Вы тут

Дзмітрый Кузменка. Шалгуноў (урывак)


Аўтар — гісторык і літаратар, стваральнік і адміністратар гісторыка-асветніцкага інтэрнэт-праекта «Свіслацкія аркушы — Кастусь Каліноўскі», пераможца ІІ тура конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANІMAцыя», арганізаванага рэдакцыяй часопіса «Маладосць» і кафедрай тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філфака БДУ. Конкурс прысвечаны беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, у ліку якіх — Кастусь Каліноўскі. Дзмітрый Кузьменка напісаў пра яго апавяданне пад назвай «Шалгуноў», — урывак з якога «Маладосць» прапанавала «Чырвонцы. Чырвонай змене».

Шалгуноў меўся жорстка паставіць арыштанта на месца, але чамусьці не знайшоў патрэбных слоў. Упершыню за сваю кар'еру ён не ведаў, што сказаць. Балазе тое вымушанае маўчанне доўжылася ўсяго імгненне, і ніхто ў зале нічога не заўважыў.

— Хто яшчэ, апрача вас, выношваў вар'яцкія ідэі гэтай... беларускай самастойнасці? — пачуўся голас штабс-капітана Сямёнава.

— Ігнат Здановіч, Ціт Далеўскі...

— О! Пра гэтых мы ўжо наслухаліся! — прамармытаў Гогель, быццам сабе пад нос. Але так, што пачуў кожны.

— Яшчэ? — запытальна секануў Сямёнаў.

Канстанцін павярнуўся да следчага і цвёрда прамовіў:

— Імёны астатніх я назваць не магу.

— Дваранін Каліноўскі! Вы пацвярджаеце свае заручыны з Марыяй Ямант? — зноў узвысіў голас Шалгуноў.

— Я ўжо сказаў вам, што не ведаю гэтую жанчыну.

— У такім разе назавіце прозвішча той, для каго пісалі верш.

— І выдаць вам на паглум ні ў чым не вінаватага чалавека? — арыштант абвёў камісію грэблівым позіркам. — Тое, што вы ад мяне патрабуеце, панове, супярэчыць маім перакананням. Мяне з дзяцінства вучылі, што шпіёнства апаганьвае чалавека. Яшчэ раз паўтараю: даносчыкам я не буду. І прымусіць мяне да гэтага вы не можаце.

— І не такіх герояў прымушалі! — выразна працадзіў скрозь зубы Гогель.

— Я прасіў бы вас, паручнік, устрымацца ад падобнага роду заўваг, — абсек малодшага калегу Шалгуноў. Павярнуўшыся да Каліноўскага, ён строгім афіцыйным тонам, у якім чуліся настылыя ноткі казённай пагрозы, адчаканіў:

— Вікенцій Каліноўскі, ці азначае ваша апошняя заява, што вы рашуча адмаўляецеся даваць следчай камісіі сапраўдныя паказанні пра сваіх саўдзельнікаў і тым самым канчаткова адмаўляецеся супрацоўнічаць са следствам?

— Так. Я лічу магчымым гаварыць тут толькі пра свае ўласныя дзеянні і ўчынкі.

— Ці разумееце вы наступствы свайго рашэння?

Суровая пагрозлівасць адкрыта вырвалася з-пад знешняга покрыва ветлівасці і добрапрыстойнасці. Пастка зачынілася. Дакладней, зачынілася яна даўно. Цяпер была закладзена апошняя невялікая адтуліна, якая злучала яе задушлівае нутро з вольным светам. Праз якую няхай з цяжкасцю, але прабівалася сонечнае святло і свежае паветра. У розных сітуацыях гэткая фраза пра наступствы можа азначаць розныя рэчы. Але ў кожным выпадку яна не абяцае нічога добрага. Тут — за ёй стаяла немінучая смерць: на эшафоце ці каля расстрэльнага слупа. На вачах сотняў месцічаў.

Канстанцін адказаў не адразу. Нейкі час ён моўчкі глядзеў у вочы палкоўніку, а затым з цвёрдым спакоем вымавіў:

— Так, панове... Усе наступствы мне вядомыя і добра абдуманыя. Але выхаванне і ўсведамленне таго месца, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці іншым шляхам.

Паветра ў зале было наэлектрызаванае да апошняй ступені. І, нарэшце, адбыўся разрад. Але ўдарыла громам не таго, каго яны дапытвалі, як ужо не аднойчы бывала раней. Ударыла іх саміх, следчых.

