёсць усе падставы чакаць, што мы ўбачым новыя кластары i, магчыма, новыя ўспышкi ў будучынi». Як лiчыць губернатар штата Мiнесота Цiм Уолз, «нас чакае рэзкi скачок COVID-19». Так што ад хвалi пратэстаў да ўспышкi каранавiруса — адзiн крок.

Захар БУРАК


Даслоўна

Закладнiкамi сiтуацыi з сутыкненнямi сталi простыя людзi

Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камiсii па мiжнародных справах Палаты прадстаўнiкоў Андрэй САВIНЫХ у эфiры АНТ.

На яго думку, цяпер у ЗША можна назiраць канфлiкт дзвюх элiт, але фактычна за iх ваююць цемнаскурыя, лацiнаамерыканцы, iнтэлiгенцыя. «Яны проста з'яўляюцца гарматным мясам гэтага сутыкнення», — адзначыў парламентарый.

«Адна элiтная група, глабальны фiнансавы алiгархат, ваюе з алiгархатам ваенна-прамысловым, вытворчым. Яны сышлiся ў вельмi жорсткай, я сказаў бы, сутычцы на выжыванне. Гэта ўпершыню», — лiчыць Андрэй Савiных. На яго думку, арганiзацыя масавых пратэстаў у розных гарадах ЗША мае вельмi магутнае фiнансаванне. Акрамя таго, праводзiцца iнфармацыйная кампанiя ў сацыяльных сетках i сродках масавай iнфармацыi. Яшчэ адна асаблiвасць — удзел вядомых асоб.

Парламентарый лiчыць, што ў Амерыцы зараз можна назiраць класiчны прыклад, калi элiты адной краiны сыходзяцца ў жорсткiм супрацьстаяннi. «Прычым вiдавочна, што амерыканскiя элiты, групоўкi, якiя супернiчаюць адна з адной, ужо перайшлi пункт незвароту. Гэта значыць, што дамовiцца яны ўжо не змогуць. Упэўнены, што гэтыя беспарадкi — толькi пачатак. Калi скончацца беспарадкi з гэтай нагоды, праз 2-3 тыднi паўстане новая нагода, i будзе яшчэ новы вiток дэстабiлiзацыi, новы вiток беспарадкаў», — мяркуе Андрэй Савiных.

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.