Вы тут

Тузін хітоў ад літаратуразнаўцаў


Больш чым дзясятак навуковых і літаратурных праектаў прадставілі супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падчас прэзентацыі «Літаратура ў гісторыка-культурным дыялогу беларускага і рускага народаў» у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь, якая адбылася напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.


— Літаратура, літаратуразнаўства, гуманітарная навука спрыяюць духоўнаму ўзаемаўзбагачэнню народаў, міжкультурнаму дыялогу. Многія выданні, творчыя праекты інстытута служаць мэце ўмацавання гуманітарных сувязей, паразумення народаў Беларусі і  Расіі, — падкрэсліў дырэктар інстытута Іван Саверчанка.

Праблемай узаемадзеяння нацыянальных літаратур займаецца аддзел узаемасувязей літаратур, выданні якога прадставіла кандыдат філалагічных навук Наталля Якавенка. У першую чаргу даследчыца звярнула ўвагу на калектыўную манаграфію «Белорусская земля в воспоминаниях и документах ХІХ—ХХ вв.». Даследаванне ў аднолькавай ступені ўзбагачае як расійскае, так і беларускае літаратуразнаўства і  падрыхтавана ў межах супрацоўніцтва беларускага і расійскага фондаў фундаментальных даследаванняў Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі і Інстытутам сусветнай літаратуры імя Максіма Горкага Расійскай акадэміі навук.

Манаграфія ў дзвюх кнігах — вынік дбайнага вывучэння і навуковага аналізу фактычнага матэрыялу, які знаходзіцца ў архівах Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мінска і Віцебска. Даследчыкаў цікавілі матэрыялы, датычныя жыцця і  творчасці Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, іх кантактаў з вядомымі расійскімі літаратарамі: Сяргеем Гарадзецкім, Міхаілам Ісакоўскім, Аляксандрам Твардоўскім, Яўгенам Мазальковым. Яшчэ адным важным напрамкам працы стаў пошук звестак пра Віцебск і Віцебшчыну ў раней не апублікаваных успамінах, дзённіках, лістах культурных і гістарычных дзеячаў XIX—XX стст.: першага грамадзянскага губернатара Віцебска Сяргея Шышкіна, гісторыка, краязнаўцы, археолага Аляксея Сапунова, бібліяфіла, гісторыка літаратуры Віктара Гаеўскага, кіраўніка Віцебскай казённай палаты Мікіты Чакалава.

Важным для аддзела выданнем стала анталогія сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі «Поэзия русского слова», укладальнікамі якой выступілі акадэмік Уладзімір Гніламёдаў і загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Барыс Мікуліч. У І том увайшлі вершы 75 аўтараў. Укладальнікі працавалі над праектам 6 гадоў.

Наталля Якавенка прадставіла і ўласную манаграфію «Мастацкі пераклад з  роднасных моў у гісторыі беларускай літаратуры»:

— Пераклад яднае народы, і мая работа паказвае, наколькі складана пераствараць з роднасных моў. У рабоце звернута ўвага на чатыры літаратуры: беларускую, рускую, польскую і ўкраінскую. Гэта як сям’я: чым бліжэй літаратуры, тым больш праблем, як ні Тузін хітоў ад літаратуразнаўцаў дзіўна. Напрыклад, цікава, чаму і як на беларускую мову быў перакладзены раман Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта», якое значэнне гэты пераклад мае для нашай літаратуры. Як прадстаўлены ў расійскай культуры беларускія класікі — Васіль Быкаў, Пімен Панчанка… У манаграфіі раскрываюцца найбольш актуальныя пытанні мастацкага перакладу з роднасных моў як важнага складніка міжлітаратурнай камунікацыі і своеасаблівага віду літаратурна-мастацкай творчасці.

Іван Саверчанка расказаў журналістам пра ўласныя выданні, якія пабачылі свет у апошнія гады.