Ніхто з арыштантаў дагэтуль не гаварыў з імі так, быццам ад іх не залежала пытанне яго жыцця або смерці. Ніхто не насмельваўся спрачацца з імі. Ніхто столькі не хаваў ад іх і адначасна не казаў ім проста ў вочы столькі праўды.

— У такім разе, — Павел Шалгуноў на секунду запнуўся, — не бачу сэнсу болей вас тут затрымліваць.

У грудзях перахапіла дыханне: ці то ад гневу, ці то ад здзіўлення. А можа, і ад аднаго і ад другога разам. Двойчы за нейкую чвэрць гадзіны добра пастаўлены голас вайсковага камандзіра адмовіў яму. Ён мусіў сказаць штосьці іншае: паказаць сваю ўладу і заўсёднае вяршэнства пераможцы над пераможаным. Але падсвядомасць здолела выштурхнуць на паверхню толькі адну банальную дзяжурную фразу.

Калі двое зусім маладзенькіх салдат вывелі Каліноўскага з залы, ніхто з членаў камісіі не паварушыўся. Здавалася, у гэтых старадаўніх мурах спыніўся час. Але так толькі здавалася. Першы ачомаўся Гогель. Прамармытаўшы сабе пад нос нейкую непрыстойнасць, ён шчыльна зашпіліў каўнер, развітальна кіўнуў усім прысутным галавой і падаўся да выхаду.

— Паручнік Гогель, застаньцеся! — запыніў яго Шалгуноў. — Усе астатнія могуць быць вольныя.

Адзін за адным члены камісіі пакідалі залу. Сыходзячы, обер-аўдытар Шчэрба хацеў прыбраць раскіданыя на стале паперы. Але палкоўнік жэстам загадаў пакінуць усё як ёсць. Нарэшце яны з паручнікам засталіся ўдвох.

Шалгуноў устаў з-за стала і падышоў да супрацьлеглай сцяны, каля якой стаяў Гогель.

— Паручнік, мой абавязак папярэдзіць вас: калі вы не зменіце свае паводзіны падчас допытаў, я буду змушаны паставіць перад вышэйшым начальствам пытанне пра вашу неадпаведнасць месцу следчага.

— І чым жа ваша высокаблагароддзе не задавальняюць мае паводзіны? — Гогель гаварыў дзёрзка, з выклікам.

— Не забывайцеся, — палкоўнік стрымаў раздражненне, — што размаўляеце са старшым па званні. Ваша нястрыманасць і хамства не толькі перашкаджаюць весці допыт, але і лішне настройваюць арыштантаў супраць камісіі. Вы адстрашваеце гатовых супрацоўнічаць!

— Тыя, што гатовыя супрацоўнічаць, будуць супрацоўнічаць яшчэ лепш. Добрая порцыя страху гэтым бандытам не зашкодзіць. Асабліва такім, як гэты, — Гогель кіўнуў галавой на дзверы, за якімі некалькі хвілін таму знік Каліноўскі. — З імі трэба працаваць як належыць, а не валаводзіцца.

— Па-вашаму, працаваць як належыць — гэта пагражаць расправай з іншым чалавекам і заўчасна выдаваць таямніцы следства? Хто вас, выбачайце, цягнуў за язык чытаць яго вершык? Хто дазволіў згадваць імя Марыі Ямант? Ды яшчэ ў такім ключы?!

— Я амаль зламаў яго, — узвысіў голас Гогель. — Ён бы ў мяне заспяваў, каб... Каб не ваша заступніцтва...

— Захоўвайце субардынацыю! — раўнуў Шалгуноў.

— О, прашу прабачэння! — з'едліва сказаў паручнік трохі цішэй. — Я не падумаў, што вы хочаце перацягнуць гэтага бунтаўшчыка на наш бок.

— Не крыўляйцеся, Гогель!.. Такія, як ён, сапраўды маглі б быць карысныя...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маніторынг медустаноў працягваецца

Маніторынг медустаноў працягваецца

Увесь красавік і май спецыялісты наведвалі абласныя і раённыя бальніцы.

Спорт

ФК «БАТЭ» перамог у фінале Кубка Беларусі па футболе

ФК «БАТЭ» перамог у фінале Кубка Беларусі па футболе

Барысаўчане перагулялі клуб з Брэста.