Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Рыбка для Зайкі

Фота: aquarium-fish-home.ru

...Прачытала ў любімай рубрыцы гісторыю пра тое як два рыбакі, налавіўшы рыбы і нават размеркаваўшы яе на «кучкі» (мне, табе, маёй цешчы, тваёй маме...), прымудрыліся адпусціць яе назад у раку, і міжволі ўспомніла... бальніцу.

У той палаце я была пятай: чатыры жанчыны маладзейшыя, гадоў па 20—25, і адна старэйшая. Выглядала яна недзе на 35, а калі па праўдзе, то, можа, і болей было, але звалі яе чамусьці Рыбкай. Я падумала, што гэта, відаць, з-за прозвішча — Рыбак, Рыбко... І памылілася. Прозвішча было ні пры чым.

Як расказалі суседкі па палаце, Зоя (назавём Рыбку так) змалку хацела быць не нейкай там юрысткай ці праграмісткай, а хатняй гаспадыняй і... мамай. Адна дачка ў бацькоў, яна, што называецца, спала і бачыла, як створыць вялікую сям'ю, як народзіць траіх, а можа, і пяцярых дзяцей... Прычым з гэтай, досыць нетыповай мары, не рабіла ніякіх сакрэтаў: пра яе ведалі і Зоіны бацькі, і аднакласнікі, і настаўнікі ў школе (яна ў сачыненнях пісала)...

Не выключана, што пра тое ж, трохі падросшы, яна расказвала і хлопцам, бо праміналі, праляталі гады, а ў Зоі па-ранейшаму не было не толькі дзяцей, а нават мужа.

...Так бывае, на жаль: мары пра вялікую сям'ю не сталі збывацца і потым, калі муж з'явіўся. Факт, што, не дачакаўшыся цяжарнасці ў першыя тры месяцы, Зоя звольнілася з работы і пайшла-паехала па дактарах ды знахарах. Дзе яна толькі ні ездзіла і чаго ні спрабавала (муж катэгарычна адмовіўся, бо меў дачку ад першага шлюбу), але толку не было ніякага. У хаце ўсё часцей і часцей разгараліся спрэчкі, узнікалі зацяжныя разлады...

Дык вось аднойчы, пасля чарговага, муж прыйшоў мірыцца не з кветкамі, не з ананасам і тортам, нават не з наборам каструль. Ён прынёс дамоў трохлітровы слоік, у якім плавала прыгожая залатая рыбка (акварыум у іх ужо быў), сказаў: «Ну, загадвай жаданні. Тры з іх — бяруся выканаць».

Зоя тут жа памкнулася сказаць, што жаданне ў яе — адно: каб ён урэшце праверыўся, але прамаўчала — пабаялася, што зноў пасварацца, а якраз тады — проста нельга было.

Справа ў тым, што яны разам з бацькамі купілі дом у прыгарадзе і яшчэ толькі запрагаліся ў рамонт, у давядзенне яго да ладу. Муж, вядома ж, рабіў асноўнае... Ды і Зоя неяк захапілася: згадзілася, як быццам, што галоўнае дом свой, а дзяцей можна ўзяць і чужых.

...Карацей, два месяцы яна апантана шчыравала: вычышчала, вымывала, расстаўляла і не хадзіла да свайго гінеколага. А калі нарэшце прыйшла, той адразу павёў яе на ультрагук, досыць доўга «прасвечваў» там, глядзеў на экран і ўрэшце сказаў: «Віншую, у вас будзе трое...»

«Гэта ўсё рыбка, рыбка!» — залапатала тады Зоя.

І потым пра яе, залатую, гаварыла ўсім, ва ўсякім разе тым, з кім ляжала ў бальніцы.

Дарэчы, у нашай палаце яна самай здаровай была: на захаванне, як мы зразумелі, яе клалі так, на ўсякі выпадак.

Вось такая чароўная гісторыя пра рыбку для Зайкі (ці Зойкі?).

Хочацца верыць, што сваіх малых яна паспяхова данасіла, лёгка нарадзіла і цяпер гадуе.