Цыкл аповесцей «Трон» — асэнсаванне адносін паміж рознымі дзяржаўнымі ўтварэннямі ў Х—ХІІІ стст.  — часы Рагвалода і Рагнеды, Усяслава Чарадзея. На канкрэтных фактах, гісторыях, сюжэтах паказана, у чым заключалася знешнепалітычнае, эканамічнае, культурнае ўзаемадзеянне ў межах усходнеславянскай супольнасці.

У кнізе «Канцлер Лев Сапега» выяўляецца эпоха высокага Рэнесансу ў  Беларусі. У гэты час Вялікае Княства Літоўскае прыкметна ўплывала на культурныя працэсы ва Усходняй Еўропе, было пасрэднікам паміж Заходняй Еўропай і Маскоўскай Руссю. У кнізе на канкрэтных фактах, дакументах паказаны ўплыў Беларусі на расійскую культуру, расійскую палітыку.

— Гэта быў смутны час — згадаем гісторыі з Лжэдзмітрыем І, Лжэдзмітрыем ІІ, паходы на Маскву. Жыццё вельмі драматычнае, поўнае вострых калізій. Разам з тым ХVІ—ХVІІ стагоддзі — гэта наша высокая прававая культура, Статут 1588 года, над якім працаваў Леў Сапега, — распавёў Іван Саверчанка. — Першая кніга, прысвечаная гэтаму часу, убачыла свет у 1992 годзе, цяпер я дапрацаваў яе і выдаў на рускай мове.

Яшчэ адна кніга Івана Васільевіча, разлічаная на шырокае кола чытачоў,  — «Магія слова», дзе змешчаны творчыя партрэты нашых пісьменнікаў: ад Кірылы Тураўскага да Лаўрэнція Зізанія і Мялеція Сматрыцкага. Дзейнасць тагачасных асветнікаў, педагогаў, літаратараў мела вялікае значэнне для ўсіх усходніх славян. Яскравы прыклад — «Граматыка…» Мялеція Сматрыцкага, якая была надзвычай запатрабаваная і стала найбольш аўтарытэтным і ўжываным падручнікам па славянскім мовазнаўстве ў праваслаўным свеце.

Як дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Іван Саверчанка асобна распавёў пра серыю «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», якую курыруе гэтая ўстанова. З запланаваных 50 тамоў выдадзена 20, дзе прадстаўлена беларуская класіка — ад старажытнасці да сярэдзіны ХХ ст. Кнігі серыі ідуць не толькі ў беларускія школы і ўніверсітэты, але і ў бібліятэкі Расіі, Украіны, іншых краін.

Алена Васілевіч, загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі, прадставіла плён працы калег — першы навуковакаменціраваны збор твораў у 10 тамах народнага пісьменніка Янкі Брыля. Збор твораў Янкі Брыля быў распачаты ў 2016 годзе, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла 5 тамоў. У першы ўключана літаратурнае завяшчанне пісьменніка — няспешна прадуманыя развагі Я. Брыля пра тое, якім яму хацелася б бачыць свой збор твораў. Выданне адкрывае прадмова, напісаная доктарам філалагічных навук Міхасём Тычынам, дзе жыццёвы шлях, літаратурная дзейнасць пісьменніка асвятляецца з улікам новых дасягненняў і фактаў, новага погляду на гісторыю айчыннай літаратуры. Першы і  другі тамы змяшчаюць апавяданні і замалёўкі, трэці — раннія аповесці, чацвёрты — «На Быстранцы» і аповесці, напісаныя пасля 1955 г. У пятым томе прадстаўлены раман «Птушкі і гнёзды», які лічыцца адным з найлепшых антываенных твораў беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст. Тэксты твораў падрыхтаваны ў адпаведнасці з завяшчаннем, але паводле тэксталагічных прынцыпаў. Дарэчы, Янка Брыль збіраў безліч матэрыялаў, на яго думку, важных для напісання твораў, і пакінуў тэкстолагам у параўнанні з іншымі аўтарамі рэкордную колькасць аўтографаў, машынапісаў, нататак.

Над падрыхтоўкай збору твораў працавалі Алеся Шамякіна, Наталля Гальго, Вольга Карачун і Валерый Назараў. У праекце ўдзельнічае і дачка пісьменніка Наталля Семашкевіч, якая доўгі час працавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Наталля Іванаўна не толькі патлумачыла рэаліі, што датычыліся сямейнага жыцця пісьменніка, але і прадставіла фотаздымкі, якія не друкаваліся раней. Для афармлення вокладак выкарыстаны работы мастака Аляксандра Грышкевіча, якія дазволілі стварыць маляўнічае падарожжа.

— У зборы твораў асоба Янкі Брыля паўстае шматграннай, іранічнай, таемна-прыхаванай, бо калі знаёмішся з яго тэкстамі, нататкамі, бачыш, што ён — проста захавальнік безлічы тайн, — зазначыла Алена Васілевіч.

Яшчэ адна кніжная навінка, падрыхтаваная ў аддзеле, — «Летапіс жыцця і творчасці Івана Пятровіча Шамякіна», над якой у апошнія гады жыцця працаваў член-карэспандэнт НАН, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі.

Цікавыя набыткі мае і аддзел тэорыі і гісторыі літаратуры. Загадчыца Ганна Кісліцына нагадала пра грунтоўны праект, якім займаецца супрацоўніца аддзела Святлана Калядка, — «Яўгенія Янішчыц: Творы, жыццяпіс, каментарыі». Тры тамы з запланаваных чатырох ужо можна пабачыць у кнігарнях і бібліятэках.

— Калі мы задаёмся пытаннем, ці ёсць практычны плён працы нашай установы — узаемадзеянне інстытута і рэальнага чытача, то выданне Святланы Уладзіміраўны — адзін з найлепшых прыкладаў, — лічыць Ганна Мікалаеўна. — Гэтай кнігай карыстаюцца не толькі навукоўцы, крытыкі, але і  настаўнікі, вучні, бо кожны, хто чытаў Яўгенію Янішчыц у юнацтве, можа параўнаць свае ўражанні з тым, што думалі пра твор літаратуразнаўцы, — адносна кожнага верша, а не наогул па творчасці. Гэта рэдкае для Беларусі выданне, калі побач з творам змешчаны словы спецыялістаў, якія дапамагаюць зразумець метафары, вобразы, акалічнасці напісання таго ці іншага твора.

Творчасць Я. Янішчыц — адзін з  аб’ектаў даследавання ў манаграфіі Святланы Уладзіміраўны «Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі», адзначанай Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» за 2018 год.

У 2017 годзе пабачыла свет калектыўная манаграфія аддзела — «Тэорыя літаратуры ў дыялогу еўрапейскіх культур».

— Тэорыя літаратуры — прадмет не вельмі цікавы для шырокага кола чытачоў, — заўважыла Ганна Кісліцына, прадстаўляючы выданне. — Здавалася  б, што можа мяняцца ў свеце, калі гаворка ідзе пра паняцці, якія мы ведаем са школы? Але насамрэч свет змяняецца. Мы ведаем, што ў 1990-х гадах адбылася змена культурнай парадыгмы, якая выявіла не толькі новых аўтараў, новыя стылі і віды, але і прывяла да таго, што жанры сталі змешвацца, атрымалася іх дыфузія, аўтары пачалі ўжываць новыя прыёмы, з’явіліся жанры, звязаныя з інтэрнэтам. Тэорыя літаратуры на пачатку ХХІ стагоддзя атрымала новыя выклікі. Гэта было разгледжана ў кнізе «Тэорыя...», якая яшчэ раз даказвае, што беларуская літаратура ідзе поруч з еўрапейскімі, развіваецца і ў яе ёсць будучыня і плён.

Юлія ШПАКОВА

Фота Марыны ВАРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.