Н. Бялевіч, г. Мінск


Чалавек — не арэх...

Адразу не раскусіш

Фота: sadokstroy.by

Едзеш на лецішча і па дарозе амаль каля кожнай хаты бачыш парнік, а то недзе і два. Прычым драўляных, са шклом, альбо проста з плёнкай на дужках ужо не сустрэнеш. Усё больш ладныя белыя «будынінкі» — з полікарбанату.

Першая вось такая ў нашых Ніны з Валодзем з'явілася — ім зяцёк хвалёны прывёз.

Трэба сказаць, што дачка ў іх таксама не абы якая: і прыгожая, і старанная, і доктарка...

Аднак муж яе дык проста на зайздрасць быў! Ну ўсё ў яго найлепшае: і знешнасць, і адукацыя, і спрыт, і грошы... Трохпакаёўку ў Мінску пабудаваў, еўрапейскі рамонт зрабіў, пакоі імпартам абставіў, машыну з салона прыгнаў... «Сяргейка наш усё чыста ў дом, у сваю сям'ю, — выхвалялася часам цешча. — Ён нідзе нічога не ўпусціць! І тут, у вёсцы, ну паглядзіце, то бярозавік збірае, то грыбы-ягады з лесу носіць, то на рыбу ідзе... Мы з дачкой ледзь паспяваем парадкаваць... Сотні розных слоікаў ставім на зіму».

Пашчасціла, карацей, сямейцы. Так лічылі суседзі, але ж да пары да часу.

Гадоў з восем назад той самы Сяргейка не проста ў госці прыехаў — дарагую цяпліцу з сабою прывёз. Распакаваў, інструкцыю вывучыў і пачаў мантаж. Сам, сваімі рукамі ўсё рабіў, нікога не падпускаў. Стойкі ўкапаў (зямля, праўда, мяккая была, свежаўзараная), алюмініевыя рэйкі як след прыкруціў, полікарбанат нацягнуў...

Суседзі завохкалі ды залюбаваліся, цешча — яшчэ больш заганарылася...

Цесць, праўда, крыху пакрыўдзіўся: хацеў жа і ён прычыніцца, нешта параіць, можа, падмагчы... Зяць як адрэзаў — сказаў: «Не трэба...»

«Не дык не, — згадзіўся гаспадар. — Сам рабі, калі табе так хочацца».

За зяцем, як вы разумееце, справа не стала.

За агародніцамі-жанчынамі — і пагатоў: расаду з хаты вынеслі, памідоры з перцамі пасадзілі, радыскі насеялі...

А дзён праз колькі і як на тое ліха — вецер наляцеў... Ды такі ж шалёны...

Аднак парнік бы выстаяў, калі б быў закрыты, а так...

Пакрыццё аказалася моцнае, таму будыніну ўзняло, рэйкі перакруціла, карбанат «пакамечыла», і ўсё разам занесла пад плот у канцы гарода — злажыла і палажыла.

Гаспадар гэты «буралом» чапаць не стаў: абыходзіў бокам. Гаспадыня таксама не пасмела.

...Зяць прыехаў у суботу раніцай. Пахадзіў вакол «развалін», паглядзеў. Вінаваціць, як быццам, няма каго, а хочацца, — ажно твар баліць...

Пасля лазні за чаркай не вытрымаў — папракнуў-такі цесця з цешчай, што вінаватыя, што павінны былі (?!) і не дагледзелі — не захавалі такую дыхтоўную пабудову, такую канструкцыю...

Цесць таксама не змаўчаў: злажыў сваю, з трох пальцаў... Сказаў яшчэ, што ў парабкі да панка не наймаўся і нічога яму не вінны...

Ну, а далей ужо ўсё загрымела і зашумела. Бедныя гаспадары на сваёй жа сядзібе сабе месца шукалі і знайсці не маглі — па суседзях пабеглі.

...Я гэта да таго, што ля кожнай хаткі свае парадкі і ў кожнай шафе ёсць свой шкілет. Калі-нікалі ён адтуль вывальваецца, каб пагрымець касцямі ды паказаць, хто чаго варты.

Ва ўсякім разе Ніна з Валодзем зяцем болей не хваляцца. І шчасцю іх дачкі вёска так не зайздросціць.

Л. Міхальчык, г. Магілёў


Важней за ўсё пагода ў доме

Фота: tlum.ru

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Адзін мой знаёмы мастак, эстэт, вырашыў, напрыклад, хобі завесці, у калекцыянеры падацца. І добра б нейкія маркі збіраў ці нават сарты руж, а то ж — не паверыце — аўтамабілі: з гаражоў, з падваротняў ды стаянак стаў прыцягваць дамоў розныя разваліны. Сярод іх і старая «пабеда» была, і некалькі маленькіх гарбатых «запарожцаў», і велізарны «кадылак», і «трабант»... Нешта без колаў, нешта без дзверцаў, без рухавікоў, усё ржавае, аблезлае... Карацей, у чалавека не падворак стаў, а нейкі мехдвор даўно дабітай гаспадаркі.

І яшчэ ж мала, што ўсё гэтае дабро мастак дадому сцягваў. Ён, забыўшыся на работу і сям'ю, з галавой акунуўся ў рамонт, у аднаўленне машын... (Як на мой погляд, дык задавальненне гэта і вельмі сумнеўнае, і досыць дарагое. На яго, я чуў, і дзесяці вялікіх зарплат не хапіла б, а ў мастака і адной малой не было.)

З-за гэтага ў сям'і пастаянна разгараліся сваркі. Пачуўшы, што муж нейкую чарговую жалязяку набыў, жонка аж заходзілася ад злосці. А ўрэшце...

— Усё, — заявіла аднойчы, — майму цярпенню прыйшоў канец! Выбірай: альбо я, альбо гэтае ламачча!

Муж пачаў быў тлумачыць, што грошы, калі справа датычыцца мары, не маюць значэння, што ён — асоба творчая, што ў такіх, як правіла, ёсць захапленні, што добрыя жонкі павінны разумець...

— Дык я, значыць, дрэнная?! — спыніла мастака яго палавіна. — Ты хочаш сабе лепшую знайсці? Калі ласка! Наперад... Вунь бог, вунь парог...

— Ну і пайду, — заявіў мастак і ў той жа дзень пераехаў да маці.

Жонка, трэба сказаць, услед не пабегла, а нават горш — доўга не думаючы, выклікала «спецыялістаў», якія ў акрузе падбіралі металалом, і (сэрца не здрыганулася)... здала ўсю мужаву «калекцыю», моўчкі забрала грошы...

Недзе праз тыдзень, не вытрымаўшы разлукі, муж патэлефанаваў, сказаў, што зразумеў свае памылкі і цяпер ужо ведае: галоўнае — гэта сям'я, а потым усё астатняе... Ён стаў, што называецца, абрываць жончын тэлефон, вымольваць прабачэння і прасіць, каб дазволіла пачаць спачатку, гэта значыць, вярнуцца дамоў.

— А калі вернешся, ні ў чым не папракнеш? — папыталася жонка.

— Не... Нават слова не скажу!

— Ну глядзі ж... Ты абяцаў...

Такім чынам «міравое пагадненне», як быццам, было дасягнута: муж вяртаўся дамоў.

Трэба сказаць, што жонка сустракала яго ў новых высокіх боціках, у шыкоўнай скураной спадніцы ў абліпачку і моднай кароткай куртачцы. У мастака ад такога хараства аж вочы засляпіліся...

Факт, што пусты падворак за хатай ён агледзеў пазней...

Потым яму і сэрца забалела, і мову адняло...

Аднак што ты будзеш рабіць, калі прызнаў, што сям'я — даражэй за ўсё, калі жонцы слова даў ні ў чым не папракаць.

Віталь Жураўскі, г. Жодзіна

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж (і тым, хто не ведаў): пагода — паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы — добрае надвор'е.

Кажуць, што сёлета яно такі будзе?

І, дай бог, каб не толькі на дварэ.

Пішыце! Конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю працягваецца. Журы працуе.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.